Віцебскі школьны тэатр. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.07.2021 08:40
- Адноўлена 04.04.2023 10:56
Школьны тэатр. Пад такой назвай у гісторыю беларускага сцэнічнага мастацтва XVI – пачатку XVIII стст. увайшла сукупнасць тэатральных паказаў, якія ставіліся паводле п'ес, напісаных пераважна выкладчыкамі тагачасных навучальных устаноў (калегій, семінарый, акадэмій) у адпаведнасці з канонамі школьных «піітык» для пазнавальна-дыдактычных і прапагандысцка-выхаваўчых мэтаў. Прадстаўленні школьных тэатраў былі арганічнай часткай тагачасных паратэатральных відовішчаў. Там, дзе ўзнікалі езуіцкія калегіі, адразу ж з ліку лепшых вучняў арганізоўваліся і тэатральныя калектывы.
Віцебскі школьны тэатр (тэатр езуітаў) – чацвёрты на тэрыторыі Беларусі – існаваў у 1671–1766 гг. у Віцебску пры езуіцкім калегіуме. Па значнасці ён саступаў толькі езуіцкім вучнёўскім тэатрам у Полацку, Гродне і Пінску. Тэатр разглядаўся езуітамі як школа манер, прызначаная «выпрацаваць у маладых людзей мілагучнае вымаўленне, свабоду жэста, высакароднасць хадзьбы, знешнюю элегантнасць і вытанчанасць». Таксама ўключаў у сябе «гульнявы трэнінг» прайгравання грамадскіх роляў і сітуацый.
Езуіцкія драмы пісаліся і ставіліся на лацінскай мове для ўдасканалення навучэнцаў у веданні мовы, а таксама канонаў і догмаў каталіцкай царквы. Акрамя таго, ставіліся спектаклі на польскай мове. І толькі ў другой палове XVIII ст. у асобных інтэрмедыйных (народных) сцэнах можна было пачуць беларускую гаворку. Спектаклі ставіліся ў дні святаў, сцэна будавалася на рынкавай плошчы, каля ратушы, перад касцёламі і ў рэкрэацыйных залах калегіума. У прадстаўленнях прымала ўдзел не менш за 50–60 чалавек. Вядома пра выкананне ў канцы XVII ст. пасійнай лацінскай драмы «Два браты, святыя Канцый і Канцыян» (1693 г., з алегарычна-міфалагічным балетам, хорам і інтэрлюдыямі) і польскай драмы «Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда» (з польска-беларускімі інтэрмедыямі, змешчаны ў т. зв. «Аршанскім кодэксе»).
У XVIII ст. ставіліся: панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737), прысвечаная гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума, польскія трагедыі «Ар-таксар» Я. Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Выкладчыкамі рыторыкі і паэтыкі калегіума працавалі Д. Крачатоўскі, С. Макоўскі, Ян Заранак і інш. (яны звычайна і пісалі школьныя драмы).
ЛІТАРАТУРА
1. Витебский школьный театр // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 717.
2. Віцебскі школьны тэатр // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 233.
3. Ярмалінская, В. М. Віцебскі школьны тэатр / В. М. Ярмалінская // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2002. – Т. 1. – С. 216–217.