Гісторыя. Чашніцкі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 08.11.2017 08:40
- Адноўлена 19.12.2019 09:59
28 чэрвеня 1944 года Чашніцкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Было разбурана 187 населеных пунктаў, спаленыя вёскі Чырвоная Раніца, Беларусь, Ярынова, Стайчаўка, Двор і іншыя так і не аднавіліся. Усяго было спалена 2440 двароў, знішчана звыш 3,5 тысяч чалавек. Звыш 1600 чалавек было адпраўлена ў Германію. Каля 7 тысяч загінула ў барацьбе з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах.
Многія сем'і вымушаны былі жыць у зямлянках. Гаспадарка калгасаў і саўгасаў, а таксама сельскіх жыхароў была разрабавана. Гэта выклікала масавы голад і хваробы. Прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі была вельмі нізкай. У першыя пасляваенныя гады праца калгаснікаў амаль не аплачвалася. За налічаныя працадні ў канцы года сяляне атрымлівалі невялікую колькасць зерня, алею і нязначную суму грошай. Такое ж становішча было і ў прамысловасці. Былі разбураны папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», торфапрадпрыемства «1-е Мая», ільнозаводы ў Чашніках і Замачку, спіртзавод, чыгунка Орша – Лепель. Каля 70 % школ было знішчана, але ў многіх населеных пунктах школы пачалі працаваць ужо 1 верасня 1944 года.
Паступова аднаўляліся калгасы і саўгасы, пачалі працаваць МТС у Чашніках, Вятна і Пачаевічах. У канцы 40-х гг. узнавілі работу папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка», цагельныя заводы ў Руці і Гілях, ільнозавод і спіртзавод у Чашніках, торфапрадпрыемства «1-е Мая». У канцы 1949 г. была пабудавана Лукомская міжкалгасная ГЭС. З яе пускам 2/3 усіх калгасаў раёна атрымалі электраэнергію. Гэта дазволіла арганізаваць у калгасах дзевяці сельсаветаў электрамалацьбу, электрадаенне кароў, асвятленне жылых і гаспадарчых пабудоў. Ужо ў 1944 г. было пабудавана 178 жылых дамоў, а ў 1945 г. – 370 дамоў.
У верасні 1945 г. была адноўлена першая, у 1948 г. – другая, у 1950 г. – трэцяя папераробчая машына на фабрыцы «Чырвоная зорка». З 1959 г. пачалася мадэрнізацыя і ўкараненне новай тэхнікі. У 1960 г. былі ўведзены ў эксплуатацыю рулонаўпаковачная машына і цэх шырпатрэбу. Першая чарга завода керамзітавага гравію была ўведзена ў эксплуатацыю ў лістападзе 1976 г., другая – у верасні 1983 г. У 1975 г. быў створаны завод «Этон» як філіял Віцебскага завода тэхналагічнага абсталявання «Эвістар».
25 снежня 1962 года раён скасаваны, тэрыторыя перададзена Бешанковіцкаму раёну, 6 студзеня 1965 года раён зноў утвораны на ранейшай тэрыторыі, адначасова далучаны 2 сельсаветы Лепельскага раёна.
У лютым 1964 г. пачаліся падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву магутнай электрастанцыі Лукомскай ДРЭС на ўсходнім беразе Лукомскага возера. Для будаўнікоў электрастанцыі паралельна ўзводзіўся пасёлак энергетыкаў. 31 снежня 1965 года пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Новалукомль. 22 снежня 1969 года ва ўрачыстай абстаноўцы быў выведзены на рабочы рэжым і даў ток у энергасістэму першы энергаблок магутнасцю 300 тыс. кілават. 8 жніўня 1970 года быў уведзены другі энергаблок, а 9 снежня – трэці. У 1991 г. пачаўся паступовы перавод на карыстанне больш экалагічна чыстым і танным прыродным газам замест мазуту.
8 снежня 1991 года быў дэнансаваны дагавор аб утварэнні СССР і замест яе стварылася СНД. Эканамічныя і гандлёвыя сувязі паміж рэспублікамі абарваліся. Ва ўмовах рыначных рэформ, якія атрымалі назву «шокавай тэрапіі», прадукцыя прадпрымстваў раёна стала неканкурэнтаздольнай. У выніку гэтага рэзка пагоршылася матэрыяльнае становішча і жыццёвы ўзровень насельніцтва. Крызіс прывёў да вострага дэфіцыту тавараў народнага спажывання, да ўвядзення картачнай і талоннай сістэмы, чэргаў. Многія жыхары раёна звальняліся з прадпрыемстваў. Усё гэта прывяло да жорсткай эканоміі ўсіх рэсурсаў, тэхнічнай мадэрнізацыі і рэканструкцыі прадпрыемстваў. З гэтага часу назіраецца тэндэнцыя зніжэння нараджальнасці, колькасць насельніцтва пастаянна скарачаецца. У 1990-х гг. рэзка скарацілася колькасць вучняў. У 1990–1991 гг. у раёне налічвалася 41 школа, у 2005–2006 гг. – 21.
Адным з прыярэтэтных накірункаў палітыкі з'яўлялася аднаўленне і адраджэнне вёскі.
Спачатку ўсе саўгасы раёна ў 2000 г. былі пераўтвораны ў камунальныя ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (КУСХП). Адсталыя калгасы былі далучаны да больш заможных і паспяховых суседзяў. Так, у 2001 г. калгас імя Куйбышава быў далучаны да калгаса «Перамога». У 2003 г. калгасы былі пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя кааператывы (СВК). Ужо ў 2004 г. ураджайнасць зерневых культур, бульбы і льну павысілася ў параўнанні з 1990 г. З 2004 г. пачалі вырошчваць цукровыя буракі. У 2000 г. 35 % прадпрыемстваў былі стратнымі, у 2005 г. – 2,5 %. За 2005 г. на 6 % павялічыўся рознічны таваразварот. Тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці таварнай прадукцыі за 2006 г. склалі 12,5 %, тэмпы росту вытворчасці таварнай прадукцыі за 2006 г. павялічыліся на 8,6 %.
На 2015 г. на Чашніччыне дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, энергетычнай, машынабудаўнічай, папяровай, харчовай прамысловасці і іншыя. У раёне ліцэй, гімназія, 13 сярэдніх і 3 базавыя школы, 2 школы мастацтваў, ДЮСШ алімпійскага рэзерву, фізкультурна-аздараўленчы клуб «Скіна», 11 дашкольных устаноў, цэнтры: сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, фізкультурна-аздараўленчы клуб «Венера». Працуюць раённыя Цэнтр дзяцей і моладзі, Цэнтр культуры і народнай творчасці, гарадскі Дом культуры (г. Чашнікі), Дом рамёстваў, культурна-спартыўны Цэнтр, Дом фальклору, 6 сельскіх дамоў культуры, 5 сельскіх клубаў, аўтаклуб, Палац культуры (г. Новалукомль), 2 сельскія клубы-бібліятэкі, гістарычны музей. У сістэме аховы здароўя 3 бальніцы, 5 сельскіх урачэбных амбулаторый агульнай практыкі, 13 ФАПАў, раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Выдаецца газета «Чырвоны прамень». Дзейнічаюць 14 рэлігійных абшчын, у тым ліку 6 праваслаўных, 2 каталіцкія, 2 евангельскія хрысціян-баптыстаў, 4 хрысціян веры евангельскай.
ЛІТАРАТУРА
1. 1945 – да нашых дзён // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 409–531.
2. Грыбко, В. В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – 228 с.
3. Грыбко, В. Іванск і ваколіцы : гісторыка-краязнаўчы нарыс / В. Грыбко. – Мінск : Медысонт, 2011. – 123 с.
4. Чашники : справочно-информационные материалы / отв. за вып. Т. В. Пчелкина. – Витебск : Витебская областная типография, 2008. – 40 с.
5. Чашникский район / отв. за вып. Т. В. Пчелкина ; фото и тексты С. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2014. – 80 с.
6. Чашникский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 579–582.
7. Чашніцкі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 446–447.
8. Чашниччина : путеводитель / отв. за вып. С. М. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – [35] с.