Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Страчаная (культавая) спадчына. Віцебск, г.

 

arrow Капліца

Знаходзілася на плошчы перад гарадской ратушай. Пастаўлена ў 1889 годзе ў гонар 50-годдзя аб'яднання ўніятаў з праваслаўнымі.

arrow Касцёл і кляштар дамініканцаў

Знаходзіўся на левым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе ручая. Быў заснаваны ў 1682 (1642?) годзе падкаморыем Адамам Кісялём (з Брусілава) пры ўніяцкай царкве. У канцы XVII ст. арганістам служыў Раймунд Мурашкевіч. Будаўніцтва мураванага касцёла пачалося ў 1771 годзе і скончылася ў пачатку ХІХ ст. Кляштар скасаваны ў 1832 годзе, пасля 1839 года касцёл перададзены праваслаўным, кляштар – Віцебскаму гарнізоннаму батальёну. У кляштарны комплекс уваходзілі мураваныя 1-павярховыя будынкі касцёла, 2 жылыя карпусы, кузня і гаспадарчая пабудова. Згарэў у 1868 годзе.

Касцёл з'яўляўся творам архітэктуры барока. Быў вырашаны 3-нефавай 2-вежавай базілікай з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Плоскасны галоўны фасад слаістымі пілястрамі чляніўся на 3 праслы, завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Прамавугольныя ўнізе і лучковыя наверсе аконныя праёмы дзялілі яго на 2 ярусы. Унутры нефы былі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках і падвойных падпружных арках, абапёртых на крыжовыя ў сячэнні пілоны.

arrow  Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар піяраў

Існаваў у раёне Задзвіння на правым беразе р. Заходняя Дзвіна. Манахі ордэна піяраў пасяліліся ў горадзе ў сярэдзіне XVIII ст., трымалі школу і шляхецкі канвікт. У 1751 годзе Андрэй Свіршчэўскі з жонкай Ганнай (з Лапаў) фундавалі будаўніцтва мураванага касцёла; кляштарныя жылыя і гаспадарчыя будынкі былі драўлянымі. У 1780 годзе граф Г. Пацёмкін перавёў манахаў у сваю вотчыну Дуброўна, дзе пасяліў у скасаваным бернардзінскім кляштары; у Віцебску засталіся 2 ксяндзы для вядзення набажэнстваў і прыгляду за касцёлам. У пачатку ХІХ ст. у Віцебску аднавілася пастырская дзейнасць. У асобных дамах заснавалі пансіён і інтэрнат для збяднелых вучняў. Заканчэнне піярскага калегіума давала права на паступленне ва ўніверсітэт. Кляштар скасаваны ў 1822 годзе, калегіум перанесены ў Полацк і пераўтвораны ў гімназію; касцёл на пачатку ХХ ст. перадалі пад лютэранскую кірху.

Архітэктурны комплекс кляштара апісаны «візітай» 1818 года. Касцёл Божай Маці Шкаплернай стаяў на вуліцы Полацкай на квадратным у плане ўчастку, акаймаваным мураванай сцяной з брамай. На ўчастку акрамя касцёла месціліся будынкі кляштара, канвікта, флігеля для чэлядзі, гаспадарчыя пабудовы: стайня, карэтная, амбар, бровар, хлявы; меўся агарод. У зрубным, ашаляваным і пакрытым гонтам будынку канвікта было 12 пакояў і зала музея з лабараторыямі; 4 пакоі займаў рэктар, столькі ж выхавальнікі і прэфект; астатнія прызначаліся пад класы. Бібліятэчны фонд налічваў 1900 тамоў, сабраных у спецыяльным памяшканні над касцёльнай сакрысціяй. У чалядным драўляным флігелі жылі арганіст, эканом і парабкі.

Мураваны касцёл з'яўляўся творам архітэктуры позняга барока. Буйнамаштабны 1-нефавы храм з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Галоўны фасад фланкіраваўся 2 вежамі з фігурнымі купаламі, гонтавы дах завяршаўся купалам. Унутры на хорах стаяў 9-галосы арган. У галаўным алтары змяшчаўся абраз Маці Божай Шкаплернай; было 2 бакавыя алтары: Ісуса Хрыста і святога Іосіфа.

arrow  Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар мар'явітак

Знаходзіўся побач з Дабравешчанскай царквой на левым беразе р. Заходняя Дзвіна. Вядомы па акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХХ ст. Мураваны касцёл пабудаваны як прыходскі ў сярэдзіне XVIII ст., пры ім меліся драўляныя пабудовы плябаніі і кляштара. Існаваў у 1749–1897 гг. Паводле люстрацыі казённых зямель 1865 года валодаў 174,3 дзесяцінамі зямлі.

Касцёл – твор архітэктуры барока. Быў пабудаваны па каноне 3-нефавай 2-вежавай базілікі. Плоскасны галоўны фасад чляніўся пілястрамі і карнізнымі паясамі на 3 ярусы і 5 праслаў, завяршаўся фігурным франтонам, фланкіраваным 5-яруснымі шатровымі вежамі.

arrow  Касцёл святога Антонія і кляштар бернардзінцаў

Знаходзіўся на ўсходнім баку Рынкавай плошчы (перад ратушай). Касцёл святога Антонія Падуанскага пабудаваны з дрэва ў 1685 годзе. У савецкі перыяд зачынены, і ў выніку неадпаведнай эксплуатацыі паступова разбурыўся. Канчаткова знішчаны (узарваны) у 1958 годзе. Сучасны будынак касцёла парафіі святога Антонія Падуанскага – гэта грунтоўна перабудаваны Дом культуры Віцебскага вучэбна-вытворчага прадпрыемства «Галант» (вуліца Гагарына, 46а). Пытанне пра аднаўленне касцёла па ўзоры папярэдняга храма на яго гістарычным месцы застаецца адкрытым. Прынята рашэнне пра магчымую рэканструкцыю будынка (2015), створана «Эскізная прапанова па аднаўленні касцёла святога Антонія» (2017), ёсць афіцыйны дазвол на выкананне навукова-даследчых і праектных работ.

arrow Касцёл святога архангела Міхаіла

Згарэў у 1868 годзе.

arrow  Касцёл святога Францішка Ксаверыя і кляштар езуітаў

Знаходзіўся на тэрыторыі Ніжняга замка, на Саборнай плошчы. Заснаваны ў 1637 годзе. Пабудаваны ў 1640–1644 гг. з дрэва. На ахвяраваным каралём пляцы былі ўзведзены драўляныя кляштар і касцёл езуітаў, асвячоны ў імя святога Юзафа. Адзначаны на «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. (1-нефавы крыжовы ў плане будынак касцёла меў над уваходам 3-ярусную шатровую вежу з цыбулепадобнай галоўкай). У 1682 годзе прыстанак пераўтвораны ў калегію. Пры ім дзейнічала музычная бурса, з 1697 года – аптэка. Падчас Паўночнай вайны касцёл і кляштар былі спалены шведамі (1704–1708). У 1713–1731 гг. (па іншых звестках у 1716–1751) на месцы драўлянага храма пабудаваны мураваны касцёл. Кіраваў будаўніцтвам Базыль Часновіч і італьянскі дойлід К. Ангіяліні, аўтар алтара касцёла і выкладчык тэорыі архітэктуры ў кляштары. Будаўніцтва калегіума працягвалася да 1799 года, у 1804–1820 гг. у ім размяшчалася павятовае вучылішча. У 1822 годзе будынак калегіума перададзены базыльянам. Пасля 1863 года касцёл перададзены праваслаўнаму духавенству і стаў Мікалаеўскім саборам, перабудаваным у 1872 годзе з наданнем яго архітэктуры рыс рэтраспектыўна-рускага стылю. У кляштарным будынку размясцілася Духоўная семінарыя. Архітэктурны комплекс адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1875–1876 гг. і на гравюры 1891 года. Зруйнаваны ў 1930 гады.

Манументальны мураваны касцёл з'яўляўся творам архітэктуры позняга барока, пабудаваным па каноне крыжова-купальнай 3-нефавай 2-вежавай базілікі з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Цэнтральная частка галоўнага і тарцовыя фасады крылаў трансепта завяршаліся пластычнымі фігурнымі шчытамі; паўсферычны купал на высокім цыліндрычным светлавым барабане завяршаўся высокім ліхтаром. У сілуэце храма панавалі дзве зграбныя купальныя вежы галоўнага фасада (перабудаваны ў 1843 годзе і набылі макаўкі ў завяршэнні). Пластыка-дэкаратыўны акцэнт створаны на 2-яруснай плоскасці галоўнага фасада, насычанага крапаванымі слаістымі пілястрамі, шматпрафіляванымі карнізамі і паясамі, фігурнымі ліштвамі арачных аконных праёмаў. Да касцёла з паўночнага боку ў 1799 годзе дабудаваны П-падобны кляштарны жылы корпус і калегіум, якія ўтваралі замкнёны ўнутраны двор. Архітэктура будынка мела пераходны характар ад барока да класіцызму. Заходняе крыло корпуса завяршалася 3-яруснай вежай-званіцай з гадзіннікам. Планіроўка будынка была галерэйная, на першым паверсе змяшчаліся пакоі вучняў, архіў, трапезная з кухняй, на другім – келлі манахаў, капліца, у сутарэннях – гаспадарчыя памяшканні. Памяшканні перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, трапезная і капліца – люстранымі скляпеннямі на падугах.

arrow  Касцёл Сімяона Богапрыімцы

Знаходзіўся на правым беразе р. Заходняя Дзвіна, насупраць Успенскага сабора, у раёне вуліц Ільінскай, Энгельса (былой Богаяўленскай) і Савецкай Арміі (былой Мікольскай). Вядома па акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХХ ст. Была пабудавана ў 1790–1805 гг. з цэглы на месцы драўлянай царквы XV–XVI ст., вядомай па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года.

Твор архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Была вырашана 3-нефавай крыжова-купальнай 2-вежавай базілікай з трансептам і паўкруглай апсідай. У сяродкрыжжы перасячэння цэнтральнага нефа і аднолькавага па вышыні трансепта ў выглядзе лацінскага крыжа ўзвышаўся магутны цыліндрычны светлавы барабан са сферычным купалам і ліхтаром у завяршэнні. Такімі ж купаламі завяршаліся 4-гранныя 2-ярусныя вежы фасада, паміж якімі быў пастаўлены магутны прамавугольны атык з трохвугольным франтонам. Галоўны ўваход афармляў прысценны 4-калонны порцік з класічным парталам арачнага ўваходнага праёма; паміж калонамі меліся арачныя экседры са скульптурамі, над імі – прамавугольныя плакеткі з барэльефнымі пано. Інтэр'ер быў упрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

arrow  Касцёл у гонар Укрыжавання Хрыстовага (Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі) і кляштар трынітарыяў

Знаходзіўся ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, у Заручаўі, на паўночны ўсход ад Узгоркавага замка. Існаваў у 1759(8)–1831(2) гг. Касцёл пасля скасавання ордэна быў пераўтвораны ў Пакроўскую царкву, кляштарныя карпусы перададзены грамадзянскаму ведамству для арганізацыі жаночага сірочага прытулку (пасля 1839). Касцёл быў пабудаваны з дрэва, адасоблены кляштарны корпус – з цэглы. Адлюстраваны на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст. У пачатку ХХ ст. епархіяльным архітэктарам В. Коршыкавым распрацаваны праект мураванага касцёла.

arrow  Кафедральны сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

Знаходзіўся на Мікалаеўскай Саборнай плошчы, побач з царкоўна-археалагічным музеем (зараз раён плошчы Свабоды). На яго месцы існавалі праваслаўны Аляксееўскі манастыр і царква, пабудаваныя ў 1644 годзе. Мураваны храм пабудаваны ў 1716 годзе як касцёл, а ў 1843 годзе перабудаваны пад праваслаўную царкву. У 1872 годзе грунтоўна перабудаваны. Знаходзіўся ў комплексе з 2-павярховым манастырскім корпусам. Зруйнаваны ў 1957 годзе.

Сабор – твор архітэктуры барока. 2-вежавы 3-нефавы храм з пластычным купальным прытворам. Па цэнтры даху магутны 8-гранны светлавы барабан з цыбулепадобным купалам і галоўкай на шыі. 2-ярусны галоўны фасад быў завершаны пластычна выгнутым франтонам, па баках фланкіраваны 2-яруснымі 8-граннымі вежамі з цыбулепадобнымі купаламі з макаўкамі. Квадратны ў плане прытвор па вуглах крапаваны здвоенымі калонамі і завершаны разарванымі франтонамі з круглымі люкарнамі ў тымпанах, купалам з заломам сферычнай формы. 2-і ярус галоўнага фасада расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах, крапаваны пілястрамі. Перадапошні ярус вежаў – арачныя прасветы-званы. Пад храмам мелася скляпеністая крыпта.

arrow  Кляштар францысканцаў

Згадваецца з пачатку XV ст. з часоў польскага караля Ягайлы як першы каталіцкі ордэн у Віцебску.

arrow  Манастыр у імя святога мучаніка цэсарэвіча Алексія

Пабудаваны да 1640 года, калі быў забраны езуітамі. Вядомы па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. Мелася 3-ярусная чацверыковая драўляная званіца.

arrow Сабор у гонар Богаяўлення

Двухпрастольны храм пабудаваны ў 1805 годзе з цэглы. Узарваны ў 1934 годзе. Твор архітэктуры класіцызму. Галоўны фасад фланкіраваўся 1-яруснымі вежамі-званіцамі, над дахам узвышаўся купал з макаўкай. Унутры была размалявана фрэскамі.

arrow  Сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы

Сабор – твор архітэктуры стылю сталага барока, быў размешчаны на высокім левым беразе р. Заходняя Дзвіна пры яе зліцці з р. Віцьбай (Успенская горка, Лысая гара, Узгор'е, Узгоркаўскі пасад), завяршаў перспектыву вуліцы Крылова (былыя Саборная, Успенская) і ўзвышаўся над усёй забудовай цэнтральнай гістарычнай часткі горада. Першыя звесткі пра існаванне тут царквы з манастыром адносяцца да 1406 года. Пасля забойства ўніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча, драўляная Успенская царква была разбурана (1630). На яе месцы быў пабудаваны драўляны храм і пры ім заснаваны манастыр базыльян. Царква неаднойчы гарэла ў пажарах. У сярэдзіне XVІІІ ст. базыльяне будуюць новую мураваную царкву і кляштар. Архітэктурны комплекс быў бачны з абодвух берагавых частак горада. У 1936 годзе храм зруйнаваны. Адноўлены па ўзоры папярэдняга храма на пачатку XXI ст.

arrow  Царква

Знаходзілася на беразе Заходняй Дзвіны. Пабудавана ў XIX ст. з цэглы як стараабрадніцкая. Адлюстравана на малюнку Н. Орды 1875–1876 гг. Твор архітэктуры класіцызму. Была вырашана прамавугольным аб'ёмам пад вальмавым дахам, над якім узвышаўся 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам. Над франтальным фасадам узвышалася 4-гранная 2-ярусная званіца з макаўкай. Плоскасныя фасады чляніліся на 2 ярусы – руставаны цокаль і 1-ы паверх, рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках.

arrow  Царква ў гонар іконы Маці Божай «Усіх гаротных радасць»

Знаходзілася ў раёне Смаленскай плошчы і вуліцы Гагарына, з 1829 года – турэмная.

arrow  Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга

Знаходзілася на левым беразе Заходняй Дзвіны, на захад ад ратушы, у раёне сучаснай вуліцы Путна. Храм вядомы па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года і адносіцца да XV–XVI стст. Царква была пабудавана з дрэва ў традыцыях віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асноўнага аб'ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы. Асноўны аб'ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Будаўніцтва новага мураванага храма было спынена пры захопе горада напалеонаўскім войскам; часткова ўзведзеныя сцены былі разабраны з мэтай стварэння перад былым палацам губернатара плошчы для агляду войск. У 1819 годзе з цэглы разбуранай царквы закладзены новы храм той жа назвы на Спаскай вуліцы. Твор архітэктуры класіцызму. Дах увенчваў купал з галоўкай. Атынкаваныя фасады чляніліся 20 вялікімі аконнымі праёмамі. Інтэр'ер меў рысы стылю барока. Асобна стаяла мураваная званіца.

arrow  Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы

Знаходзілася ў раёне сучасных вуліц Дзімітрава і Металістаў, у раёне праезду па Кастрычніцкім завулку. Пабудавана ў 1886 годзе з цэглы. Мела 2 купалкі, званіцы не было. Фасады чляніліся 14 вялікімі аконнымі праёмамі. Ацяплялася 2 кафлянымі печамі.

arrow  Царква ў гонар Ражджаства Хрыстовага

Верагодна, знаходзілася ў пачатку вуліцы імя газеты «Праўда» (былая Заручаўская слабада). Пабудавана як могілкавая ў 1807–1810 гг. з цэглы. Над бляшаным дахам стаялі 2 галоўкі. Мела ярусную званіцу. Да апсіды далучалася рызніца. Фасады чляніліся 16 вялікімі аконнымі праёмамі. Ацяплялася 2 кафлянымі і 2 жалезнымі печамі.

arrow Царква ў гонар Святога Духа

Знаходзілася ў Заручаўскай слабадзе (на паўднёвы ўсход ад Ніжняга замка, паміж сучаснымі вуліцамі імя газеты «Праўда», Гогаля, Калініна, злева ад былога Гапеева ручая, які ўпадаў у Заходнюю Дзвіну). 3 інвентара Полацкай епархіі 1618 года вынікае, што «...царква мураваная Сашэсце Святога Духа стаяла ў полі». Пабудавана ў 1340 годзе па фундацыі князя Альгерда, калі ён ажаніўся з князёўнай Марыяй Віцебскай. Другая жонка Альгерда, цвярская княжна Ульяна Аляксандраўна, заснавала пры царкве жаночы манастыр, у якім служыла сама і ў якім была пахавана. У XVI ст. тут знаходзілася «кажамяцкая» царква. У XVIII ст. храм перабудаваны. У канцы ХІХ ст. адносіўся да жаночага духоўнага вучылішча. Узарвана ў 1962 годзе.

Вядома па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. Складаны па кампазіцыі драўляны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Мураваная царква XVIII ст. вядома па малюнку Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст. Манументальны будынак з'яўляўся творам архітэктуры барока. Быў вырашаны ў ансамблі з манастырскім корпусам (2-павярховы пад мансардавым дахам будынак у стылі барока, перабудаваны ў ХІХ ст.). Царква вылучалася сілуэтнай маляўнічасцю, цэльнасцю і завершанасцю аб'ёмнай кампазіцыі. Адносілася да тыпу 3-нефавай 2-вежавай базілікі. Сярэдні высокі неф быў завершаны вялікім паўсферычным купалам з ліхтаром, бакавыя фланкіраваліся 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Мела магутную паўкруглую апсіду.

arrow  Царква ў гонар Святой Троіцы

Знаходзілася на так званым Пескаваціку, побач з Трайчанскімі могілкамі (сучасная вуліца Піянерская). Храм пабудаваны ў 1761 годзе (паводле другіх звестак, у 1690) з дрэва па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы царквы, вядомай па інвентарах з 1618 года. Да 1838 года была ўніяцкай. Існавала яшчэ ў 1910-я гады, але ў 1913 годзе знаходзілася ў дрэнным стане. У 1915 годзе яе высока ацаніў П. П. Пакрышкін, пасля чаго адрамантавана.

Вырашана ў традыцыях віцебскай школы дойлідства. Уяўляла крыжовы ў плане 5-зрубны храм: да цэнтральнага 2-яруснага 8-граннага зруба далучаліся прамавугольныя прырубы бабінца, прытвораў і апсіды з нізкімі бакавымі рызніцамі. Шацёр цэнтральнага зруба меў макаўку, накрыты бляшаным зялёным дахам, уся кампазіцыя завяршалася 5-купаллем. Абшытыя дошкамі сцены чляніліся 23 вялікімі і 4 малымі аконнымі праёмамі, 3 дзвярэй былі дэкарыраваны разьбой. Унутры сцены і купал пакрыты размалёўкай. Апсіду вылучаў 3-ярусны галоўны іканастас і 2 бакавыя. Званіца – мураванае вежападобнае збудаванне з брамай-праездам. Мураванымі былі і 2-павярховы дом настаяцеля і браціі, абшытыя цёсам гаспадарчыя пабудовы.

arrow Царква ў гонар Святой Троіцы (чорная)

Знаходзілася ў раёне паміж сучаснымі вуліцамі Стара-Уланаўскай і 1-й Прыазёрнай (былая Троіцкая). Пабудавана як могілкавая ў ХІХ ст. з цэглы, была прыпісана да Іаана-Багаслоўскай царквы. Не мела ярка вызначанай стылёвай характарыстыкі (без купалоў і званіцы).

arrow  Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага

Знаходзілася на Ратушнай плошчы (на перасячэнні сучасных вуліц Суворава і Талстога). Пабудавана ў XVI ст. з дрэва, адлюстравана на «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. Твор народнага дойлідства з рысамі стылю барока. 3-зрубны храм з самастойнымі шатровымі дахамі, завершанымі галоўкамі. 3 боку франтальнага фасада далучалася званіца-прытвор. У 1936 годзе царква ўзарвана.

Адноўлена на пачатку XXI ст.

arrow  Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Заручаўская)

Існавала ў раёне Заручаўя, ці Заручаўскай слабады (двор паміж вуглавымі дамамі па вуліцы Калініна і газеты «Праўда»). Пабудавана ў 1777 годзе з цэглы, верагодна, на месцы папярэдняга храма XV–XVI стст. Падчас вайны 1812 года прыстасавана пад млын. Знішчана ў 1950 гады. Галоўны фасад фланкіраваўся 2-яруснымі вежамі, над дахам узвышаўся купал на светлавым барабане.

arrow  Царква ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы

Існавала ў XVII ст. на тэрыторыі Узгорскага замка. Вядома па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. Была пабудавана з дрэва ў традыцыях віцебскай школы дойлідства, разабрана каля 1775 года ў сувязі з капітальнай перапланіроўкай Ратушнай плошчы. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя складалася з 3-х зрубаў.

arrow  Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга

Знаходзілася на Смаленскіх могілках у раёне сучаснага Маскоўскага праспекта на ўсход ад плошчы Перамогі. Мураваны храм пабудаваны паміж 1806–1816 гг. Атынкаваныя фасады чляніліся 14 вялікімі аконнымі праёмамі. Мела 1-ярусную званіцу. Над дахам меўся драўляны купал з галоўкай.

arrow  Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга

Знаходзілася на могілках, была прыпісана да Заручаўскай Васкрасенскай царквы. Пабудавана ў 1-й палавіне ХІХ ст. з цэглы. Купала і званіцы не мела. Пад храмам была крыпта.

arrow  Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы

Пабудавана ў ХІХ ст. з цэглы. Пры храме мелася царкоўнапрыходская школа, пабудаваная ў 1906 годзе з дрэва. Сілуэт храма фарміравалі дзве галоўкі і званіца, фасады чляніліся 6 вялікімі аконнымі праёмамі. Ацяплялася кафлянымі печамі. Адасоблена стаяла драўляная 1-ярусная званіца.

arrow  Царква ў імя прападобнага Сергія Раданежскага

Існавала пры мужчынскай гімназіі ў раёне сучаснай вуліцы Пушкіна.

arrow  Царква ў імя прападобнага Сімяона Стоўпніка

Знаходзілася на правым беразе р. Заходняя Дзвіна, у раёне вуліц Ільінскай, Энгельса (былой Богаяўленскай) і Савецкай Арміі (былая Мікольская). Адносіцца да XV–XVI стст. Вядома па «Чарцяжы» Віцебска 1664 года. Мураваная царква XVIII ст. вядома па малюнку Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст. У 1812 годзе французы прыстасавалі яе для вайсковых патрэб.

Царква XV–XVI стст. – 2-зрубны драўляны будынак, які складаўся з прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму і алтарнай часткі, завершаных 2-схільнымі дахамі. Цэнтр асноўнага аб'ёму быў увянчаны высокай вежачкай з дэкаратыўным крыжом. Царква XVIII ст. – твор архітэктуры барока. Галоўны 2-вежавы фасад завяршаўся магутным прамавугольным атыкам з трохвугольным франтонам. Галоўны ўваход быў аформлены прысценным 4-калонным порцікам з класічным парталам арачнага ўваходнага праёму: у бакавых інтэркалумніях месціліся экседры са скульптурай, над імі – прамавугольныя плакеткі з барэльефнымі пано. Фасад падзяляўся на 2 ярусы магутнымі антаблементамі. Над ім луналі чацверыковыя ярусы вежаў са сферычнымі купаламі, купал завяршаў і цэнтр даху.

arrow  Царква ў імя Прасвятой Багародзіцы

Знаходзілася на Ніжнім замку. Пабудавана ў XІV ст. па фундацыі Альгерда.

arrow  Царква ў імя святога апостала Іаана Багаслова

Знаходзілася ў раёне перасячэння сучасных вуліц Камуністычнай (былой Багаслоўскай) і Савецкай (былой Палацавай). Фундавана ў XІV ст. (пасля 1345) другой жонкай князя Альгерда цвярской княжной Ульянай Аляксандраўнай. Пра царкву Іаана Багаслова ў грамаце Жыгімонта II 1552 года адзначана, што «...яна ў полі стаіць за местам». На месцы знішчэння старажытнага храма каля 1714 года пабудавана новая царква (адлюстравана на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст.). Драўляны храм згарэў ад маланкі ў 1855 годзе. У 1867 годзе пабудавана новая драўляная царква. У 1911 годзе пры ёй пабудавана царкоўнапрыходская школа.

Твор народнага дойлідства. Кожная частка 5-купальнага крыжападобнага ў плане аб'ёму накрыта высокім шатром і ўвянчана выцягнутай цыбулепадобнай галоўкай на 8-граннай шыі. Агульную кампазіцыю завяршалі шацёр над цэнтральным зрубам і асобна пастаўленая 2-ярусная вежа-званіца. Царква была пастаўлена на цагельны падмурак, знадворку ашалявана, накрыта бляхай. Была завершана 2 галоўкамі – над купалам і 1-яруснай званіцай. У 1903 годзе пабудаваны мураваны храм, які быў завершаны 3 галоўкамі – над 1-яруснай званіцай, купалам і апсідай.

arrow  Царква ў імя святога архангела Міхаіла

Знаходзілася на тэрыторыі Верхняга замка. Заснавана князёўнай Вольгай. А. М. Семянтоўскі прыпісвае будаўніцтва храма жонцы вялікага князя літоўскага Гедзіміна, якую звалі таксама Вольга, і датуе 1320 годам. Зруйнавана падчас пажару 1335 года ці падчас аблогі Віцебска войскам Вітаўта ў 1396 годзе. У наступным быў пабудаваны драўляны храм, адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664 года ў выглядзе 2-часткавай падоўжана-восевай кампазіцыі з прамавугольных у плане аб'ёмаў апсіды і малітоўнай залы, 2-схільны дах над якім завяршаў гранёны шатровы барабан з макаўкай. Зруйнаваны ў XVIII ст. падчас пажару. Мураваны храм быў збудаваны ў тэхніцы мяшанай муроўкі (плінфа і часаныя даламітавыя пліты) з паглыбленымі радамі плінфы. Ва ўнутраным убранні выкарыстоўваліся паліхромная кераміка, залатая кантарэль, нямецкае шкло, смальта, алавяна-свінцовае пакрыццё.

arrow  Царква ў імя святога архангела Міхаіла

Знаходзілася на могілках, на сучасных вуліцах Гарбачэўскага і Будзёнага (былая Стараманастырская). Пабудавана ў 1796 годзе з цэглы. Пад царквой мелася крыпта.

arrow  Царква ў імя святога Васіля Вялікага

Знаходзілася ў доме архірэя на сучаснай плошчы Свабоды, асвячона ў імя святога Васіля Вялікага ў ХІХ ст.

arrow  Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца

Знаходзілася каля крыніцы каля Юр'еўскай Горкі. Пабудавана ў 1876 годзе, верагодна, на месцы храма XV–XVI стст. Твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. 5-купальны храм на каменным цокалі быў абшыты цёсам. Да галоўнага фасада далучалася званіца. Іканастас меў разныя царскія вароты 1690-х гадоў.

arrow  Царква ў імя святога Іаана Прадцечы

Знаходзілася ў раёне трамвайнага парка па вуліцы Фрунзэ ці на тэрыторыі камбіната шаўковых тканін па вуліцы Горкага, у раёне колішняга Маркава манастыра. Адносіцца да XV–XVI стст.

arrow  Царква ў імя святога Іаана Хрысціцеля

Знаходзілася ў раёне вуліцы Фрунзэ, пры ўпадзенні ручая Дунай у р. Віцьбу. Пабудавана на месцы храма XV–XVI стст. у 1903 годзе з цэглы на цокалі з абчасанага каменю. Мела 3 галоўкі – над 1-яруснай званіцай, купалам на бляшаным даху і апсідай. Фасады чляніліся 42 вялікімі аконнымі праёмамі. Ацяплялася 3 кафлянымі печамі. Існавала ў 1922 годзе.

arrow  Царква ў імя святога Лазара

Створана ў 1845 годзе на верхнім паверсе будынка гарадской бальніцы.

arrow  Царква ў імя святога праведнага Іаана Рускага

Знаходзілася ў пас. Віцьба. Пабудавана ў пачатку ХХ ст.

arrow  Царква ў імя святога прарока Іліі

Знаходзілася ў паўночнай частцы Задзвіння, у раёне сучаснай вуліцы Рэвалюцыйнай (былых Вялікай Ільінскай і Малай Ільінскай). Пабудавана ў 1447 годзе паводле загада караля Казіміра, у 1643 годзе пабудаваны новы храм, пасля пажару 1904 года адноўлены. Выгляд храма вядомы па малюнку Д. Струкава 2-й палавіны ХІХ ст. і паштоўцы пачатку ХХ ст. Твор народнага драўлянага дойлідства. Была вырашана ў 5 зрубаў, завершаных 5-купаллем.

arrow  Царква ў імя святой велікамучаніцы Анастасіі Аковавызваліцелькі

Знаходзілася на вуліцы Гагарына. Адчынена ў пачатку ХХ ст. як дамавая ў гонар Анастасіі Узорашыцельніцы.

arrow  Царква ў імя святой велікамучаніцы Кацярыны

Знаходзілася ў будынку палаца губернатара, асвячона ў ХІХ ст.

arrow  Царква ў імя святой мучаніцы Параскевы Пятніцы

Знаходзілася на тэрыторыі Ніжняга замка (плошча Свабоды). Узнікла ў X–XII стст.

arrow  Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла

Знаходзілася ў Зарэчнай частцы горада ці ў раёне сучаснай вуліцы Кастрычніцкай. Мураваны храм быў пабудаваны ў 1780 годзе. Сюды ў 1799 годзе былі пераведзены манахі-ўніяты з Успенскай царквы базыльянскага манастыра. На 1839 год з'яўлялася самым вялізным з прыходскіх храмаў горада. Пашкоджана ў 1944 годзе. Галоўны фасад фланкіраваўся дзвюма 3-яруснымі вежамі, бакавыя рытмічна чляніліся 16 вялікімі аконнымі праёмамі, інтэр'ер быў пакрыты размалёўкай XVIII ст. У 1945 годзе яшчэ захоўваліся 18 кампазіцый, размешчаных на бакавых сценах і на перакінутых цераз пілоны арках галоўнага нефа. Сярод іх евангельскія сцэны – «Хрыстос і блудніца», «Хрыстос у Гефсіманскім садзе», «Нясенне крыжа», «Укрыжаванне» і інш.

arrow  Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла

Знаходзілася на правым беразе Заходняй Дзвіны, каля моста імя Кірава, паміж вуліцамі Камуністычнай і Дзімітрава (былымі Верхнепятроўскай і Ніжнепятроўскай).

arrow  Царква ў імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба

Знаходзілася ў раёне водаканала (сучасная вуліца Куйбышава) ці ў раёне Мазурына, на левым беразе Заходняй Дзвіны. Адносіцца да XV–XVI стст. Перастала існаваць пасля 1812 года.

arrow  Царква ў імя свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага

Знаходзілася ў раёне сучасных вуліц Суворава і Чэхава, у будынку Духоўнага мужчынскага вучылішча.

arrow  Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

Існавала на могілках. Пабудавана ў 1791–1799 гг. з цэглы. На галоўным фасадзе мела 2 вежы, асвятлялася 4 вялікімі аконнымі праёмамі.

arrow  Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

Знаходзілася ў былой Кстоўскай слабадзе на левым беразе р. Віцьба (называлася таксама Завіцьбенскай). Адносілася да XV–XVI стст.

arrow  Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

Знаходзілася на правым беразе Заходняй Дзвіны, называлася Задзвінскай. Адносілася да XV– XVI стст.

arrow  Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца

Знаходзілася на тэрыторыі камбіната шаўковых тканін, былога Маркава манастыра. Адносілася да XVII–XVIII стст.

arrow Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца (батальённая)

Знаходзілася ў двары паміж вуліцамі Энгельса і Кастрычніцкай. Была пабудавана ў 1779 годзе віцебскім камендантам Мініхам і яго гарнізонам. Твор народнага драўлянага дойлідства.