Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Дарэвалюцыйны перыяд. Віцебскі раён

 

У перыяд, калі існавала Віцебскае княства, якое, паводле энцыклапедычнай карты, у XIII ст. займала плошчу прыкладна 4–5 цяперашніх усходніх раёнаў Віцебскай вобласці, тэрыторыя раёна ўваходзіла ў гэтае першаснае для яе дзяржаўнае ўтварэнне. На жаль, пра Віцебскае княства вельмі мала захавалася летапісных звестак, бо нават вядомыя вучоныя, аўтары аднаго з абагульняючых гістарычных выданняў, абмяжоўваюцца заўвагай: «Летапісы ўпамінаюць княствы з меншай тэрыторыяй: Віцебскае, Аршанскае (...)». Апрача таго, самастойнасць Віцебскага княства была на працягу ўсёй яго гісторыі абмежаваная, і часцей за ўсё яно было залежнае ад Полацка. Увогуле ж, вядомая нам толькі па асобных штрыхах гісторыя Віцебскага княства – неаддзельная ад гісторыі Полацка; невыпадкова, што і назва «Полацка-Віцебская зямля» нярэдкая ў гісторыкаў. Такім чынам, атрымаць пэўнае ўяўленне аб старажытнай гісторыі сучаснага Віцебскага раёна можна толькі пры ўмове ўключэння яе ў кантэкст агульнай, у многім непадзельнай гісторыі Полацкага і Віцебскага княстваў.

Працэс пашырэння ўлады літоўскіх князёў на землі заходняй Русі распачаўся ў першай чвэрці XIII ст. 3 сярэдзіны XIII ст. у сферу палітычных уплываў Літвы трапіла некалі магутная Полацкая зямля, падзеленая на шэраг дробных удзелаў. Адным з іх было Віцебскае княства. Ужо ў 1264 г. на Віцебск распаўсюджвалася ўлада літоўскага князя Гердзеня. Пазней, каля 1265 г., полацкім і віцебскім князем быў Ізяслаў, які прызнаваў вярхоўную ўладу вялікага князя літоўскага Войшалка.

Пасля смерці Войшалка літоўскія ўплывы на землях Беларускага Падзвіння часова аслаблі. У 70–90-я гг. XIII ст. Віцебскае княства цалкам выйшла з-пад кантролю Літвы, але трапіла пад уладу смаленскіх князёў. Залежнасць ад Смаленска не была, аднак, працяглай. Ужо на мяжы XIII і XIV стст. Віцебскае княства ізноў было незалежным: тут княжыў свой князь Міхаіл Канстанцінавіч.

Апошнім віцебскім князем з дынастыі Рурыкавічаў быў Яраслаў Васількавіч. У 1318 г. ён выдаў сваю адзіную дачку Марыю Яраслаўну замуж за літоўскага князя Альгерда, а ў 1320 г. памёр, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў мужчынскага полу. Пасля смерці Яраслава Васількавіча ў Віцебску пачаў княжыць яго зяць Альгерд, які, як віцебскі князь, непасрэдна падпарадкоўваўся свайму бацьку – вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну. Такім чынам, у 1320 г. Віцебскае княства мірным шляхам трывала ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага.

У складзе гэтага дзяржаўнага ўтварэння Віцебскае княства захоўвала тэрытарыяльную цэласнасць, самабытнасць, свае палітычныя і прававыя традыцыі. Як у XIV ст., так і пазней, Віцебшчына карысталася шырокай аўтаноміяй і не злівалася ў адзінае цэлае з ядром дзяржавы. Аб асобнасці пазіцый і аўтаномным статусе Віцебскай зямлі ў складзе Вялікага княства Літоўскага ў XIV ст. яскрава сведчыць наступны факт: у 1338 г. мірнае пагадненне паміж гэтай дзяржавай і Лівонскім Ордэнам было заключана вялікім князем літоўскім Гедзімінам са згоды віцебскага князя і гараджан Віцебска.

Мясцовым удзельным князем быў цяпер прадстаўнік роду Гедзіміна, але, за выключэннем гэтага і прызнання вярхоўнай улады вялікага князя літоўскага, ніякіх змен ва ўнутраным жыцці Віцебскай зямлі не адбывалася. Тут фактычна ў нязменным выглядзе захоўваліся парадкі, выпрацаваныя яшчэ ў старажытнарускую эпоху. Да ліквідацыі ў 1393 г. Віцебскага княства адносіны паміж яго насельніцтвам і ўдзельнымі князямі рэгуляваліся пры дапамозе спецыяльнай умовы («ряда»), якая значна абмяжоўвала княскую ўладу. Усе істотныя пытанні ўнутранага жыцця Віцебскай зямлі па-ранейшаму знаходзіліся ў кампетэнцыі мясцовага веча. Права прымаць удзел у вечы было агульным для ўсяго паўнапраўнага насельніцтва.

Веча аб'ядноўвала ўсю зямлю-княства як палітычны арганізм і з'яўлялася агульназемскім органам улады.

У 20-х – пачатку 40-х гг. XIV ст. віцебскім князем быў Альгерд Гедзімінавіч. Віцебская зямля засталася непасрэдна пад яго ўладай і пасля 1345 г., калі Альгерд стаў вялікім князем літоўскім. 3 дзейнасцю Альгерда звязана ўзвядзенне магутнай сістэмы сярэднявечных абарончых умацаванняў Віцебска. Яна складалася з двух мураваных замкаў – Верхняга і Ніжняга. Іх будаўніцтва было завершана каля 1351 г. Агульная даўжыня мураваных сцен віцебскіх замкаў дасягала 1750 м.

Пад кіраўніцтвам Альгерда апалчэнне Віцебскай зямлі ўдзельнічала ў многіх вайсковых мерапрыемствах Вялікага княства Літоўскага. У 1341 г. віцябляне дапамагалі Пскову ў барацьбе супраць крыжацкай агрэсіі. У 1348 г. віцебскі полк удзельнічаў у крывавай бітве з рыцарамі Тэўтонскага Ордэна на рацэ Стрэве. У 1368, 1370 і 1372 гг. Альгерд збіраў свае войскі ў Віцебску перад паходамі на Маскву.

Пасля смерці Альгерда ў 1377 г. Віцебскае княства разам з вялікім княжаннем атрымаў у спадчыну яго сын Ягайла. У 1385 г., пасля заключэння Крэўскай уніі, Ягайла стаў польскім каралём і выехаў з Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым ён перадаў кіраванне Віцебскам сваёй маці – другой жонцы Альгерда – Ульяніі Цвярской. Пасля яе смерці, у пачатку 90-х гг. XIV ст., Ягайла вырашыў не аддаваць княства сваякам, прадстаўнікам роду Гедзімінавічаў, а зрабіў віцебскім намеснікам свайго сакольнічага Фёдара Вясну.

Такое рашэнне не задаволіла брата Ягайлы – князя Свідрыгайлу Альгердавіча, які сам разлічваў на віцебскі стол. У 1393 г. пры падтрымцы мясцовых баяр і гараджан, якія і пазней са спачуваннем адносіліся да яго, Свідрыгайла захапіў Віцебск і забіў Фёдара. Па просьбе Ягайлы ў паход на мяцежнага князя выправілася вялікае літоўскае войска на чале з Вітаўтам. Яно ўступіла на тэрыторыю Віцебскага княства, авалодала гарадамі Друцк і Орша і падышло да Віцебска. Сюды на дапамогу Вітаўту прыбыў таксама атрад са Смаленска. Выкарыстоўваючы магутныя ўмацаванні замкаў, віцябляне мужна абараняліся, аднак, пасля працяглай аблогі, яны вымушаны былі выдаць Свідрыгайлу Вітаўту і прызнаць уладу апошняга.

Вітаўт праводзіў палітыку цэнтралізацыі ўлады ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1393 г., пасля перамогі над мяцежным Свідрыгайлам, ён канчаткова зліквідаваў Віцебскае ўдзельнае княства і пачаў кіраваць гэтай тэрыторыяй праз сваіх намеснікаў. Аднак у яе ўнутраным жыцці змянілася няшмат.

Удзельны князь быў заменены намеснікам вялікага князя літоўскага. У XV–XVI стст. пры віцебскім намесніку па-ранейшаму функцыянаваў штат чыноўнікаў былога ўдзельнага князя – гараднічыя, цівуны, лоўчыя, сакольнічыя, канюшыя і г.д. Усе гэтыя пасады маглі займаць толькі мясцовыя баяры. Намеснік распараджаўся вядзеннем гаспадаркі ў дзяржаўных маёнтках на тэрыторыі Віцебскай зямлі (у першай палове XVI ст. такімі маёнткамі былі Лужасна, Ілемніца, Любашкава, Сялец). Ён сачыў за выкананнем павіннасцей і зборам падаткаў, з'яўляўся кіраўніком мясцовага апалчэння, камендантам віцебскіх замкаў, вярхоўным суддзёю на тэрыторыі падпарадкаванай яму акругі. У пачатку XVI ст. за віцебскім намеснікам замацаваўся тытул ваяводы. У сувязі з гэтым Віцебская зямля атрымала статус ваяводства.

У 60-я гг. XVI ст. ва ўсходняй частцы Віцебскага ваяводства ўзнік горад Сураж. Ён адносіцца да нешматлікай групы гарадоў Беларусі, якія паўсталі не ў выніку развіцця рамяства і гандлю, але дзякуючы вайне. Месца, на якім размешчаны Сураж, у гады Лівонскай вайны (1558–1583 гг.) мела важнае стратэгічнае значэнне. 3 паўднёвага боку тут упадае ў Дзвіну рака Каспля. За некалькі кіламетраў на ўсход ад горада Дзвіна прымае ў сабе яшчэ адзін прыток – Усвячу. Панаванне над гэтым месцам дазваляла кантраляваць значныя адрэзкі трох суднаходных рэк – Дзвіны, Касплі і Усвячы. Не пазней 1560 г. віцебскі ваявода Стэфан Збаражскі збудаваў тут замак, які быў названы Суражам. Ужо ў 1560 г. пад яго сценамі існавала гандлёва-рамеснае паселішча. У XVI–XVII стст. памежны Сураж так і не стаў буйным населеным пунктам. У 1772 г. тут пражывала ўсяго каля 600 чалавек. У XVII–XVIII стст. мястэчкамі – дробнымі паселішчамі гарадскога тыпу – былі Янавічы, Глазамічы і Княжыца.

У першай палове XVI ст. Віцебская зямля ізноў уступіла ў паласу частых ваенных ліхалеццяў. Актыўныя баявыя дзеянні на абшары нашага краю вяліся ў часе войн Вялікага княства Літоўскага з Расійскай дзяржавай 1500–1503, 1507–1508, 1512–1522 і 1534–1537 гг. Атрады расійскіх ваявод асаджалі Віцебск і спусташалі яго наваколлі ў 1502, 1513, 1515, 1516, 1518, 1535, 1536 гг., аднак на працягу ўсяго XVI ст. віцебскія замкі ні разу не былі імі здабыты.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Віцебскай зямлі ў гады Лівонскай вайны (1558–1583). Войскі расійскага цара Івана IV тройчы безвынікова асаджалі Віцебск у 1562, 1563, 1568 гг. Некалькі разоў іх нападам падвяргаўся таксама Сураж. Віцябляне ў сваю чаргу рабілі спусташальныя набегі на памежныя раёны Расійскай дзяржавы. У выніку пастаянных баявых дзеянняў уся паўночная частка Віцебскага ваяводства практычна абязлюдзела. Ацалелыя жыхары вёсак, размешчаных на поўнач ад Дзвіны, былі вымушаны ўцякаць пад ахову ўмацаванняў Віцебска і Суража. Доўгачаканы спакой прыйшоў на Віцебшчыну толькі пасля пераможных паходаў войск Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя на Полацк (1579 г.) і Вялікія Лукі (1580 г.).

Значныя страты і разбурэнні прынесла Віцебшчыне вайна Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. У сярэдзіне жніўня 1654 г. да Віцебска падышло расійскае войска ваяводы В. Шарамецьева і атрад украінскіх казакаў В. Залатарэнкі. Пачалася 14-тыднёвая аблога горада. Віцябляне актыўна абараняліся і часта рабілі вылазкі. У верасні войска В. Шарамецьева спрабавала штурмам захапіць горад, аднак віцябляне адбілі ўсе атакі нападаючых. У кастрычніку колькасць асаджаючых Віцебск расійскіх войск дасягнула 20 тысяч чалавек. У горадзе пачаўся голад, востра адчуваўся недахоп пораху. 2 снежня 1654 г. у выніку чарговага штурму Віцебск быў захоплены і спалены. У той жа дзень перад расійскімі войскамі капітуляваў гарнізон Суража. Насельніцтва Віцебска было часткова знішчана пад час аблогі і штурму, а часткова вывезена ў Расію. Акупацыя краю працягвалася 13 гадоў. У 1667 г. па ўмовах Андрусаўскага перамір'я Віцебск быў перададзены Рэчы Паспалітай.

Вайна 1654–1667 гг. мела катастрафічныя наступствы для эканомікі і дэмаграфіі рэгіёна. Калі ў пачатку 50-х гг. XVII ст. на землях Віцебскага павета пражывала больш за 80 тысяч чалавек, то ў 1667 г. на гэтай жа тэрыторыі засталося ўсяго каля 31 тысячы жыхароў. Такім чынам, за 13 гадоў вайны страты насельніцтва склалі больш за 61 % ад яго даваеннай колькасці. У час Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) Віцебск аказаў падтрымку польскаму каралю С. Ляшчынскаму, саюзніку шведскага караля Карла XII. Віцебскія мяшчане перадавалі яму значныя сумы грошай. За гэта 28 верасня 1708 г. па загаду расійскага цара Пятра I карны атрад на чале з капітанам Салаўёвым дашчэнту спаліў горад. Адкупіцца ўдалося толькі жыхарам Задзвінскага пасада.

Пастаянныя ваенныя разбурэнні ХVІ–ХVIII стст. прыводзілі да заняпаду эканомікі рэгіёна. Значныя сілы і сродкі неабходна было ўвесь час накіроўваць на аднаўленне разбуранай гаспадаркі.

 

Віцебскі павет у 2-й палове XVI cт.Вялікае Княства Літоўскае

 

Тэрыторыя Віцебскага павета была далучана да Расійскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.). 3 гэтага часу павет уваходзіў у склад Пскоўскай (з 1772 г.), Полацкай (з 1776 г.), Беларускай (з 1796 г.), Віцебскай (з 1802 г.) губерній. 3 увядзеннем у Расіі новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу тэрыторыя Віцебскага павета была значна паменшана: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі паветы. У склад Віцебскага павета ўваходзілі толькі сельскія пасяленні: 5 слабод, 9 цвінтароў, 14 сёл, 157 сяльцоў, 109 вёсак. Насельніцтва павета налічвала ў 1808 г. 38 627 чалавек.

Жыхары павета на працягу месяца пасля далучэння да Расіі прыводзіліся да прысягі. Прыгонных сялян запісалі за новай дзяржавай уласныя паны з паручыцельствам духавенства. Асобам, якія не жадалі прысягаць новай уладзе, было прапанавана ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу.

Вялікія цяжкасці выпалі на долю нашага краю ў час Айчыннай вайны 1812 г. Вайна пакінула на Віцебшчыне вялікія спусташэнні. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва, прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка, паменшылася пагалоўе жывёлы. У 1815 г. у Лужасне была пабудавана і асвечана мураваная царква Узвіжання Крыжа Гасподняга. Адпаведна з паданнямі, яе пабудавала ў адпаведнасці з даным абетам мясцовая памешчыца (верагодна, Рахіль Антонаўна Макавецкая) за тое, што ў час вайны яе сваякі засталіся жывыя.

У першай палове XIX ст. аснову эканомікі Віцебскага і Суражскага паветаў складала сельская гаспадарка. Вялікія зямельныя ўгоддзі належалі памешчыкам і дзяржаве. Як у памешчыцкіх, так і ў дзяржаўных маёнтках пераважала паншчынная сістэма гаспадарання. Становішча прыгонных і дзяржаўных сялян мала адрознівалася, бо дзяржаўныя маёнткі ў большасці здаваліся ў арэнду, а арандатары імкнуліся да хуткага ўзбагачэння і ўзмацнялі эксплуатацыю.

Значную частку прыбыткаў землеўладальнікам прыносіла земляробства. Віцебскія памешчыкі ў першай палове XIX ст. усё больш прыстасоўваліся да патрабаванняў рынку. Найбольш прыбытковымі таварнымі культурамі станавіліся жыта і бульба, якія служылі сыравінай для вінакурэння. Пашырыліся пасевы ільну, што ішоў на экспарт. У шэрагу маёнткаў сталі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала ў Віцебску з 1826 па 1841 г.

Урад імкнуўся палепшыць становішча сялян і павялічыць прыбытковасць дзяржаўных маёнткаў. У 1830–1850-я гг. была праведзена рэформа дзяржаўнай вёскі, ініцыятарам якой выступіў міністр дзяржаўных маёмасцей П. Д. Кісялёў. У ходзе рэформы была ліквідавана сістэма здачы дзяржаўных сялян у арэнду, павялічыліся сялянскія надзелы і зменшыліся памеры павіннасцей, паншчына была заменена чыншам. Павысіўся прававы статус дзяржаўных сялян. Праводзілася палітыка «апякунства» над сялянамі. Для дапамогі ім у неўраджайныя гады ў некаторых маёнтках ствараліся «збожжазапасныя магазіны», але ў большасці выпадкаў іх дапамогі было недастаткова, каб пракарміцца людзям і забяспечыць пасеў. Такія магазіны існавалі ў 1840-я гг. у вёсках Андронавічы, Паляі, Вялікія Лётцы, Мазалава, Котава, Мішуткі, Пышнякі і інш.

Прамысловасць Прыдзвіння была скіравана на перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны. Памешчыкі стваралі ў маёнтках прадпрыемствы, на якіх працавалі прыгонныя сяляне (вотчынныя мануфактуры). 3 часоў Рэчы Паспалітай пераважалі мукамольная і вінакурная вытворчасць. Вадзяныя млыны існавалі ў вёсках Лужасна, Мазалава, Абухава, Бялынавічы, Вялікае Любашкова (цяпер не існуе) і шэрагу іншых. Ветракі былі ў вёсках Заронава, Пляшкі і інш. У многіх вёсках, у тым ліку ў Бялынавічах, Валасове, Глазамічах, Сялютах, Доўжы, Заронаве, працавалі вінакурні. Многія памешчыкі будавалі ў сваіх маёнтках лесапільныя прадпрыемствы. Развівалася рамесная вытворчасць.

Існавалі сялянскія хатнія промыслы: кавальства, шавецтва, кравецтва і інш. Яны мелі сезонны характар. 3 дазволу або па патрабаванні памешчыка сяляне скіроўваліся ў адыходныя промыслы. Напрыклад, мужчыны вёскі Лужасна традыцыйна, яшчэ з XVI ст., былі плытагонамі. Сплаўлялі лес і жыхары вёсак Вялікія Лётцы, Мазалава, Хамякова, Шульцава. Падобны промысел быў развіты таксама на Суражчыне.

Традыцыйнай формай мясцовага гандлю быў кірмаш, які звычайна праводзіўся ў дзень храмавага свята вёскі. Бывала, што кірмашы збіраліся ў вёсцы два разы на год. Напрыклад, у вёсцы Курына гэта было 1 верасня і 1 кастрычніка, у вёсцы Старое Сяло – у дзень Троіцы і 8 верасня. Вялікія кірмашы праходзілі два разы на год у Янавічах. Жыхары вёсак, блізкіх да Віцебска, збывалі лішкі сваёй прадукцыі, а таксама яйкі і ягады ў губернскім цэнтры.

У 1861 г. урадам была праведзена аграрная рэформа, якая ліквідавала прыгон і адкрывала шлях для развіцця капіталізму.

Прыгонныя сяляне адразу атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы. Яны маглі несці асабістую адказнасць перад судом, заключаць пагадненні, у тым ліку маёмаснага характару, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, паступаць у навучальныя ўстановы, пераходзіць у іншыя саслоўі. У сельскай мясцовасці ўводзілася новая сістэма кіравання, заснаваная на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб.

Памешчыкі захавалі ўласнасць на зямлю, што належала ім да рэформы. Сяляне павінны былі выкупіць палявы надзел, які знаходзіўся ў іх карыстанні. Да правядзення выкупной аперацыі яны лічыліся "часоваабавязанымі" і за карыстанне зямлёй павінны былі адпрацоўваць паншчыну або плаціць чынш. У Віцебскай губерні за вышэйшы надзел (4–5,5 дзесяцін) паншчына складала 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён у год; чынш – 8 руб. у год.

Аднак пасля аграрнай рэформы 1861 г. на вёсцы захоўваліся перажыткі феадалізму: буйное памешчыцкае землеўладанне, адпрацоўкі, цераспалосіца, сервітуты. Усё гэта было ўласціва і для Віцебшчыны. У Віцебскай губерні буйнапамесным гаспадаркам належала больш за 30 % зямлі. Так, на мяжы ХІХ–ХХ ст. заронаўская графіня Забела валодала больш чым 4 тыс. дзесяцін. У Лужасне і Шалыгах памешчыцы Краснадземскай належала звыш 2 тыс. дзесяцін.

У парэформенны час аснову прамысловасці Віцебскага павета складала дробнатаварная вытворчасць, прадстаўленая сялянамі-саматужнікамі і рамеснікамі разнастайных спецыяльнасцей (пекарамі, краўцамі, шаўцамі, кавалямі, ганчарамі, слесарамі і інш.). Дробныя вотчынныя мануфактуры, што існавалі ў павеце, ператвараліся ў капіталістычныя, пашыралі выкарыстанне наёмнай працы. У 1863 г. на млыне ў Мазалаве працавалі 11, а ў Лужасне – 10 наёмных рабочых. На 1892 г. у Віцебскім павеце і заштатным горадзе Суражы пераважалі мукамольныя прадпрыемствы, якіх налічвалася 29. Дзейнічалі таксама 10 цагельных, 5 гарбарных, 3 вінакурных, 2 аўчынных і 1 кафлянае прадпрыемствы.

З'явіліся ў Віцебскім павеце і новыя для яго галіны вытворчасці. У 1866 г. у вёсцы Падзародная Слабада (цяпер не існуе) быў заснаваны мылаварны завод. Вядомы ва ўсёй Расійскай імперыі шклозавод быў створаны ў 1860-я гг. у маёнтку Ноўка (зараз – Гарадоцкі раён). 3 1884 г. завод вырабляў бутэлькі, лямпы, лямпавае шкло, а з 1910 г. – посуд і рэзервуары.

Сельскагаспадарчая сыравіна перапрацоўвалася і на прадпрыемствах Віцебска, у прыватнасці, на піваварным заводзе акцыянернага таварыства «Левенбрэй» і льнопрадзільнай фабрыцы «Дзвіна».

Важную ролю ў другой палове XIX ст. захоўваў водны гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне, на якім пашырылася выкарыстанне параходаў. Але яго значэнне зніжалася са з'яўленнем чыгунак. Так, калі ў 1859–1862 гг. па гэтым шляху ў Віцебскай губерні грузілася штогод у сярэднім 7 млн. пудоў тавараў (каля 3 млн. пудоў зерня, а таксама льняное і канаплянае семя, пянька, лён), то на 1876 г. грузаў стала ў 4 разы менш у сувязі з адкрыццём Рыга-Арлоўскай чыгункі, якая прайшла праз Віцебск у другой палове 1860-х гг. 3 1902 г. пачала дзейнічаць Пецярбургска-Адэская магістраль, якая таксама не абмінула губернскі горад.

Віцебскі павет уступіў у XX ст. у складзе 15 валасцей, аб'яднаўшы крайнія паўночна-ўсходнія землі Віцебшчыны. У складзе павета акрамя павятовага г. Віцебска былі заштатны г. Сураж, м. Калышкі і Янавічы. Паводле першага Усерасійскага перапісу (1897) тэрыторыя павета складала 2 861,1 кв. вярсты, насельніцтва звыш 177 тыс. чалавек, у тым ліку беларусы складалі 51 %, яўрэі – 22 %, рускія – 20 %, палякі – 3 %, латышы – 2 %.

Рэвалюцыйныя падзеі пачатку XX ст. захапілі і Віцебшчыну. У 1905 г., у час першай расійскай рэвалюцыі пракаціліся забастоўкі рабочых на прадпрыемствах г. Віцебска і павета, хваляванні сялян. Адбыліся сутыкненні з войскамі, у выніку якіх гінулі людзі, як гэта адбылося ў кастрычніку 1905 г. у Віцебску. 3 1906 г. пачала ажыццяўляцца знакамітая Сталыпінская рэформа, закліканая спрыяць ліквідацыі рэшткаў прыгонніцтва і далейшай капіталізацыі сельскай гаспадаркі.

Яна пачалася і ў Віцебскім павеце. Мэтамі рэформы была ломка сярэдневяковых форм сялянскага землекарыстання, а таксама фарміраванне класа сельскай буржуазіі з заможнага сялянства, які б стаў апорай самадзяржаўя. Асноўнымі кірункамі рэформы былі: разбурэнне сялянскай абшчыны; хутарызацыя; правядзенне комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў; перасяленне сялян у малазаселеныя раёны Расійскай імперыі.

Адпаведна з указам 9 лістапада 1906 г. кожны селянін, які меў у карыстанні абшчынную зямлю, мог патрабаваць выхаду з абшчыны і замацавання зямлі ў прыватную ўласнасць. У 1910 г. выхад з абшчыны стаў абавязковым. Сяляне з ахвотай ішлі на выдзяленне свайго надзелу зямлі з абшчыны і адсяленне на хутар. Хутарская сістэма земляробства адпавядала прыродна-кліматычным умовам Віцебскага павета, бо тут адсутнічалі вялікія палі, значную частку зямлі займалі лясы і балоты. У Віцебскай губерні працэс выхаду з абшчыны ішоў хуткімі тэмпамі.

Да 1915 г. з абшчыны выйшлі 28,9 % усіх абшчыннікаў, што было адным з самых высокіх паказчыкаў па ўсёй Расіі.

На стварэнне моцнай прыватнай зямельнай уласнасці было накіравана насаджэнне хутарскіх і водрубных гаспадарак. У Віцебскім павеце першыя хутары з'явіліся яшчэ ў XIX ст. Яны ствараліся перасяленцамі з Прыбалтыкі. Да лютага 1908 г. на хутарскія ўчасткі ў Віцебскім павеце перайшла частка насельніцтва 89 вёсак. Тэмпы хутарызацыі ў нашым краі, у параўнанні з агульнабеларускімі, былі вышэйшымі. На хутарскую гаспадарку прыходзілася ў сярэднім 8,5 дзесяцін зямлі.

Для паляпшэння эфектыўнасці гаспадарання ўрадавымі, земскімі і кааператыўнымі ўстановамі праводзіўся комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў. Для дапамогі хутаранам ствараліся сельскагаспадарчыя склады, пракатныя і ветэрынарныя пункты, арганізоўвалася грашовая дапамога і выдача пазык для закупкі тэхнікі, ладзіліся мерапрыемствы па прапагандзе агранамічных ведаў.

Значны ўклад у павышэнне аграрнай культуры і развіццё сельскай гаспадаркі ўнеслі Віцебскае губернскае і павятовыя земствы, якія з'явіліся ў 1911 г. Дзякуючы дзейнасці земстваў, колькасць аграномаў у губерні ўзрасла за 1908–1913 гг. з 3 да 169. У 1913 г. у Віцебскім павеце існавала 6 пракатных станцый, дзе меліся сельгасмашыны і прылады. Перыядычна на сродкі Віцебскага павятовага земства ладзіліся сельскагаспадарчыя выставы, разнастайныя агранамічныя і жывёлагадоўчыя курсы.

Састаўной часткай сталыпінскай рэформы стала перасяленчая палітыка. Значная колькасць перасяленцаў з Віцебскага павета выехала ў Сібір у 1908 г.

Прамысловасць павета ў асноўным была прадстаўлена саматужна-рамеснымі промысламі. У 1902 г. галоўныя даходы ў галіне саматужных промыслаў (палову ад агульнай сумы) у Віцебскім павеце прыносіла апрацоўка дрэва: у павеце вырабляліся сані, калёсы, брычкі, драўляны посуд, лодкі і іншыя тавары. Ажыццяўлялася гонка дзёгцю, выпальванне вапны, у Рубе і ваколіцах меліся саматужныя промыслы па здабычы і абпальванню вапняку.

У самым пачатку XX ст. пачалося грунтоўнае асваенне буйнога месцанараджэння даламіту ў Вярхоўі і Рубе. Тут былі ўзведзены дзве падлогавыя і адна Гофманаўская печы. Праца рабочых, занятых на здабычы і абпальванні вапняку, была вельмі цяжкай. Усе асноўныя аперацыі выконваліся ўручную: парода адбівалася ламамі, кіркамі, кувалдамі, затым грузілася і на ручных тачках дастаўлялася да печаў.

Буйным прадпрыемствам з'яўляўся ўжо вядомы нам шклозавод Ноўка. У 1903 г. ён выпусціў прадукцыі больш чым на 75 тыс. руб. У 1913 г. на базе прадпрыемства было заснавана акцыянернае таварыства шкляных, крышталёвых і лесапільных заводаў «Заходняя Дзвіна», у якое ўвайшоў таксама і лесапільны завод маёнтка Ноўка. У 1913 г. у Ноўцы працавала 500 рабочых і выраблялася прадукцыі на 300 тыс. рублёў.

На прадпрыемствах Віцебска, у прыватнасці, на піваварным заводзе акцыянернага таварыства «Левенбрэй» і льнопрадзільнай фабрыцы «Дзвіна», перапрацоўвалася сельскагаспадарчая сыравіна.

3 пачаткам першай сусветнай вайны Віцебскі павет, як і ўся губерня, быў аб'яўлены на ваенным становішчы, а з восені 1915 г. Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціўся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваенныя ўстановы, шпіталі, а гарнізон горада дасягнуў 40 тыс. ваеннаслужачых. 3 1916 г. у Віцебску і акрузе асела вялікая колькасць бежанцаў з акупіраваных германскімі войскамі раёнаў Прыбалтыкі.

У перыяд другой паловы XIX – пачатку XX стст. у Віцебскім павеце працавалі народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія школы і школы граматы. Асноўны змест палітыкі расійскага ўрада складала барацьба з польска-каталіцкім уплывам і русіфікацыя, адным з дзейсных сродкаў якой была адукацыя. У навучанні выкарыстоўвалася толькі руская мова.

У Віцебскім павеце народныя вучылішчы дзейнічалі з пачатку 1860-х гг. у вв. Пышнякі (1862 г.), Сялюты (з 1863 г.), Бабінічы (1864 г.), Старое Сяло (1865 г.). 3 1872 г. Суражская школа была перайменавана ў гарадское народнае вучылішча з дзвюма ступенямі навучання.

У губернях з пераважна праваслаўным насельніцтвам, да якіх адносілася і Віцебская, ствараліся ў першую чаргу царкоўнапрыходскія школы. У Віцебскім павеце падобныя школы былі створаны ў 1862 г. у в. Будзіслава, у 1863 г. у в. Лужасна, у 70-я гг. – у вв. Глазамічы і Шалыгі. У 1880-я гг. яны з'явіліся ў мяст. Янавічы, вв. Пышнякі, Любашкава, Астраўскія, Зазыбы. У 1896 г. у павеце працавала 30 царкоўнапрыходскіх школ. У канцы XIX – пачатку XX стст. былі пабудаваны царкоўнапрыходскія школы пры храмах у вв. Заронава (1893 г.), Бабінічы (1899 г.), Пышнякі (1900 г.), Старае Сяло (1901 г.), Сялюты (1904 г.), Астраўскія (1905 г.), Полцева (1907 г.), Янавічы (1908 г.).

Існавалі таксама школы граматы, падпарадкаваныя царкоўнаму ведамству, якія давалі элементарныя навыкі чытання і пісьма.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Витебский повет // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.:Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн имя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн.. – Кн. 1. – С. 231–232.

2. Віцебская зямля ў XIII–XVIII стст. // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 75–106.

3. Газин, Д. Был и на Лужеснянке свой каскад... / Д. Газин // Витьбичи. – 2001. – 2 авг. – С. 16.

4. Зямля нашых продкаў // Памяць : Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 21–106.

5. Крывёнак, М. Калі ж узыдзе зорка шчасця? Ці добра жылося беларусу ў польскай і расійскай дзяржавах / М. Крывёнак // Віцебскі рабочы. – 1992. – 29 кастр. – С. 3.