Гісторыя. г. Віцебск. Пасляваенны перыяд.
- Подробности
- Створана 10.11.2020 08:40
- Адноўлена 30.12.2020 09:15
Да вайны горад Віцебск быў буйным індустрыяльным цэнтрам Беларусі. У 1938 годзе ў горадзе выпускалася 28 % прамысловай прадукцыі рэспублікі. На прадпрыемствах працавала 30 % рабочых ад усёй колькасці іх на Беларусі. Былі пабудаваны 15 прамысловых прадпрыемстваў. Узніклі новыя галіны прамысловасці: станкабудаўнічая, абутковая, трыкатажная, мэблевая. Развівалася тэкстыльная, швейная і харчовая прамысловасць. Павялічылася жыллёвае і камунальнае будаўніцтва. У 1940 годзе ў горадзе дзейнічалі 209 прадпрыемстваў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупаваны фашысцкімі захопнікамі горад быў амаль цалкам разбураны, загінула больш за 100 тыс. жыхароў.
26 чэрвеня 1944 года Віцебск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе прадпрыемствы горада, чыгуначны вузел, аб'екты камунальнай гаспадаркі, бальніцы, музеі, школы, магазіны і жыллёвы фонд ляжалі ў руінах. Прадстаўнікі амерыканскай місіі, якія прыбылі ў горад, зрабілі выснову, што горад немагчыма аднавіць. Аднак яны не ўлічылі высокі маральны настрой жыхароў Віцебска, якія вярталіся з эвакуацыі, кадравых рабочых і іх імкненне ўзняць родны горад з руін, вярнуць яму прыгажосць і былую славу.
Яшчэ ў 1943 годзе ў прыфрантавой паласе ў Лёзненскім раёне былі створаны гарадскія органы ўлады. Імі распрацоўваліся першапачатковыя меры па аднаўленні прамысловасці, чыгуначнага транспарту, сувязі, камунальнай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання, уліку і размеркаванні рабочай сілы.
У першыя дні пасля вызвалення горада праводзіліся мерапрыемствы па ўстанаўленні парадку ў горадзе, ахове аб'ектаў і маёмасці, вёўся ўлік насельніцтва, ліквідаваліся пажары, пачаліся работы па размініраванні будынкаў, вуліц, дарог. Ужо праз 3 дні пасля вызвалення ў горадзе працавалі 2 хлебапякарні, 2 лазні, 3 магазіны, 2 сталовыя, адкрыта бальніца, цырульня, пачаліся работы па аднаўленні вадаправода.
На дапамогу Віцебску, як і ўсёй Беларусі, прыйшла ўся краіна. У Віцебск амаль з усіх рэспублік пачало прыходзіць рознае абсталяванне: станкі, трактары, аўтамашыны, метал, шкло. Архітэктары Украіны аказалі дапамогу ў распрацоўцы генеральнага плана аднаўлення Віцебска. Актыўную ролю ў адраджэнні Віцебска адыграла моладзь. Праз 2 месяцы пасля вызвалення пры актыўным удзеле моладзі пачаў працаваць кінатэатр, аднавіўся клуб металістаў. Каля 700 камсамольцаў працавала на аднаўленні прамысловасці і транспарту горада.
За гады першай пасляваеннай пяцігодкі неабходна было не толькі аднавіць усе віды даваеннай вытворчасці Віцебска, але і пабудаваць шэраг новых прадпрыемстваў. Найбольшае развіццё павінны былі атрымаць станкабудаванне і металаапрацоўка, якасна новы штуршок атрымала тэкстыльная прамысловасць. Урад рэспублікі, мясцовыя ўлады патрабавалі ад кіраўнікоў прадпрыемстваў ужо ў 1947 годзе дасягнуць поўнай магутнасці на хлебазаводзе, мэблевай і махорачнай фабрыках, маслазаводзе і іншых прадпрыемствах. У 1947 годзе павінны былі выпусціць прадукцыю 3 станкабудаўнічыя заводы, мясакамбінат, дывановы і домабудаўнічы камбінаты, абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік», швейная «Сцяг індустрыялізацыі», панчошна-трыкатажная імя КІМ і іншыя. Складанасць такіх задач была абумоўлена і тым, што да першай паловы 1946 года на прадпрыемствах горада працавала 3480 чалавек, што складала 14 % даваеннага ўзроўню, выпуск прадукцыі не перавышаў 7,6 %.
У 1947 годзе аб'ём прадукцыі трох станкабудаўнічых заводаў дасягнуў даваеннага ўзроўню. Калі ў 1940 годзе было выпушчана 825 станкоў, то ў 1947 годзе – больш за тысячу. Пачала дзейнічаць першая лінія Віцебскага дывановага камбіната. Да канца года гэтым калектывам было выраблена 18 тыс. м2 дываноў, у 1950 годзе – 584 тыс. м2. У 1953 годзе дывановых вырабаў было зроблена столькі, колькі ва ўсёй краіне ў даваенныя гады. У 1949 годзе прамысловасць Віцебска выпусціла прадукцыі ў 2 разы больш, чым у 1948 годзе. Да канца 4-й пяцігодкі панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ выпускала ў год 18,8 млн. пар панчошна-трыкатажных вырабаў.
У першыя пасляваенныя гады пачаўся масавы рух рабочых за датэрміновае выкананне гадавых заданняў, эканомію сыравіны, паліва, матэрыялаў. Станкабудаўнікі выступілі ініцыятарамі спаборніцтва за эканомію і рэнтабельнасць прадпрыемстваў. У 1947 годзе завод заточных станкоў даў 1,4 млн. руб., у 1948 годзе – амаль 3 млн. руб. эканоміі. Ва ўсіх працоўных калектывах ішла барацьба за зніжэнне сабекошту прадукцыі. Прамысловасць у Віцебску за першыя 5 пасляваенных гадоў была адноўлена, а па многіх паказчыках значна перавысіла даваенны ўзровень. Былі заснаваны завод заточных станкоў, створаны мэблевая фабрыка, дывановы камбінат, шаўкаткацкая фабрыка. Пачаў працаваць завод трактарных запасных частак.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі Віцебск аднаўляўся і развіваўся паводле генплана 1946 года і яго карэкціроўкі 1956 года, генплана 1966 года. Праводзілася рэканструкцыя гарадскога цэнтра. Пабудаваны чыгуначны вакзал, будынак тэатра імя Я. Коласа. Актывізавалася мастацкае і літаратурнае жыццё абласнога цэнтра. Далейшае развіццё горада, яго забудова ажыццяўляліся паводле генеральных планаў 1975 і 1982 гг. У цэнтральнай частцы Віцебска захавалася гістарычная планіроўка XVI–XVII стст., а таксама асобныя помнікі архітэктуры і гісторыі XVIII – пачатку XX стст.
Асноўны раён жылога будаўніцтва – паўднёва-ўсходні, дзе ўзведзены 5–9–12-павярховыя дамы. У 1970–1990 гг. пабудаваны 10–16-павярховыя дамы з крамамі, кінатэатрам, рэстаранам на першых паверхах, карпусы грамадскіх і навучальных устаноў. Цераз Віцьбу ўзведзены новыя пешаходныя масты. У 1988 годзе здадзены ў эксплуатацыю Летні амфітэатр больш чым на 5 тыс. месцаў. У 1999 годзе пабудаваны Лядовы палац спорту, у 2004 годзе – гасцініца «Лучоса».
Да 80-х гадоў у Віцебску было сканцэнтравана 47 % прамыслова-вытворчага патэнцыялу і выраблялася 32 % кошту валавай прадукцыі, 34 % таварнай прадукцыі вобласці. Віцебск стаў буйным цэнтрам машынабудавання і металаапрацоўкі, лёгкай прамысловасці. Такая галіна, як машынабудаванне і металаапрацоўка, давала 34 % таварнай прадукцыі горада (заводы імя Кірава і імя Камінтэрна). Гэта прадукцыя экспартавалася ў многія краіны свету. У горадзе былі пабудаваны прадпрыемствы, якія працавалі на ваенна-прамысловы комплекс: «Эвістар», «Мегом», заточных станкоў, радыёзавод, пачалося будаўніцтва тэлевізійнага завода.
Сярод машынабудаўнічых прадпрыемстваў горада найбольшую ўдзельную вагу ў аб'ёме вырабляемай прадукцыі занялі прыборабудаванне і радыёэлектронная прамысловасць (ВА «Маналіт», «Электравымяральнік», «Віцязь», заводы «Эвістар», прыборабудаўнічы і іншыя). Прыборы і электронныя вырабы вытворчага аб'яднання «Электравымяральнік» экспартаваліся ў 53 краіны свету.
Другой па колькасці занятых і першай па аб'ёме вытворчасці стала лёгкая прамысловасць горада. Такія тавары народнага ўжытку, як дывановыя вырабы, трыкатаж і панчошныя вырабы камбіната імя КІМ, футравыя вырабы камбіната імя Еўсцігнеева, тканіны шаўковага камбіната, вопратка швейных фабрык «Сцяг індустрыялізацыі» і «Віцябчанка» палюбілі жыхары не толькі нашай рэспублікі, але і далёка за яе межамі.
Харчовая прамысловасць (удзельная вага 16,7 %) забяспечвала гараджан мяснымі і малочнымі вырабамі, хлебам, алеем, кансервамі, камбікармамі для жывёлагадоўлі. У харчовай галіне працавалі 12 прадпрыемстваў: мясакамбінат, кансервавы завод, макаронная фабрыка, камбінаты хлебапрадуктаў і малочны, маслаэкстракцыйны завод, аб'яднанне хлебапрадуктаў, рыбгас і інш.
Да 80-х гадоў 4 % таварнай прадукцыі горада вырабляла будаўнічая індустрыя. У гэтай галіне высокімі тэмпамі развівалася вытворчасць керамічных дрэнажных труб, камянёў керамічных, гравію, пяску (вытворчае аб'яднанне «Кераміка»), жалезабетонных панэляў (СБЖ N 3). Да гэтай галіны адносіцца «Даламіт» – адзін з буйнейшых у былым СССР вытворцаў даламітавай мукі для вапнавання кіслых глебаў. Дрэваапрацоўчая галіна («Віцебскдрэў») атрымала спецыялізацыю па вытворчасці піламатэрыялаў, мэблі, сталярных вырабаў, дрэвавалакністых і дрэвастружачных пліт, сінтэтычных смол і г. д.
Мясцовая прамысловасць вырабляла 4,1 % прадукцыі горада. Яе асноўнымі відамі сталі швейныя вырабы, дарожкі прутковыя, абрусы, шпагат, тара і іншыя тавары шырокага ўжытку.
1990 год стаў годам найбольшага росквіту прамысловасці Віцебска. 3 1991 года, у сувязі са змяненнем палітычных абставін, распадам СССР, пачалося падзенне аб'ёмаў вытворчасці, скарачэнне вырабу асобных відаў прадукцыі, рост беспрацоўя. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў 1995 годзе склаў 46,5 % ад узроўню 1990 года. У новых эканамічных умовах на былых гігантах «абаронкі» (заводах «Эвістар», «Мегом») дасягнулі поспехаў тыя калектывы, якія здолелі своечасова перайсці на выпуск тавараў народнага ўжытку, прадукцыі для іншых галін народнай гаспадаркі. Прыкладам можа быць вытворчае аб'яднанне «Віцязь» – аб'ём вытворчасці ў 1998 годзе склаў 168,4 % да ўзроўню 1990 года. Асвоены выпуск розных відаў вымяральных прыбораў на вытворчым аб'яднанні «Электравымяральнік» – аб'ём вытворчасці ў 1998 годзе склаў 125,8 % да ўзроўню 1990 года. Дарэчы, гэтыя былыя абаронныя заводы ў асноўным захавалі свае працоўныя калектывы.
У 2001 годзе на долю Віцебска прыходзіцца амаль чацвёртая частка таварнай прадукцыі прамысловасці вобласці. На 85 буйных прадпрыемствах горада працуе звыш 52 тыс. чалавек. Яны вырабляюць металарэзныя і дрэваапрацоўчыя станкі, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем (заводы «Вістан», імя Камінтэрна, «Візас»), вымяральныя прыборы і сродкі («Электравымяральнік»), кандэнсатары, пазістары, варыстары («Маналіт»), насосы, інкубатары для немаўлят (завод «Эвістар»), ДВП, ДСП і піламатэрыялы (ААТ «Віцебскдрэў»), будаўнічую цэглу (АТ «Кераміка»), канструкцыі і зборныя жалезабетонныя вырабы (завод ЗЖБ-3), тэлевізары і медтэхніку («Віцязь»), гадзіннікі (ААТ «Прыборабудаўнічы завод»), дываны і дывановыя вырабы (ААТ «Віцебскія дываны»), швейныя вырабы (ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», ВА «Віцябчанка»), скураны абутак (ААТ «Чырвоны кастрычнік», СП «Белвест», ТАА «Марка»), мэблю (ААТ «Віцебскмэбля») і іншую прадукцыю спецыяльнага і масавага попыту.
Атрымала развіццё прадпрымальніцкая дзейнасць. У Віцебску зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і каля 6 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. 427 прадпрыемстваў недзяржаўнага сектара эканомікі горада займаюцца вытворчай дзейнасцю, выкананнем работ і аказаннем паслуг. 60 % камерцыйных прадпрыемстваў працуюць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, 16 % – прамысловай вытворчасці, 11,4 % – будаўніцтва. Паслугі па розных відах дзейнасці аказваюць 25 % прадпрымальнікаў. Для падтрымкі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў горадзе створаны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, аддзел садзейнічання прадпрымальніцтву гарвыканкама.
3 малых і сярэдніх прадпрыемстваў горада найбольш паспяхова працуюць: «Марка» і «Ірвіт» (вытворчасць абутку), АТ «Рагнеда» (вытворчасць трыкатажу), АТ «Дзвіна» (пашыў вопраткі), ЗАТ «Факел» (вытворчасць вогнетушыцеляў), БелСофт, БелФорт (продаж і абслугоўванне камп'ютэрнай аргтэхнікі) і іншыя прадпрыемствы. У малым і сярэднім бізнесе занята каля 35 тыс. чалавек ці звыш 9 % агульнай колькасці жыхароў горада.
Працуе шэраг сумесных прадпрыемстваў. 3 мэтай прыцягнення замежных інвестыцый, вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ў 1999 годзе была створана свабодная эканамічная зона «Віцебск».
Сучасны Віцебск – гэта буйны адміністрацыйны, індустрыяльна-прамысловы і навукова-культурны цэнтр са сваімі духоўнымі і культурнымі традыцыямі. Гэта трэці па колькасці насельніцтва горад Беларусі. Па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ў Віцебску пражывае 378 459 тыс. чалавек.
Прамысловы патэнцыял Віцебска складаюць каля 320 суб'ектаў гаспадарання, сярод іх 70 – буйныя прадпрыемствы. Прадукцыя віцебскіх прадпрыемстваў: станкі завода «Вістан», тэлевізары «Віцязь», скураны абутак «Марка» і «Белвест», вырабы з футра, трыкатаж, шаўковыя тканіны, дываны – вядомая далёка за межамі нашай краіны. Галоўныя гандлёвыя партнёры Віцебска – Расія, Украіна, Кітай, Германія, Польшча, Казахстан, Нарвегія, Латвія, Літва, Італія, Турцыя.
Віцебск – буйны транспартны вузел. Аўтобусныя маршруты злучаюць яго з абласнымі гарадамі Беларусі, а таксама з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Рыгай, Берлінам. Чыгуначны вакзал абслугоўвае пасажыраў міжнародных і прыгарадных напрамкаў. За 10 км ад горада знаходзіцца аэрапорт «Віцебск», а на заходняй ускраіне размясціўся рачны порт. Сучасны грамадскі транспарт горада прадстаўлены аўтобуснымі, трамвайнымі і тралейбуснымі маршрутамі, паслугамі таксі і маршрутных таксі.
Архітэктура горада вызначаецца строгасцю стылю, класічнай стрыманасцю і ў той жа час здзіўляе размахам і шырынёй сучасных праспектаў і плошчаў. Такое спалучэнне надае Віцебску асаблівую шыкоўнасць і арыгінальнасць. Мінулае і сучаснае ў горадзе непарыўна звязаныя. Напрамкі асноўных вуліц XVIII ст. сталі асновай для забудовы горада праз дзесяцігоддзі. Сёння ў абласным цэнтры можна прагуляцца па вуліцах, якія захаваліся ад гістарычнай забудовы канца XVIII – першай паловы ХІХ стст. За шматвяковую гісторыю горада была створана вялікая колькасць культурна-гістарычных аб'ектаў. Толькі ў Нацыянальны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 223 аб'екты. Сярод найбольш значных архітэктурных помнікаў – Палац губернатара (дзяржаўная ўстанова, наведванне палаца немагчыма), гарадская Ратуша (краязнаўчы музей), будынак пазямельнага сялянскага банка (галоўны корпус Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны).
Горад увайшоў у гісторыю як адзін з галоўных цэнтраў мастацкага авангарда, звязанага з імёнамі М. Шагала, Ю. Пэна, К. Малевіча. А сёння больш за 100 віцебскіх мастакоў з'яўляюцца членамі Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
Віцебск – цэнтр высокай культуры, «горад, які чытае». Каб пазнаёміцца з гісторыяй горада, даведацца больш пра выдатных людзей, якія тут нарадзіліся і жылі, праславілі родны кут плёнам сваёй працы, варта наведаць мясцовыя музеі. Вялікая колькасць бібліятэк знаёміць гараджан з лепшымі літаратурнымі творамі мінулага і сучаснасці. Сапраўднымі цэнтрамі беларускага мастацтва з'яўляюцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Беларускі тэатр «Лялька». Актыўную культурна-масавую і канцэртную прапаганду вядуць ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"» і яго філіялы – Летні амфітэатр, Віцебская абласная філармонія, а таксама 3 школы мастацтваў, 4 музычныя школы, музычны каледж імя І. І. Салярцінскага і Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў.
Віцебск – горад фестываляў. Штогод тут праходзіць больш за 20 буйных культурна-масавых мерапрыемстваў. Фестывалі і святы, якія праходзяць у Віцебску, вядомыя не толькі ў Беларусі. Многія з іх маюць міжнародны фармат: Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага, свята беларускай «Лялькi» і інш.
Жыхары горада маюць магчымасць атрымаць даступныя якасныя паслугі ў сферы адукацыі. У Віцебску працуюць 97 дашкольных устаноў, 47 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ( у тым ліку 8 гімназій), 11 каледжаў, 2 ліцэі і 5 вышэйшых навучальных устаноў.
У Віцебску прадстаўлены ўвесь спектр медыцынскіх устаноў, неабходны для паўнавартаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Усяго ў горадзе знаходзіцца 30 буйных медыцынскіх арганізацый, сярод якіх лячэбна-прафілактычныя дарослыя і дзіцячыя паліклінікі, жаночыя кансультацыі і гарадскія стацыянары, 5 абласных медыцынскіх дыспансераў, 2 цэнтры санітарна-гігіенічнага і прафілактычнага напрамкаў, найбуйнейшы абласны дыягнастычны цэнтр. Для забеспячэння насельніцтва лекавымі прэпаратамі ў горадзе развіта сетка дзяржаўных і прыватных аптэк.
Віцебск – горад з сучаснай інфраструктурай. Тут шырока развіта гасцінічная сетка, працуюць гарадскія гандлёва-забаўляльныя цэнтры. Не менш прывабна выглядае і рынак турыстычных паслуг, прадстаўлены больш чым 30 тураператарамі. Для прыхільнікаў актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця адкрыта больш за 850 спартыўных аб'ектаў – стадыёны, манежы, трэнажорныя і спартыўныя залы, пляцоўкі для гульнёвых відаў спорту. Гарадскія ўлады, якія зацікаўлены ў развіцці Віцебска як сучаснага еўрапейскага горада, пастаянна развіваюць і добраўпарадкоўваюць зялёныя зоны, прызначаныя для адпачынку гасцей і гараджан, паркі і вуліцы, плошчы і праспекты.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Архитектурный ансамбль на руинах / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2007. – 17 марта. – С. 3.
2. Абрамова, И. Победители и побежденные / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 11 марта. – С. 7.
3. Абрамова, И. Процесс [1947 года] / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 6 июля. – С. 3.
4. Бондарева, Е. Бьется в тесной печурке огонь... / Е. Бондарева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 8 февр. – С. 6.
5. Будкевич, М. Возродили опаленную землю / М. Будкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 25 июля. – С. 10.
6. Буткевич, С. Первомай – 1947: на парад через Двину / С. Буткевич // Витебский курьер. – 2004. – 30 апр. – С. 3.
7. Витебск [Изоматериал] = Vitebsk / [сост. Е. А. Климентенок]. – Витебск : Витебская областная типография, 2014. – 203 с.
8. Витебск : историко-экономический очерк / редкол.: В. П. Воробьева [и др.]. – Минск : Наука и техника, 1974. – 223 с.
9. Воранава, Н. І запрацавалі школы / Н. Воранава // Вiцебскi рабочы. – 2006. – 2 верас. – С. 4.
10. Гальпяровіч, Н. Я. Віцебск – горад майстроў і мастакоў / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна, Т. М. Сівец ; [рэдкал.: Н. Г. Ваніна і інш. ; фота В. В. Дняпроўскага і інш.]. – Мінск : Пачатковая школа, 2013. – 96 с.
11. Каверсун, У. Г. Аднаўленне г. Віцебска ў першыя пасляваенныя гады / У. Г. Каверсун // IV Машеровские чтения : материалы международной научно-практической конференции студентов, аспирантов и молодых ученых, [Витебск, 28–29 октября, 2010 г. / редкол.: А. П. Солодков и др.]. – Витебск : УО «ВГУ имени П. М. Машерова», 2010. – Т. 1. – С. 239–240.
12. Киселев, А. М. Священные места / А. М. Киселев // Выстояли и победили: свидетельствуют архивы / авт.-сост.: М. В. Пищуленок [и др.]. – Витебск, 2005. – С. 41–42.
13. Крупица, Н. Под черным крылом / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 1 февр. – С. 3.
14. Мясоедова, С. Восстать из пепла / С. Мясоедова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 1 февр. – С. 3.
15. Надточий, Л. 70-летние сапоги: [Витебск послевоенный – восстановление промышленных предприятий] / Л. Надточий // Витебские вести. – 2020. – 27 июня. – С. 6.
16. Не только взгляд в историю, но и возвращение исторического прошлого // Архитектура и градостроительство в художественной культуре Витебщины: с 1918 года и до наших дней / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – С. 74–77.
17. Нікіцін, Г. А. Віцебск / Г. А. Нікіцін. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. – 107 с.
18. Николаева, И. В. Повседневная жизнь населения Витебщины после освобождения / И. В. Николаева // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : зборнік навуковых артыкулаў / склад.: А. А. Крыварот [ і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2015. – С. 235–242.
19. Новак, Г. Поединок со смертью / Г. Новак // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 25 апр. – С. 4.
20. Пад мірным небам // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 432–483.
21. Пищуленок, М. В. Спящая смерть / М. В. Пищуленок // Выстояли и победили: свидетельствуют архивы / авт.-сост.: М. В. Пищуленок [и др.]. – Витебск, 2005. – С. 24–26.
22. Подлипский, А. В первый послевоенный год... / А. Подлипский // Народнае слова. – 2005. – 30 жн. – С. 4.
23. Русецкий, А. В. От земли Поозерской... Творчество витебских литераторов в послевоенный период (1946–1965 гг.) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2010. – 302 с.
24. Формирование витебского городского ядра // Архитектура и градостроительство в художественной культуре Витебщины: с 1918 года и до наших дней / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – С. 59–74.
25. Шпакоўская, Г. З хронікі адраджэння / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2004. – 26 чэрв. – С. 1–2.
26. Юргевіч, Н. К. Аднаўленне і развіццё адукацыі на Віцебшчыне ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. / Н. К. Юргевіч // Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, г. Віцебск, 30–31 сакавіка 2010 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч [і інш.]. – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2010. – С. 181–186.
27. Юргевич, Н. К. Проблемы восстановления г. Витебска в 1944–1946 гг. / Н. К. Юргевич // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: Супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Віцебск, 18–19 чэрвеня 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч [і інш.]. – Віцебск : ВДУ iмя П. М. Машэрава, 2009. – С. 218–223.
28. Юрчак, Д. В. Восстановление разрушенных культовых объектов Витебска: история и перспективы / Д. В. Юрчак // Віцебскі край : матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля. 24 лістапада 2016 г., Віцебск / рэдкал.: Т. Н. Адамян [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017. – Т. 2. – С. 138–146.
СПАСЫЛКІ
Віцебскі сшытак. Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна
Витебский городской исполнительный комитет
Витебский областной исполнительной комитет
Витебск. Информационный портал planetabelarus.by
Современный Витебск. Информационно-туристический сайт города Витебска