Чарэйскае, возера. Чашніцкі раён
- Подробности
- Створана 25.11.2019 11:56
- Адноўлена 10.12.2019 14:34
Возера Чарэйскае знаходзіцца ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці ў 26 км на паўднёвы ўсход ад г. Чашнікі, паміж вёскамі Чарэя, Бярозкі, Белая Царква і Мар'іна і адносіцца да басейна р. Ула (левы прыток р. Заходняя Дзвіна).
Плошча паверхні возера складае 3,38 км2. Даўжыня 6,71 км, найбольшая шырыня 1,12 км. Найбольшая глыбіня дасягае 17 м, сярэдняя складае 5,6 м. Аб'ём вады 18,96 млн. м3. Даўжыня берагавой лініі 17,32 км. Плошча вадазбору 16,9 км2.
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з поўначы на поўдзень і складаецца з некалькіх плёсаў. Схілы катлавіны вышынёй ад 2 да 18 метраў, сугліністыя. Берагавая лінія моцна звілістая. Берагі нізкія, пясчаныя. Месцамі берагі зліваюцца са схіламі катлавіны, абрывістыя, абразійныя, у паўднёвай частцы сплавінныя. Літаральная зона спадзістая, шырынёй да 100 м, выслана глінай, пясчанымі і пясчана-глеістымі адкладамі. Глыбей дно возера глеістае. У сярэдзіне возера знаходзіцца востраў плошчай 0,02 га.
Возера эўтрофнае, праточнае. Злучана пратокай з азёрамі Галаўня і Чамярыца. У Чарэйскае возера ўпадаюць больш за 10 ручаёў і каналаў, выцякае ручай у возера Родамля.
Прыбярэжная надводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 2,5 м і на адлегласці да 50 м ад берага. Падводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 4 м.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, краснапёрка, плотка, акунь і іншыя віды рыб.
ЛІТАРАТУРА
1. Чарэйскае возера // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 396.
2. Чарэйскае возера // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 455.