Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Лепельскі раён. Пасляваенны перыяд

 

Адразу пасля вызвалення горада там пачалі дзейнічаць органы савецкай улады. Першыя рашэнні Лепельскага райвыканкама былі накіраваны на ўлік маёмасці, прадуктаў харчавання і жывёлы, на арганізацыю дзяржзакупак збожжа і бульбы, на мабілізацыю працаздольнага насельніцтва на аднаўленчую працу. Аднаўлялася таксама работа выканкамаў сельскіх Саветаў.

Усё працаздольнае насельніцтва пачало адбудоўваць горад.

Першым стаў працаваць хлебазавод. Ужо на сёмы дзень пасля вызвалення ён даў першую прадукцыю, і да пачатку 1945 г. хлебапрадукцыя ўзрасла да 10 тон у суткі. Услед за хлебазаводам запрацавалі млын, электрастанцыя. Прамысловаць раёна аднаўлялася хуткімі тэмпамі. Да 1 верасня 1944 года пачалі дзейнічаць будзавод, вапнавы, цагельны, смалакурны заводы, прамкамбінат, кавальска-калёсная майстэрня, ганчарная арцель.

Сярод руін будзавода, некалі буйнейшага прадпрыемства раёна, знайшлася старая піларама і лакамабіль, якія настроілі і пусцілі ў ход. Так быў арганізаваны лесацэх, які выдаваў 12 кубаметраў піламатэрыялаў пры кругласутачнай рабоце.
На цагельным заводзе была адрамантавана печ абпалу ёмістасцю 85 штук цаглін. Калектыў торфазавода рапартаваў аб датэрміновым адкрыцці сезона 1945 года. Пачала выпуск прадукцыі адна печ вапнавага завода прамарцелі «Першае Мая». Райпрамкамбінат і прамарцель арганізавалі выраб бочак, хатняга посуду, колаў, апрацоўку скур.

Райпрамкамбінат пачаў працаваць у горадзе з 1945 года. У яго падпарадкаванні знаходзіліся будзавод, млын, кузня, цагельны завод «Раўнянка» і Свядзіцкі цагельны завод. На будзаводзе выраблялі рамы, дзверы, шафы для адзення, канапы, бытавыя інструменты. На райпрамкамбінаце рамантавалі сельгасінвентар. Прадукцыя прадпрыемства карысталася вялікім попытам у насельніцтва і шырока разыходзілася за межы раёна.

У пачатку 1945 года ўзнавіла работу арцель «Пралетарская перамога».

На трох адноўленых МТС і МТМ было толькі 18 трактароў і 3 грузавыя машыны. На 1 красавіка 1945 года на фермах калгасаў раёна налічвалася 1787 галоў буйнай рагатай жывёлы, 1,5 тыс. авечак, 1,2 тыс. свіней. Калгаснікі прыводзілі ў парадак запусцелыя за гады вайны палі і лугі, адбудоўвалі гаспадарчыя памяшканні.

У жніўні 1945 г. у Лепелі пачала дзейнічаць аўтатранспартная кантора, у якой мелася 15 аўтамашын ГАЗ-51. Яна абслугоўвала ўстановы і прадпрыемствы па перавозцы розных грузаў і будаўнічых матэрыялаў. Праз паўгода адкрылася маршрутная лінія Лепель–Камень. Спачатку па ёй курсіравалі грузавікі, пераабсталяваныя пад аўтобусы. З цягам часу гаспадарка развівалася, папаўнялася новай тэхнікай.

На 1 студзеня 1945 г. насельніцтва раёна складала 36668 чалавек, у тым ліку 4168 гарадскога і 32 тысячы сельскага.

У пачатку 1946 г. была адноўлена чыгунка Орша–Лепель.

Нягледзячы на вялікія цяжкасці, своечасова пачаўся новы 1944–1945 навучальны год. Было адноўлена 12 школьных будынкаў. Да 1 мая 1945 г. у раёне дзейнічала 77 школ, колькасць вучняў складала 6987, настаўнікаў – 180.

За 1944–1948 гг. на будаўніцтва жылля ў Лепельскім раёне дзяржава выдзеліла 112000 куб. м. лесу, 243000 руб. крэдыту. Усяго па раёне было адрамантавана і пабудавана 1310 дамоў.

У сельскай гаспадарцы адбывалася ўзбуйненне калгасаў. Так, са 109 калгасаў у 1950 г. утварыліся 43 у 1951 г.

На 1 студзеня 1951 г. у раёне налічвалася 13 сельскіх саветаў, 1 саўгас, 43 калгасы, 8010 уласных гаспадарак калгаснікаў, 926 гаспадарак рабочых і служачых. Пасяўная плошча пад ураджай 1951 г. па калгасах складала 25313 га. МТС мелі ў наяўнасці 80 трактароў.

Стан жывёлагадоўлі на 1 студзеня 1951 г. па калгасах складаў: буйнай рагатай жывёлы – 8190, у тым ліку 1570 кароў, 3495 коней, 3055 свіней; 6360 авечак і коз, 5387 птушак.

Першую пасляваенную пяцігодку прамысловасць раёна адзначыла добрымі вытворчымі і фінансавымі паказчыкамі. Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, цэглы, вапны, харчовай прадукцыі і здабычы торфу пераўзышла даваенны ўзровень. Праводзілася значная работа па радыёфікацыі і сувязі. Усяго ў горадзе і на вёсцы былі радыёфікаваны 900 дамоў, тэлефанізаваны 3 калгасы.

У верасні 1952 г. пушчаны ў эксплуатацыю льнозавод у Лепелі.

У 1953 годзе на ўскраіне Лепеля пачалося будаўніцтва агароднінасушыльнага завода. Быў узведзены вытворчы корпус, працягваліся работы па ўзвядзенні сховішча для агародніны. Пачалося ўзвядзенне Лепельскай гідраэлектрастанцыі.

2 ліпеня 1958 г. для ўзмацнення дапамогі РТС калгасам і саўгасам Лепельскую міжраённую майстэрню капітальнага рамонту рэарганізавалі ў Лепельскі рамонтны завод. Тут сталі рамантаваць не толькі трактары, але і аўтамабілі. Новае жыццё ў прадпрыемства пачалося з 1974 г., калі была створана новая вытворчая база. Завод атрымаў назву экскаватарарамонтны (ЭРЗ).

7 мая 1961 года арганізавана Лепельскае раённае аддзяленне «Сельгастэхніка» на базе Лепельскай РТС і міжраённай базы «Галоўтаргмаш». У 1973 г. уступіла ў строй 2-я чарга рамонтнай майстэрні «Лясгастэхнікі». У 1987 г. прадпрыемства перайменавалі ў «Райаграпрамтэхніку».

У красавіку 1961 г. даў першую прадукцыю Лепельскі малочнакансервавы завод. У 1962 г. на базе завода арганізавалі камбінат. Асартымент выпускаемай прадукцыі вызначаўся разнастайнасцю. Гэта цэльнамалочная прадукцыя, масла, тварог, сухое малако, вяршкі.

У 1964 г. вялікі размах атрымалі работы па электрафікацыі калгасаў і саўгасаў раёна. Да дзяржаўнай электрасеткі было падключана 9 гаспадарак, і да канца 1967 г. электрафікаваны ўсе населеныя пункты раёна.

У студзені 1964 г. пачаў працаваць мантажна-эксплуатацыйны ўчастак звадкаванага газу. У гэтым жа годзе пабудавалі новы механізаваны хлебазавод магутнасцю 45 т хлеба ў суткі.

1 чэрвеня 1967 г. на базе прарабскага ўчастка Бачэйкаўскага будаўніча-мантажнага ўпраўлення створаны Лепельскі будаўніча-мантажны ўчастак. У лютым 1968 г. яго перайменавалі ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне, у снежні 1971 г. – у перасовачную механізаваную калону №24 (ПМК-24), падпарадкаваную трэсту «Полацкводбуд» Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі.

У 1970-я гг. у горадзе пачалі дзейнічаць аўтавакзал, РІВЦ, аўтазаправачная станцыя, механізаваная пральня, камбінат бытавога абслугоўвання, рамонтныя майстэрні «Сельгастэхнікі», камбікормавы завод.

Па загаду былога Міністэрства трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання ад 19 жніўня 1976 г. у Лепелі створаны вопытна-эксперыментальны завод шасцерань – філіял Мінскага завода (ВЭЗШ).

У другой палове 70-х гадоў будаўнікі ПМК-35 здалі ў эксплуатацыю Лепельскае СПТВ-175 (1977 г.), дзіцячы сад Бярэзінскага запаведніка, базу ДБР-34 і іншыя аб’екты.

У Лепельскім СПТВ-175 было падрыхтавана 7,5 тыс. спецыялістаў па 8 прафесіях: трактарысты, экскаватаршчыкі, фермеры, повары, швеі, гаспадыні сялібы.

У 1974 г. гасцінна прыняў вучняў Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, дзе ў 1992–1993 гг. навучалася 460 студэнтаў па 4-х спецыяльнасцях: гідрамеханіка, механізацыя меліярацыйных работ, эканоміка і планаванне народнай гаспадаркі, будаўніцтва і эксплуатацыя будынкаў і збудаванняў.

Звыш 10-ці гадоў працаваў у Лепелі філіял Віцебскага вытворчага аб’яднання «Маналіт», які выпускаў спецыфічную прадукцыю – кандэнсатары, а таксама тавары народнага спажывання. З другога квартала 1991 г. прадпрыемства стала самастойным і атрымала назву «Лепельскі электрамеханічны завод».

З 1991 г. назіраецца спад у прамысловасці. У 1992 г. 6 прадпрыемстваў з 10 знізілі вытворчасць на 12–52%. У параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысловай вытворчасці па раёне скараціўся на 34%. Спад вытворчасці закрануў і Лепельскі льнозавод, які меў патрэбу ў рэканструкцыі. Намаганнямі невялікага калектыву (81 чалавек, у асноўным жанчыны) удалося выправіць становішча, аб’ём вытворчасці павялічыўся.

Стабільна працуе Лепельскае дрэваапрацоўчае вытворчае аб’яднанне. Яно выпускае мэблю для кухні, рабочае адзенне. З чэрвеня 1991 г. атрымаў самастойнасць і назву «Лепельскі рыбгас» – участак Новалукомльскага рыбгаса ў Лепелі.

Каля 70 відаў прадукцыі выпускае завод жалезабетонных вырабаў, створаны ў 1976 г. на базе дапаможнай гаспадаркі Лепельскай, Бешанковіцкай, Докшыцкай МПМК.

У сельскай гаспадарцы ідзе працэс удасканальвання і пошук новых форм арганізацыі працы і матэрыяльнага стымулявання: узбуйненне калгасаў, стварэнне буйных механізаваных брыгад, знаходзіць падтрымку метад сямейнага падраду. Нядрэнных паказчыкаў у апошнія гады дасягнулі саўгас «Лепельскі», калгас «Палітаддзелец» і іншыя. У 1989 г. калгас імя Тэльмана адзначыў свой юбілей. Гэта адзін са стабільна працуючых калгасаў, дзе праяўляюць пэўны клопат аб людзях. Да паслуг сяльчан (пасля аб’яднання з калгасам імя Дзімітрава) 2 дзіцячыя садкі, 2 дамы быту, 2 фельчарска-акушэрскія пункты.

Больш за 20 гадоў існуе саўгас «Бароўка», створаны на базе калгаса імя Крупскай.

Паспяхова вядзецца жыллёвае будаўніцтва ў саўгасах «Баброва», «Бароўка», «Сушанскі», калгасе імя Калініна і інш.

У 1991–1992 гг. раён выканаў план продажу дзяржаве зерня, ільнавалакна, травяной мукі, але не справіўся з заданнем па бульбе, малаку і мясе. У сувязі з недахопам будаўнічых магутнасцей перапынена будаўніцтва 2-й чаргі свінагадоўчага комплексу ў калгасе «Салют».

У 1992 г. рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі знізілася на 27 %, а ў 7 гаспадарках – на 50 %.

Лепш ідзе справа на зерневытворчасці. У 1992 г. 10 гаспадарак з 17 атрымалі лепшыя ўраджаі збожжавых, чым у 1991 г.

На 1 кастрычніка 1994 г. у раёне зарэгістравана 13 фермерскіх гаспадарак. У в. Домжарыцы адкрыўся «Цэнтр экалагічнай адукацыі» – малое прадпрыемства, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Бярэзінскі біясферны запаведнік і бюро маладзёжнага турызму «Спутнік». У асноўным цэнтр займаецца экскурсійнай і турыстычнай дзейнасцю.

Расце ўвага да вырашэння сацыяльных праблем. Пабудаваны Бароўская і Баброўская сярэднія школы, пашыраны да сярэдніх Поўсвіжская і Сушанская васьмігадовыя школы.

На сённяшні дзень Лепель – адміністратыўны і культурна-гаспадарчы цэнтр з добра развітай сацыяльнай сферай.

 

Горад Лепель. Фотаздымак з сайта http://www.lepel.byГорад Лепель. Фотаздымак з сайта http://www.lepel.byГорад Лепель. Фотаздымак з сайта http://www.lepel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бегунова, Е. И двадцать юных скрипачей / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2013. – 10 мая. – С. 8.

2. Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – 640 с. : іл.

3. Сільвановіч, С. Нязгасная памяць пакаленняў / С. Сільвановіч // Лепельскі край. – 2009. – 15 мая. – С. 1.

4. Телятко, Е. Благодарная память потомков / Е. Телятко // Витебские вести. – 2013. – 5 ліп. – С. 3.

5. Третьяк, И. Возрождение народного хозяйства / И. Третьяк // Лепельскі край. – 2008. – 2 ліп. – С. 4.

6. Шевченко, В. Социальные стандарты / В. Шевченко // Лепельскі край. – 2004. – 12 кастр. – С. 2.

7. Шушкевіч, У. Свята на зямлі, вадзе і ў небе / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2010. – 9 ліп. – С. 11.