Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рамёствы. Гарадоцкі раён

У Гарадоцкім раёне даўняя багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і цяпер. Сёння традыцыі майстроў захоўваюцца і адраджаюцца ў гуртках Гарадоцкага раённага Дома рамёстваў і фальклору. Кожны год на тэрыторыі Гарадоцкага раёна адраджаюцца традыцыйныя тэхналогіі кавальства, ганчарства, ткацтва і іншых рамёстваў.

Кавальства вядома ў Гарадоцкім краі з часоў жалезнага веку. 3 жалеза выкоўвалі рэчы гаспадарчага і бытавога прызначэння. У кузнях выконвалі такія віды работ, як коўка дэталяў транспартных сродкаў (калёсы, санкі, вазкі, брычкі), выраб сельскагаспадарчага інвентару (сярпы, сашнікі, матыкі), слясарнага і сталярнага інструменту (сякеры), прылад хатняга ўжытку (секачы, крукі, вілы), прыстасаванняў для пабудовы і аснашчэння жылля (завесы, клямкі, замкі) і інш.

Сукнаробства – адзін з відаў заняткаў і хатняга рамяства па вырабу сукна, з якога шылі верхняе мужчынскае і жаночае адзенне, шапкі. Сыравінай служыла воўна.

На Гарадоччыне пачалі ўзнікаць рамесныя майстэрні, якія займаліся апрацоўкай воўны (часаннем, мыццём) і валюшнай вытворчасцю. Зараз у многіх вёсках захаваўся гэты род заняткаў. Лёгкія і прыгожыя валёнкі ў пачатку XX ст. рабілі ў Гарадку, вёсках Обаль, Тросніца, Антоненкі, Седуны. Зараз гэты промысел адраджаецца, працуюць майстры па вырабу валёнак у Гарадку, Вархах.

3 саломы рабілі кошыкі, сявалкі, скрыні, кублы, павукоў. Саламяныя павукі рабіліся, па ўспамінах Я. Ф. Дзям'яненкі, «у полі, калі жывёла адпачывала». Яны былі і абярэгамі, і сімваламі дабрабыту. Найбольш распаўсюджаная ў Гарадоцкім раёне форма павукоў – аб'ёмна-рамбічная. 3 кірмашу прывозілі прыгожыя саламяныя скрыначкі. Сявалкі рабіліся з саломы, як і вялікія кублы. Салома перапляталася пры іх вырабе лазой, пянькою, ільном.

Сучасныя майстры саломапляцення засвоілі традыцыйную тэхніку вырабаў гэтых рэчаў і пашырылі іх віды. Папулярнымі з'яўляюцца саламяныя пано, кветкі, упрыгажэнні, падобныя на вяночак, абручы. Сучасныя майстры Гарадоччыны карыстаюцца прыёмамі спіральнага і прамога пляцення, выкарыстоўваюць розныя віды саломы (жытняй, пшанічнай, аўсянай). 3 бяросты плялі звычайна кашалі для пераносу дарожных прыпасаў, рабілі аплётку для посуду. Так з'явіўся берасцень – пасудзіна, абвітая бяростаю.

Лён у XIX–XX стст. адыгрываў важную ролю ў жыцці насельніцтва Гарадоцкага раёна.

Прадзеннем ільну займаліся жанчыны з лістапада па сакавік. У 7–8 гадоў дзяўчынкі ўжо атрымлівалі няякаснае валакно для навучання гэтай справе. Праз год–два ім давяралі кужаль, з якога рабіліся тонкія тканіны. Кудзеля прывязвалася да прасніцы, якая ставілася на лаву, а папрадуха садзілася на донца. Нітку скручвалі амаль да канца XIX ст. на верацяне.

У XX ст. у сялянскім побыце распаўсюджана была самапрадка. На тэрыторыі раёна сабраны і ўвайшлі ў калекцыю раённага музея самапрадкі, стаякі і лежакі. Прасніца для калаўрота выглядала, як невялікая лапатачка, яна ўстаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складалася з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям'ю выткаць да 150 м тканіны. Спрадзеныя ніткі праходзілі складаны шлях. 3 верацён ці прасніц іх з дапамогай матавіла перамотвалі ў маткі. Цікава, што ў в. Обаль у 1991 годзе на гарышчы старога дома было знойдзена амаль па дзясятку матавілаў, нітоў, бёрдаў. Відаць, там ставіліся не адны кросны.

Ніткі мылі і фарбавалі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалі часцей за ўсё фарбы расліннага паходжання. Рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.

Дзякуючы доктару мастацтвазнаўства М. С. Кацару, нам вядомы імёны мясцовых ткачых і вышывальшчыц старэйшага пакалення. Гэта – Паўхлебава (в. Забумер'е), А. Савянок (в. Козіна), В. Таляронак (в. Малажоны), Д. Балабошка (в. Бесава), Дзімітрава (в. Азёркі). Шмат цудоўных тканін зрабіла М. Ф. Шпакава (в. Вархі). Гарадоцкія ткачыхі на кроснах выраблялі ажурныя тканіны. Такое ткацтва шырока бытавала ў канцы XIX – пачатку XX стст.

Ажурныя тканіны выконваліся з лепшых гатункаў ільну і выкарыстоўваліся для вырабу фіранак і полагаў для ложкаў. У 40-я гг. XX ст. гэтыя тканіны страцілі сваё ўтылітарнае прызначэнне, але нейкі час яшчэ ўжываліся ў сялянскім быце ў якасці дэкаратыўных ручнікоў, абрусаў, полагаў, посцілак, фіранак. У Беларусі ажурнае ткацтва атрымала распаўсюджанне ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах Віцебскай вобласці: Аршанскім, Сенненскім, Бешанковіцкім, Лёзненскім, Гарадоцкім.

Асноўнымі прадметамі дамашняга вырабу заставаліся ў пачатку XX ст. паясы, ручнікі, абрусы. Абрусы былі паўсядзённымі і абрадавымі. Абрадавыя абрусы выкарыстоўваліся на вяселлі, ішлі на пасаг. Абрадавы абрус браўся ў час памінак на магілы родных. Ручнік з'яўляўся дэталлю многіх рытуалаў, абрадаў Гарадоччыны. У час хрэсьбін, вяселля, пахавання ручніку адводзілася асаблівае месца. Арнаментаваліся ручнікі багата. Ромба-геаметрычныя ўзоры былі пераважаючымі па колькасці на рубяжы XIX–XX стст. Паступова набываў усё большую папулярнасць раслінны арнамент, канцы ручнікоў упрыгожвалі карункамі, плеценымі з нітак, вязанымі на прутках, вышыўкай. Існуе і вышыўка па гатовым узоры.

У Гарадоцкім краязнаўчым музеі захоўваецца вялікая калекцыя ручнікоў (78), посцілак (16), абрусаў (31), паясоў (31).

Гарадок – адзін з вядомых у мінулым цэнтраў ганчарства. Ганчарства на тэрыторыі раёна заўсёды было адным з самых запатрабаваных промыслаў. Найбольшага развіцця промысел дасягнуў у XIX – першай палове XX стст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная кераміка гаспадарчага прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, глякі, вазонніцы, міскі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневага колеру. Выраблялі з гліны латкі, міскі, гарлачы, жбанкі, дваёнышы, траёнышы, гліняныя цацкі. 3 сярэдзіны XIX ст. вясковыя майстры засвойваюць тэхніку пакрыцця керамікі глазуравай палівай, гэта паліва надавала гарадоцкім вырабам ружова-карычневы колер. Гарадоцкія вырабы адрозніваюцца зграбнымі вертыкальнымі формамі. Паўночныя часткі раёна карысталіся керамікай з в. Калдобкі Невельскага раёна. У адрозненне ад гарадоцкай гэта кераміка мела раўнамерны карычневы колер, паліва была празрыстая, нанесеная роўна, без падцёкаў. У Гарадоцкім музеі знаходзяцца вырабы майстроў з в. Калдобкі, імі карысталіся жыхары в. Антоненкі і іншых населеных пунктаў сучасных Халамерскага і Віраўлянскага сельсаветаў.

Адным са старэйшых ганчароў Гарадоччыны быў Сцяпан Сідаравіч Амасовіч (1889–1968). Сцяпан Сідаравіч яшчэ ў маладосці адкрыў невялікую ганчарную майстэрню, дзе працаваў адзін, вырабляў жбанкі, глякі, цацкі-свістулькі ў выглядзе птушак, бочачкі (сярод іх былі вырабы ёмістасцю да 20 літраў), гаршкі, талеркі. Посуд меў лёгкія формы. Некаторыя яго вырабы былі настолькі трывалымі, што ў іх можна было гатаваць ежу ў печы.

Яшчэ адзін знакаміты гарадоцкі ганчар – Уладзімір Іосіфавіч Татарыс (1925–1986). Доўгі час у Віцебскай вобласці ён быў вядучым майстрам ганчарнай справы. Выкарыстоўваў У. І. Татарыс лепшыя дасягненні гарадоцкай керамікі. Яго творы вызначаюцца яркасцю палівы. Ім выкарыстоўвалася асобая тэхналогія абпальвання. Гарадоцкая чырвоная гліна надавала яго вырабам тэракотавы колер, фіялетава-карычневая паліва з паДцёкамі рабіла кераміку асабліва маляўнічай. Формы яго твораў простыя, паверхня апрацавана мякка. Творы майстра карысталіся попытам у мясцовага насельніцтва. Многія з іх бытуюць і зараз выконваюць сваю функцыю. Так, у в. Паташня Першамайскага сельсавета амаль у кожным доме маюцца жбаны, вазоны, вырабленыя ў тэхніцы, характэрнай для гэтага майстра.

Майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гарадоччыны

arrow Антусенка Фёдар Нікіфаравіч – разьба па дрэве (робіць мэблю як сталярную, так і з рознай аздобай – такарка, разьба, наборнае фанераванне. Для выканання мэблі выкарыстоўвае мясцовую драўніну – бяроза, асіна, вольха, дуб);

arrow Бараўцова Алена Міхайлаўна – маляванка, кераміка (працуе ў буйным фармаце, выкарыстоўвае трафарэт і вольны пэндзлевы роспіс, спалучае дэкаратыўнасць і жывапіснасць. Для яе дываноў характэрна строгая сіметрыя і ўраўнаважанасць кампазіцыі);

arrow  Гаравая Людміла Генадзьеўна – саломапляценне, выцінанка (адрадзіла калекцыю мясцовага ўтылітарна-бытавога посуду ў тэхніцы спіральнага пляцення, удзельнік народнага клуба самадзейных мастакоў і майстроў «Вытокі»);

arrow Гвоздзеў Уладзімір Іванавіч – разьба па дрэве (робіць аб'ёмныя фігуратыўныя кампазіцыі. Зберагае натуральны колер і тэкстурны малюнак драўніны. Працуе над рэльефамі з птахамі, жывёлінамі);

arrow Гушча Марына Леанідаўна – ткацтва (выкананне ручнікоў па мясцовых этнаграфічных узорах. Захапляецца габеленам і шыццём);

arrow Гушча Пётр Яўгенавіч – разьба па дрэве;

arrow Дзям'яненка Яўгенія Фёдараўна – вышыўка;

arrow Міснікава Таццяна Уладзіміраўна – вышыўка (калекцыя ручнікоў з узорамі «дрэва жыцця», «сімвалы душы», вышывае па льняной тканіне баваўлянымі ніткамі «мулінэ»);

arrow Рэут Вольга Леанідаўна – саломапляценне (валодае ўсімі прыёмамі саломапляцення і выконвае шырокі асартымент твораў: утылітарна-бытавы посуд, саламяную скульптуру, галаўныя ўборы і іншае. Вядзе дзіцячы гурток у Гарадоцкім Доме рамёстваў);

arrow Сіманковіч Васіль Паўлавіч – лозапляценне;

arrow Шалаева Ірына Мікалаеўна – кераміка.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бастова, А. Из истории гончарства на Городокщине / А. Бастова // Гарадоцкі веснік. – 2008. – 8 ліп. – С. 5.

2. Гущо, М. Л. Ажурное ткачество Городокщины / М. Л. Гущо // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар, Л. Кернажыцкая, В. Шышанаў. – Мінск : НББ. – С. 51–53.

3. Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны / Л. У. Вакар [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 439 с.

4. Пучкова, Е. Умелые руки / Е. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 21 сак. – С. 4.

5. Пучкова, К. Жыццё ідзе па спіралі / К. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 13 февр. – С. 1, 4.

6. Сеньков, В. Истоков наших чистота / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2008. – 7 февр. – С. 13.

7. Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны / уклад.: Л. Вакар, Н. Бабровіч. – Минск : Белстан, 2017. – 372 с.

8. Якаўлева, С. Паспрабаваць – і не адарвацца / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 12 крас. – С. 4.

9. Якаўлева, С. Пляценне пачынаецца з крыжа / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 11 сак. – С. 1.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Рамёствы ў Гарадоцкім раёне