Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Чашніцкі раён

Духоўная культура, сукупнасць духоўных каштоўнасцей, створаных людзьмі ў працэсе грамадска-гістарычнай дзейнасці, уключае веды, працоўныя навыкі, традыцыі і звычаі, розныя віды мастацтва, народнай творчасці, уяўленняў і вераванняў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сувязь народнай духоўнай культуры з эканамічнымі ўмовамі жыцця праяўляецца ў народных ведах, маралі, звычаях, абрадах, фальклоры. У легендах, паданнях, казках, баладах, песнях, прыказках, прымаўках адлюстравана жыццё нашых продкаў, іх звычаі, мараль, узаемаадносіны паміж членамі сем'яў, абраднасць.

Выключнае значэнне ў развіцці традыцыйнай народнай культуры на Чашніччыне маюць народныя абрады (сватанне, заручыны, вяселле, радзіны, пярэзвы, пахаванне). Глыбокім духоўным сэнсам напоўнены святочныя рэлігійныя абрады (Каляды, Вадохрышча, Вялікдзень, Юр'я, Тройца, Купалле, Дзяды, Пакровы).

Багатая Чашніччына і на народную песенную творчасць. Гэта каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні.

Надыход вясны спрадвечна ітэнсіфікаваў працоўную дзейнасць і духоўнае жыццё чалавека. Чалавек, адчуваючы магутнае стымулюючае ўздзеянне вясны на навакольны свет, прыроду, прыдаваў вялікае значэнне ўплыву сімвалічным дзеянням, словам, каб выклікаць яе прыход. Вось прыклад веснавой песні, запісанай навукоўцамі ў раёне:

Вясна-красна, лётца цёпленькае,

Стаіць дзеўка, вумуваіцца,

Ліцу свайму дзівуваіцца.

– Ліцо маё, лічка белінькае,

А каму ж ты будзіш мілінькае?

Ох, ці стараму, ці маламу,

Ці мальчышку празаўдаламу?

Вот за старым нагаруюся,

За маленькім нажурбуюся,

За роўніцай накрасуюся.

Асобае месца сярод іншых займае вясельная паэзія. На сватанне ці заручыны спявалі:

Кукуіць зязюлька ў садочку,

Ой, рана, раненька, ў садочку,

Прыклаўшы галоўку к лісточку:

– Хто маё гняздзечка разаўець,

Хто мае яечкі пабярэць?

– Разаўець гняздзечка лябедзька,

Пабярэць яечкі лябёдка.

Плакала Анечка ў святліцы,

Прыклаўшы галоўку к сястрыцы:

– Хто маю косаньку распляцець,

Хто мае ўплёты пабрэць?

– Распляцець косаньку брацітка,

Пабярэць уплёты сястрыца.

Сёння на Паазер'і амаль поўнасцю знік абрад выпечкі караваю, але звесткі пра яго і каравайныя песні яшчэ захоўваюцца ў памяці знаўцаў народных традыцый у тых мясцінах, дзе каравай выпякалі. Так, у Чашніцкім раёне, замясіўшы каравай, яго на вялікай скаварадзе ставілі ў печ і, пакуль ён пёкся, частаваліся і спявалі:

А сама я ні знаю,

Што ў етым караваю.

З дзівяці кароў масла

І яец паўтараста.

З сямі мельніц мучыца

І з крыніцы вадзіца.

Пасля таго як каравай спячэцца, яго ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі пад песню:

Караваю, мой Раю,

Я ж цібе прыбіраю.

Каля століка хаджу,

Караваю сляджу.

Каб ніхто не ўкраў

І каб чужому не аддаў.

Аддайця вы таму,

Хто рад сэрцу майму.

 

ЛІТАРАТУРА

1. З крыніц народных / падрыхт. Н. Кіндзяева // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 111–114.

2. Калядна-абрадавы Фальклор. Замовы // Беларусы : [у 13 т.] / Г. А. Барташэвіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 7 : Вусная паэтычная творчасць. – С. 41–216.

3. Легенды і паданні роднага краю. Методыка збору легенд, паданняў і ўспамінаў // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 111–117.

4. Старадаўнія звычаі і павер'і жыхароў Чашніччыны. Замовы // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 96–104.

5. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 2 : Віцебскае Падзвінне. – 910 с.