Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Гарадоцкі раён

arrow Гарадзішча каля в. Бібіна

Мясцовая назва Тарэлка. За 1,5 км на поўнач ад вёскі, за 2 км на захад ад воз. Задрачча, на гары вышынёй да 25 м. Пляцоўка круглая, дыяметрам да 46 м. На схілах гары прыкметны рэшткі вала вышынёй да 0,5 м. З паўночнага боку захаваўся роў глыбінёй да 2 м. Вядома з 1969 года. Даследаваў у 1973 годзе Г. В. Штыхаў, абследавала ў 1981 годзе В. М. Ляўко. Культурны пласт 1,5 м. Знойдзены кераміка днепра-дзвінскай культуры, косці жывёлы. Датуецца VI ст. да н. э.

arrow Гарадзішча каля в. Бярозна

За 1 км на захад ад вёскі, на гары, каля лясной дарогі ў в. Дубікава. Пляцоўка авальнай формы, памерамі 23×46 м, пашкоджана могілкамі XIX ст. Ніжэй пляцоўкі на больш спадзістых схілах захаваліся рэшткі вала вышынёй да 0,5 м. Абследавалі ў 1951 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Культурны пласт да 1,5 м. Знойдзены кераміка днепра-дзвінскай культуры, грубаляпны таўстасценны посуд, верагодна, 3-й чвэрці I тыс. н. э. (культура тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны).

arrow Гарадзішча (Папова Гара) каля в. Бяскатава

На паўднёвай ускраіне вёскі, на пагорку вышынёй 20 м. Пляцоўка памерам 45×40 м. Даследаваў у 1965 годзе К. П. Шут. Культурны пласт 1 м. Знойдзены ляпная гладкасценная і тэкстыльная кераміка ранняга жалезнага веку і рэшткі ганчарных гаршкоў. Адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, датуецца VI–VIII стст.

arrow Гарадзішча каля в. Вышадкі

За 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на мысе воз. Вышадскае. Пляцоўка памерам 40×70 м, узвышаецца над возерам на 12 м. З заходняга боку абмежавана балотам. Па краі гарадзішча захаваліся рэшткі вала вышынёй 0,5 м. Даследаваў у 1971 годзе Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 1 м. Знойдзена шмат ляпной керамікі, а таксама прасліца цыліндрычнай формы днепра-дзвінскай культуры і тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны.

arrow Гарадзішча каля в. Забарочча

Знаходзіцца каля вёскі, у лесе. Вядома ў літаратуры па назве вёскі Малое Забарочча. Пляцоўка авальная, памерам 26×30 м. Захаваліся рэшткі вала. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1972 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Выкарыстоўвалася, верагодна, як сховішча. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча каля в. Казінова

За 1 км на захад ад вёскі, на мысе, які абмываецца р. Усыса. Пляцоўка памерам 40×33 м, знаходзіцца на вышыні 10–20 м над узроўнем ракі і паніжаецца ў напрамку з поўначы на поўдзень. З паўднёвага боку прыкметны рэшткі рова глыбінёй да 0,4 м. З заходняга боку гарадзішча моцна падмыта вадой. Даследаваў у 1964 годзе К. П. Шут (56 м2). Абследавала ў 1981 годзе М. В. Ляўко. Культурны пласт 0,3–0,6 м. Знойдзены жалезныя кап'ё з утулкай, двухшыпны наканечнік стралы і нож з гарбатай спінкай, гліняныя біканічныя прасліцы, 3 фрагменты посуду з расчосамі III–VI стст. н. э., а таксама ляпны гладкасценны і архаічных форм посуд. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры.

arrow Гарадзішча каля в. Кісялі

Мясцовая назва Прыстань. За 1 км на захад ад вёскі, на левым беразе р. Обаль. Займае ўсходнюю частку дугападобнай выспы. Пашкоджана сучаснымі могілкамі. Вышыня над поймай 25 м, даўжыня каля 330 м, шырыня верхняй пляцоўкі 20–30 м. Рэшткі гарадзішча добра захаваліся на краю выспы. У 1972–1975 гг. даследаваў Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Культурны пласт 0,5–0,6 м чорнага колеру. Знойдзены рэшкі посуду, глінянае біканічнае прасліца, бронзавы званочак балцкага тыпу. Датуецца VIII–X стст. н. э. Належала балцка-славянскаму насельніцтву.

arrow Гарадзішча каля в. Кулі

Мясцовыя назвы Царкавішча, Воўкава Гара. За 3 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Лужаснянка, на краі вялікай выспы вышынёй да 25 м. Пляцоўка авальная, памерам 40×33 м. Аддзелена ад выспы ровам глыбінёй да 3 м і кароткім валам вышынёй да 10 м. У 1973 годзе раскопкі праводзіў Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 0,5 м. Знойдзена ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, у VI–VIII стст., верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.

arrow Гарадзішчы каля в. Лялеўшчына

Гарадзішча-1. Мясцовыя назвы Карлаўка, Елізавеціна Гара. За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Ловаць, каля воз. Сясіта. Вышыня 25 м, памер пляцоўкі 130×100 м. Штучных умацаванняў не захавалася. Выявіў у 1934 годзе А. М. Ляўданскі. У 1963 годзе К. П. Шут даследаваў 32 м2 плошчы. Культурны пласт 0,4–0,6 м. Знойдзены гладкасценная слабапрафіляваная кераміка, прасліцы і шлакі. Абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Датуецца канцом I тыс. да н. э. – IV ст. н. э. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры.

Гарадзішча-2. За 3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Батаў Рог, на заходнім беразе воз. Чарняста, на гары вышынёй 10 м. Пляцоўка памерам 35×30 м. Выявіў у 1934 годзе К. П. Шут, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 0,3–0,6 м.

Гарадзішча-3. Мясцовая назва Чорная Гара. За 3,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Ловаць. Вышыня пагорка 10–12 м. Пляцоўка авальная, выцягнутая з поўдня на поўнач, памерам 40×31 м. З боку поля захаваліся рэшткі вала. Выявіў у 1934 годзе А. М. Ляўданскі, даследавалі ў 1951 годзе Л. В. Аляксееў (25 м2 плошчы), у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Знойдзена гладкасценная, штрыхаваная і тэкстыльная кераміка. Датуецца пачаткам I тыс. н. э.

arrow Гарадзішча каля в. Марчанкі

Мясцовая назва Царкавішча. За 0,5 км на ўсход ад вёскі, недалёка ад воз. Жажуліца, на пагорку вышынёй 7 м. Пляцоўка авальная, памерам 40×35 м. Каля асновы гарадзішча захаваліся рэшткі вала вышынёй 0,5 м і 2 равоў глыбінёй да 1 м. Вядома з 1873 года. Раскопкі праводзілі ў 1901 годзе Л. Ю. Лазарэвіч-Шапялевіч, у 1951 годзе Л. В. Аляксееў, у 1964 годзе К. П. Шут. Культурны пласт да 1 м. Знойдзена гладкасценная і штрыхаваная ляпная кераміка. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.

arrow Гарадзішча (Буракова) каля в. Новы Болецк

Знаходзіцца за 3 км на паўднёвы захад ад вёскі каля былой в. Буракова, пад назвай якой вядома ў літаратуры. Размяшчаецца на доўгай выспе вышынёй 20 м, сярод лясістай забалочанай мясцовасці. Пляцоўка памерам 45×30 м. Паўночны схіл быў умацаваны валамі і равамі. Выявілі ў 1934 годзе А. М. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч. Раскопкі праводзіў у 1964–1966 гг. К. П. Шут. Даследавана 240 м2 плошчы. Культурны пласт месцамі да 1,5–2 м. Раскапаны рэшткі жылых пабудоў слупавой канструкцыі з бярвенняў і жалезаапрацоўчай майстэрні. Знойдзены жалезныя сярпы, сякеры, наканечнікі стрэл, заколкі з завіткамі, каменныя кавадлы, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгажэнні, посуд з адбіткамі тэкстылю, гаршкі слоікападобнай формы з ямкамі і пракрэсліным на венчыку арнаментам. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца IV ст. да н. э. – V ст. н. э. У больш позні час, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.

arrow Гарадзішча (Новы Болецк) каля в. Новы Болецк

Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, каля школы, недалёка ад воз. Болецкае. З усходняга боку абмываецца ручаём, які ўпадае ў возера. Складаецца з паўднёвай і паўночнай пляцовак. Паўднёвая авальная, памерам 45×30 м, вышынёй да 8 м, аддзелена ад паўночнай ровам глыбінёй 2–3 м. Паўночная пляцоўка памерам 36×25 м, з паўночнага боку вал вышынёй да 2 м. Выявілі ў 1934 годзе А. М. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч, абследавалі ў 1965 годзе К. П. Шут, у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Знойдзены ляпная кераміка, ганчарны посуд, рэшткі цаглянай пабудовы. Гарадзішча адносіцца да ранняга жалезнага веку і раннефеадальнага часу.

arrow Гарадзішча каля в. Селязні

Мясцовая назва Царковішча. За 2 км на захад ад вёскі, на востраве воз. Ціёста. Пляцоўка памерам 38×40 м. Выявіў у 1961 годзе А. Р. Мітрафанаў, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча (Загорцы) каля в. Сцяпанавічы

Знаходзіцца за 3 км на захад ад вёскі. Пляцоўка амаль круглая, дыяметрам каля 44 м, вышынёй 12–18 м. Даследавалі ў 1933–1934 гг. А. М. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч, у 1950 годзе Л. В. Аляксееў, у 1956 годзе К. П. Шут, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 0,5–1,5 м. Пры раскопках знойдзены тэкстыльная, гладкасценная, штрыхаваная кераміка, гліняныя прасліцы, касцяныя наканечнікі стрэл, шылы, іголкі, бронзавыя ўпрыгажэнні, крыцы, шлакі, зерняцёрка, абгарэлае збожжа. Гарадзішча датуецца IV–V стст. да н. э. – I–II стст. н. э. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры.

arrow Замчышча каля г. п. Езярышча

Знаходзіцца за 3 км ад г. п. Езярышча, на востраве воз. Езярышча, каля в. Мястэчка. Пляцоўка чатырохвугольнай формы, памерам 100×120 м. З усходняга і паўночнага бакоў захаваліся валы вышынёй 2–4 м, выразна відаць месцы, дзе былі 3 вежы. Дыяметры іх каля 15 м. З паўночнага боку прасочваецца роў, які аддзяляў замчышча ад астатняй тэрыторыі вострава. У час паводкі нізкая частка залівалася вадой, і замчышча ператваралася ў астраўную крэпасць.

Замчышча абследаваў у 1950 годзе Л. В. Аляксееў. У 1971 годзе Г. В. Штыхаў зрабіў план замчышча і правёў шурфоўку (2 на 2). У 1979 годзе В. М. Ляўко правяла раскопкі (на плошчы 100 м2) і прарэзку паўднёвай вежы, якая паказала, што вышыня насыпу ад цэнтра да асновы 6 м, радыус – 12 м. Ядро пачатковага вала з шчыльнай ярка-чырвонай гліны, вышынёй 1,5 м. Насыпы вала і пад асновай вежы раздзяліліся ровам глыбінёй 0,8 м. На пляцоўцы, якая была асновай вежы, выяўлены фундамент (каля 1 м) з сумесі гліны, пяску, гравію і дробнага камення. Вышэй яго залягала праслойка цмянай афарбоўкі з вялікай колькасцю вугалю і попелу, над якой прасочаны рэшткі драўляных канструкцый. Яны перакрываліся культурным пластом каля 1 м чорнай афарбоўкі, дзе быў больш позні падмурак вежы, складзены з двух ярусаў буйных валуноў. Знойдзеная кераміка сведчыць, што пабудова і аднаўленне вежы адносіцца да XIV–XV стст. У раскопе плошчай 100 м2 на паўднёвай ускраіне гарадзішча каля вала культурны пласт 0,15–0,4 м. У мацерыку выяўлена многа ям, запоўненых попелам і шлакам. Большасць знаходак датуецца XIV–XV стст., асобныя – XVI–XVII стст. Яны сведчаць, што ў гэты перыяд замчышча выкарыстоўвалася насельніцтвам як сховішча. Частка керамікі адносіцца да 3-й чвэрці I тыс. н. э. і да IX–X стст., што сведчыць аб наяўнасці тут паселішча яшчэ да пабудовы крэпасці.

arrow Каменныя крыжы каля в. Дубраўкі

Знаходзяцца за 2 км на захад ад вёскі, на могілках XVI–XIX стст., каля курганнага могільніка Дубраўкі. Крыжы пастаўлены на магілах, абкладзеных камянямі. Вышыня крыжоў 0,5–1,2 м. Некаторыя датуюцца XIV–XVII стст.

arrow Курганны могільнік каля в. Альхавец

Знаходзіцца каля вёскі, пры дарозе ў в. Двуполле. 5 насыпаў вышынёй 0,5–1,2 м, дыяметрам 6–8 м. Выявіў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў, абследавала ў 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Аляксеева

Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад вёскі. 6 курганоў. 4 круглыя вышынёй 1–2 м, дыяметрам 6–8 м, адзін вышынёй да 3,5 м, дыяметрам 20 м і адзін падоўжаны памерам 6×8 м, вышынёй 1,5 м. Вядомы з 1893 года, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Асмата

Знаходзіцца за 3 км на поўнач ад вёскі, у лесе. 4 курганы вышынёй 1,5 м, дыяметрам 6–8 м. Выявіў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1972 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Бярозна

За 1 км на паўднёвы захад ад вёскі. 92 курганы вышынёй 0,5–1,5 м, дыяметрам 8–12 м. Густа зараслі лесам. Даследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. У 2 разбураных курганах пахавальны абрад – трупапалажэнне. Адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі, датуецца XI–XII стст.

arrow Курганны могільнік каля в. Бяскатава

За 0,3 км на ўсход ад гарадзішча. 12 курганоў. Адзін доўгі вышынёй 2 м, шырынёй 10 м, даўжынёй 25 м, чатыры падоўжаныя вышынёй 2 м, шырынёй 10 м, даўжынёй 15 м, астатнія круглыя вышынёй 1–1,5 м, дыяметрам 6–8 м. У 1975 годзе Г. В. Штыхаў даследаваў 2 насыпы. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Знойдзены 2 касцяныя фігуркі птушак, бронзавае плоскае скроневае кольца з адтулінамі для трапецападобных падвесак, шкляная зялёная пацерка, касцяное прасліца, ляпны гаршчок. Належаў полацкім крывічам, датуецца VIII–IX стст.

arrow Курганны могільнік каля в. Вышадкі

Недалёка ад гарадзішча, на паўднёвым беразе воз. Вышадскае, пры дарозе ў в. Целяшова. 207 курганоў, большасць з іх круглыя, некаторыя падоўжаныя. Вышыня круглых курганоў ад 0,3 да 2,5 м, дыяметр 3–8 м, самы вялікі вышынёй 5 м, дыяметрам 20 м. Памеры падоўжаных курганоў 8×6×0,7 м і 6×4×0,8 м. У 1971 і 1980 гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 25 насыпаў. У 11 пахавальны абрад трупаспаленне, у 8 курганах – трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 6 курганах пахаванняў не было.

Курганы з трупаспаленнем амаль без пахавальнага інвентару, зрэдку трапляецца кераміка. У адным кургане знойдзены 300 фрагментаў бронзавых вырабаў (150 кавалкаў ад ланцужка), трапецападобныя падвескі, буйныя спіралькі ад галаўнога ўбору, сердалікавыя, хрусталёвыя і шкляныя пацеркі, кераміка. У курганах з трупапалажэннем знойдзены абломак жалезнага сярпа, шкляныя і алавяныя пацеркі, ганчарны посуд, бронзавая падвеска-конік. Могільнік належыў полацкім крывічам, датуецца X–XI стст.

arrow Курганны могільнік у г. Гарадок

Знаходзіцца ў канцы вуліцы Зялёнай, на левым беразе р. Гаражанка, ва ўрочышчы Вераб'ёвы Горы. 4 круглыя курганы вышынёй 1,5–2,5 м, дыяметрам 10–12 м і адзін доўгі памерам 25×12, вышынёй 2,5 м. Абследавалі ў 1971 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі каля в. Дарахі

Знаходзяцца каля вёскі, на паўднёвым беразе воз. Сенніца. Каля 150 курганоў. Даследаваў у 1971, 1973, 1975 гг. Г. В. Штыхаў.

Могільнік-1. За паўднёвай ваколіцай вёскі. 12 курганоў дыяметрам 7–11 м, вышынёй 0,5–1 м. Адзін курган доўгі, памерам 22×10 м, вышынёй 1,2 м. Раскапана 9 насыпаў. Пахавальны абрад – трупаспаленне ў насыпе, рэшткі былі ў гліняным гаршку слоікавай формы. Часам урна накрыта другім гаршком. Знойдзены жалезныя спражка, цуглі, а таксама зубы быка. Датуецца 3-й чвэрцю I тыс. н. э.

Могільнік-2. За 2 км на ўсход ад вёскі, на паўднёвым беразе воз. Сенніца, ва ўрочышчы Яўграфаў Хутар. 17 падоўжаных і авальных насыпаў вышынёй 1,5–2,2 м, даўжынёй 8 м, шырынёй 6–7 м. Раскапаны 3 курганы. Пахавальны абрад – трупаспаленне ў ямах, накрытых перавернутым ляпным гаршком. Сярод перапаленых касцей былі рэшткі бронзавых вырабаў (спіралькі, плоскае скроневае кольца з канцамі ў выглядзе сярпа). Датуюцца курганы VIII–IX стст., належылі крывічам.

Могільнік-3. За 0,2 км на поўдзень ад могільніка-1. 5 насыпаў вышынёй да 1 м, дыяметрам да 7 м. Даследаваны ў 1973 годзе. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Датуецца 3-й чвэрцю I тыс. н. э.

Могільнік-4. За 0, 5 км на поўдзень ад вёскі. 15 курганоў дыяметрам 6–9 м, вышынёй 1–2 м. 5 раскапаны ў 1973 годзе. Пахавальны абрад – трупаспаленне ў насыпе. Знойдзена кераміка 3-й чвэрці I тыс. н. э., невялікая жалезная шпора і спражка.

Могільнік-5. За 2,5 км на ўсход ад вёскі, за ўрочышчам Яўграфаў Хутар. 63 курганы вышынёй 0,5–1 м, дыяметрам 6–8 м. Даследавана 10 курганоў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне пад насыпам, на месцы невялікага рытуальнага вогнішча. Нябожчыкі арыентаваны галавой на захад, за выключэннем аднаго кургана, у якім з 3 пахаванняў 2 арыентаваны галавой на поўнач. Знойдзены бронзавыя лірападобныя прамавугольныя спражкі, шкляныя і жалезныя пацеркі, жалезнае крэсіва, касцяны грэбень з футаралам, падковападобная фібула, ганчарны гаршчок. Курганы насыпаны на месцы паселішча 3-й чвэрці I тыс. н. э., датуюцца другой паловай X–XI стст., належылі крывічам.

Могільнік-6. За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, каля дарогі ў в. Кайкі. 7 курганоў вышынёй да 1 м, дыяметрам 6–8 м. У 1973 і 1975 гг. даследаваны 4 курганы. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Знойдзены гліняны посуд 3-й чвэрці I тыс. н. э.

Могільнік-7. За 1,5 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Зуевы Ляды. 3 курганы дыяметрам 7–8 м, вышынёй да 1 м. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-8. За 0,7 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Копаная Ель. 4 курганы дыяметрам 8–9 м, вышынёй да 1 м. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-9. За 1 км на поўдзень ад вёскі. 6 курганоў дыяметрам 6–7 м, вышынёй да 1 м. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-10. За 1,2 км на поўдзень ад вёскі, побач з могільнікам-9. 3 курганы дыяметрам 8–9 м, вышынёй да 1 м. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-11. За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, каля дарогі на в. Рудня. 3 курганы дыяметрам 7–8 м, вышынёй 1–2 м. Раскопкі не праводзіліся.

Акрамя пералічаных, у ваколіцы вёскі ёсць некалькі асобных курганоў. Адзін з іх вышынёй 3 м і дыяметрам 20 м знаходзіцца ва ўрочышчы Казённы Лес.

arrow Курганны могільнік каля в. Дзеравушка

Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у густым лесе. 50 курганоў у плане падоўжаных, круглых. 2 самыя вялікія вышынёй да 3 м, даўжынёй 10 м, шырынёй 6 м, вакол іх ёсць глыбокія раўкі. Вышыня астатніх курганоў 1–2 м, дыяметр – 10 м. Выявіў у 1965 годзе К. П. Шут, абследавалі ў 1972 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Дубраўкі

За 2 км на захад ад вёскі, каля воз. Беленькае, побач з сучаснымі могілкамі. Захавалася 20 курганоў вышынёй 0,5 м, дыяметрам 5–9 м. Некаторыя, напэўна, тыпу жальнікаў. У 1901 годзе Л. Ю. Лазарэвіч-Шапялевіч раскапаў 3 курганы, у 2 пахавальны абрад – трупапалажэнне, у трэцім – трупаспаленне. У адным пахаванні былі жалезныя нож і кольца, у другім – шкілет і гаршчок грубай работы. Абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Паводле Л. Ю. Лазарэвіча-Шапялевіча, курганы належалі ўсходнім славянам. Матэрыялы раскопак не зберагліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Зайкава

Знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі, ва ўрочышчы Дубкі. 20 круглых і падоўжаных курганоў. Дыяметр круглых 6–9 м, вышыня 1–1,5 м, падоўжаныя памерам 6×8 м, вышынёй 1–1,5 м. Выявіў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Зарэчча

Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад вёскі, каля могілак. 9 насыпаў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам 12–15 м. Вядомы з 1873 года. Абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі каля в. Мяжа

Могільнік-1. За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, каля дарогі на в. Лялеўшчына. 5 курганоў дыяметрам 6–8 м, вышынёй 1–23 м. У 1963 годзе К. П. Шут раскапаў адзін курган. Пад насыпам была попельна-вугальная праслойка і жалезны нож. Г. В. Штыхаў абследаваў у 1972 годзе.

Могільнік-2. За 0,9 км на поўнач ад вёскі, на левым беразе р. Ловаць, каля маслазавода. 5 курганоў тыпу сопак, вышынёй каля 4 м, дыяметрам 14 м. Выявіў у 1963 годзе К. П. Шут, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў.

arrow Курганны могільнік каля в. Мястэчка

Знаходзіцца за 3 км на поўнач ад вёскі, на беразе воз. Езярышча. 3 круглыя ў плане курганы. Вышыня аднаго 3,5–4 м, дыяметр 20 м, другога адпаведна 2 і 10 м, трэцяга 0,5 і 7 м. Выявіў у 1955–1956 гг. Л. В. Аляксееў, абследавалі ў 1965 годзе К. П. Шут, у 1972 годзе Г. В. Штыхаў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі каля в. Немцава

Могільнік-1 тыпу жальніка. За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, каля дарогі на в. Гукалы. 23 абкладзеныя камянямі насыпы дыяметрам 6–8 м, вышынёй 1–1,2 м. Выявіў у 1951 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-2. За 0,5 км на поўдзень ад вёскі, каля дарогі на в. Кавалёва. 3 круглыя насыпы дыяметрам 12–15 м, вышынёй 2 м. Выявіў у 1951 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Смалькі

Знаходзіцца за 0,8 км на ўсход ад вёскі, уздоўж дарогі на Гарадок. Каля 35 курганоў (10 у плане падоўжаных) зараслі хмызняком і лесам. Вышыня круглых насыпаў 1–2 м, дыяметр 6–10 м. Памеры падоўжаных курганоў 12×8×1,5 м. 3 курганы вышынёй каля 3 м, самы вялікі 4,5 м, дыяметрам да 20 м. Навокал вялікіх насыпаў захаваліся глыбокія раўкі. Выявіў у 1951 годзе Л. В. Аляксееў. Г. В. Штыхаў у 1973 годзе раскапаў 2 падоўжаныя курганы. Пад насыпам захаваўся попельна-вугольны пласт. У адным кургане знойдзены перапаленыя косці чалавека, 2 цэлыя перавёрнутыя дагары дном ляпныя гаршкі і кавалак трэцяга гаршка. Могільнік датуецца VIII–IX стст., характэрны для полацка-смаленскіх крывічоў.

arrow Курганны могільнік каля в. Старое Масцішча

Знаходзіцца за 0,8 км на захад ад вёскі. 5 курганоў вышынёй 0,9–1 м, дыяметрам 10–12 м. Выявіў у 1956 годзе Л. В. Аляксееў, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік каля в. Ткачы

Знаходзіцца за 0,3 км на ўсход ад будынка Лесагорскага лясніцтва, каля лясной дарогі. 21 насып, у т. л. 19 паўсферычных, і 2 падоўжаныя. Захаванасць могільніка добрая. 4 насыпы вышынёй 1–1,3 м, дыяметрам 8–10 м. 3 курганы дыяметрам 7–9 м, вышынёй 1,2 м. 2 курганы падоўжаныя вышынёй 1,2 м, памерам 9×15 і 6×12 м. Побач вялікі курган вышынёй 3,5 м, дыяметрам 16 м (з раўком каля асновы). Вышыня астатніх насыпаў 0,8–1,2 м, дыяметр 6–9 м. Могільнік вядомы з 1873 года, абследавалі ў 1958 годзе Л. В. Аляксееў, у 1981 годзе В. М. Ляўко. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі каля в. Хабаты

Могільнік-1. Знаходзіцца на беразе воз. Вымна, ва ўсходняй частцы пляцоўкі, якая называецца Гарадзішчам. 4 курганы вышынёй 1,5 м, дыяметрам 8–10 м. Вядомы з 1873 года, абследаваў у 1972 годзе Г. В. Штыхаў. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік-2. Знаходзіцца за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі, на беразе воз. Вымна, ва ўрочышчы Вузкае. 5 курганоў дыяметрам 10–18 м, вышынёй 2–3,5 м. Вядомы з 1873 года, абследаваў у 1968 годзе Г. В. Штыхаў. Каля асновы самага высокага насыпу (вышыня 3,5 м, пашкоджаны траншэяй) выяўлена попельна-вугальная праслойка і кавалкі глінянага гаршка. Датуецца X – пачаткам XI стст. Належаў усходнім славянам.

arrow Могільнік-жальнік каля в. Аўдзейкава

Знаходзіцца за 3 км на поўнач ад вёскі, на востраве воз. Езярышча. Каля 40 магіл-жальнікаў вышынёй 0,5 м, дыяметрам 3–4 м, зверху абкладзеных камянямі. Выявіў і абследаваў у 1973 годзе Г. В. Штыхаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне ў ямах глыбінёй да 1 м.

arrow Селішча каля в. Бяскатава

Побач з гарадзішчам, на плошчы 1 га. Абследаваў у 1965 годзе К. П. Шут. Сабрана ляпная гладкасценная кераміка. Адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, датуецца VI–VIII стст.

arrow Селішча каля в. Казінова

За 1 км на захад ад вёскі, на левым беразе р. Усыса, побач з гарадзішчам. Выявіў у 1972 годзе і даследаваў у 1973 годзе Г. В. Штыхаў. Культурны пласт чорнага колеру 0,4–0,5 м. Знойдзена ляпная кераміка 3-й чвэрці I тыс. н. э.

arrow Селішча каля в. Новы Болецк

Знаходзіцца на поўдзень ад гарадзішча Буракова, цягнецца ў напрамку ручая. Пляцоўка памерам 40×60. Выявілі ў 1934 годзе А. М. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч. У 1966 годзе К. П. Шут даследаваў 36 м2 плошчы. Культурны пласт да 1 м. Знойдзены ляпная прафіляваная кераміка, каса-гарбуша, біканічнае прасліца. Датуецца 3-й чвэрцю I тыс. н. э.

arrow Стаянкі каля в. Мяжа

У ваколіцах в. Мяжа, на берагах аднайменнага возера. Выявіў у 1968 годзе І. М. Ціханенкаў.

Стаянка-1. За 0,4 км на паўночны ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Ловаць, каля вытоку яе з воз. Мяжа. У 1968 годзе І. М. Ціханенкаў раскапаў 126 м2 плошчы. Знойдзены крамянёвыя нажы і ножападобныя пласціны, разцы, праколкі, скрабкі, а таксама фрагменты керамікі з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін. Адносіцца да эпохі неаліту, датуецца III тыс. да н. э.

Стаянка-2. За 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на паўднёва-ўсходнім беразе воз. Мяжа, на мысе паміж возерам і балотам. Знойдзены рэшткі керамікі і апрацаваныя крамяні неаліту і бронзавага веку (III–II тыс. да н. э.).

 Стаянка-3. За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на высокім паўднёвым беразе воз. Мяжа. Культурны пласт 0,2 м. Знойдзены каменныя прылады працы мікралітычных форм. Датуецца раннім мезалітам (IX–VIII тыс. да н. э.).