Помнік Цмоку. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 27.11.2017 10:41
- Адноўлена 16.05.2019 14:17
Першым пра незвычайных істот, якія жылі калісьці ў глыбінях Лепельскага возера, напісаў Уладзімір Караткевіч у сваім рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Пісьменнік распавядае, як за тры ночы выдахлі ўсе цмокі Лепельскага возера. «За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на хвалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцай знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч. А яшчэ праз ноч усплыў самы вялікі. Адзін.».
Нават падрабязнае апісанне іх прыведзена ніжэй. «Выглядам той цмок быў як звер цюлень, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як цюлень. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагойскіх сажняў (каля 14 метраў). Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія, як у цюленя, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава».
Мясцовыя краязнаўцы зацікавіліся ідэяй вярнуць цмокаў на Лепельшчыну, хаця б аднаго. Галоўным завадатарам выступіў колішні карэспандэнт газеты «Лепельскі край» Уладзімір Шушкевіч.
Задумку Шушкевіча падтрымаў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў.
Да стварэння вобраза Цмока падключыліся лепельскія мастакі, у іх уяўленні ён паўставаў то падобным на чорта, то на кітайскага дракона, то, увогуле, на незразумелую пачвару. Канчатковы ж варыянт прапанаваў скульптар Леў Аганаў, ён жа ўзяўся і за выраб.
За адліў скульптуры ўзялося ААТ «Тэхналіт Полацк». Важыць ён 600 кілаграмаў.
У лістападзе 2013 года адбылася ўрачыстае адкрыццё скульптуры Цмока. Ён стаў у Рэспубліцы Беларусь першым і пакуль што адзіным скульптурным увасабленнем аднаго з адметных персанажаў нацыянальнага фальклору.
ЛІТАРАТУРА
1. Грушэцкі, А. Лепельскі Цмок / А. Грушэцкі // Лепельскі край. – 2016. – 23 жн. – С. 6.
2. Марціновіч, А. Цмок, Русалка і шмат што іншае / А. Марціновіч // Полымя. – 2015. – № 10. – С. 139–155.
3. Рублеўскі, С. Горад маёй памяці / С. Рублеўскі // Звязда. – 2015. – 7 лют. – С. 5.
4. Цмок на беразе возера // Лепельскі край. – 2013. – 22 лістап. – С. 5.
5. Цялятка, А. Тут жыве беларускі Цмок / А. Цялятка // Витебские вести. – 2013. – 16 нояб. – С. 13.
6. Шушкевіч, У. Слова краязнаўцы / У. Шушкевіч // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 13 снеж. – С. 14.