Гісторыя. г. Віцебск. Вялікая Айчынная вайна.
- Подробности
- Створана 10.11.2020 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:06
За сваю шматвяковую гісторыю Віцебшчына не раз была арэнай жорсткіх бітваў і войнаў. Насельніцтва яе заўсёды мужна абараняла свой родны горад. Не адну яркую старонку ўпісалі жыхары г. Віцебска ў летапіс гераічнай барацьбы беларускага народа за сваю свабоду і незалежнасць. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны і германскай акупацыі з'яўляецца адной з самых трагічных і разам з тым гераічных старонак гісторыі г. Віцебска.
3 першых дзён фашысцкага нашэсця, стрымліваючы ворага, савецкія войскі неслі вялікія страты. Агнявы вал вайны няўмольна каціўся на ўсход. 25 чэрвеня 1941 года Стаўка Галоўнага Камандавання прыняла рашэнне стварыць у тыле Заходняга фронту абарончы рубеж на лініі: сярэдняе цячэнне р. Заходняя Дзвіна – Віцебск – р. Днепр (да Крамянчуга) і сканцэнтраваць на гэтым рубяжы групу армій Рэзерву Галоўнага Камандавання на чале з маршалам Савецкага Саюза С. М. Будзёным. Перад арміямі была пастаўлена задача – да 28 чэрвеня заняць і ўтрымліваць абарону на лініі Краслава – Дзісна – Полацк – Віцебск – Орша.
Аднак прынятае рашэнне спазнілася. Нямецкія танкавыя злучэнні групы армій «Цэнтр» ужо прасунуліся ў глыб савецкай тэрыторыі да 200 км.
На шляху ворага быў Віцебск... У пачатку ліпеня разгарэліся ўпартыя баі на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках. Па загадзе камандуючага 4-й танкавай арміяй немцаў фельдмаршала фон Г. Клюге 3-я танкавая група наносіла ўдар па Віцебску з мэтай прарваць абарону савецкіх войск на Заходняй Дзвіне, авалодаць Віцебскам, пасля чаго наступаць на поўнач і на захад ад Смаленска на Ярцава. Нешматлікія разрозненыя злучэнні Заходняга фронту не маглі супрацьстаяць ударам танкавых груп праціўніка і вымушаны былі з цяжкімі баямі адыходзіць на ўсход. Разам з тым, яны выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб на выгадных рубяжах абароны затрымаць ворага, замарудзіць тэмпы яго наступлення, нанесці яму максімальныя страты.
4 ліпеня Ваенны савет Заходняга фронту паставіў перад войскамі задачу: абараняць лінію Полацкага ўмацаванага раёна, рубеж ракі Заходняя Дзвіна – Сянно – Орша, не дапусціць прарыву немцаў на поўнач і ўсход. Пры гэтым 22-я армія павінна была ўпарта абараняць Полацкі ўмацаваны раён і рубеж па р. Заходняя Дзвіна да Бешанковічаў уключна, не дапусціўшы выхаду праціўніка на правы бераг Заходняй Дзвіны.
Баявыя дзеянні супраць варожага наступлення на Віцебскім напрамку вялі злучэнні 22-й, 20-й і 19-й армій. Праціўнік меў значную перавагу ў сіле. Напрыклад, ад Себежскага ўмацаванага раёна да Віцебска на ўчастку больш за 200 км супраць 6 дывізій 22-й арміі наступала 16 нямецкіх дывізій. Непасрэдна для абароны Віцебска была выдзелена 153-я стралковая дывізія (камандзір М. А. Гаген). Адначасова ў горадзе былі сфарміраваны 3 батальёны народнага апалчэння, якімі камандавалі І. П. Клёнаў, А. А. Манахаў, Б. К. Сямёнаў. Абарончыя баі пад Віцебскам працягваліся з 5 па 11 ліпеня. Гітлераўскія войскі пры актыўнай падтрымцы авіяцыі 2 дні атакавалі пазіцыі 153-й стралковай дывізіі на рубяжы Гняздзілавічы – Ліпна – Машканы – Аляксандрава, але поспеху не дабіліся. Савецкія воіны актыўна абараняліся, рашуча праводзілі контратакі, наносілі ворагу значны ўрон у жывой сіле і тэхніцы. У далейшым праціўнік неаднаразова спрабаваў прарваць абарону, але кожны раз адыходзіў на зыходныя пазіцыі.
Каля месяца 153-я стралковая дывізія вяла баі на тэрыторыі Віцебшчыны ва ўмовах поўнага акружэння. Яна скоўвала значныя сілы ворага, які рваўся да Масквы. Падчас баявых дзеянняў пад Віцебскам дывізія разграміла 2 пяхотныя дывізіі праціўніка, падбіла і спаліла да 200 танкаў, знішчыла 5 складоў з боепрыпасамі і другой ваеннай маёмасцю.
6–9 ліпеня немцы сканцэнтравалі галоўныя сілы на паўночным і паўночна-заходнім напрамках з мэтай акружыць Віцебск. Завязаліся баі за горад. Войскі ноччу з 9 на 10 ліпеня былі выстаўлены ў раён Віцебска. Усходняя ўскраіна горада абаранялася 150 узброенымі апалчэнцамі і 10–15 танкамі. Чыгуначны мост быў захоплены немцамі. Заходняя частка г. Віцебска гарэла.
Ноччу 10 ліпеня 220-я мотастралковая дывізія завязала бой з праціўнікам і мела поспех у цэнтры горада, дзе ёй удалося пераправіцца адным палком на заходні бераг Заходняй Дзвіны і разграміць штаб германскага злучэння.
Праціўнік трымаў Уланавічы на правым флангу і аэрадром на левым флангу, фарсіраваў Заходнюю Дзвіну і заняў Уланавічы. На аэрадроме бой вёўся за кожны будынак.
Раніцай 10 ліпеня з поўдня да Заходняй Дзвіны падышоў полк 229-й стралковай дывізіі і ўмацаваны фланг 220-й мотастралковай дывізіі.
Ноччу з 10 на 11 ліпеня полк 229-й стралковай дывізіі адышоў ад Заходняй Дзвіны на 1–1,5 км, паставіўшы пад пагрозу фланг 220-й дывізіі, якая, у сваю чаргу, адвяла полк з заходняга берага на ўсходні. Наспявала пагроза праваму флангу з боку Уланавічаў. Камандуючы арміяй загадаў 162-й стралковай дывізіі атакаваць і авалодаць Уланавічамі, адкінуць праціўніка на заходні бераг Дзвіны.
501-шы стралковы полк (162-я стралковая дывізія) сканцэнтраваўся 10 ліпеня ў раёне Сенькава. Два батальёны 501-га палка накіраваліся на Уланавічы і пасля 10–12 км маршу ноччу 11 ліпеня атакавалі гітлераўцаў. Бой пачаўся паспяхова. Праціўнік вымушаны быў адступаць, пакідаючы на полі бою куляметы і іншую зброю. Уланавічы былі захоплены, але раніцай наляцела авіяцыя і наступленне спынілася. Батальёны заляглі, а потым пачалі адыход на паўночны ўсход.
Да 11 ліпеня батальёны ўтрымлівалі цагляны завод (за 5 км на паўночны ўсход ад Віцебска) і шашу. Батальёны былі ўзмоцнены адной ротай з Сенькава. У 19.00 з Віцебска па шашы на Веліж накіраваліся мотамехвойскі немцаў. Да 22 гадзін 501-шы стралковы полк вёў бой з праціўнікам, а потым пачаў адыходзіць. 501-шы полк біўся без дывізіённай артылерыі і процітанкавага дывізіёна, якія яшчэ не падышлі. 134-я стралковая дывізія да пачатку бою каля Уланавічаў часткай сіл пераправілася на паўночны бераг р. Заходняя Дзвіна, частка засталася на паўднёвым беразе. У такім становішчы яна была атакавана мотамехзлучэннямі праціўніка пры падтрымцы авіяцыі. У выніку ўсе тое, што было на паўднёвым беразе, рассеялася, разрозненыя групы працягвалі біцца, выходзіць з акружэння. У паўночнай групе змагаліся 2 батальёны з саставу 22-й арміі. Кіраўніцтва 162-й і 134-й стралковых дывізій перадыслацыравалася на паўночны бераг р. Заходняя Дзвіна, потым перамясцілася ў раён Вязьмы.
Воіны 220-й мотастралковай дывізіі 19-й арміі сумесна з апалчэнцамі 10 ліпеня двойчы выбівалі гітлераўцаў з усходняй часткі Віцебска, 6 разоў у рукапашных сутычках адбівалі варожыя атакі. Аднак, валодаючы большай перавагай у сіле і сродках, нямецка-фашысцкія войскі 11 ліпеня захапілі горад.
Віцебскае народнае апалчэнне сфарміравалася 5–6 ліпеня 1941 года паводле рашэння Віцебскага абкама КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 30 чэрвеня 1941 года. Складалася з 4 батальёнаў: Асаавіяхіма, Кастрычніцкага, Першамайскага, Чыгуначнага; налічвала 2 тыс. чалавек. Апалчэнцы разам з войскамі Чырвонай Арміі 9–10 ліпеня абаранялі Віцебск.
Батальён народнага апалчэння Першамайскага раёна (камандзір А. А. Манахаў) уступіў у бой 8 ліпеня. Першая рота батальёна 9 ліпеня разам з воінамі 153-й стралковай дывізіі вяла бой у цэнтры горада, утрымлівала ўчастак на левым беразе Заходняй Дзвіны, адбівала неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку.
Батальён народнага апалчэння Чыгуначнага раёна (1900 чалавек – рабочыя станкабудаўнічых заводаў, чыгуначнага вузла, студэнты і выкладчыкі, служачыя; камандзір – сакратар Чыгуначнага РК КП(б)Б Віцебска Б. К. Сямёнаў) вёў абарончыя баі ў раёне воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы. 9 ліпеня пасля 5-гадзіннага бою апалчэнцы былі вымушаны адысці да Віцебска, дзе працягвалі змагацца з ворагам.
Батальён Асаавіяхіма (450 чалавек, камандзір І. П. Клёнаў) трымаў абарону на ўчастку ўздоўж берага Заходняй Дзвіны ў раёне Мазурына. 9–10 ліпеня апалчэнцы да позняга вечара вялі баі супраць нямецка-фашысцкіх падраздзяленняў, знішчылі да 200 гітлераўцаў, якія перапраўляліся цераз Заходнюю Дзвіну, 10 ліпеня вялі баі на паўночна-ўсходняй ускраіне Віцебска. 11 ліпеня 1-я рота батальёна амаль уся загінула ў няроўным баі ў раёне в. Журжава. Жорсткія баі апалчэнцаў супраць ворага вяліся на тэрыторыі прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы, у іншых месцах. 11 ліпеня апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з часцямі Чырвонай Арміі, многія ўліліся ў яе рады, частка – у рады патрызан і падпольшчыкаў.
У Віцебску немцы адразу ж пачалі ўводзіць свой фашысцкі «новы парадак». Працаздольнае насельніцтва вывозілі ў Германію. Непакорных кідалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, катавалі ў гестапаўскіх засценках. Камуністаў і камсамольцаў расстрэльвалі. У гады акупацыі гітлераўцы стварылі ў горадзе 5 лагераў смерці. Ад рук фашысцкіх катаў толькі ў адным Віцебску загінула каля 62 тыс. жыхароў і 76 тыс. ваеннапалонных. На Віцебшчыне загінуў кожны трэці жыхар.
За гады акупацыі немцы спалілі або ўзарвалі 60 буйнейшых прадпрыемстваў, чыгуначны вузел, знішчылі большасць гістарычных помнікаў і твораў мастацтва. У руіны былі ператвораны цэлыя вуліцы і кварталы горада.
Расстрэлы, шыбеніцы, голад, эпідэміі – вось што азначаў «новы парадак» для жыхароў горада. Сістэматычныя грабяжы насельніцтва сталі звычайнай з'явай. У адным з загадаў камандуючага паўночнай армейскай групоўкі ўказвалася, што ўсе валёнкі, якія ёсць у рускага грамадзянскага насельніцтва, уключаючы і дзіцячыя, падлягаюць рэквізіцыі. Карыстацца валёнкамі насельніцтву забаранялася. За ўтойванне – расстрэл.
Жыхары горада былі абкладзены безліччу падаткаў – падушным, падаходным, падаткам за будынкі, жывёлу, хатнюю птушку, катоў, сабак, патэфоны, вокны ў хаце, на рамонт дарог, мастоў, на ўтрыманне паліцыі, гарадскога ўпраўлення, атрадаў гітлераўскай арміі і г. д.
На перасячэнні вуліц Ленінскай і Валадарскага, каля паўразбуранага будынка гістарычнага музея, гітлераўцы ўстанавілі шыбеніцы. Ілавайскі лес, загарадныя кар'еры, Юр'ева горка былі ператвораны ў вялікія брацкія магілы.
Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага тэрору вялі барацьбу з захопнікамі бясстрашныя партызаны і падпольшчыкі.
Так, група падпольшчыкаў Веры Захараўны Харужай, нягледзячы на цяжкія і складаныя ўмовы барацьбы (у Віцебску канцэнтраваліся варожыя войскі, размяшчаліся ўсялякія базы, камендатуры, праводзіліся начныя аблавы і арышты, праверка дакументаў на вуліцах і ў кватэрах, шпіянаж, расстрэлы), сваімі каштоўнымі звесткамі дапамагала Савецкай Арміі граміць ворага.
Партызаны і падпольшчыкі арганізоўвалі дыверсіі на чыгунцы, на прадпрыемствах, якія выконвалі ваенныя заказы, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага. Яны інфармавалі камандаванне савецкіх войск пра размяшчэнне гітлераўскіх часцей, штабоў, баз і складоў з боепрыпасамі, пра перамяшчэнне і канцэнтрацыю войск, тэхнікі, аэрадромаў, пра становішча спраў у горадзе. Такая інфармацыя была вельмі неабходнай для нанясення ўдараў па нямецка-фашысцкай арміі.
Так, Вера Харужая паведамляла пра тое, што на адным з аэрадромаў знаходзіцца каля 150 варожых самалётаў. У выніку паветранага налёту савецкай арміяй быў знішчаны штаб дывізіі, склад боепрыпасаў, склад гаручага і некалькі самалётаў ворага.
Гестапаўцам удалося схапіць Веру Харужаю. Мужная патрыётка, як і тысячы іншых сыноў беларускага народа, была пакарана смерцю.
Насельніцтва Віцебска, нягледзячы на масавыя расстрэлы і катаванні, усімі сродкамі падтрымлівала партызан і падпольшчыкаў, дапамагала салдатам і афіцэрам Савецкай Арміі ўцякаць з фашысцкага палону. Партызаны пры падтрымцы ўсяго насельніцтва грамілі фашысцкія гарнізоны, пускалі пад адхон варожыя эшалоны, прыводзілі ў непрыгоднасць тэлефонную і тэлеграфную сувязь, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі з заклікам да барацьбы і зводкамі Саўінфармбюро.
За перыяд акупацыі ў горадзе дзейнічала да 66 падпольных груп, а таксама шмат падпольшчыкаў-адзіночак (усяго каля 1500 чалавек). Большую частку іх складалі беларусы. Сярод падпольшчыкаў было 42 % жанчын. Пераважна жанчыны выконвалі складаную работу сувязных і разведчыкаў. Падпольшчыкі мелі ў горадзе больш за 50 канспіратыўных кватэр. У жорсткай і цяжкай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінуў амаль кожны трэці падпольшчык.
Палала пад нагамі фашысцкіх захопнікаў беларуская зямля. Многа слаўных старонак упісалі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны партызаны Віцебскай вобласці. Баявыя подзвігі адважных партызан Віцебшчыны – Герояў Савецкага Саюза К. С. Заслонава, Ф. Ф. Дуброўскага, М. Ф. Сільніцкага, М. П. Шмырова і многіх іншых – будуць жыць у вяках. Іх гераізм, бязмежная адданасць Радзіме будуць служыць прыкладам для многіх пакаленняў савецкіх людзей.
У Віцебскай вобласці дзейнічала каля 200 партызанскіх атрадаў. Многія раёны былі цалкам пад кантролем і абаронай народных мсціўцаў. Партызаны Віцебшчыны за час сваёй дзейнасці пусцілі пад адхон 1 440 чыгуначных эшалонаў, узарвалі 6 бронецягнікоў, каля 40 тыс. чыгуначных рэек, разбурылі і спалілі 970 шашэйных і чыгуначных мастоў, разграмілі 7 воінскіх штабоў, 165 валасных і раённых упраў, спалілі і знішчылі 177 самалётаў, 150 танкаў ворага. Партызанамі знішчана каля 97 тыс. варожых салдат і афіцэраў.
За перыяд вайны народныя мсціўцы захапілі 73 гарматы і мінамёты, сотні аўтаматаў, 373 кулямёты, звыш 3 тыс. вінтовак, звыш мільёна патронаў, некалькі тысяч снарадаў і мін. Было ўзята ў палон 362 нямецкія салдаты і афіцэры і 307 паліцэйскіх. 3 акупаваных раёнаў вобласці пры дапамозе партызан у 1942 годзе было перапраўлена за лінію фронта каля 20 тыс. чалавек насельніцтва. Партызаны Віцебшчыны аказалі вялікую дапамогу Савецкай Арміі. Сотні баявых машын і дзясяткі тысяч гітлераўцаў не дайшлі да лініі фронта.
26 чэрвеня 1944 года 145-я дывізія ўварвалася ў Віцебск. Удары яе часцей былі настолькі імклівыя, што фашысты не паспелі ўзарваць ні чыгуначную станцыю, ні масты цераз Заходнюю Дзвіну. Па ім галоўныя сілы дывізіі пераправіліся ва ўсходнюю частку горада і да сярэдзіны дня разам са злучэннямі 39-й арміі ачысцілі Віцебск ад праціўніка.
Нямецка-фашысцкім войскам было нанесена сур'ёзнае паражэнне. У баях пад Віцебскам яны панеслі вялікія страты. 20 тысяч салдат і афіцэраў ворага было забіта і звыш 10 тысяч узята ў палон.
Раніцай 27 чэрвеня групоўка гітлераўцаў на захадзе Віцебска выкінула белы сцяг. Адначасова спынілі арганізаванае супраціўленне акружаныя часці і ў іншых раёнах.
У гонар вызвалення Віцебска 23 ліпеня на Сянной плошчы быў праведзены парад партызан.
За гады вайны найбольшыя людскія страты панеслі Віцебск, Полацк, Глыбокае. З 180 тыс. чалавек, якія пражывалі ў Віцебску ў 1940 годзе, вызваліцеляў сустрэлі толькі 118 жыхароў.
За гады акупацыі ў Віцебску дзясяткі тысяч жыхароў былі знішчаны, закатаваны ў канцлагерах і сагнаны на катаргу ў Германію. Горад быў разбураны больш, чым на 90 %. У гады вайны было знішчана 93 % жылога фонду (цэлыя кварталы горада, усе прамысловыя прадпрыемствы, помнікі архітэктуры).
Але жыхары пачалі вяртацца ў горад. З ліпеня 1944 па май 1945 гг. насельніцтва горада вырасла з 4 553 да 50 695 чалавек.
Дзякуючы гераічным намаганням працоўных Беларусі, Віцебск зноў адрадзіўся з попелу.
ЛІТАРАТУРА
1. 1941–1945 // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 5–431.
2. Абельская, Е. Витебское подполье в документах немецкой контрразведки / Е. Абельская // Народнае слова. – 2005. – 23 ліп. – С. 4.
3. Абрамова, И. Май 1945-го в Витебске / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 7 мая. – С. 3.
4. Абрамова, И. Победители и побежденные: о работе немцев по восстановлению города / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 11 марта. – С. 7.
5. Акуневич, В. В. Оборона Витебска летом 1941-го / В. В. Акуневич // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, 24 чэрвеня 2004 г. / адказ. за вып.: В. У. Акуневіч, А. М. Дулаў. Віцебск : УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2004. – С. 12–17.
6. Акуневіч, В. У. Баі за вызваленне Віцебска / В. У. Акуневіч // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, 24 чэрвеня 2004 г. / адказ. за вып.: В. У. Акуневіч, А. М. Дулаў. Віцебск : УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2004. – С. 76–80.
7. Ануфриев, В. В боях за «Суражские ворота» / В. Ануфриев // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2001. – 7 ліп. – С. 2.
8. Баталка, Т. І. Віцебск у гады акупацыі (1941–1944 гг.) / Т. І. Баталка // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: Супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Віцебск, 18–19 чэрвеня 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (і інш.). – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2009. – 53–57.
9. Белобородов, А. П. В районе Витебска / А. П. Белобородов // Полки идут на Запад: воспоминания и очерки об освобождении Белоруссии от фашистских оккупантов / сост. К. А. Маланьин. – М. : Воениздат, 1964. – С. 99–116.
10. Бруева, Л. Год 1941-й. Витебск в огне / Л. Бруева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 22 июня. – С. 3.
11. Витебск: первые дни войны : хроника событий / сост. А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2017. – 128 с.
12. Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – 408 с.
13. «Витебский котел» // В сражениях за Белоруссию / Ю. В. Плотников. – Минск : Беларусь, 1982. – С. 73–94.
14. Витебские подпольщики в борьбе с фашистскими захватчиками // Подвиги их бессмертны: о подпольной борьбе советских людей в захваченных фашистскими оккупантами городах и селах Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944) : сборник статей / сост. и подгот.: Л. В. Аржаева, А. Б. Рогов. – Минск : Беларусь, 1978. – С. 157–195.
15. Витебщина освобожденная: октябрь 1943 – декабрь 1945 : документы и материалы / сост.: Н. В. Воронова [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – 584 с. – (Памяць Віцебшчыны).
16. Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: акупацыя і вызваленне : фотаальбом / УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей» ; уклад.: Я. А. Грэбень [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 63 с.
17. Выстояли и победили: свидетельствуют архивы / авт.-сост.: М. В. Пищуленок [и др.] ; отв. за вып. Т. В. Буевич. – Витебск, 2005. – 91 с.
18. Иванова, Т. П. Витебское подполье: историографический аспект. Трудности организации и деятельности / Т. П. Иванова // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: Супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Віцебск, 18–19 чэрвеня 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (і інш.). – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2009. – 172–176.
19. Ішла вайна народная // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 391–640.
20. Каралевіч, Э. Нізка схіляем галаву / Э. Каралевіч // Витебские вести. – 2016. – 14 апр. – С. 3.
21. Кирюхин, С. П. 43-я армия в Витебской операции / С. П. Кирюхин. – М. : Воениздат, 1961. – 143 с.
22. Лагерь смерти «5-й полк» / сост.: А. М. Подлипский, В. А. Ризо. – Витебск : Витебская областная типография, 2014. – 80 с.
23. Литвин, А. М. Надписи на стенах камер нацистских застенков Витебска / А. М. Литвин // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : зборнік навуковых артыкулаў / склад.: А. А. Крыварот [ і інш.] ; рэдкал.: А. А. Каваленя [ і інш.]. – Минск : Беларуская навука, 2015. – С. 48–58.
24. Людников, И. И. Под Витебском (Витебская операция 39-й армии 23–27 июня 1944 года) / И. И. Людников. – М. : Воениздат, 1962 – 112 с.
25. Никитин, Р. М. Защита Витебска 9–12 июля 1941 года и проблематика ее исследования / Р. М. Никитин // Победа – одна на всех : материалы международной научно-практической конференции, Витебск, 24 апреля 2014 г. / редкол.: А. И. Жук [и др.]. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2014. – С. 84–87.
26. Оборона Витебска 1941 года / сост. А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2010. – 64 с.
27. Пархімовіч, М. М. Віцебск напярэдадні Вялікай Афчыннай вайны (студзень – чэрвень 1941 года) / М. М. Пархімовіч // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: Супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Віцебск, 18–19 чэрвеня 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (і інш.). – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2009. – 17–21.
28. Пахомов, Н. И. Витебское подполье / Н. И. Пахомов, Н. И. Дорофеенко, Н. В. Дорофеенко. – Минск : Беларусь, 1969. – 240 с.
29. Петухов, Ю. А тыл был крепок / Ю. Петухов // Вiцебскi рабочы. – 2006. – 16 верас. – С. 3.
30. Подлипский, А. Витебск! У него своя, особая история освобождения: к 75-летию освобождения города от немецко-фашистских захватчиков / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2019. – 160 с.
31. Подлипский, А. Из когорты непокоренных / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2012. – 48 с.
32. Подлипский, А. Партизанский парад в Витебске / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – 64 с.
33. Политика немецких оккупационных властей в Витебске во время Великой Отечественной войны // Очерки по истории Витебского края / Т. П. Иванова. – Витебск : Витебский филиал УО ФПБ «Международный университет "МИТСО"», 2015. – С. 163–166.
34. Разгром витебской группировки // Дорога длиною в жизнь / И. И. Людников. – М. : Воениздат, 1969. – С. 119–129.
35. Рывкин, М. С. Хроника страшных дней. Трагедия Витебского гетто / М. С. Рывкин, А. Л. Шульман. – 2-е изд., доп. – Минск : Медисонт, 2014. – 236 с.
36. Тайна витебской трагедии // Тайна фашистских концлагерей / Л. Аникеев. – М. : Филиал ФГПУ «Военное издательство» МОРФ, 2005. – С. 7–93.
37. Яковлева, Г. Н. Некоторые черты повседневной жизни жителей города Витебска в период нацистской оккупации (1941–1944 гг.) / Г. Н. Яковлева // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: Супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Віцебск, 18–19 чэрвеня 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (і інш.). – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2009. – 57–63.
СПАСЫЛКІ