Атолава, возера. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 13:14
- Адноўлена 28.05.2020 11:37
Возера Атолава знаходзіцца ў басейне р. Тураўлянка, у 16 км на ўсход ад г. п. Ушачы, паміж вёскамі Загор'е, Пілатаўшчына, Зарэчча; уваходзіць ва Ушацкую групу азёр.
Плошча 8,2 км2. Найбольшая глыбіня 16,4 м. Даўжыня 9,4 км, максімальная шырыня 2,2 км. Плошча вадазбору 318 км2. Аб'ём вады 27,9 млн. м3. Даўжыня берагавой лініі 38,8 км.
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з захаду на ўсход, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, нярэдка тэрасаваныя, на паўднёвым усходзе нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, у паўночнай і паўночна-заходняй частках зліваюцца са схіламі, там жа і озавая града вышынёй да 35 м. Дно ўздоўж берага пясчанае (у паўночна-заходнім плёсе камяністае і пясчана-галечнікавае), глыбей выслана сапрапелем; ускладнена мелямі і западзінамі.
На возеры 7 астравоў агульнай плошчай 0,3 км.
Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці ў паўночна-заходнім і паўднёвым плёсах да 200 м. Водзяцца шчупак, уклея, гусцяра, лешч, карп, судак, язь, сазан, плотка, мянтуз, краснапёрка, карасі сярэбраны і залаты, ёрш, акунь, лінь і інш . Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада; праз возера працякае р. Дзіва.
ЛІТАРАТУРА
1. Атолава // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 51.
2. Отолово // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 345–346.
3. Отолово // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 271.
4. Отолово // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 424.
5. Отолово // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 172.
6. Ушачская группа // География озер Белоруссии / О. Ф. Якушко ; под ред. В. Г. Завриева. – Минск : Вышэйшая школа, 1967. – С. 126–136.