Народная творчасць. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 07.07.2020 09:42
- Адноўлена 06.07.2020 10:46
Вусная народная творчасць Гарадоцкага краю – гэта невычэрпная крыніца ведаў, аптымізму, гумару. Жанры мясцовай вуснай народнай творчасці разнастайныя: прымаўкі, прыказкі, загадкі, прыкметы, легенды, паданні, быліны, забаўлянкі, казкі, замовы, пацешкі, заклічкі, прыгаворкі і інш. Вельмі шырокі пласт народнай культуры – песні і прыпеўкі.
Высокай мастацкай формай, глыбінёй зместу вызначаюцца загадкі. Яны развіваюць кемлівасць, адлюстроўваюць жыццёвы вопыт людзей. Іх можна падзяліць на некалькі значных тэм: прырода і чалавек, гаспадарка і быт, культура, загадкі-жарты.
Захавалася шмат прыказак і прымавак. Асаблівую цікавасць выклікаюць прымаўкі і прыкметы каляндарнага года. Запісаны краязнаўцамі і мясцовыя жарты, анекдоты мінулых гадоў.
Казкі Гарадоцкага краю вучылі дабрыні, асуджалі сквапнасць.
Народная песенная творчасць Гарадоччыны вельмі багатая. Гэта калядныя песні, масленкі, юраўскія, веснавыя, велікодныя, купальскія, пакосныя, жніўныя, восеньскія, сямейна-абрадавыя (радзінна-хрэсьбінныя, вясельныя) і інш.
Народная песенная творчасць
Песенька даўняя, песенька матчына:
«Старонка родная, радзімы край...»
Ільнінка кожная ў яе занесена,
Гарушка кожная – з яе ўзлятай!
Ты з гэтай песенькай рэдка сустрэнешся:
Усе грымлівыя гучаць цяпер.
Але нядоўга ўжо. Напеў той вернецца,
Усім спатрэбіцца, ты мне павер.
Пра белы росанькі, пра зграю воранаў,
Пра кроў гарачую ды на снягу...
I песню ціхую, песеньку матчыну
Ў натоўпе горада я зберагу.
Калі, здарожаны, з яе мелодыяй
Да маёй рэчанькі падыдзе ўнук,
Адмые стомленасць вадой халоднаю,
Шчаслівы ўзыдзе ён на зелен луг,
Песенька ціхая, песенька матчына:
«Старонка родная, радзімы край...»
I гэту простую, святую спадчыну
Таму, хто ўслед ідзе, ты перадай.
Гарадоцкія вяснянкі – вясёлыя, гарэзлівыя, як песня «Ляцеў бабёр чэраз двор», што запісана ў раёне Павецьевай Л. І.
У юраўскіх песнях выказваецца спадзяванне на добры ўраджай, бо вобраз Юр'я – вобраз апекуна зямлі, жывёлы, людзей.
Юрый матку кліча:
– Падай, матка, ключык
Адамкнуць зямліцу,
Выпусціць расіцу
На лён, на пшаніцу,
На ранняе лета,
На буйнае жыта...
(Запісана І. К. Цішчанкам)
А ты, Юр'я, Мікола,
Абыдзі жыта наўкола.
Юр'я кажа: «Абыду».
Мікола кажа: «Пагляджу».
Юр'я кажа: «У пучочку».
Мікола кажа: «У каласочку».
– Дзе ты, Юр'я, урасіўся?
Дзе ты, Мікола, умачыўся?
– Горы, межы ходзячы,
– Жыта, пшаніцу родзячы,
– Жыта, пшаніцу – то дабро.
– Да дай, божа, на лета
– Лепшую ўроду за гэта.
(Запісана А. С. Фядосікам)
У Гарадоцкім раёне запісаны веснавыя песні, у якіх свята Юр'е называецца Ягор'ем. Прыкладам можа служыць песня, запісаная ў Межанскім сельсавеце настаўнікамі Астапенкамі і іх вучнямі.
У нас сённі Ягорый, Ягорый.
Сабраліся бабы на горы.
А на горе бабы сядзелі,
Кулаком зямлю вярцелі,
Пра нявестушак судзілі,
А дачушак хвалілі...
Купальскія песні адносяцца да летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору, імі суправаджаўся збор кветак, карагоды ля вогнішча, пусканне вянкоў. Тут яскрава праяўляецца культ раслін і продкаў:
Купалінка, Купалінка,
Ноч маленька.
– Дзе твая дочка?
– Мая дочка ў садочку,
– Рве ў садзе цвяточкі,
– Рве цвяточкі, павіваець,
– На галоўке прымераець.
(Жыхары вёсак Межанскага сельсавета)
Жніўныя песні славілі працу чалавека. Яны адносяцца да самых старажытных пластоў народнай творчасці. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя, дажынкавыя. У дажынкавых песнях Гарадоцкага раёна даволі пашыраны напеў скаргі жней на цяжкую працу. Жняя жаліцца: «Баліць мая сярэдзінка». Запісана песня, дзе жанчына зайздросціць тым, хто прыйшоў на пожню з немаўлятамі, бо яны могуць адпачыць, калі кормяць ці закалыхваюць дзіця:
Ды я жала да вечара, божа ж мой!
Ды я жала да вечара, божа ж мой!
Баліць мая сярэдзіна, божа ж мой!
Баліць мая сярэдзіна, божа ж мой!
Каб я мела дзетачак, божа ж мой!
Каб у мяне маленькае, божа ж мой!
Можа б, яно заплакала, божа ж мой!
Можа б, яно заплакала, божа ж мой!
Дык я б яго скалыхнула, божа ж мой!
Дык я б яго скалыхнула, божа ж мой!
Сярэдзіна б адпачнула, божа ж мой!
(вёскі Вархі і Канашы)
Вяселле – значная падзея ў жыцці чалавека. Вясельная песенная паэзія ў гарадоцкім фальклоры разнастайная. У песнях – настаўленні-парады маладым і ўдзельнікам вяселля. Многія песні маюць магічны змест, яны выконваюцца хорам. Зрэдку чуюцца інтанацыі галашэння.
Наступная песня адносіцца да заручынных. Так моцна гучыць у ёй матуліна туга перад расставаннем і бязмежная любоў да дачкі:
У суботу, на нядзелю
Галубы прыляцелі.
Княгінька не ўвазнала,
У маткі папытала:
– Матухна мая, родная мая,
Што ж гэта за галубы,
Што ж гэта за сізыя?
Бел кужаль паклычылі,
Гарошак рассыпалі.
– Дачухна мая, родная мая,
– Яшчэ ж ты дурненька:
Бел кужаль – косы твае,
Гарошак – слёзы твае,
Галубы – сваты твае.
(Запісана ў 1873 годзе ў Гарадоцкім павеце Шышковічам Н. К.)
Шмат песень апавядаюць пра цяжкую працу і трагічны лёс землякоў. Існуюць любоўныя і сямейныя песні, звязаныя з рускай фальклорнай традыцыяй. Напрыклад, песня «Кацілася бочачка дубовая», якая запісана ў Обалі.
Прыпеўкі – своеасаблівы жанр народнай творчасці. У Гарадоцкім раёне яны спяваюцца на матыў «Барыні», «Цыганачкі», «Сямёнаўны», «Суботы», «Лявоніхі». Змест іх адлюстроўвае многія бакі народнага побыту. Гэтыя творы маюць гумарыстычную афарбоўку, іх можна назваць сатырычна-песеннай энцыклапедыяй нашага краю.
Вострыя на язык дзяўчаты выносяць прыгавор няўдаламу сватаўству, іранічна малююць дэталі вопраткі хлопцаў: смяюцца з рабых мужчынскіх штаноў, якія ткаліся «ў ёлачку», і г. д.
Мяне сваты сваталі,
Сваточкі багатыя,
Восем коней, сем кароў,
Толькі хлопец не здароў.
(в. Хмяльнік)
Нашы мальцы задаюцца,
Перад нам куражуцца,
Штаны рабыі надзелі,
Путам падпіряжуцца.
(Халамерскі с/с)
Чуецца ў прыпеўках XX ст. водгук на падзеі, якія былі значнымі для жыцця. Такая з'ява, як хутары, на якія адышлі многія сяляне ў пачатку XX ст., не магла застацца без увагі ў аўтараў прыпевак, і адносіны ў ёй да хутара іранічныя:
Мой мілёнак задаецца,
Што на хутары жывець.
Адна курыца сляпая,
Ды і тую прадаець.
Больш познія прыпеўкі прысвечаны калгасу, працы на полі:
Мілы піша: «Прыязджай,
У горадзе ўстройся».
Мне ў калгасе харашо,
Лепей супакойся.
У каго мілога нет,
Прыхадзіце ў сельсавет.
У сельсавеце разбяруць,
Па мілёначку дадуць.
У Гарадоцкім раёне захаваўся ўнікальны, адзіны на ўсю Беларусь абрад «Пахаванне Дзеда», які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Такое незвычайнае спалучэнне супрацьлеглых па значэнні слоў («Дзеда» ж, па сутнасці, вязуць хаваць) можна пачуць толькі на пачатку масленічнага тыдня і ў адзіным раёне Віцебскай вобласці – Гарадоцкім. А менавіта ў в. Даўгаполле, дзе па старажытнай традыцыі спраўляюць вясёлае абрадавае ігрышча для дарослых – «Пахаванне Дзеда». На поўначы Беларусі бытавала менавіта гэткая форма развітання з зімою. Калі ў іншых рэгіёнах славянскіх земляў праводзіўся абрад спальвання саламянага пудзіла, то на Гарадоччыне саламянага «Дзеда» закопвалі ў снег.
Вяскоўцы збіраюцца і «хаваюць» ляльку ў выглядзе «дзеда», якая сімвалізуе сабой зіму. Яна ляжыць пад абразамі, жанчыны па ёй галосяць, узгадваюць жыццё «нябожчыка». Потым Цімку, так завуць «памерлага», вязуць на могілкі і «хаваюць», а потым ужо садзяцца за стол, спяваюць, танчаць – бо зіму «пахавалі», а вясна – гэта радасць.
У рытуале прымае ўдзел імпрэвізаваны ўрач, які канстатуе «смерць дзеда», ды святар, які служыць «паніхіду» па «нябожчыку». Нарадзіўся вось такі вершык:
Бабы галасілі, прычыталі,
добрым словам «дзеда» ўспаміналі.
Пасля доўгіх слёз
«дзеда» з хаты вынеслі наўпрост.
І паклаўшы «цела» на «тачанку»,
люд павёз «дзядулю» да «прыямку».
Скончыўшы гараваць па дзеду,
«жонка» запрашае ўсіх на бяседу.
На памінках госці елі, пілі, весяліліся,
дзве бабулі з лавы ледзь не паваліліся.
ЛІТАРАТУРА
1. Буракова, Н. В. Объекты натурального ландшафта Городокского края и их использование в обрядовой деятельности жителей Городокского района в XIX – нач. ХХ вв. / Н. В. Буракова // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар, Л. Кернажыцкая, В. Шышанаў. – Мінск : НББ. – С. 171–173.
2. Вяселле ў весцы Вярэчча Гарадоцкага раёна // Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны (у сучасных запісах) : метадычны дапаможнік / запіс, літ. апрац. і натаванне Т. Б. Варфаламеевай ; навук. рэд. В. М. Шымук. – Мінск,1988. – С. 11–60.
3. Веснавыя песні / склад.: Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей. – Минск : Навука і тэхніка, 1979. – 608 с.
4. Кабашнікаў, К. П. Беларуска-рускія фальклорныя сувязі / К. П. Кабашнікаў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1988. – 238 с.
5. Калядна-абрадавы фальклор. Замовы // Беларусы : [у 13 т.] / Г. А. Барташэвіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 7 : Вусная паэтычная творчасць. – С. 41–216.
6. Каржова, Л. Прудніцкія мясціны зацікавілі фалькларыстаў / Л. Каржова // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 13 жн. – С. 2.
7. Кляшчук, А. «Завезлі дзеда за сяло, і ўсім стала весяло...» / А. Кляшчук // Звязда. – 2018. – 13 лют. – С. 1, 4 ; 14 лют. – С. 1, 5.
8. Невычарпальная крыніца // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 754–759.
9. Пучкова, К. Народныя таямніцы, або Заручыцца спрыяннем продкаў / К. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 2 лістап. – С. 4.
10. Рэзкіна, Л. П. Дзейнасць устаноў культуры і мастацкіх калектываў Гарадоцкага раёна па захаванні фальклорнай спадчыны / Л. П. Рэзкіна // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар, Л. Кернажыцкая, В. Шышанаў. – Мінск : НББ. – С. 207–209.
11. Рэзкіна, Л. Купальная ночка каротка, а дзевачкам нашым заботка... / Л. Рэзкіна // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 5 ліп. – С. 8.
12. Рэзкіна, Л. Масленка, Масленка, бывай зіма красненька! / Л. Рэзкіна // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 5 сак. – С. 8.
13. Рэзкіна, Л. Меладычная повязь пакаленняў / Л. Рэзкіна // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 20 жн. – С. 5.
14. Рэзкіна, Л. «Пахаванне Дзеда» / Л. Рэзкіна // Витебский проспект. – 2013. – 21 марта. – С. 5.
15. Рэзкіна, Л. Элементы традыцыйнага вясельнага абраду Гарадоцкага раёна ў сучасных запісах / Л. Рэзкіна // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванню традыцый», 26–27 мая 2005 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2007.
16. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 2 : Віцебскае Падзвінне. – 910 с.
17. Фальклор Пальміншчыны ў сучасных запісах / склад. А. С. Емельнаў. – Віцебск : ВДУ, 2009. – 55 с.
18. Цяпкова, Т. Ад Вялікадня да Радуніцы: абрады хуткаплыннай вясны на Гарадоччыне / Т. Цяпкова // Культура. – 2020. – 11 крас. – С. 12