Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.07.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:00
Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры – унікальны калектыў, які быў заснаваны ў Віцебску ў 1919 годзе і вызначыў сваёй дзейнасцю шлях развіцця агітацыйнага тэатра СССР, яго драматургічную традыцыю, стаў падмуркам для з'яўлення такіх яго праяў, як жывыя газеты, калектыў «Сіняя блуза» ды рух «сіняблузнікаў». Гэта агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр, які створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М. Пустыніна, узначальваў М. Разумны. Спектаклі ставіў рэжысёр А. Сумарокаў, афармляў мастак М. Шагал.
Першае выступленне тэатра адбылося 7 лютага 1919 года для чырвонаармейцаў Заходняга фронту на Прывакзальнай плошчы. Прэм'ера, як і ўсе далейшыя спектаклі, прайшла з вялікім поспехам. Кожная праграма складалася з некалькіх невялікіх нумароў і працягвалася ад 30 хвілін да паўтары гадзіны. Спектаклі былі бясплатнымі. Заўсёды праходзілі ў выглядзе мітынгаў-канцэртаў для рабочых і чырвонаармейцаў, звычайна пасля даклада пра міжнароднае ці ўнутранае становішча краіны. Нярэдка ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Н. Малько. Звычайна паказы праходзілі без сцэны, сярод гледачоў, якія актыўна прымалі ўдзел у прадстаўленні.
Вострая палітычная накіраванасць прадстаўленняў, бязлітасная крытыка ворагаў рэвалюцыі і заклік да барацьбы з імі вызначылі нязменны поспех тэатра. За год калектыў даў больш за 300 паказаў, якія ўбачылі да 200 тыс. гледачоў. Рэпертуар не ўключаў класічных твораў. Вельмі часта спектакль ствараўся на падставе папулярнай аперэты. У аснову спектакля бралася музыка, а тэкст прыдумвалі новы. У праграме – аднаактовыя агітп'есы, сатырычныя сцэнкі на міжнародныя тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» – так званыя тантамарэскі, ці жывыя плакаты (у шырме ці шчыце з намаляванымі фігурамі праразаліся дзіркі для галавы і рук акцёраў, якія знаходзіліся за шчытом), частушкі, дэкламацыі, танцы і харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі (выступалі за заслонай, якая была акцёрам па пояс, размаляваныя пад лялек акцёры капіравалі іх рухі). Галоўная ўвага звярталася на агітацыйны змест праграм. Паказы вызначаліся вострай палітычнай накіраванасцю, надзённасцю, канкрэтнасцю. Сярод адмоўных персанажаў – дэзерцір, мяшэчнік, гультай, варожа настроеныя «спецы», былі і рэальныя асобы: Керанскі, Красноў, Пілсудскі, Калчак, а ў якасці станоўчых герояў – ліхі чырвонаармеец, перадавы рабочы, хітраваты рускі мужычок, які дубінкай распраўляўся з пузатым вясковым кулаком ці сквапным папом. Аўтары М. Пустынін, а таксама А. Ісбах і Арго аператыўна адгукаліся на патрэбу дня. Сярод першых акцёраў: А. Ангроская, Л. Ахматава, П. Браўн, В. Васілеўская, В. Васількоўскі, А. Воўсі, Р. Дзмітрыева, В. Драга, А. Ісбах, М. Латарскі, П. Лызлоў, М. Разумны, К. Сукоўская, А. Сумарокаў, Б. Урсыновіч, А. Чаадаева, Н. Шатры, В. Яраслаўцаў.
Тэатр рэвалюцыйнай сатыры даў пачатак цэламу накірунку. У 1920 годзе таксама арганізаваны тэатры рэвалюцыйнай сатыры ў гарадах РСФСР, Баку, многія калектывы карысталіся яго агітацыйным рэпертуарам.
У 1920 годзе, у час выступлення калектыву, у зале знаходзілася агітатар ЦК РКП(б) Е. П. Херсонская, якая высока ацаніла работу тэатра як у мастацкіх, так і прапагандысцка-агітатарскіх адносінах. Гэта адыграла вялікую ролю ў лёсе віцебскіх артыстаў – тэатр рэвалюцыйнай сатыры запрасілі на гастролі ў Маскву. Летам 1920 года, адразу пасля заканчэння гастроляў віцебскага тэатра, было прынята рашэнне аб стварэнні Маскоўскага тэатра рэвалюцыйнай сатыры. Частка трупы была пераведзена ў Маскву. У трупе знаходзілася 350 акцёраў розных жанраў. Мастацкі кіраўнік тэатра М. Разумны. Была падрыхтавана праграма з адноўленым складам трупы (папоўнілася акцёрамі маскоўскіх тэатраў) з лепшых нумароў віцебскага тэатра: «Марш тэрэўсата», «Памяці парыжскіх камунараў», «Тры асілкі», «Палітмазурка», «Полька», «Сонны салдат». У грамадскім праглядзе (14 і 22 мая) удзельнічалі акцёры маскоўскіх тэатраў В. Тапаркоў, Л. Уцёсаў, І. Гораў, Р. Ярон і інш. Музыку да спектакляў пісаў І. О. Дунаеўскі. З ліпеня 1922 года калектыў узначаліў В. Э .Мейерхольд. Першая праграма – лістапад 1920 года, другая – студзень 1921-га. «Мужычок» В. Шышкова, балет «Чырвоная зорачка», «Новы фронт» М. Крыніцкага і інш. Маскоўскі тэатр стаў адным з першым тэатраў, які фарміраваў свой рэпертуар на творах маладой савецкай драматургіі. Вясной 1921 года, з паваротам да НЭПу, тэатр страціў сваю папулярнасць. Апошні сезон Маскоўскага тэатра рэвалюцыйнай сатыры (1921–1922) вызначаўся адыходам ад малых формаў, пачалі ставіцца многаактовыя пастаноўкі. У сакавіку 1922 года была зроблена спроба вярнуцца да формаў агіттэатра: праграма «Перамога над смерцю» М. Дзямідава, «Голад» Т. Масленнікава, сцэнка «У ГубРОСТА», «Тры волаты» М. Пустыніна і частушкі. Але праграма аказалася старамоднай і не мела поспеху.
У чэрвені 1922 года тэатр рэвалюцыйнай сатыры быў пераўтвораны ў Тэатр Рэвалюцыі (пад кіраўніцтвам В. Э. Мейерхольда). Частка артыстаў вярнулася ў Віцебск, было прынята рашэнне стварыць новую трупу, якая выступала пад назвай Агіттрупа (па іншых звестках Агіттэатр). Агіттэатр працягваў работу тэатра рэвалюцыйнай сатыры, калектыў карыстаўся тымі ж мастацкімі метадамі і ставіў перад сабой тыя ж агітацыйна-прапагандысцкія задачы. У кастрычніку 1921 года Агіттрупа займала памяшканне былога кінатэатра «Рэкорд». Але яна праіснавала нядоўга. 30 лістапада яна была знята з дзяржаўнага забеспячэння і хутка распушчана.
ЛІТАРАТУРА
1. Акуневич, О. И. Витебский театр революционной сатиры / О. И. Акуневич // Зборнік выступленняў на навуковай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю Віцебскай мастацкай школы / рэдкал.: В. А. Сяргеева [і інш.]. – Віцебск, 1994. – С. 126–129.
2. Витебский театр революционной сатиры // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 240.
3. Витебский театр революционной сатиры // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 715.
4. Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 232.
5. Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 356–357.
6. Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1. – С. 215–216.
7. Голесник, С. О, запах кулис! / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2016. – 19 нояб. – С. 1, 4.
8. Дружкова, Э. «Залаты век» правінцыі / Э. Дружкова // Культура. – 1997. – 12–25 ліп. – С. 6.
9. Котович, Т. В. Деятельность Театра революционной сатиры [в Витебске] // Театральная культура Витебщины XX века : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2009. – С. 26–30.
10. Мальчэўская, А. Беларускі дакументальны тэатр XX стагоддзя: эпізоды / А. Мальчэўская // Роднае слова. – 2020. – № 4. – С. 80–83.
11. Падліпскі А. Першы ў краіне / А. Падліпскі // Віцебскі рабочы. – 1971. – 22 кастр. – С. 3.
12. Театр революционной сатиры в Витебске / сост. А. В. Волкова [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2018. – 300 с.
13. Театр революционной сатиры // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 349.
14. Теревсат // Энциклопедия русского авангарда / Т. В. Котович. – Минск : Экономпресс, 2003. – С. 343–344.
14. Теревсат в документах / подгот. Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 5 янв. – С. 12.
15. Хмельницкая, Л. Америка России подарила пароход, а Витебск Москве – театр / Л. Хмельницкая // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 27 мая. – С. VI.
СПАСЫЛКІ