Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Гарадоцкі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

22 чэрвеня 1941 г. у мірнае жыццё нашай краіны ўварвалася вайна, перакрэсліўшы мары і надзеі мільёнаў людзей. У Гарадоцкім і Мехаўскім раёнах, як і ва ўсіх іншых, адразу ж пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію. На патрэбы войска накіроўвалі аўтатранспарт, коней. Спраўныя трактары, абсталяванне МТС, калгасную жывёлу адпраўлялі ў тыл. Частка насельніцтва раёна таксама пакінула родныя мясціны і накіравалася на ўсход.

Адпаведна пастанове СНК СССР ад 24 чэрвеня 1941 г. пачалі стварацца знішчальныя батальёны для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Узніклі такія фарміраванні ў Гарадоцкім і Мехаўскім раёнах.

Пад Гарадком дзейнічала 214-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра А. Н. Разанава. Яна ўваходзіла ў склад 22-ой арміі (генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў). Перад дывізіяй стаяла задача вызваліць горад ад гітлераўцаў. Яе падраздзяленні, сфарміраваныя вясной 1941 г. у Варашылаўградзе, перамяшчаліся пад Гарадок з г. Невеля і бліжэйшых да яго станцый. Палкі дывізіі не паспелі поўнасцю сканцэнтравацца і вымушаны былі прама з маршу ўступіць у бой 10 ліпеня. Раніцай 11 ліпеня нашы войскі пачалі наступленне непасрэдна на Гарадок. Упартыя баі працягваліся 12 ліпеня. На наступны дзень з ранку да позняга вечара не сціхаў бой на заходнім і паўночным берагах возера Кашо. Пад моцным уздзеяннем авіяцыі, артылерыйскага і кулямётнага агню войскі дывізіі вымушаны былі адысці.

У паветраных баях над Гарадком удзельнічалі лётчыкі 49-га знішчальнага авіяпалка, які меў загад прыкрываць свае войскі ў раёне Невеля, Вялікіх Лук, Гарадка.

На працягу 6 дзён ішлі баі на подступах да Гарадка. Арэнай баявых дзеянняў з'яўляліся вёскі Верцяя, Вялікае і Малое Кашо, Памёт, Лапезы, Лагушанкі, Заазер'е. Перавага праціўніка ў людзях, агнявых сродках і паветраных сілах, адсутнасць у нашых байцоў аўтаматычнай зброі, недахоп мінамётаў і асабліва артылерыі не далі магчымасці выканаць пастаўленую перад дывізіяй задачу. Пасля захопу нямецкімі войскамі Невеля баявыя падраздзяленні яе адыходзілі на ўсход. Для жыхароў раёна наступіў змрочны час акупацыі.

Два з паловай гады гаспадарылі нямецка-фашысцкія захопнікі на гарадоцкай зямлі. Тэрыторыя раёна, як і Віцебскай вобласці ў цэлым, адносілася да тылавога раёна групы нямецкіх армій «Цэнтр», дзе ўся паўната ўлады была сканцэнтравана ў руках ваенных. Тут размяшчаліся нямецкія вайсковыя фарміраванні, камандаванне і ваеннаслужачыя якіх з'яўляліся поўнымі гаспадарамі ў зоне сваёй дзейнасці.

Распрацаваны кіраўнікамі фашысцкай Германіі план «Ост» прадугледжваў цэлую сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мерапрыемстваў, накіраваных на рабаванне нашых багаццяў, знішчэнне людзей. Усе перашкоды ў дасягненні захопніцкіх мэт рашуча ліквідаваліся, жорстка караліся праціўнікі «новага парадку». У першую чаргу акупанты ліквідавалі органы Савецкай улады. Пад іх кіраўніцтвам з ліку мясцовых жыхароў былі ўтвораны гарадская, раённая і валасныя ўправы, якія ўзначальвалі бургамістры, у вёсках прызначаны старасты.

Узнікла раённае паліцэйскае ўпраўленне, якое з пачатку 1942 г. узначальваў А. Р. Мордзік. Яно складалася з палітычнага і крымінальнага аддзелаў, спецкамендатуры. 61 чалавек быў заняты ў гэтых падраздзяленнях. Па раёне, без уліку Мехаўскага, было ўтворана 12 паліцэйскіх атрадаў па 30–40 чалавек у кожным. Памагатымі акупантаў сталі прыкладна 400 паліцэйскіх з ліку мясцовага насельніцтва.

Пры «новым парадку» ў Гарадку былі закрыты тры сярэднія школы, сельскагаспадарчы тэхнікум. Кнігі фашысты спалілі. Рабочы клуб, кінатэатр былі ператвораны ў казармы, не працаваў дзіцячы сад. Для насельніцтва акупанты ўстанавілі працоўную павіннасць. Усе жыхары ад 14 да 55 год абавязаны былі рамантаваць дарогі, масты, капаць траншэі, выконваць іншыя работы. За адказ ад гэтых заняткаў пагражала пакаранне бізунамі або турма.

У час акупацыі ў горадзе дзейнічалі ганчарны, цагельны, смалакурны, гарбарны заводы, бондарская і кавальска-слясарная вытворчасць, торфараспрацоўкі, працавала швейная майстэрня. На гэтых прадпрыемствах было занята 255 чалавек. Існаваў рэжым паднявольнай працы.

Палітыка акупантаў у сельскай гаспадарцы была накіравана на задавальненне патрэб арміі і насельніцтва Германіі. Сельскія жыхары абкладаліся ваенным падаткам на прадукты харчавання.

Ваеннае ліхалецце, жорсткія акупацыйныя парадкі адмоўна ўплывалі на дэмаграфічную сітуацыю таго часу ў раёне. Аб гэтым сведчаць дакументы раённай управы. За перыяд з 22 чэрвеня 1941 па 30 верасня 1943 г. нарадзілася 515 чалавек, памерла 815. Смяротнасць перавысіла нараджальнасць у 1,5 раза.

Гітлераўскі акупацыйны рэжым прадугледжваў планамернае знішчэнне людзей. У лагеры на тэрыторыі сельскагаспадарчага тэхнікума налічвалася да 500 ваеннапалонных. Немцы не кармілі іх; людзі харчаваліся тым, што перадавалі жыхары горада. Памерлых закопвалі ў двары тэхнікума.

Месцам чалавечага болю і цяжкіх пакут сталі Вараб'ёвы горы, прыгожыя мясціны ў ваколіцах Гарадка, дзе ў мірны час любілі адпачываць гараджане. У 1941 г. фашысты расправіліся тут з яўрэйскім насельніцтвам раённага цэнтра, а потым на працягу свайго гаспадарання ўчынялі расстрэлы тых, хто праяўляў незадаволенасць новымі парадкамі.

Гаспадаранне фашыстаў прынесла Гарадоцкаму краю вялікія матэрыяльныя страты. Акупанты разрабавалі маёмасць 206 калгасаў, 6 МТС, 1 машынна-трактарнай майстэрні, разбурылі памяшканні і знішчылі абсталяванне 20 прамысловых прадпрыемстваў раёна. Самая ж страшная страта – людзі, якія загінулі ў ваенныя гады.

План «Ост» прадугледжваў поўнае знішчэнне асобных народаў. Такі лёс чакаў яўрэяў, якія здаўна жылі ў Гарадку і ў перадваенныя гады складалі значную частку яго жыхароў. У першыя дні вайны некаторыя з іх рушылі ў эвакуацыю і змаглі выбрацца ў наш тыл, большасць жа засталася ў акупіраваным фашыстамі горадзе. Захопнікі адразу абавязалі яўрэйскае насельніцтва насіць на спіне жоўты лапік у выглядзе круга, які прышываўся да верхняга адзення. Працаздольных яўрэяў прымушалі прыбіраць вуліцы, выконваць іншыя работы.

За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі многія вёскі, дзе жылі партызанскія сем'і або насельніцтва аказвала падтрымку народным мсціўцам. У людзей адбіралі маёмасць, прадукты харчавання, хатнюю жывёлу, забівалі старых, жанчын, дзяцей. Моладзь гналі на чужбіну ў якасці рабочай сілы. 13 гарадоцкіх вёсак – Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Задобрыя, Кавалі, Казлы, Лапакова, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Чытавуха, Янава – былі спалены разам з людзьмі і ўвекавечаны ў хатынскім мемарыяле.

Усяго гітлераўцы зруйнавалі 183 вёскі. У пасляваенны час не адрадзіліся 35 з іх.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады: 1-я Беларуская, 1-я Віцебская, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 4-я Беларуская, Багушэўская, «За Савецкую Беларусь», імя Кутузава, імя Леніна, імя Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола, асобныя атрады. Толькі ў 1942 г. партызаны 2-й Беларускай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі разграмілі намецка-фашысцкія гарнізоны ў вёсцы Смолаўка і чыгуначнай станцыі Бычыха. Актыўная дзейнасць партызан на тэрыторыі раёна выклікала шматлікія карныя аперацыі гітлераўцаў, буйнейшыя з іх – «Зімовы лес», «Шаравая молнія», «Майская навальніца».

Актыўныя дзеянні партызан Гарадоцкага, Мехаўскага, Суражскага, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў прывялі да ўтварэння ў лютым 1942 г. Суражскай партызанскай зоны. У склад яе ўваходзіла тэрыторыя Паташанскага, Межанскага, Зайкаўскага, Вышадскага, часткова Руднянскага і Газьбінскага сельсаветаў. Тут была адноўлена дзейнасць органаў Савецкай улады.

Вызваленне Гарадоцкага раёна пачалося ў кастрычніку 1943 г., калі завяршылася Невельская аперацыя. 3 узяццем Невеля на стыку германскіх армій «Поўнач» і «Цэнтр» перастала дзейнічаць ракадная чыгуначная дарога Дно–Навасакольнікі–Невель. Германскае камандаванне пазбавілася магчымасці манеўраваць сваімі сіламі. Калінінскаму (з 20 кастрычніка 1-му Прыбалтыйскаму) фронту адкрываўся шлях для далейшага наступлення на Віцебск і Полацк.

Праціўнік імкнуўся стрымаць наступальны парыў нашых армій, перакінуўшы пад Гарадок, які знаходзіўся паміж Невелем і Віцебскам, дадатковыя сілы: дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, пяць пяхотных і адну танкавую дывізіі з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр». Авіяцыйная групоўка ворага таксама ўзмацнілася. У выніку ўпартых баёў у канцы кастрычніка Чырвоная Армія вызваліла першыя населеныя пункты Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў.

13 снежня 1943 года пачалась «Гарадоцкая аперацыя» – наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (генерал арміі І. Х. Баграмян). У аперацыі ўдзельнічалі: 11-я гвардзейская (генерал-лейтэнант К. М. Галіцкі), часці 4-й ударнай (генерал-лейтэнант В. І. Швяцоў), 43-й (генерал-лейтэнант К. Дз. Голубеў) і 3-й паветраных армій (генерал-лейтэнант М. П. Папівін), 1-ы, 5-ы танкавыя і 3-і гвардзейскі кавалерыйскі карпусы.

Планавалася сустрэчнае наступленне гэтых армій на станцыю Бычыха з мэтай акружэння і разгрому сіл праціўніка ў раёне азёр Ардова, Езярышча і ліквідацыі гарадоцкага выступу.

Гітлераўцы добра ўмацавалі свае пазіцыі. Іх абарончы рубеж узводзіўся тут летам і восенню 1943 г. і атрымаў назву «Пазіцыя пантэры».

Наступальным дзеянням не спрыяла надвор'е. Наступленне было перанесена на больш позні тэрмін да ўсталявання добрага зімовага надвор'я, калі можна было б выкарыстоўваць і авіяцыю, і танкі. Аперацыя развівалася не так, як планавалася. Большасць наступаючых часцей 11-ай гвардзейскай арміі да канца дня пераадолелі нязначную адлегласць. Найбольшага поспеху дабілася 84-ая гвардзейская стралковая дывізія, якой камандаваў генерал-маёр Г. Б. Петэрс. Яе байцы прайшлі наперад на 2 км у паласе шырынёй 1,5 км.

Наступленне 4-ай ударнай арміі ў першы дзень было больш паспяховым. На ўчастку прарыву пасля артпадрыхтоўкі была пастаўлена дымавая завеса, пад покрывам якой пачалі атаку танкі і пяхота 2-га гвардзейскага стралковага корпуса пад камандаваннем генерал-маёра А. П. Белабародава. Поспеху 4-ай ударнай арміі садзейнічала раптоўнасць наступлення, прымяненне дымоў, што з'явілася нечаканым для ворага.

На наступны дзень у баявыя дзеянні 11-ай гвардзейскай арміі былі ўнесены карэктывы. 84-ая гвардзейская стралковая дывізія пры ўзаемадзеянні з 159-ай танкавай брыгадай, якой камандаваў палкоўнік С. П. Хайдукоў, перайшла ў наступленне. Цеснае ўзаемадзеянне танкаў з пяхотай і артылерыяй забяспечыла поспех: у першай палове дня гэтыя вайсковыя фарміраванні дасягнулі шашы Невель–Гарадок. Прарвала абарону ворага таксама 16-ая гвардзейская стралковая дывізія. У другой палове дня па загадзе генерала К. М. Галіцкага ўступіла ў бой 83-яя гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр Вараб'ёў). Яна разгарнула наступленне ў накірунку вёсак Лапцёўка і Сурміно.

Камандуючы 4-ай ударнай арміяй генерал В. І. Швяцоў 14 снежня таксама ўвёў у бой дадатковыя сілы: 41-ую танкавую брыгаду і дзве кавалерыйскія дывізіі. Адна з іх, 5-ая гвардзейская кавалерыйская дывізія, перарэзала чыгунку Невель–Гарадок у раёне раз'езда Раслякі. Лявей вяла баі за чыгунку і 47-ая стралковая дывізія. Пяхотны полк праціўніка быў акружаны ў вёсцы Віраўля часткай сіл 90-ай гвардзейскай стралковай дывізіі і 70-ай танкавай брыгады, якія дзейнічалі разам з часцямі 381-ай стралковай дывізіі.

Паляпшэнне надвор'я ў гэты дзень дало магчымасць дзейнічаць нашай авіяцыі. Штурмавыя дывізіі 3-яй паветранай арміі наносілі ўдары па рэзервах праціўніка, яго агнявых пазіцыях. Актывізавалася і варожая авіяцыя. Успыхвалі паветраныя баі.

На трэці дзень наступлення, 15 снежня, на напрамку дзеяння 4-ай ударнай арміі ўступіла ў бой 166-ая стралковая дывізія. Яе байцы разам з танкістамі 41-ай танкавай брыгады выйшлі да чыгункі ўсходней в. Малашанкі.

Працягвалі наступальныя дзеянні войскі 11-ай гвардзейскай арміі. Паспяхова дзейнічала 83-яя гвардзейская стралковая дывізія, байцы якой авалодалі в. Раіны і вялі бой за Сурміно. Адзін з батальёнаў 248-га гвардзейскага стралковага палка гэтай дывізіі вызваліў вёску Кайкі, у якой размяшчаўся артылерыйскі полк праціўніка, і захапіў спраўныя пушкі. 250-ы гвардзейскі стралковы полк заняў вёску Лапцёўка, дзе знаходзілася пераправа праз раку Обаль і праходзіла адзіная дарога на поўдзень. Узнікла пагроза акружэння нямецкай 211-ай пяхотнай дывізіі. Гітлераўцы распачалі моцныя контратакі, імкнучыся адбіць у нашага палка гэту вёску.

Тры стралковыя дывізіі, 83-яя гвардзейская, 156-ая і 29-ая, завяршылі акружэнне часцей 211-ай пяхотнай дывізіі ворага. У гэты ж дзень, 15 снежня, дабілася поспеху 360-ая стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка І. І. Чынава, байцы якой вызвалілі ад немцаў раённы цэнтр і чыгуначную станцыю Езярышча.

Раніцай 16 снежня працягвалася наступленне 11-ай гвардзейскай і 4-ай ударнай армій. У хуткім часе танкісты 1-га і 5-га танкавых карпусоў сумесна з перадавымі падраздзяленнямі 1-ай і 90-ай гвардзейскіх стралковых дывізій злучыліся ў раёне ст. Бычыха. У акружэнні аказаліся часці адной авіяпалявой, 4 пяхотных дывізій і 6 асобных спецыяльных і ахоўных батальёнаў праціўніка. Нашы войскі пачалі разгром акружанай групоўкі ворага.

Адначасова з розных накірункаў удар па ёй наносілі 1-ая, 31-ая, 5-ая, 83-яя, 90-ая, 26-ая гвардзейскія і 381-ая стралковая дывізіі. На працягу двух дзён задача ліквідацыі трапіўшых у акружэнне варожых часцей была выканана.

За пяць дзён баявых дзеянняў войскі 11-ай гвардзейскай і 4-ай ударнай армій акружылі і знішчылі варожую групоўку ў паўночна-заходняй частцы гарадоцкага выступу.

Адначасова з ліквідацыяй акружаных часцей праціўніка нашы войскі вялі наступленне на Гарадок, вызваленне якога 24 снежня сіламі 11-ай гвардзейскай арміі стала другім этапам наступальнай аперацыі. У наступныя дні злучэнні гэтай арміі з баямі прасоўваліся ў напрамку Віцебска. Лінія фронту адступіла на поўдзень на 18–20 км ад Гарадка. Войскі 4-ай ударнай арміі наступалі ў накірунку Шуміліна. Яны перарэзалі шашэйную і чыгуначную дарогі Віцебск–Полацк. Праціўнік аказваў моцнае супраціўленне на ўсіх участках наступлення нашых армій.

Такім чынам, у апошнія дні снежня 1943 г. Гарадоцкая аперацыя закончылася, былі ліквідаваны выступ у лініі фронту і вызвалена тэрыторыя раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Гарадоцкая наступальная аперацыя

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бакевич, Э. Освобожденный одним из первых / Э. Бакевич // Витебские вести. – 2013. – 27 дек. – С. 9.

2. Боевые действия советских войск на территории Беларуси осенью 1943 г. – весной 1944 г. // Освобождение Беларуси 1943–1944 / В. В. Абатуров [и др.] ; редкол.: И. И. Басик и [др.]. – Минск : Беларуская навука, 2014. – С. 37–90.

3. Галіцкі, К. М. Гарадоцкая аперацыя 1943 / К. М. Галіцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 479.

4. Гарадоцкая аперацыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 44.

5. Гарадоцкі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 172–175.

6. Ішла вайна народная // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 291–450.

7. Киселёва, А. На земле, политой кровью / А. Киселёва // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 24 чэрв. – С. 1.

8. Направление: Невель – Городок // Віцебскі рабочы. – 2008. – 23 дек. – С. 4.

9. Наумов, П. В боях за Городок / П. Наумов // Гарадоцкi веснік. – 2003. – 23 снеж. – С. 1–2.

10. Освободителям Городка салютовала Москва / подгот. С. Яковлева // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 20 жн. – С. 2, 4.

11. Партизанские формирования Витебской области // Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / А. Л. Манаенков [и др.]. – Минск : Беларусь, 1983. – С. 220–368.

12. Хроника Городокской операции // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 24 снеж. – С. 4–5.

13. Юшковская, Ж. История в документах / Ж. Юшковская // Гарадоцкі веснік. – 2000. – 18 лiп. – С. 4.

14. Як гэта пачыналася // Гарадоцкі веснік. – 2001. – 12 мая. – С. 2, 4.

15. Яковлева, С. Жертвам фашизма нет забвения / С. Яковлева // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 12 крас. – С. 2.