Чарсцвяцкае, возера. Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 13:14
- Адноўлена 28.05.2020 11:38
Чарсцвяцкае (Чарсцвяты) – возера ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці, знаходзіцца ў басейне р. Дзіва, за 15 км на ўсход ад г. п. Ушачы, паміж вёскамі Слабада, Корсакава, Карачына. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр.
Плошча 9,35 км2. Найбольшая глыбіня 4,3 м. Даўжыня 6,85 км. Аб'ём вады 20,7 млн. м3. Даўжыня берагавой лініі 19,2 км. Плошча вадазбору 125 км2. Катлавіна тэрмакарставага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 5–10 м, на поўдні і захадзе 10–18 м стромкія, на захадзе і паўднёвым захадзе тэрасаваныя. Першая надабалонная тэраса шырынёй да 50 м, вышыня над зрэзам вады 1–1,5 м, другая – шырынёй да 100 м, вышынёй да 10 м. Берагі нізкія, паступова пераходзяць у вузкую забалочаную пойму. Дно да глыбіні 0,5–1 м, пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Ёсць 8 астравоў плошчай 0,8 км2. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 200 м. Водзяцца шчупак, уклея, акунь, гусцяра, карп, плотка, язь, карасі сярэбраны і залаты, краснапёрка, ёрш, лінь, мянтуз, лешч. На поўдні ўпадае р. Выдрыца, на захадзе – 3 ручаі, на поўначы выцякае ручай у воз. Павульскае.
ЛІТАРАТУРА
1. Рудаковский, И. Живая летопись Земли / И. Рудаковский // Родная прырода. – 2013. – № 6. – С. 26–43.
2. Ушачская группа // География озер Белоруссии / О. Ф. Якушко ; под ред. В. Г. Завриева. – Минск : Вышэйшая школа, 1967. – С. 126–136.
3. Чарсцвяцкае возера // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 454.
4. Черствятское // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 482.
5. Черствятское // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 591.