Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Шумілінскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

 

Старажытная гісторыя Шуміліншчыны непарыўна звязана з Полацкам, адным з найстаражытных гарадоў усходніх славян, які ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. Горад, заснаваны крывічамі, быў цэнтрам Полацкага княства, якое ўваходзіла ў старажытнарускую дзяржаву – Кіеўскую Русь. У пачатку XVIст. створаны Полацкае і Віцебскае ваяводствы, у склад якіх уваходзіла Шуміліншчына.

Шматлікія населеныя пункты на тэрыторыі раёна згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з XVI ст. У апісанні Полацкай зямлі, складзеным у 1552 г., ёсць звесткі аб «Дабейскай зямлі», дзе Багдан Міхайлавіч «мает пушчу, лес будоўны», а ў «Дабеях два чоловекі, якія яму з раллі своей ўсякага збожжа четьвертый сноп дають і па дні ў тыдні служаць». У гэтым жа апісанні згадваюцца Ловаж і Ловажскі павет, Обаль, сёлы Казьяны, Чэрніца і Мосар.

У Лівонскую вайну 1558–1583 гг. рускія войскі з 1563 г. па 1579 г. валодалі Полацкам. Па загадзе Іаана Грознага была пабудавана крэпасць Казьян. У 1579 г. войскі Вялікага княства Літоўскага разбурылі крэпасць. На карце Полацкага княства, выгравіраванай у XVI ст. у Рыме, намаляваныя Ловаж, Чэрніца, Казьяны. На падставе пісцовых кніг Полацка і Полацкага павета, складзеных у гэты ж час, у 1880 г. апублікавана карта Полацкага павета. На ёй нанесены сёлы Казьяны, Мосар, Жаробычы, Лескавічы, Будавесь, Амбросьевічы, Ужляціна, Роўнае, Старыновічы, Мішневічы, Спаскае, Ловаж, Дабея, Ігуменшчына.

У 1772 г. усходнія раёны Беларусі ўз’ядналіся з Расіяй. Тэрыторыя Шуміліншчыны ўвайшла ў Жарабычскую і Лескавіцкую воласці Віцебскага павета, Казьянскую і Мішневіцкую воласці Гарадоцкага павета, Андрэеўскую, Ловажскую, Петрапаўлаўскую, часткова Міхайлаўшчынскую воласці Полацкага павета Віцебскай губерні.

У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР у Мінску захоўваюцца інвентары абшарніцкіх маёнткаў, складзеныя ў 1840-я гг. Гэтыя дакументы ўтрымліваюць звесткі аб вёсках, размешчаных на абшарніцкіх землях, аб сялянах і іх павіннасцях, аб колькасці жывёлы, птушкі і інш. Яны сведчаць, што сяляне аказвалі супраціўленне феадальна-прыгонніцкаму прыгнёту – падавалі скаргі, збягалі ад абшарнікаў, адмаўляліся выконваць павіннасці. У маі 1848 г. адбыліся хваляванні сялян маёнтка Мікалаева Мішневіцкай воласці. Сяляне не выйшлі на працу, а наладзілі «зборышча», дзе займаліся «гутаркамі аб волі». Хваляванні працягваліся і пасля сялянскай рэформы 1861 г. У чэрвені 1863 г. адмовіліся плаціць чынш і адбываць паншчыну сяляне ў Жарабыцкай воласці.

У 1886 г. па тэрыторыі Шуміліншчыны пракладзены ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі, які злучыў Віцебск з Полацкам. Цяперашні раённы цэнтр Шуміліна ў той час быў невялікай вёсачкай, якая налічвала 38 жыхароў і ўваходзіла ў Ловажскую воласць. У 1886 г. каля яе пабудаваны чыгуначны вакзал, станцыя названа Сіроціна. У пачатку XX ст. на гэтай станцыі штогод грузілася 75 тыс. пудоў хлеба, на станцыі Обаль – да 50 тыс. пудоў, на станцыі Лоўша – 5 тыс. пудоў лесу і хлеба.

Звесткі аб Шуміліншчыне таго часу знаходзяцца ў «Спісе населеных месцаў Віцебскай губерні», выдадзены ў Віцебску ў 1906 г. пад рэдакцыяй А. П. Сапунова. Напрыклад, у мястэчку Сіроціна пражывала 2150 чалавек, былі каменныя і драўляныя пабудовы, 3 брукаваныя вуліцы, царква, 3 малітоўныя дамы, двухкласная царкоўнапрыходская школа. У в. Шуміліна ў 1906 г. налічвалася 7 двароў, пражывала 50 чалавек. У Лескавічскай воласці было 2 царквы, касцёл, лякарня (у в. Лазукі), 2 казённыя вінныя крамы, вадзяны млын (у маёнтку Полцева), цагельня (у маёнтку Лескавічы), 2 пачатковыя школы; у Мішневіцкай воласці – 2 царквы і капліца, казённая вінная крама, 3 вадзяныя млыны, 3 школы; у Андрэеўскай воласці – касцёл, казённая вінная крама, паравая (у маёнтку Андрэева) і 3 вадзяныя млыны, лесапільны (у фальварку Мікалаева) і цагельны завод (у в. Гусінцы), 2 школы; у Петрапаўлаўскай воласці – 3 царквы і капліца, 2 казённыя вінныя крамы, паравая (у маёнтку Обаль) і 3 вадзяныя млыны, 2 цагельні, дзягцярнае і броварнае прадпрыемствы, 1 школа. Нягледзячы на значную колькасць школ, адкрытых у канцы XIX – пачатку XX ст., у іх навучалася толькі чвэрць дзяцей ва ўзросце 8–13 гадоў.

Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча працаўнікоў абвастрала класавыя супярэчнасці. Архіўныя дакументы сведчаць, што сярод сялян распаўсюджвалася нелегальная сацыял-дэмакратычная літаратура. Падчас рэвалюцыі 1905–1907 гг. выстуленні працаўнікоў прайшлі ў мястэчку Сіроціна, у Казьянскай, Мішневіцкай, Петрапаўлаўскай валасцях. Сяляне патрабавалі перадачы ім абшарніцкай зямлі, дэмакратычных свабод. Барацьба не спынілася і пасля паражэння рэвалюцыі – у перыяд сталыпінскай рэакцыі і 1-й сусветнай вайны, нягледзячы на тое, што царскі ўрад увёў ваеннае становішча, а паліцыя атрымала загад «знішчаць беспарадкі і страйкі з такой рашучасцю і бязлітаснасцю, якія выключалі бы ўсякую магчымасць іх працягу». У гады вайны сотні шумілінцаў апынуліся ў акопах, пакінутыя ў вёсках жанчыны, старыя і падлеткі пастаянна прыцягваліся на будаўніцтва абарончых умацаванняў. Узросшыя падатковыя паборы і пастаянныя рэквізіцыі жывёлы, хлеба, адзення даводзілі бядняцкія сялянскія гаспадаркі да канчатковага спусташэння. У цяжкіх умовах вайны, галечы і голаду сярод народных мас спелі рэвалюцыйныя настроі.

Да рэвалюцыі на тэрыторыі сучаснага Шумілінскага раёна знаходзіліся: царква, 3 малітоўныя дамы, двухкласная царкоўнапрыходская школа ў Сіроціна, 2 царквы, касцёл, лякарня, 2 казённыя вінныя крамы, вадзяны млын, цагельня, 2 пачатковыя школы ў Лескавіцкай воласці. 2 царквы, капліца, казённая вінная крама, 1 паравая і 2 вадзяныя млыны, лесапільня і цагельня, 2 школы ў Мішневіцкай воласці. 3 царквы і капліца, 2 казённыя вінныя крамы, паравая (у маёнтку Обаль) і 3 вадзяныя млыны, 2 цагельні, дзягцярная і броварная вытворчасць, 4 школы ў Петрапаўлаўскай воласці.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ермалаеў, С. Шумілінскі раён у XIX стагоддзі / С. Ермалаеў // Герой працы (Шумiлiна). – 2012. – 10 крас. – С. 5.

2. З часоў першабытных да 1917 года // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 42–48.

3. История [Электронный ресурс] // Шумилинский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://shumilino.vitebsk-region.gov.by/ru/region/new_3. – Дата доступа: 06.09.2017.

4. Сведчаць дакументы. Старонкі гісторыі // Герой працы (Шумiлiна). – 1981. – 15 кастр. – С. 3 ; 22 кастр. – С. 2 ; 29 кастр. – С. 3 ; 26 лістап. – С. 2 ; 3 снеж. – С. 2 ; 8 снеж. – С. 2 ; 19 снеж. – С. 3.

5. Скалабан, В. Старонкі мінулага / В. Скалабан // Герой працы (Шумiлiна). – 1981. – 24 верас. – С. 3.

6. Страницы прошлого // Память: историко-документальная хроника Шумилинского района / редкол.: И. П. Шамякин [и др] ; худож. А. Н. Хилькевич. – Минск : БелЭн им. П. Бровки, 1985. – С. 21–29.

7. Шумилинский район : справочно-информационные материалы / подгот. Шумилинским районным исполнительным комитетом ; фото В. В. Бадещенкова [и др.]. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2008. – 24 с.: цв. ил.