Саро, возера. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 07.08.2017 08:40
- Адноўлена 09.08.2017 08:37
Саро – возера ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці на мяжы з Сенненскім раёнам. Плошча паверхні возера 5,31 км², найбольшая глыбіня дасягае 36,3 м, даўжыня 9,47 км, найбольшая шырыня 0,91 км, даўжыня берагавой лініі 22,6 км, аб'ём вады 60,76 млн. м3, плошча вадазбору 104,4 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Чарнагосніца, за 18 км на ўсход ад г. п. Бешанковічы, каля вёсак Холм, Сіняны. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны стромкія, вышынёй 20–25 м. У заходняй частцы схілы спадзістыя вышынёй да 10 м, на поўначы сугліністыя вышынёй 2–5 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі вышынёй 0,5–0,8 м, на поўначы нізкія, забалочаныя. Зона мелкаводдзя ўздоўж усходніх берагоў вузкая, са стромкім нахілам дна, уздоўж заходніх – значна пашыраецца. Пяскі адзначаны да глыбіні 7–11 м у паўднёвай і 4 м у паўночнай частках катлавіны, глыбакаводная зона выслана ілам. На возеры 2 невялікія астравы агульнай плошчай каля 0,04 га. Возера вызначаецца чысцінёй вады. Шырыня прыбярэжнай паласы расліннасці 5–40 м, падводная расліннасць пашырана да глыбіні 3,5–4 м (на поўначы да 5 м). Да глыбіні 5 м растуць рагаліснік, эладэя, імхі. Адзін з ручаёў злучае Саро з азёрамі Тросна і Ходцы. На поўначы выцякае ручай у Астровенскае возера.
ЛІТАРАТУРА
1. Мартыненко, В. П. Макрофитная растительность озера Сарро и её динамика / В. П. Мартыненко, А. В. Шарендо // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2000. – № 3. – С. 96–102.
2. Саро, возера // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастакі: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 365.
3. Соро, Сарро, озеро // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 426.
4. Шарендо, А. В. Генезис котловин озер Сарро и их макрофитная растительность / А. В. Шарендо // Озера Белорусского Поозерья: современное состояние, проблемы использования и охраны : материалы международной научной конференции 23–25 ноября 1999 г. / редкол.: А. М. Дорофеев (гл. ред.) [и др.]. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 1999. – С. 42–43.