Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. г. Віцебск. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады.

Пра звяржэнне царызму і адрачэнне імператара Мікалая II ад прастола ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Віцебску стала вядома ў пачатку сакавіка. Палітычнае жыццё ў горадзе актывізавалася. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. Былі сфарміраваны мясцовыя органы Часовага ўрада, створаны Віцебскі грамадскі камітэт. На правым флангу палітычнага жыцця вылучалася Партыя народнай свабоды (кадэты), якая падтрымлівала стварэнне Віцебскага гарадскога грамадскага камітэта. Разам з кадэтамі дзейнічалі Беларускі народны саюз і Клуб рэспубліканцаў, арганізаваны М. Н. Гніларыбавым. Аднак найбольшы ўплыў на насельніцтва горада і губерні мелі Віцебская аб'яднаная арганізацыя РСДРП, эсэры, Яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя (ЯСРП), Бунд, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), Працоўная народна-сацыялістычная партыя («трудавікі»), Польская сацыялістычная партыя (ППС) і інш.

8 (21) сакавіка на Устаноўчым сходзе прадстаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў горада (300 дэпутатаў) абраны Віцебскі Савет рабочых дэпутатаў (старшыня бундавец Р. Аронсан). 19 сакавіка (1 красавіка) пачаў дзейнічаць Віцебскі Савет салдацкіх дэпутатаў (старшыня меншавік Я. Тарле). 20 сакавіка (2 красавіка) абодва саветы аб'ядналіся ў Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 27 жніўня (9 верасня) на выбарах у гарадскую думу атрымаў перамогу сацыялістычны блок (РСДРП, Бунд, «трудавікі», партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў). 2 (15) ліпеня бальшавікі выйшлі з Віцебскага аб'яднанага камітэта РСДРП і стварылі гарадскі партыйны камітэт РСДРП (б) у складзе 9 чалавек. 1–3 (14–16) кастрычніка ў Віцебску прайшла іх 1-я губернская партыйная канферэнцыя. Віцебскія бальшавікі былі настроены рашуча і рыхтаваліся да захопу ўлады.

Вестка пра Кастрычніцкі пераварот 1917 года ў Петраградзе дайшла да Віцебска вечарам 25 кастрычніка (7 лістапада). 27 кастрычніка (9 лістапада) утвораны Віцебскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК), які ўзяў усю ўладу ў горадзе ў свае рукі. Начальнік віцебскага гарнізона быў вызвалены ад пасады, а яго месца заняў член Віцебскага губкама РСДРП (б) С. М. Крылоў. Ноччу атрад на чале з Крыловым захапіў пошту, тэлеграф, чыгуначную станцыю, штаб Дзвінскай ваеннай акругі, будынак афіцэрскага сходу, масты.

29 кастрычніка (11 лістапада) выйшаў 1-шы нумар бальшавіцкай газеты «Известия военно-революционного комитета города Витебска». Тады ж у Віцебску пачалося раззбраенне каля 20 тыс. салдат і афіцэраў, якія накіроўваліся ў Гатчыну на дапамогу генералу Краснову. Таксама Ваенна-рэвалюцыйны камітэт накіраваў дывізіён для ўдзелу ў ліквідацыі стаўкі ў Магілёве, вакол якой пачалі канцэнтравацца контррэвалюцыйныя сілы. Загадам Крылова 8 лістапада да ўсіх часцей гарнізона была даведзена тэлеграма генерала Балуева пра пераход улады да саветаў салдацкіх і рабочых дэпутатаў, пра захаванне парадку ў арміі, пра ўзгадненне ўсіх дзеянняў з ваенна-рэвалюцыйнымі камітэтамі (нягледзячы на прызнанне новай улады, праз некалькі дзён Балуеў быў вызвалены з пасады камандуючага Заходнім фронтам за адмову спыніць баявыя дзеянні і неадкладна пачаць мірныя перагаворы з немцамі). 11 (24) лістапада адбылося першае пасяджэнне новага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якім быў выбраны выканаўчы камітэт з 16 чалавек на чале з бальшавіком Каралёвым. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт быў захаваны як орган барацьбы з контррэвалюцыяй.

Нягледзячы на ўсе памкненні бальшавікоў да міру, баявыя дзеянні працягваліся. Віцебская губерня амаль уся ўваходзіла ў франтавую паласу, а сам горад быў адначасова і франтавым, і бліжэйшым тылам. Акрамя значнай колькасці салдат, у ім было шмат армейскіх устаноў, баз, складоў, майстэрняў і вялікае скапленне бежанцаў.

У лістападзе 1917 года адбыліся выбары ва Устаноўчы сход, з якім звязвалі свае спадзяванні шырокія слаі насельніцтва зруйнаванай Расійскай імперыі. Прадстаўнікі шматлікіх партый і рухаў вялі актыўную агітацыйную работу па ўсёй губерні. У Віцебск прыязджалі лідэры кадэтаў, эсэраў, меншавікоў. Перадвыбарнымі лозунгамі стракацелі ўсе газеты. Па ўспамінах сучаснікаў, сцены і агароджы ў горадзе былі залеплены плакатамі, лістоўкамі, палітычнымі праграмамі.

На выбарах за бальшавікоў у Віцебску прагаласавала 34,4 % прыняўшых удзел. Істотны ўплыў на вынікі выбараў зрабіў 40-тысячны віцебскі гарнізон, які аддаў бальшавікам 68,9 % галасоў. 28 лістапада (11 снежня) адбылося ўрачыстае пасяджэнне гарадской думы ў падтрымку Устаноўчага сходу, на якім выступілі прадстаўнікі ўсіх палітычных партый, акрамя бальшавікоў.

У дзень адкрыцця Устаноўчага сходу павінна была адбыцца маніфестацыя. Але 2 снежня 1918 года рашэннем Віцебскага Савета гарадская дума была скасавана. 4–5 (17–18) студзеня 1918 года ў Віцебску прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку Устаноўчага сходу, але яны былі разагнаны савецкімі ўладамі. Горад быў аб'яўлены на ваенным становішчы, дума распушчана, апазіцыйныя партыі і рухі падпалі пад рэпрэсіі. Пачалося ўстанаўленне аднапартыйнай дыктатуры бальшавікоў.

12 снежня 1918 года камандуючы 1-га польскага корпуса рускай арміі генерал Доўбар-Мусніцкі афіцыйна аб'явіў вайну Савецкай Расіі (хаця ўжо ў лістападзе–снежні 1917 года часці корпуса пад выглядам аховы маёмасці памешчыкаў-палякаў праводзілі антысавецкія акцыі, у т. л. у Віцебскай губерні). Палітычныя мэты мяцежнікаў зводзіліся да ліквідацыі Савецкай улады ў Беларусі і далучэння беларускіх губерняў да Польшчы. На часова захопленай тэрыторыі Беларусі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым, накіраваны не толькі супраць бальшавікоў, але і мясцовага насельніцтва. Таму жыхары акупаваных раёнаў актыўна дапамагалі Чырвонай Арміі, сыходзілі ў партызанскія атрады. Асобы і арганізацыі, якія падтрымлівалі мяцежнікаў, былі аб'яўлены бальшавікамі па-за законам. Поруч з карнымі мерамі савецкія органы разгарнулі актыўную прапаганду, скіраваную на салдат корпуса. Пасля шэрагу буйных перамог атрадаў Чырвонай Арміі і партызан над сіламі корпуса распад войск Доўбар-Мусніцкага стаў неабарачальным. Легіянераў бралі ў палон і раззбройвалі паўсюдна (толькі каля Віцебска –1200 чалавек). Многія легіянеры потым уступілі ў Чырвоную Армію.

18 лютага 1918 года войскі кайзераўскай Германіі перайшлі ў наступленне, у выніку чаго Віцебск апынуўся пад пагрозай акупацыі. У горадзе быў створаны рэвалюцыйны штаб, у склад якога ўвайшлі С. М. Крылоў, У. А. Мяніцкі, Л. К. Беме, М. Касцерын, Адаменка, Бялінскі, С. А. Шэйдліна. Штаб прыняў меры па ўзбраенні рабочых, фарміраванні атрадаў Чырвонай Арміі. У данясенні ваеннаму камісару Заходняй вобласці ад 17 сакавіка 1918 года Віцебскі губваенкам пісаў, што ў горадзе маецца ў наяўнасці 6 тыс. чырвонаармейцаў. Фарміраванне вайсковых часцей праходзіла на прынцыпах добраахвотнасці. У гэты ж час у горадзе з'явіўся атрад анархістаў у колькасці 100 чалавек (у асноўным матросы). Ён размяшчаўся ў Палас-Атэлі, недалёка ад вакзала. Сумеснае пасяджэнне Губсаўдэпа і гарвыканкама 29 красавіка было прыпынена паведамленнем С. М. Крылова пра беспарадкі з удзелам анархістаў. Латышскі конны полк, браняпоезд і Варшаўскі полк атрымалі загад ліквідаваць атрад анархістаў, што і было зроблена да канца дня.

Віцебск быў аб'яўлены на ваенным становішчы.

Пэўнае значэнне для арганізацыі абароны краіны ад наступаючых кайзераўскіх войск мела ўтварэнне Заходняй вобласці, у склад якой увайшла неакупаваная частка Беларусі і Смаленская губерня. 3 2 лютага 1919 года Віцебск апынуўся ў складзе РСФСР.

На акупаванай зямлі разгарнуўся партызанскі рух. Паўсюдна ствараліся партызанскія атрады. У Віцебскім павеце налічвалася 2 500 партызан.

10 снежня 1918 года часці Чырвонай Арміі сумесна з партызанскімі атрадамі вызвалілі сталіцу Беларусі – Мінск. Але нядоўга прыйшлося жыць і працаваць беларускаму народу ў мірных умовах. У хуткім часе над беларускай зямлёй навісла новая небяспека.

28 сакавіка 1919 года войскі Польшчы захапілі Гродна, а затым Вільню. Летам белапалякі занялі Мінск, Барысаў і многія іншыя гарады і вёскі рэспублікі. Белапольская акупацыя суправаджалася расстрэламі, грабяжом і насіллем. Турмы і канцэнтрацыйныя лагеры перапоўніліся тысячамі людзей.

Вясной 1920 года Чырвоная Армія перайшла ў наступленне па ўсім Заходнім фронце і 1 ліпеня сумесна з партызанскімі атрадамі ўступіла ў сталіцу Беларусі – Мінск.

Пасля вызвалення Усходняй Беларусі ад белапалякаў у склад БССР увайшло 6 паветаў Мінскай губерні – Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мінскі, Мазырскі і Слуцкі. Віцебская і Гомельская губерні засталіся ў складзе Расійскай федэрацыі. У снежні 1923 года з'езды саветаў Гомельскай, Смаленскай і Віцебскай губерняў прынялі пастанову пра ўключэнне ў склад БССР тых частак гэтых губерняў, у якіх большасць насельніцтва складаюць беларусы. У першай палове 1924 года да БССР былі далучаны тэрыторыі, якія мелі цягу да яе ў эканамічных, нацыянальных і культурных адносінах. У выніку да нашай рэспублікі было далучана 6 паветаў Смаленскай, Гомельскай, Віцебскай губерняў, у тым ліку і горад Віцебск.

 

Калона дэманстрантаў на драўляным мосце праз р. Віцьба ў Віцебску ў 1917 годзе. Фота з сайта https://news.tut.byВіцебск да рэвалюцыі 1917 года. Фота з сайта https://news.myseldon.com

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Витебск. Октябрь. 100 лет назад: страницы истории / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1997. – 3 окт. – С. 3.

2. Абрамова, И. Первая годовщина революции в Витебске: 25 октября (7 ноября) 1918 г. / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1997. – 6 нояб. – С. 1.

3. Акуневіч, В. У. Грамадска-палітычная сітуацыя ў Віцебску ў 1918 г. / В. У. Акуневіч // Первая мировая война: история, геополитика, уроки истории и современность (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы международных отношений) : материалы международной научной конференции, 11–12 ноября 2008 г. / редкол.: В. А. Космач [и др.]. – Витебск : УО «ВГУ им. П. М. Машерова», 2008. – С. 202–203.

4. Буевич, Т. В честь первой Октябрьской годовщины / Т. Буевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 5 нояб. – С. 12.

5. Витебская губерния: политические портреты в документах и материалах. 1917–1924 гг. / сост.: Н. В. Воронова [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2016. – 256 с.

6. Витебская губерния, 1917 – 1924 гг. : документы и материалы / [сост.: Н. В. Воронова [и др.] ; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Витебск : Витебcкая областная типография, 2012. – 408 с.

7. Волкова, Л. Событие эпохальное. А о результатах спорят... / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 5 нояб. – С. 3.

8. Гречкин, Г. Борьба за установление советской власти в Витебской губернии / Г. Гречкин ; ред. В. Антонишин. – Витебск : Витебский областной краеведческий музей. – 1958. – 71 с.

9. Дмитриева, О. П. Национальные общности на территории Беларуси в годы Первой мировой войны : (1914–1918 гг.) / О. П. Дмитриева ; [науч. ред. М. Г. Жилинский] ; НАН Беларуси, Институт истории. – Минск : Беларуская навука, 2017. – 243 с.

10. Иванова, Т. П. Деятельность местных органов управления Витебской губернии в октябре 1917 – марте 1924 гг. : монография / Т. П. Иванова. – Витебск : ВФ УО ФПБ «Международный университет "МИТСО"», 2011. – 230 с.

11. Иванова, Т. Проблема беженцев в Витебской губернии периода Первой мировой войны и последующих лет (Беларусь, 1914–1924) / Т. Иванова. – Германия : LAP LAMBERT Academic Publishing, 2016. – 109 c.

12. Костенюк, Т. Н. Призванные Октябрем / Т. Н. Костенюк, О. И. Акуневич. – Витебск : Витебский областной краеведческий музей, 1987. – 1 папка (28 отд. л. разд. паг.).

13. Костюкевич, В. Тогда, в семнадцатом... / В. Костюкович // Віцебскі рабочы. – 2005. – 3 лістап. – С. 2.

14. Мясоедова, С. «Банда командира Видзе», или латышские стрелки против витебских чекистов / С. Мясоедова // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2018. – № 1. – С. 104–112.

15. Мясоедова, С. «Мы наш, мы новый мир построим» / С. Мясоедова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 16 янв. – С. І.

16. На крутым павароце гісторыі // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 223–286.

17. Нікіцін, Г. А. Віцебск / Г. А. Нікіцін. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. – 107 с.

18. Петухов, Ю. «В Витебске произошло то, что было в Питере» / Ю. Петухов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2007. – 6 нояб. – С. 3.

19. Трусова, Е. Г. Воспоминания Григория Аронсона – источник о революционных событиях в Витебске / Е. Г. Трусова // Віцебскі край : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага, 5 лістапада 2015 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2016. – Т. 1. – С. 153–158.

20. Трусова, Е. Г. Михаил Николаевич Гнилорыбов: судьба в русской революции / Е. Г. Трусова // Віцебскі край : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістапада 2016 г., Віцебск ; рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017. – Т. 2. – С. 110–115.

21. Хаданёнак, В. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (кастрычнік 1915 – кастрычнік 1917 гг.) : манаграфія / В. М. Хаданёнак. – Віцебск : ВДТУ, 2015. – 161 с.

22. Шалаева, С. История одного документа / С. Шалаева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 17 авг. – С. 18.

23. Шишанов, В. Витебск – город хлебный / В. Шишанов // Витебский проспект. – 2006. – 9 февр. – С. 3.

24. Шуман, Л. Товарищам потомкам о первых Октябрях / Л. Шуман // Белорусская нива. – 2007. – 3 нояб. – С. 11.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада. Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна

arrow Віцебскі сшытак. Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна