Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рамёствы. Дубровенскі раён

Як і любы іншы куток Беларусі, дубровенская зямля не абдзелена майстрамі ў галіне дрэваапрацоўкі, пляцення, кавальства, ткацтва і іншых традыцыйных рамёстваў і промыслаў. Бытавалі яны і як вясковыя заняткі для задавальнення ўласных бытавых патрэб, і як высокаразвітыя гарадскія і местачковыя рамёствы, што арыентаваліся на агульнаеўрапейскія дасягненні ў галіне тэхналогіі і мастацкіх стыляў. Пераканаўчае сведчанне гэтага – прозвішчы канкрэтных майстроў з Дуброўна, якія ў другой палове XVII ст. у выніку руска-польскай вайны апынуліся ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выконвалі заказы царскага двара. Несумненна, што гэта былі выдатныя майстры, якія з годнасцю прадстаўлялі рамёствы ўсходняй часткі Беларусі. Сярод іх сталяры-разьбяры Фёдар Мікалаеў і Герасім Акулаў, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве і аздабленні славутага Каломенскага палаца, майстры-металаапрацоўшчыкі Фёдар Гаўрылаў, Купрыян Пятроў і інш. Толькі ў Мяшчанскай слабадзе Масквы пражывала больш за 20 майстроў з Дуброўна, сярод іх кавалі, сярэбранікі, пераплётчыкі, печнікі, кушняры і інш. Пераняўшы і перапрацаваўшы на мясцовы лад заходнееўрапейскія дасягненні ў галіне тых ці іншых рамёстваў, яны прынеслі іх у Маскоўскую дзяржаву.

Традыцыйныя народныя рамёствы і промыслы мелі характар, тыповы для Верхняга Падняпроўя. Народныя майстры – сталяры, цесляры, разьбяры, бондары, токары, кавалі, пляцельшчыкі, ткачыхі і інш. – з недарагіх, шырокадаступных матарыялаў стваралі самыя розныя бытавыя рэчы, прылады працы, транспартныя сродкі і іншыя неабходныя ў паўсядзённым ужытку вырабы, якія ў большасці выпадкаў вызначаліся характэрнымі не толькі для Дубровеншчыны, колькі для ўсяго Падняпроўя, а нярэдка – і ўсёй Беларусі, асаблівасцямі.

У XIX – пачатку XX ст. Дубровенскі строй стаў традыцыйным комплексам беларускага народнага адзення тэрыторыі Падзвіння і Смаленшчыны.

Пэўнай адметнасцю вызначылася ганчарства, якое бытавала ў выглядзе шырокаразвітага промыслу, канцэнтравалася ў асобных ганчарных цэнтрах, паблізу якіх былі залежы прыдатнай для заняткаў рамяством гліны. На Дубровеншчыне гэта былі Дуброўна і Ляды.

Найбольш ранняе дакументальнае ўпамінанне пра Дуброўна як ганчарны цэнтр адносіцца зноў жа да сярэдзіны XVIІ ст. у сувязі з дзейнасцю беларускіх майстроў у Маскоўскай дзяржаве. Сярод пасяленцаў Ганчарнай слабады ў Маскве згадваюцца ганчары Кірыла Паўлаў і Ігнат Іваноў з Дуброўны. Відаць, ужо тады горад быў досыць значным ганчарным цэнтрам. 3 чырвонай гліны рабілі бытавы посуд задымлены, тэракотавы, паліваны з размалёўкай і без яе, а таксама цацкі-свістулькі (коцікі, лялькі, мядзведзікі і інш.). Збывалі вырабы на месцы і перапраўлялі па Дняпры на кірмашы Расіі і Украіны.

У канцы XIX ст. Дуброўна падзяліла лёс іншых гарадскіх ганчарных цэнтраў, керамічная вытворчасць у якіх значна знізіла свой узровень. Да таго ж, з пракладкай новых шляхоў зносін страціў сваё былое значэнне важны шлях праз паселішча. Не дзіва, што Дуброўна як ганчарны цэнтр нават не згадваецца ў дарэвалюцыйных выданнях. I толькі статыстычныя звесткі за 1926 г. называюць лік мясцовых ганчароў – 20 чалавек.

У пасляваенны час у Дуброўна ганчарствам займалася ўсяго некалькі майстроў.

Найбольш цікавую старонку Дубровенскага ганчарства складае гліняная цацка, якая захоўвала сваю самабытнасць да 60-х гг. XX ст. Па ўспамінах старажылаў, у пачатку стагоддзя промысел па вырабу цацак быў развіты досыць шырока, іх цэлымі партыямі сплаўлялі па Дняпры ў Оршу, Смаленск, некаторыя майстры са сваім таварам траплялі нават у Пецярбург.

У пасляваенны час промыслам займалася толькі Ганна Марачова (1887–1976). У творчасці яе праявіліся лепшыя і надзвычай даўнія традыцыі гэтага рамяства.

Дубровенскія цацкі ёсць у калекцыях музеяў Пецярбурга і Мінска.

Таксама ў г. Дуброўна дзейнічае раённы Дом рамёстваў.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Булычёва, В. Мастера ремёсел / В. Булычёва // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2016. – 1 кастр. – С. 6.

2. Вярбіцкая, В. Ружы Лідзіі Леанідаўны Петрачэнкі / В. Вярбіцкая // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2001. – 5 мая. – С. 2.

3. Дудараў, Л. Дываны сваімі рукамі / Л. Дудараў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2003. – 28 чэрв. – С. 4.

4. Івашкевіч, Я. Чароўны крыжык замест лякарства / Я. Івашкевіч // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2005. – 6 студз. – С. 3.

5. Красоўская, А. Народнае перажывае вякі / А. Красоўская // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2005. – 30 крас. – С. 2.

6. Лебедева, О. Дубровенской мастерицей впору гордиться / О. Лебедева // Витебские вести. – 2016. – 6 февр. – С. 9.

7. Пастернак, Т. Когда пауки – к счастью: древний вид народного творчества возродили в Дубровенском районе / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2014. – 23 авг. – С. 13.

8. Пучкова, К. Залатыя «залежы», або Як захапленне стала прафесіяй / К. Пучкова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2007. – 19 верас. – С. 2.

9. Пучкова, К. Народная ўмеліца / К. Пучкова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2007. – 6 студз. – С. 3.

10. Церашкова, В. Стварае выраб адмысловы майстра ўмелая рука... / В. Церашкова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2008. – 1 сак. – С. 7.

11. Ягорава, В. Крама рукачынных цудаў у кантэксце раённых інавацый / В. Ягорава // Культура. – 2008. – 27 снеж.– 2 студз. – С. 14–15.