Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Віцебскі раён

arrow Гарадзішча каля вёскі Баронікі

Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, на левым беразе р. Лучоса. Узвышаецца над поймай ракі на 20 м. Пляцоўка авальная, памерам 74x42 м. 3 захаду і ўсходу працякаюць 2 ручаі, з поўначы – рака. Уваход на гарадзішча з паўднёвага боку. Спачатку гарадзішча не мела штучных умацаванняў, пазней насыпаны невысокі вал. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі 0,2–0,3 м, з паўночнага боку 0,9 м. Выяўлены ямы ад жытлаў слупавой канструкцыі, знойдзены жалезны нож з гарбатай спінкай, 2 каменныя клінападобныя сякеры, гліняная прасліца, жалезная сякера скіфскага тыпу, тачыльны брусок, каля 200 кавалкаў глінянага посуду, бронзавая скроневая падвеска V–IV стст. да н. э. і скарб з трох драцяных бронзавых скроневых кольцаў VI–VII стст., якія мелі па 2 трапецападобныя падвескі. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца V ст. да н. э. – IV–V стст. н. э. Магчыма, у VI –VIII стст. выкарыстоўвалася як сховішча.

arrow Гарадзішча каля вёскі Дрыколле

Мае мясцовую назву «Царкавішча». Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі. Пляцоўка памерам 35x45 м, умацавана валам вышынёй 2–2,5 м і ровам глыбінёй 1,5–2 м. Уваход з паўднёвага боку.

arrow Гарадзішча каля вёскі Зайцава

Знаходзіцца каля вёскі, на левым беразе р. Каспля пры ўпадзенні ў яе ручая, на мысе вышынёй 30 м. Пляцоўка трохвугольнай формы, даўжыня бакоў каля 50–60 м. 3 боку поля – рэшткі вала вышынёй 1,5 м.

arrow Гарадзішча каля вёскі Канькі

Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Цербахунь. Займае выспу (вышыня да 5 м) правага берага р. Заходняя Дзвіна. Пляцоўка памерам 40x60 м, паўднёвая частка размыта ракой. Умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі: адзін вал – вакол пляцоўкі, другі і трэці – на схіле. Вышыня валоў 3,5, 2 і 1,5 м, глыбіня равоў 1,5–2 м. Пляцоўка занята могілкамі, зарасла хмызняком, хвоямі. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца II ст. да н. э. – III ст. н. э.

arrow Гарадзішча каля вёскі Лужасна

Знаходзіцца каля вёскі, за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад скрыжавання Ленінградскай шашы і дарогі, якая вядзе да Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, на краі выспы, абкружанай з усіх бакоў балотам (уваход ёсць толькі з паўночнага боку, праз селішча). Пляцоўка авальная, памерам 50x45 м, вышынёй 15–20 м, добра ўмацавана 2 падковападобнымі валамі вышынёй 4–6 м: адзін – на краі пляцоўкі, другі – на схіле гарадзішча. Вядома з 1873 г. Знойдзены кавалкі ляпнога посуду, 2 жалезныя сярпы, 3 нажы, бронзавыя ўпрыгожанні. Гарадзішча датуецца раннім жалезным векам і 3-й чвэрцю 1-га тысячагоддзя н. э., адносіцца да днепра-дзвінскай і тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны культур.

arrow Курган каля вёскі Дземяхі

Вядомы пад назвай Валатоўка. Знаходзіцца за 1,5 км на ўсход ад вёскі, у бары каля лясной дарогі. У плане чатырохвугольны, памерам 12x14 м, вышынёй 1,8 м, вакол насыпу раўкі.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Бараўляны

Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на ўзвышаным беразе невялікага ручая, каля дарогі ў в. Буяны. Складаецца з 15 курганоў вышынёй 1–3 м, дыяметрам 8–20 м. 14 насыпаў у плане круглыя, 2 – падоўжаныя.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Вароны

Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на беразе воз. Палонскае. 3 курганы вышынёй 3,5 м, дыяметрам 15 м.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Лебартова

Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у вярхоўях р. Віцьба. Мае выгляд 6 круглых у плане курганоў вышынёй 2,5–3,5 і дыяметрам 10–12 м.

arrow Селішча каля вёскі Лужасна

Прымыкае да гарадзішча з паўночнага боку. Памер 150x35 м. У культурным пласце каля 1 м выяўлены рэшткі жытла (4x5 м), крыху паглыбленага ў грунт, з печчу-каменкай (1x2 м, вышынёй 0,6 м), каля якой знаходзілася шмат ляпной керамікі, гліняная прасліца. Селішча датуецца 3-й чвэрцю 1-га тысячагоддзя н. э., адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны.

arrow Селішчы каля вёскі Кузьмянцы

Селішча-1. Знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, на правым беразе р. Лучоса, ва ўрочышчы Царкавішча. Пляцоўка памерам 40x60 м абкружана ярамі. Культурны пласт 0,4 м. Сабрана ганчарная кераміка.

Селішча-2. Знаходзіцца за 0,4 км на поўнач ад урочышча Царкавішча, сярод перасечанай ярамі мясцовасці, каля вусця р. Сухадроўка. Плошча каля 2 га. Культурны пласт 0,4 м. Сабрана ганчарная кераміка.

Селішча-3. Знаходзіцца побач з Селішчам-2 каля вусця р. Сухадроўка. Займае плошчу да 2 га. Селішчы адносяцца да перыяду феадалізму.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Лятохі

Знаходзіцца каля вёскі, у лесе, уздоўж дарогі. Складаецца з 14 курганоў вышынёй 1,5–2,5 м, дыяметрам 12x14 м. Адзін курган валападобны (даўжыня 70 м, шырыня 1 м, вышыня 1,5 м). Каля падножжа насыпу – глыбокія раўкі. Могільнік датуецца 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя н.э.

arrow Гарадзішча каля вёскі Мяклава

Знаходзіцца за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Любашкова, на астанцы тэрасы правага берага р. Лучоса. Вышыня астанца 10 м. Пляцоўка авальная, памерам 56х46 м. На схіле знаходзіцца вал вышынёй 3–3,5 м і роў глыбінёй 0,4 м. Знойдзены ляпная гладкасценная кераміка і посуд, паверхня якога пакрыта штрыхоўкай. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.

За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе р. Лучоса, паміж 2 ярамі. Памеры 150x150 м. Знойдзена ляпная і ганчарная кераміка.

На тэрыторыі селішча 6 круглых у плане курганоў і 3 насыпы вышынёй 2–2,5 м, дыяметрам да 15 м. Вышыня астатніх 0,8–1 м, дыяметр 10–12 м.

arrow Гарадзішча каля вёскі Раніна

Знаходзіцца за 4 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Вымнянка, ва ўрочышчы Жаўнерава, на гары (вышыня 20 м), якая абкружана балотам. Пляцоўка амаль круглая памерам 46x40 м. На схілах гары 2 валы і 2 равы. Знойдзены ляпны посуд. Помнік датуецца VI–VIIIстст. н. э., адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Раніна

Знаходзіцца за 1,8 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Вымнянка, на краі поля. Складаецца з 3 курганоў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам 10–12 м.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Сакольнікі

Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, паміж пагоркамі, ва ўрочышчы Кахоўка (былы маёнтак). Мае 57 насыпаў вышынёй 1 – 1,5 м, дыяметрам 5 – 7 м. Могільнік належаў крывічам.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Саўчонкі

Знаходзіцца каля гравійнай дарогі, якая ідзе на захад ад вёскі, у лесе. Мае 6 курганоў (2 добра захаваліся, 4 пашкоджаны ямамі) вышынёй 1–3 м, дыяметрам 8–12 м.

arrow Гарадзішча каля вёскі Старое Сяло

Знаходзіцца за 2,5 км на поўдзень ад вёскі, на мысе правага берага Заходняй Дзвіны. Пляцоўка памерам 30x70 м, вышыня над поймай 20 м, з боку поля ўмацавана валам вышынёй каля 1,2 м. У траншэі даўжынёй 11 м і шырынёй 3 м выяўлены культурны пласт 0,5–1 м, у ім знойдзены ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка, 2 жалезныя нажы, абломак жалезнай дужкі, косці жывёл. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца III–IV стст.

arrow Селішча каля вёскі Старое Сяло

Знаходзіцца з заходняга боку гарадзішча. Памер 200x50 м. Знойдзеная ў агаленнях кераміка дазваляе аднесці помнік да 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э.

arrow Курганныя могільнікі каля вёскі Старое Сяло

Знаходзіцца на тэрыторыі селішча. Мае 16 насыпаў, з іх 2 доўгія. Вышыня круглых у плане курганоў 1,5 м, дыяметр 8–10 м, даўжыня доўгіх курганоў 20–25 м, шырыня 8–10 м, вышыня 2,5 м. Курганы датуюцца IX–X стст., належалі крывічам.

Знаходзіцца за 1 км ад вёскі. Захаваліся 3 насыпы (2 на полі, 1 у лесе) вышынёй 1–1,5 м, дыяметрам 8–10 м. Датуецца помнік 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя н. э.

Знаходзіцца за 1,8 км на ўсход ад вёскі, у лесе, за дарогай. Мае 12 насыпаў вышынёй 1,8–2 м, дыяметрам 10–14 м.

arrow Замчышча каля гарадскога пасёлка Сураж

Знаходзіцца на мысе пры зліцці рэк Заходняя Дзвіна і Каспля. Пляцоўка трохвугольнай формы, памерам 60x50 м. 3 усходу яна ўмацавана ровам, з паўднёвага і паўночнага бакоў абкружана рэкамі. У абрыве культурны пласт да 1,5 м. На адлегласці 200 м ад зліцця рэк захаваліся рэшткі другога рова, які аддзяляў вакольны горад. Знойдзены фрагменты керамікі IX–X стст., шыферныя прасліцы, кераміка XI–XIII стст. і больш позняга часу, сякера, замок, ключ XIVст. Выяўлены рэшткі абарончых драўляных збудаванняў.

arrow Курганны могільнік каля вёскі Хатоля

Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на берагах Заходняй Дзвіны. Мае 2 курганы на правым беразе ракі, трэці – насупраць, на левым беразе. Вышыня аднаго 2,5–3 м, дыяметр 25 м, другога – вышыня 1,5–2 м, дыяметр 20–25 м.

arrow Гарадзішча каля вёскі Шапуры

Знаходзіцца ў вёсцы, на правым беразе р. Лучоса, на гары вышынёй 20 м, за 0,3 км на ўсход ад інтэрната інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Пляцоўка круглая, дыяметрам 18 м.

arrow Селішча каля вёскі Шапуры

Знаходзіцца з заходняга боку гары, на якой знаходзіцца гарадзішча. У культурным пласце 0,4 м знойдзена ляпная і ганчарная кераміка. Адносіцца да ранняга жалезнага веку і раннефеадальнага часу.