Віцебскі тэатр рабочай моладзі (віцебскі ТРАМ). Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.07.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 08:59
Канец 20 – першая палова 30-х гадоў характэрны «трамаўскім рухам» па ўсёй краіне. Асаблівасць творчай дзейнасці такіх тэатраў рабочай моладзі была найперш у тым, што большасць з іх працавала на паўпрафесійнай аснове. Акцёрскія трупы складаліся з апантанных аматараў, якія днём працавалі на фабрыках і заводах, а вечарамі рыхтавалі спектаклі і паказвалі іх у клубах, на прадпрыемствах і іншых прыстасаваных для такіх мэтаў пляцоўках. Дзейнасць тэатраў рабочай моладзі падтрымлівалася ўладамі, таму што іх выступленні ўносілі пэўны ўклад у агульную справу эстэтычнага і патрыятычнага выхавання працоўных, адначасова яны прапагандавалі само сцэнічнае мастацтва сярод насельніцтва. Пастаноўкі ТРАМа расказвалі пра жыццё рабочай моладзі, працоўны энтузіязм і сацыялістычнае спаборніцтва, пра стварэнне камсамольскай сям'і і выхаванне грамадскай свядомасці, дакладна ўзнаўлялі быт, эпізоды з заводскага жыцця.
Віцебскі тэатр рабочай моладзі існаваў у горадзе з красавіка 1933 па 1934 гг. Быў створаны на базе шумавога аркестра, пераўтворанага спачатку ў Піянерскі, потым у Маладзёжны тэатр. Узначальваў яго рэжысёр Ланін.
У сваёй дзейнасці арыентаваўся на Беларускі тэатр рабочай моладзі, які працаваў у Мінску. Праводзіў агітацыйную работу на прадпрыемствах і ў клубах горада, яго агітацыйна-мастацкія брыгады наладжвалі агітканцэрты на заводах і фабрыках, дзе высмейваліся прагульшчыкі, гультаі, летуны, п'яніцы і іншыя адмоўныя персанажы. Напачатку рыхтавалі агітканцэрты (на мясцовым матэрыяле), асабістыя сцэнарыі на вытворчыя тэмы – «Сонечныя цэхі» (пра барацьбу камсамола за прамфінплан), ставілі мініяцюры «Выжал», «Сапраўдная справа» і іншыя. У 1934 годзе была пастаўлена першая прафесійная п'еса – «Дзяўчаты нашай краіны» І. Мікіценкі, у якой услаўлялася праца камсамольцаў на будаўніцтве Днепрагэса.
Сродкамі тэатра ажыццяўлялася агітацыйна-прапагандысцкая і выхаваўчая работа сярод моладзі. Актуальныя пастаноўкі захаплялі гледачоў сваімі надзеннымі праблемамі, жыццярадаснасцю, бадзёрасцю, энтузіязмам. Увогуле з трамаў выйшлі многія працаўнікі тэатраў Беларусі, якія папоўнілі прафесійныя і аматарскія калектывы.
ЛІТАРАТУРА
1. Віцебскі ТРАМ // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 356.
2. Віцебскі ТРАМ // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2002. – Т. 1. – С. 215.
3. Витебский ТРАМ // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 715.
4. Театр рабочей молодежи (ТРАМ) // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 349.
5. Тэатры рабочай моладзі // Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. / рэдкал.: У. І. Няфёд [і інш.]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1985. – Т. 2 : Тэатр савецкай эпохі 1917–1945 гг. – С. 237–240.