Гісторыя, г. Орша. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады
- Подробности
- Створана 06.05.2017 08:40
- Адноўлена 15.08.2017 08:11
25 кастрычніка 1917 г. тэлеграф прынёс вестку аб звяржэнні Часовага ўрада ў Петраградзе і пераходу ўлады да Саветаў.
Аршанскім Саветам было прынята рашэнне аб роспуску старога выканкама Савета і стварэнні ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Старшынёй ВРК быў выбраны Дзмітрыеў, членамі – Крывашэеў, Гарбачоў, Казійчук, Зюлько, Самайлюк, Яглейка і інш. Важным накірункам дзейнасці ВРК быў нагляд за ўсімі прыбываўшымі ў Оршу эшалонамі. Камітэт устанавіў сувязь з усімі часцямі гарнізона і прызначыў у іх сваіх камісараў. 1 лістапада бальшавікі поўнасцю кантралявалі становішча ў горадзе і на чыгуначным вузле.
У канцы 1917 – пачатку 1918 г. працягваўся працэс станаўлення органаў Савецкай улады, ажыццяўлення сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў. У снежні 1917 г. у горадзе адбылася рабочая канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася пытанне аб увядзенні кантролю над прамысловасцю і аб узбраенні рабочых. На ёй прысутнічала 50 прадстаўнікоў ад 14 прадпрыемстваў. У вёсках пачалося ажыццяўленне Дэкрэта аб зямлі. У студзені 1918 г. у Оршы былі праведзены сялянскі і батрацкі павятовыя з'езды. На сялянскім з'ездзе было вырашана арганізаваць пры валасцях чырвоныя дружыны.
30 снежня 1917 г. у Оршы быў праведзены 1-ы павятовы з'езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Пры Аршанскім Савеце ў той час меліся дзесяць аддзелаў: ваенны, фінансаў, харчавання, кватэрны, народнай адукацыі, аховы, культурна-асветніцкі, рабочая секцыя, сялянскае бюро і камісія па нацыяналізацыі банкаў. Павятовая земская ўправа і валасныя земскія ўправы былі распушчаны.
18 лютага 1918 г. аднавіла ваенныя дзеянні кайзераўская Германія. Яна мела намер не толькі ліквідаваць Савецкую ўладу, але і далучыць да Германіі тэрыторыі Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі. Для барацьбы з агрэсарам пачалося стварэнне Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Паспяхова праходзіў запіс добраахвотнікаў у Оршы. Была сфарміравана першая рота Чырвонай Арміі Оршы. За кароткі тэрмін на Усход было эвакуіравана каля 6 тыс. вагонаў з абсталяваннем, боепрыпасамі і харчаваннем.
3 сакавіка Савецкі ўрад быў вымушаны пайсці на падпісанне з Германіяй Брэсцкага міру. Згодна з ім пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і заходняя частка Аршанскага павета. 6 сакавіка немцы занялі станцыю Орша-Таварная Рыга-Арлоўскай чыгункі. Орша-Цэнтральная засталася за Чырвонай Арміяй. Горад быў падзелены дэмаркацыйнай лініяй на 2 часткі. Для аховы заходніх граніц і спынення спроб далейшага наступлення Вышэйшы ваенны савет рэспублікі 29 сакавіка ўтварыў Заходні ўчастак атраду заслоны, у склад якога ўваходзіў і Аршанскі атрад.
3 вясны па восень 1918 г. Орша была пагранічным горадам. Нягледзячы на складаную палітычную абстаноўку ў краіне, ваеннае супрацьстаянне Германіі, на Аршаншчыне працягваліся мерапрыемствы па ўмацаванні Савецкай улады. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывалі бальшавікі.
На неакупіраванай тэрыторыі пачаўся працэс аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Наладжваўся гандаль. У маі 1918 г. у Оршы быў створаны цэнтральны рабочы кааператыў.
Да канца 1918 г. на поўную магутнасць запрацавала чыгуначная станцыя. Для забеспячэння чыгуначнікаў харчовымі таварамі ў дэпо была створана спажывецкая кааперацыя транспартнікаў. Яна займалася пытаннямі падсобнай гаспадаркі, што з'явілася ў чыгуначнікаў. Для ліквідацыі цяжкасцей з хлебам у дэпо быў пабудаваны свой млын. Ні на адзін дзень не спыняўся бесперабойны рух грузаў па аршанскай чыгунцы.
Надзвычай цяжкім заставалася матэрыяльнае становішча працоўных. Не хапала прадметаў першай неабходнасці: солі, газы, мануфактуры. Эканамічныя цяжкасці, палітычная нестабільнасць спрыялі развіццю спекуляцыі, росту злачыннасці, бандытызму. Для барацьбы з імі ў Оршы былі створаны часці асобага прызначэння (ЧОН). Уся гарадская партыйная арганізацыя бальшавікоў у 1918 г. была ваенізавана і ўяўляла сабой, па ўспамінах сучаснікаў, узброены атрад ЧОН.
Першыя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбываліся ў надзвычай складаны час. Савецкая краіна знаходзілася ў акружэнні варожых дзяржаў. Палыхала грамадзянская вайна. Орша, з'яўляючыся буйным чыгуначным вузлом, мела значнае стратэгічнае становішча. Гэта добра разумелі і кіраўнікі Савецкай Расіі. Так, у чэрвені 1919 г. Оршу наведаў старшыня ВЦВК М.I. Калінін. Ён выступіў перад працоўнымі горада, ахарактарызаваў унутранае і знешняе становішча краіны, растлумачыў палітыку Камуністычнай партыі.
У верасні 1919 г. у Оршы было ўведзена ваеннае становішча, былі створаны надзвычайныя органы ўлады – павятовы і чыгуначныя рэўкамы. Усё жыццё горада было перабудавана на ваенны лад. Працоўныя Аршаншчыны дапамагалі фронту харчаваннем, адзеннем. 3 вялікім патрыятычным уздымам праходзілі «тыдзень дапамогі фронту», «тыдзень чырвонага падарунка», «тыдзень дапамогі хвораму і параненаму чырвонаармейцу».
Важнае значэнне набылі ў той час камуністычныя суботнікі. Першы ў Оршы суботнік, у якім прынялі ўдзел 80 чалавек, адбыўся на чыгуначным вузле 27 верасня 1919 г. Газета «Набат» з гэтай нагоды пісала: «Праца прайшла вельмі ажыўлена. Першы суботнік быў святам камуністычнай працы, і ўсе даныя гавораць аб тым, што гэты пачын заваюе сабе будучыню» (1 кастрычніка 1919 г.).
Перамога над унутранымі і знешнімі ворагамі дала магчымасць маладой Савецкай краіне перайсці да мірнага гаспадарчага будаўніцтва. Цэнтр цяжару ўсёй работы перамясціўся на ліквідацыю вынікаў чатырохгадовай імперыялістычнай і трохгадовай грамадзянскай войнаў.
У горадзе не працавалі многія прамысловыя прадпрыемствы, іншыя з-за недахопу сыравіны, паліва і зношанасці абсталявання вымушаны былі часта прастойваць, што непазбежна прыводзіла да скарачэння аб'ёмаў вытворчасці. У запушчаным стане знаходзілася чыгунка і яе службы. Паравозы і вагоны патрабавалі доўгатэрміновага рамонту або поўнай замены. Не хапала рэек і шпал для неадкладнага абнаўлення пуцей.
У сакавіку 1921 г. X з'езд РКП(6) аб'явіў аб пачатку пераходу ад ваеннага камунізму да новай эканамічнай палітыкі. Гэту вестку пралетарская Орша сустрэла з разуменнем. Працоўныя горада былі ўпэўнены ў тым, што НЭП дасць магчымасць ажывіць вытворчасць і гандаль, паскорыць аднаўленне народнай гаспадаркі, назапасіць сродкі для стварэння цяжкай індустрыі.
Пераход да НЭПа станоўча адбіўся на гаспадарчым становішчы горада. Ужо ў 1921 г. былі адноўлены скураны і мылаварны заводы, адкрыты шавецкая і шорная майстэрні, кузня для рамонту сельскагаспадарчага інвентару. Палепшылася забеспячэнне прадпрыемстваў сыравінай і палівам. Рабочыя пачалі своечасова атрымліваць заработаую плату, прычым частка яе выдавалася натурай: хлебам, бульбай, фуражом, мануфактурай. Сярэдні заробак наблізіўся да пражытачнага мінімуму. Намеціліся таксама зрухі да лепшага ў працаўладкаванні, у павелічэнні занятасці гарадскога насельніцтва.
Паступова нармалізавалася жыццё чыгуначнага вузла, аднаўляліся і пашыраліся вагоннае і паравознае дэпо. У 1922 г. завяршылася будаўніцтва чыгункі Орша – Унеча, а ў 1926 г. – Орша – Лепель. Станцыя Орша ператварылася ў буйны чыгуначны вузел.
У аднаўленчы перыяд шмат увагі надавалася падрыхтоўцы кадраў для народнай гаспадаркі. 3 гэтай задачай паспяхова спраўляўся Аршанскі рабфак.
3 сакавіка 1924 г. Орша разам з іншымі раёнамі з пераважна беларускім насельніцтвам была перададзена ў склад БССР і такім чынам падпала пад уздзеянне магутнай плыні беларускага культурнага адраджэння. Ажывілася дзейнасць гарадскога тэатра, у якім з 1923 г. працаваў выдатны работнік культуры Аляксандр Пятровіч Фельдман. Тэатр быў цэнтрам усяго культурнага жыцця горада. Тут, апрача тэатральных спектакляў, наладжваліся канцэрты і кінасеансы, у фае часта іграў аркестр. Пры тэатры быў пакой для гульні ў шашкі і шахматы, пакой смеху з крывымі люстэркамі. Былі заключаны кантракты з маскоўскімі артыстамі, і ў Оршы пачалі выступаць оперныя і аперэтачныя трупы, эстрадныя ансамблі. Сам А. Фельдман суправаджаў паказы кінафільмаў ігрой на фартэпіяна. Пастаяннымі былі аншлагі і чэргі ў касе.
Актывізавалася мясцовае літаратурнае жыццё і пашырылася выдавецкая дзейнасць. Былі выдадзены 7 нумароў альманаха «Аршанскі маладняк» акруговай філіі літаратурнага аб'яднання «Маладняк», калектыўны зборнік чырвонаармейцаў – удзельнікаў будаўніцтва чыгункі Орша – Лепель «Стальной путь», кніга «1905 год на Аршаншчыне», юбілейны часопіс «Аршанскі рабфакавец», прысвечаны 5-годдзю аднаго з першых у рэспубліцы рабочых факультэтаў.
Асаблівая ўвага ў аднаўленчы перыяд надавалася буйным прадпрыемствам, якія мелі найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне. У 1924 і 1925 гг. узніклі новыя дзяржаўныя і кааператыўныя прадпрыемствы. Сярод іх найбольшай колькасцю працуючых вызначаліся дзяржаўная швейная майстэрня і кааператыўная арцель рамізнікаў, якая спецыялізавалася на перавозцы грузаў. Тады ж піваварны завод перайшоў у падпарадкаванне Савета Народнай гаспадаркі БССР і стаў прадпрыемствам рэспубліканскага значэння.
3 мэтай паказу першых поспехаў у адбудове народнай гаспадаркі і распаўсюджвання лепшага вопыту ў кастрычніку 1924 г. была праведзена Аршанская акруговая выстаўка. На ёй былі прадстаўлены вырабы прамысловых прадпрыемстваў, саматужных промыслаў, дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю, прадукцыі сельскай гаспадаркі.
У той час у буйной прамысловасці пераважала грамадская ўласнасць, існавала дзяржаўная манаполія ў знешнім гандлі. Але немалаважнае значэнне для паляпшэння жыцця насельніцтва мелі таксама дробныя прыватныя прадпрыемствы. У 1926 г. у горадзе налічвалася 271 прадпрыемства саматужнай прамысловасці. На іх было занята крыху больш за 440 рабочых-краўцоў, шаўцоў, бондараў, пекараў і г. д. Вышукваючы грашовыя сродкі і сыравіну, павялічваючы вытворчасць, яны садзейнічалі насычэнню ўнутранага рынку таварамі першай неабходнасці і прадуктамі харчавання.
Ажыўленне вытворчасці прыводзіла да пашырэння гандлю. У горадзе дзейнічала каля 200 прыватных гандлёвых кропак. Але дзяржаўныя і кааператыўныя ўстановы, якіх было напалавіну менш, пераўзыходзілі іх па агульным гандлёвым абароце.
Да 1925–1926 года былі пушчаны два цагельныя заводы, металічная майстэрня з ліцейным аддзяленнем, лесапільны завод, арганізаваны новыя прамысловыя арцелі «Чырвоны Кастрычнік», «Камунар», «Хімтэкстыль».
Пачалося будаўніцтва буйнейшых у рэспубліцы мясакамбіната, ільнокамбіната, сілікатнага завода і іншых прадпрыемстваў.
Падзеяй выключнай важнасці стаў пуск 8 лістапада 1930 г. першынца энергетыкі нашай рэспублікі – Беларускай ДРЭС, пабудаванай па плану ГОЭЛРО. Гэта станцыя садзейнічала больш інтэнсіўнаму развіццю не толькі Оршы, але і іншых прамысловых цэнтраў Беларусі: Віцебска, Магілёва, Шклова, зрабіла адчувальны ўплыў на сацыяльна-культурнае развіццё нашага краю.
3 развіццём прамысловасці расло і насельніцтва Оршы. Без уліку жыхароў чыгуначнага пасёлка, які ў той час не ўваходзіў у склад горада, колькасць гараджан з 22 579 у 1927 г. павялічылася да 32 153 чалавек у 1932 г. Амаль 10 тыс. чалавек за 5 гадоў! Такога шпаркага прыросту не назіралася ў гісторыі Оршы на працягу многіх стагоддзяў.
У 1933 г. пачаў работу масласырзавод, у наступным узнікла панчошная арцель. У 1935 г. на мясакамбінаце ўступілі ў строй кансервавы цэх і халадзільнік. Да 1937 г. было поўнасцю завершана будаўніцтва асноўных вытворчасцей ільнокамбіната – прадзільнага, ткацкага і аддзелачнага, здадзены ў эксплуатацыю дапаможныя службы.
Буйныя прамысловыя прадпрыемствы Оршы станавіліся ўпоравень з прамысловымі гігантамі рэспублікі. Мясакамбінат, напрыклад, заняў 1-е месца сярод аналагічных прадпрыемстваў Беларусі ў выкананні вытворчага плана 1935 г. Камбінатам, дзе на той час працавала звыш 300 рабочых, было выпушчана за год 2740 тон мяса, 779 – бекону, 735 тон каўбасных вырабаў, шмат іншых відаў прадукцыі.
Нарошчвалі вытворчыя магутнасці і аб'ёмы прадукцыі іншыя заводы і фабрыкі горада. Паявілася значная колькасць прадпрыемстваў, якія выраблялі ў год прадукцыі больш чым на мільён рублёў. У 1935 г. завод «Чырвоны барацьбіт» даў рознай прадукцыі на 1106 тыс. рублёў, мясакамбінат – на 7778 тыс. рублёў. У наступным годзе льночасальная фабрыка выпусціла прадукцыі на 5713 тыс. рублёў.
Поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі стварылі ўмовы для паляпшэння матэрыяльнага становішча працоўных. У 1935 г. у Оршы, як і ва ўсёй краіне, была адменена картачная сістэма на прадукты харчавання, а ў наступным – на прамысловыя тавары народнага спажывання. Двойчы за пяцігодку, у студзені 1935 і ў лістападзе 1937 гг., павышалася заработная плата многім катэгорыям рабочых і служачых прамысловасці і транспарту. На аснове генеральнага плана былі праведзены значныя работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні горада. Лініі аўтобусных зносін звязалі яго з чыгуначным вакзалам і БелДРЭС.
Самаадданая праца аршанцаў атрымала высокую ацэнку. У 1939 г. медалём «За працоўную адзнаку» былі ўзнагароджаны начальнік паравознага дэпо К. Заслонаў, у далейшым праслаўлены падпольшчык і партызанскі камандзір, Герой Савецкага Саюза, машыніст паравоза А. Андрэеў – падпольшчык і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а ў пасляваенны час вядомы дзяржаўны дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы.
Да 1940 г. у горадзе функцыяніравала развітая тэкстыльная прамысловасць: калектыў ільнокамбіната даў краіне 9,8 млн. м2 ільняных тканін, што павялічыла іх выпуск у рэспубліцы ў 1000 разоў. Гэта прадпрыемства па праву называлі тады льняным гігантам. Кошт яго асноўных вытворчых магутнасцей вырас з 1,7 млн. рублёў у 1933 г. да 49,8 млн. руб. у 1940 г., г. зн. у 29 разоў. У 6 разоў вырасла металаапрацоўчая прамысловасць, у 8 – выпуск будаўнічых матэрыялаў. Далікатэсы мясакамбіната, тканіны льнокамбіната, вырабы «Чырвонага барацьбіта» і іншых прадпрыемстваў былі вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Змяніўся і знешні воблік горада. Будаўніцтва новых прадпрыемстваў і жылых масіваў значна пашырыла яго межы. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 22 жніўня 1940 г. у гарадскую рысу быў уключаны чыгуначны рабочы пасёлак. Горад добраўпарадкоўваўся. Ад цэнтра ў бок чыгуначнай станцыі быў пасаджаны малады парк. Былі пракладзены новыя і адрамантаваны старыя вуліцы, пабудавана шмат дамоў.
На пачатак 1941 г. жылы фонд Оршы ўключаў у сябе 614 ведамасных, 315 камунальных, 55 кааператыўных і 5059 асабістых дамоў агульнай плошчай 302 150 м2. У многія кватэры прыйшоў водаправод, а ў большасць – радыё. У горадзе дзейнічала шырокая сетка гандлёвых прадпрыемстваў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання і камунальнага абслугоўвання. Менш чым за чвэрць стагоддзя, якія мінулі пасля Кастрычніка 1917 г., з аблічча Оршы і ўклада жыцця яе насельніцтва амаль поўнасцю зніклі прыкметы дарэвалюцыйнай правінцыяльнасці. Але мірная праца была перапынена вераломным нападам фашысцкай Германіі.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Первая годовщина революции в Витебске / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1997. – 6 нояб. – С. 1.
2. Габрусь, Т. Зруйнаваная Ворша / Т. Габрусь // Спадчына. – 1993. – № 5. – С. 56–62.
3. Дзядзенка, З. Мяцежны жнивень 1918-га / З. Дзядзенка // Аршанская газета. – 1992. – 8 жн. – 2, 4.
4. Жуковский, В. В. Предвоенные годы / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша, 2008. – С. 160–164.
5. Жучко, Н. Оршанская «Британия» / Н. Жучко // Аршанская газета. – 1997. – 20 ліст. – С. 3.
6. Кудзін, А. Орша. Восень 1917-га / А. Кудзін // Ленінскі прызыў (Орша). – 1987. – 27 кастр. – С. 2–3.
7. Кудзін, А. Орша. Вясна 1917-га / А. Кудзін // Ленінскі прызыў (Орша). – 1987. – 1 мая. – С. 2–4.
8. Кудзін, А. Орша. Лета 1917-га / А. Кудзін // Ленінскі прызыў (Орша). – 1987. – 21 ліп. – С. 2–3.
9. Лютынскі, В. Ілюстраваная храналогія гісторыі Оршы / В. лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 19 дек. – С. 7. ; 2014. – 16 янв. – С. 7. ; 30 янв. – С. 7. ; 6 февр. – С. 7. ; 20 февр. – С. 7. ; 6 марта. – С. 7. ; 13 марта. – С. 7. ; 20 марта. – С. 7. ; 27 марта. – С. 7. ; 3 апр. – С. 7. ; 10 апр. – С. 7. ; 17 апр. – С. 7.
10. Лютынскі, В. Орша ў 1812 годзе / В. Лютынскі // Аршанская газета. – 1992. – 15 верас. С. 3.
11. Революции и восстания. Восстановление разрушенного хозяйства // На главной магистрали : к юбилеям Орши, Друцка, Копыси и Толочина / сост. Г. Ч. Лянькевич : ред. В. М. Дедушкин и др. – Минск : Книгосбор, 2008. – С. 49–55.
12. Рэвалюцыйныя падзеі на Аршаншчыне // Ленінскі прызыў (Орша). – 1958. – 30 снеж. – С. 2.
13. Сузін, Л. Ветру насустрач / Л. Сузін // Чырвоная змена. – 1988. – 30 лістап. – С. 6.
14. Танчэўская, В. Калектывізацыя на Аршаншчыне / В. Танчэўская // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 206–207.
15. Храналогія гісторыі Оршы / склад. А. М. Кудзін. – Орша, 1992. –102 с.
16. Яршова, Л. Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўстанаўленне ўлады Саветаў / Л. Яршова // Памяць : Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн.1. – С. 167–170.