Друць, рака. Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 12:59
- Адноўлена 02.09.2020 08:56
Рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўжыня 295 км. Плошча вадазбору 5020 км2. Пачынаецца за 1 км на захад ад в. Раздольная Талачынскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне Рагачова. Агульная даўжыня рачной сістэмы Друці 2000 км, густата рачной сеткі 0,39 км/км2. Асноўныя прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу – ва ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 1,5–2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8–30 м, да г. п. Бялынічы адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма пераважна двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі: ад в. Навасёлкі да г. Талачын (7 км) і ад пункта за 0,4 км ніжэй маста на аўтамабільнай дарозе Мінск – Масква да в. Друцк (8,6 км). На астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі залівамі. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10–20 м, ніжэй 30–50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 1–2,5 м, у вусцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м. Асаблівасць рэжыму – вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54 % гадавога сцёку. Веснавы пад'ём узроўню вады інтэнсіўны (7–10 сутак), найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 2,5–2,8 м. Веснавы ледаход каля 3 сутак. Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў. На ёй гарады Талачын і Рагачоў, гарадскія пасёлкі Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Друть // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 164–165.
2. Друть // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 391–392.
3. Друть // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. І. Жуковская. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 186–187.
4. Друць // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 154.
5. Друць // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 173–174.
6. Бычук, С. В. Друць / С. В. Бычук // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1983. – Т. 2 : Гатня–Катынь. – С. 216.
7. Маліноўскі, М. На рацэ Друць / М. Маліноўскі // Віцебскі рабочы. – 2003. – 11 студз. – С. 3.