Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Аршанскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

 

На мяжы 11–12 ст. Смаленскае княства займала ўсё левабярэжжа р. Днепр, дзе былі размешчаны воласці Мірацічы, Басея, Копыская воласць. Воласць Басея прылягала да воласці Мірацічы на паўднёвым захадзе. Яна ўключала тэрыторыю ўздоўж р. Бася ў сучасных Шклоўскім і Горацкім раёнах. Паміж гэтай воласцю і р. Днепр знаходзілася Копыская воласць. Памеры гэтай воласці спачатку, відаць, былі невялікімі. Ад воласці Басея яе аддзяляла р. Лешча з паўночнага ўсходу, на поўдні яна была абмежавана прытокамі рэк Днепр і Бася крыху вышэй сучаснага г. Шклоў. Заходняй мяжой воласці была р. Днепр. Размешчаная на р. Днепр Копысь выкарыстоўвалася кіеўскай уладай на шляху «з варагаў у грэкі» як месца пастою, зручная пераправа з аднаго боку ракі на другі і адначасова была цэнтрам невялікай акругі. Функцыі Копысі змяніліся, калі, як паказалі археалагічныя даследаванні, на мяжы 11–12 ст. яна ператварылася ў крэпасць. Крэпасцю Копысь магла стаць тады, калі пачала выконваць функцыю фарпоста на заходнім рубяжы Смаленскага княства. Верагодна, гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як у 1101 г. Уладзімір Манамах зноў стаў смаленскім князем. Магчыма, з пераходам Копыскай воласці ў склад Смаленскага княства яе памеры павялічыліся за кошт далучэння тых зямель, што знаходзіліся паміж рэкамі Днепр і Крапіўна, ці Дубровенка (калі яны не ўваходзілі ў воласць Мірацічы). 3 поўдня да Копыскай воласці прымыкала воласць, цэнтрам якой было, магчыма, паселішча, заснаванае ў 10 ст. каля в. Стары Шклоў. Вёскі з назвамі Смалянцы і Капысіца на правым беразе р. Днепр, размешчаныя паблізу Копысі (у наваколлі р. Бярозаўка – прытока Дняпра), дазваляюць дапусціць, што ў гэтым месцы Копыская воласць пашыралася на правабярэжжа р. Днепр. Але гэта адбылося не ў пачатку 12 ст., калі Копысь стала парубежнай крэпасцю Смаленскага княства, а значна пазней.

Амаль адначасова з крэпасцю ў Копысі ў процілегласць ёй на правым беразе р. Днепр пры ўпадзенні ў яе р. Аршыца (Ршы) з'явілася крэпасць Орша на падставе адкрытага паселішча канца 11 ст. Яна размешчана на поўнач ад Копыскай воласці, у месцы, адкуль шлях вядзе па р. Аршыца да волаку ў р. Лучоса. Умацаванні крэпасці ў Оршы адносяцца да пачатку 12 ст. Гэтым жа часам датуюцца ўмацаванні гарадзішча каля в. Стражава на правым беразе р. Днепр на тэрыторыі Дубровенскага раёна. Блізкая да стражаўскай канструкцыя абарончага вала зафіксавана і на гарадзішчы каля в. Германы (Дняпроўка), таксама на правым беразе Дняпра. Такім чынам, у 12 ст. з'яўляюцца некалькі крэпасцей уздоўж правага берага р. Днепр адначасова з пашырэннем тэрыторыі Смаленскага княства на захад па яе левабярэжжы. Гэта можна тлумачыць як падпарадкаванне правабярэжных зямель крывіцкіх плямён у зоне волакаў (Аршанскі і Дубровенскі раёны) Полацкай дзяржаве.

Аналіз пісьмовых крыніц, якія адлюстроўваюць палітычную сітуацыю гэтага перыяду, дазваляе зрабіць выснову, што падзел тэрыторыі, якая належала крывічам у межах сучасных Аршанскага і Дубровенскага раёнаў, паміж Полацкай дзяржавай і Смаленскім княствам, адбыўся на працягу 1-й чвэрці 12 ст. Першым крокам ў гэтай справе было ўстанаўленне галоўных фарпостаў на р. Днепр – Копысі і Оршы. Калі далучэнне Копысі да Смаленскага княства і будаўніцтва крэпасці звязваць з Уладзімірам Манамахам (1101), то крэпасць Оршу паміж 1104 і 1116 гг. мог пабудаваць Глеб Менскі (Усяславіч), каб супрацьстаяць далейшаму пашырэнню Смаленскага княства на захад, у бок Полацкай зямлі.

Аб тым, што ў басейне рэк Адроў і Аршыца (Рша) магла сфарміравацца ўстойлівая тэрытарыяльная адзінка – воласць (пагост), гаворыць значная колькасць помнікаў археалогіі, якія адносяцца да 2-й палавіны 1-га тысячагоддзя н.э. і пачатку 2-га тысячагоддзя н.э. Гэта гарадзішчы і паселішчы, а таксама курганныя могільнікі, размешчаныя адзін ад аднаго на адлегласці 3–6 км.

Тэрыторыя Аршанскай воласці ў 12–13 ст. ахоплівала ўсё правабярэжжа р. Днепр, куды ўвайшлі землі з волакамі ў р. Лучоса. 3 усходу яна была абмежавана р. Бярэзіна (правы прыток р. Днепр), уздоўж левага берага якой праходзіла мяжа Полацкай дзяржавы. Такое меркаванне можа быць пацверджана тым, што сярод валасцей, якія ў пачатку 16 ст. уваходзілі ў склад Аршанскага павета, названы Мікулінская і Любаўская. Цэнтры гэтых валасцей размешчаны каля воз. Рутавеч (Мікуліна) і на р. Бярэзіна (Любавічы).

Няма сумнення ў тым, што Аршанская воласць у 12 ст. рэальна існавала, мела значныя памеры і ўваходзіла тэрытарыяльна ў склад Полацкай дзяржавы. У той жа час 2-я палавіна 12 ст. адзначана нестабільнасцю палітычнай абстаноўкі. Гэта датычыцца частай змены князёў на полацкім прастоле, часовага палітычнага падпарадкавання асобных удзелаў Полацкай дзяржавы смаленскім князям.

Усталяванне ў 1-й палавіне 13 ст. гандлёвага шляху па р. Заходняя Дзвіна звязала Полацк, Віцебск і Смаленск у адзіны эканамічны ланцуг. У гэты час фарміруюцца новыя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі на падставе княстваў-удзелаў, што выдзеліліся са складу Полацкай зямлі. Сярод іх Віцебская зямля, у якую ўваходзіць Аршанская воласць.

Пасля прамога падпарадкавання Оршы вялікаму князю ВКЛ Вітаўту ў 1392 г. было створана Аршанскае (Рошскае) намесніцтва. Верагодна, яно ўваходзіла ў склад Віцебскай зямлі і падзялялася на шэраг валасцей. У 15 – пач. 16 ст. значная іх частка шляхам велікакняжацкіх пажалаванняў перайшла ва ўласнасць буйных феадалаў (пераважна праваслаўных князёў). Князі Друцкія-Пуцяцічы набылі Басею, Горкі, Горы, Шышава, князі Друцкія-Бабічы – Брухава, Куцейна, Ламачын, Мошкава, Прыхабы, Судзілавічы, Сялец, князі Адзінцэвічы – Гальцова, Рэпухаў. Воласці Копысь (з Баранню) і Раманава перайшлі да князёў Гальшанскіх. Каталіцкім панам Гаштольдам належаў Шклоў, Глябовічам – Дуброўна і Расасна. Маёнткам Межава валодаў пан П. Фурс, потым князі Заслаўскія. У падпарадкаванні аршанскага намесніка да пачатку 16 ст. засталіся Бабіна, Баева, Дзевіна і Заазер'е. 3 16 ст. пад уплывам Польшчы пачалі ўжывацца тэрміны «павет» ці «староства».

Паводле адміністрацыйнай рэформы ВКЛ 1565–1566 гг. памеры Аршанскага павета былі значна павялічаны. У яго ўвайшлі Лукомскае княства з буйным маёнткам Чарэя, Барысаўскае староства (да р. Бярэзіна), паўднёвая частка Аболецкага павета з Алексінічамі, Беліцай і Палоннам, уся тэрыторыя Друцкага княства ад Бабра да Стараселля, далучаны таксама Магілёўскае староства, Любашанская і ўсходняя частка Свіслацкага дзяржаўных валасцей, шэраг прыватнаўласніцкіх маёнткаў уздоўж Дняпра (Баркалабаў, Буйнічы, Быхаў, Новы Быхаў) і на захад ад яго (Цяцерын з Бялынічамі, Галоўчын з Княжыцамі). У ваенных адносінах шляхецкае апалчэнне (харугва) Аршанскага павета падпарадкоўвалася віцебскаму ваяводзе, буйныя магнаты выстаўлялі свае атрады асобна. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні», аднолькавая з харугвай Віцебскага павета.

1 ліпеня 1569 г. быў прыняты акт Люблінскай уніі, які аб'яднаў Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ў адзіную федэрацыю – Рэч Паспалітую. У студзені 1582 г. у выніку перамір'я паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай Орша і наваколле адышлі да апошняй. Але адносіны паміж суседнімі дзяржавамі заставаліся напружанымі.

Паўднёвая частка Аршанскага павета, цэнтрам якога з'яўлялася Орша, была арэнай баявых дзеянняў казацкіх загонаў у час паўстання С. Налівайкі (1594–1596 гг.) і антыфеадальнай, вызваленчай вайны. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. у 1654 г. амаль увесь павет быў заняты рускімі войскамі і заставаўся ў іх руках да 1660–1661 гг. У 1655 г. каля мяст. Шапялевічы рускія разбілі войска ВКЛ. У 1660 г. на р. Бася адбылася бітва, у якой войска ВКЛ на чале з П. Я. Сапегам і С .Чарнецкім разбіла маскоўскае войска князя Далгарукава. Вайна прынесла Аршанскаму павету моцнае спусташэнне. Да канца 17 ст. яе вынікі былі ў асноўным пераадолены.

3 пачатку 18 ст. Аршанскі павет зноў стаў арэнай ваенных дзеянняў: спачатку паміж магнацкімі групоўкамі К. Я. Сапегі і Р. Агінскага (1700), потым паміж войскамі шведскага караля Карла XII і рускага цара Пятра I (1705–1708). Адбыліся і ўзброеныя выступленні сялян у Дуброўне (1701) і Быхаве (1702). Сярод землеўладальнікаў Аршанскага павета ў 18 ст. па-ранейшаму дамінавалі Сапегі, у 2-й палавіне 18 ст. значную маёмасць набылі князі Агінскія (Барысаўскае староства, Бобр, Бялынічы, Свіслач, Цяцерын). У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) большая частка Аршанскага павета (да р. Друць) адышла да Расіі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя. Астатняя частка павета (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793).

У культуры і асвеце Оршы і яе акругі ў гэты перыяд адлюстроўвалася канфесійная сітуацыя, якая існавала ў ВКЛ. У 16 ст. край спазнаў хуткае пранікненне і ўсталяванне ўніяцтва. Суіснаванне канфесій суправаджалася канфліктамі і сутыкненнямі, але разам з гэтым Аршаншчына пазнала росквіт асветы і мастацтва, выкліканы спаборніцтвам паміж канфесіямі з дапамогай мірных сродкаў – асветніцтва і літаратурнай палемікі.

У 14–16 ст. у Беларусі вядучай галіной эканомікі з'яўлялася сельская гаспадарка. Пераважным па колькасці, асноўным вытворчым саслоўем феадальнага грамадства з'яўлялася сялянства. Асноўнай сельскагаспадарчай вытворчай адзінкай была гаспадарка селяніна – дым.

У сялянскай гаспадарцы на Аршаншчыне галоўную ролю адыгрывала раслінаводства. Сяляне вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, ячмень, пшаніцу, проса, а таксама бабовыя і тэхнічныя культуры. Ураджайнасць асноўных збожжавых культур у сялянскай гаспадарцы складала прыкладна 4 цэнтнеры з гектара. Разам з раслінаводствам у сялянскай гаспадарцы развівалася жывёлагадоўля. Яна забяспечвала насельніцтва харчаваннем і сыравінай, а гаспадарку цяглавай сілай і арганічнымі ўгнаеннямі.

У 14–16 ст. сяляне выконвалі разнастайныя феадальныя павіннасці. Па свайму зместу яны ўяўлялі сабой 3 тыповыя для феадалізму формы зямельнай рэнты: прадуктовую, адработачную і грашовую. У шэрагу маёнткаў пасля аграрнай рэформы 1565–1566 гг. разам са звычайнымі відамі і нормамі павіннасцей па-ранейшаму захоўваліся асобныя віды старажытных павіннасцей. Так, у 1573 г. у маёнтку Я. Хадкевіча Бобр Аршанскага павета чыншавыя сяляне плацілі чынш памерам 50–60 грошаў, па адной бочцы жыта і аўса, па 1,5 пуда мёду, а таксама павінны былі рамантаваць двор, масты, гаці і млыны.

Узрастаючыя гандлёвыя інтарэсы памеснай гаспадаркі пашыралі павіннасныя абавязкі сялян далёка за межамі панскага двара. Асабліва адрывала селяніна ад працы ў сваёй гаспадарцы, займала шмат часу і сіл падворная павіннасць. У 1-й палавіне 17 ст. рост ставак чыншу працягваўся і дасягнуў 3 і больш коп грошаў за надзел. У маёнтках Сакольня і Ірцішчава ён дарос нават да двухзначнай сумы злотых.

Вынікам складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі з'явілася збядненне сялянства, рэзкае абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцяў, што праявілася ў розных формах пратэсту – ад падачы скаргаў да адкрытага непадпарадкавання. Сялянская бедната склала ядро паўстанцкіх атрадаў пад камандаваннем С. Налівайкі. Асноўныя сілы Налівайкі ў 1594–1596 гг. дзейнічалі ў межах Магілёўскай воласці, але яго атрады падыходзілі і да сцен Оршы. Паўстанне пад кіраўніцтвам Налівайкі пацярпела паражэнне, але барацьба працягвалася. Так, 28 верасня 1598 г. гетман найвышэйшы К. Радзівіл папярэдзіў шляхту Аршанскага павета аб магчымым паяўленні атрада ў некалькі тысяч паўстанцаў, якія ідуць знізу ўверх па Дняпры і займаюцца «справамі налівайкаўскімі».

Але працэс аднаўлення спыніла Паўночная вайна 1700–1721 гг. Усходняя Беларусь у гэтай вайне з'яўлялася асноўным тэатрам баявых дзеянняў рускай і шведскай армій. Цераз гэтыя землі праходзіў галоўны шлях Карла XII і корпуса Левенгаўпта. Іх рух суправаджаўся масавымі грабяжамі мясцовага насельніцтва. 3 красавіка 1708 г. А. Меншыкаў у лісце да Пятра I паведамляў, што шведы «катуюць, нішчаць,... мужыкоў ... каб ямы хлебныя паказвалі». У Копыскім графстве колькасць заселеных дымоў у 1710 г. у параўнанні з 1694 г. скарацілася на 43 %. У Смалянскім графстве ў канцы 1710 г. пуставала каля 90 валок. Катастрафічна знізілася колькасць рабочай жывёлы. Так, калі ў канцы 17 ст. толькі па вёсках Копыскага графства налічвалася 1399 коней, то ў 1710 г. ва ўсім уладанні, уключаючы і горад, іх засталося ўсяго 279, г. зн. на 80 % менш. У такіх умовах зямельныя ўласнікі былі вымушаны даваць сялянам ільготы ў павіннасцях, што садзейнічала аднаўленню сельскай гаспадаркі і росту колькасці насельніцтва. Асабліва гэта праявілася ў Смалянскім графстве. Ужо да сярэдзіны 18 ст. у асобных маёнтках Копыскага графства даваенны ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі быў нават перакрыты.

Працягвалася інтэнсіўнае вядзенне фальварковай гаспадаркі, што асабліва было характэрна для маёнткаў дробнай і сярэдняй шляхты. У прыватнаўласніцкіх маёнтках захоўвалася паншчына, норма якой змянялася ў бок павелічэння. Так, у маёнтку Сабінскага Пашкаўшчызна Аршанскага павета ў 1748 г. падданыя адпрацоўвалі 12 дзён паншчыны на тыдзень з валокі.

Напярэдадні далучэння Беларусі да Расіі галоўнай перашкодай удасканалення вытворчых сіл у земляробстве заставалася панаванне паншчыны – прыгонніцкай эксплуатацыі. Крызіс феадальнай эканомікі наспяваў. Большасць феадалаў бачыла выйсце з крызісу ва ўмацаванні эксплуатацыі сялян. 3 гэтай нагоды фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання, якая была традыцыйна распаўсюджана на захадзе Беларусі, у 2-й палавіне 18 ст. усё больш інтэнсіўна стала ўводзіцца на ўсходзе. Так, сяляне фальварка Шылава Аршанскага павета, якім валодалі паны Агінскія, былі абавязаны з цяглай валокі акрамя выплаты 25 злотых чыншу, здачы прадуктовай рэнты, яшчэ і адбыць 8 дзён на тыдзень паншчыны, дзесяць згонаў на год, 3 разы выйсці на сенакос.

У 2-й палавіне 18 ст. ва ўмовах агульнага эканамічнага ажыўлення развіваліся і рыначныя сувязі сялянскай гаспадаркі. Сяляне маёнткаў, дзе панавала грашовая рэнта, каб разлічыцца з феадалам за зямельны надзел, павінны былі ўнесці чынш і іншыя грашовыя выплаты. Таму ўсё часцей і часцей яны вымушаны былі звяртацца да рынка. Пісьмовая крыніца 2-й палавіны 18 ст. сведчыць, што «розным хлебам і іншымі вясковымі прадуктамі» гандлявалі сяляне ў базарныя дні ў Копысі. Сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам не замыкаліся толькі на продажы прадуктаў сельскай гаспадаркі. Сяляне набывалі на ўнутраным рынку тавары гарадской рамеснай вытворчасці, у прыватнасці, прылады працы, абутак, адзенне, прылады хатняга ўжытку і г. д.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Орша і наваколле ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Для кіравання далучанай часткай Беларусі было створана Беларускае генерал-губернатарства, у склад якога ўвайшлі Магілёўская і Пскоўская губерні. Магілёўская губерня падзялялася на 4 правінцыі: Магілёўскую, Аршанскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую. У Оршы была створана правінцыяльная канцылярыя. У 1777 г. правінцыі былі перайменаваны ў паветы, а правінцыяльныя гарады сталі павятовымі.

Уключэнне беларускіх зямель у склад цэнтралізаванай, з моцнай вярхоўнай уладай дзяржавы прывяло да пэўнай палітычнай стабілізацыі, якая паклала канец ваенным сутычкам на беларускіх тэрыторыях, феадальнай анархіі. Уцягванне Беларусі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму пашырыла рынак збыту прадуктаў земляробства, садзейнічала пэўнай эканамічнай арыентацыі і спецыялізацыі.

Летам 1812 г. напалеонаўская армія пачала свой захопніцкі паход на Расію. Каб прыцягнуць на свой бок польскіх і мясцовых землеўладальнікаў, Напалеон абяцаў узнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. узамен на падтрымку сваіх ваенных планаў.

Напалеонаўскае нашэсце нанесла вялізныя страты эканоміцы Аршаншчыны. Працэс аднаўлення прамысловасці працякаў вельмі марудна. У рапарце аршанскага гараднічага магілёўскаму грамадзянскаму губернатару за 1820 год паведамлялася: «У горадзе Оршы фабрык, заводаў і мануфактур не было». Ва ўсім Аршанскім павеце ў 1819 г. існавалі 2 мануфактуры – суконная і талесная. Нягледзячы на дармавую прыгонніцкую сілу і наяўнасць мясцовай сыравіны, прадукцыйнасць іх была вельмі нізкай. Гатовая прадукцыя ў асноўным выкарыстоўвалася на месцы і толькі часткова вывозілася ў іншыя гарады Магілёўскай губерні.

Сельская гаспадарка заставалася галоўнай вытворчай галіной. Але метады гаспадарання былі адсталымі, ураджайнасць нізкай.

Жывёлагадоўля давала насельніцтву прадукты харчавання, сыравіну, а земляробству – рабочую жывёлу і ўгнаенні. У 19 ст. на Аршаншчыне ў сярэднім на 1 сялянскі двор прыходзілася два кані (без коней было 5,3 % двароў, з адным канём – 15,8 %), 1 карова, 4 свінні, 4 авечкі, з дзесятак птушак. Даволі актыўна жывёлагадоўляй займаліся жыхары горада і асабліва мястэчак. Аснову кармавой базы складалі натуральныя травы. Лугі займалі да 10 % агульнай плошчы ворыўнай зямлі. Адна дзесяціна такіх лугоў давала да 80 пудоў сена. У вёсцы і горадзе вырошчвалі таксама гародніну – буракі, цыбулю, капусту, моркву, агуркі, часнок, рэдзьку. 3 19 ст. у харчовы рацыён нашых продкаў трывала ўвайшла бульба. 3 часам яна стала адной з важнейшых тэхнічных культур. Бульба істотна палепшыла кармавую базу жывёлагадоўлі.

Сярод фактараў, якія зрабілі вялікі ўплыў на эканамічнае і сацыяльнае развіццё Оршы і павета ў 2-й палавіне 19 ст. важнейшае значэнне мела адмена прыгоннага права.

У Аршанскім павеце мясцовым «Палажэннем» устанаўліваліся павіннасці ў памеры 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён з душавога надзела. За памешчыкамі замацоўвалася права прымушаць сялян працаваць на яго землях у любыя дні. Такое «вызваленне» выклікала ў сялян рэзкае незадаволенне. Ужо вясной 1861 г. па павеце пракацілася хваля сялянскіх выступленняў. Для іх падаўлення ў Аршанскі павет былі кінуты войскі на чале з контрадміралам Зорыным.

Галоўнай перашкодай на шляху ўсталявання новых капіталістычных адносін сталі феадальныя перажыткі і, у першую чаргу, памешчыцкае землеўладанне. Не стала выключэннем Аршаншчына, дзе ў пачатку 1880-х гадоў налічваліся 244 памешчыцкія гаспадаркі. Пры гэтым 131 гаспадарка мела надзелы ад 100 да 500 дзесяцін, 49 – ад 500 да 1000, 55 – ад 1000 да 5000 і 7 – ад 5000 да 7000 дзесяцін. I гэта ў той час, калі гораду належала толькі 2664 дзесяціны. На адну сялянскую гаспадарку ў сярэднім прыходзілася 15 дзесяцін зямлі. У параўнанне можна адзначыць, што графіні М. Ронікар толькі ў Высокім належала 7300 дзесяцін, надворнаму саветніку В. Цітову – каля 5 тыс. у Смалянах, межаўскай памешчыцы А. Лубенскай – больш за 3 тыс. дзесяцін і г. д. Сяляне Аршаншчыны пакутавалі не толькі ад беззямелля і малазямелля. Непамерна вялікімі былі выкупныя плацяжы, якія штогод складалі 164210 руб. 66,51 кап.

Асноўным насельніцтвам Аршанскага павета з'яўляліся сяляне – вясковыя жыхары (80,9 %). Сярэдняя велічыня вёсак у павеце – 12 сядзіб, 9 вёсак мелі больш за 50 сядзіб, 550 – менш за 10 сядзіб.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі ішло сінхронна, адлюстроўваючы агульнае эканамічнае становішча краю.

У канцы 19 – пач. 20 ст. расце ўвага ўлад да развіцця сельскай гаспадаркі і кустарных промыслаў. Дэпартамент земляробства выдаў у Санкт-Пецярбургу справаздачу з 1-й Магілёўскай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы, якая праходзіла з 5 па 16 верасня 1896 г. На выставе было прадстаўлена 1177 экспанатаў, многія з іх – з Аршанскага павета.

У перапрацоўчай галіне на 1-м месцы стаяла вытворчасць гарэлкі, сталовага віна і піва. Пасля гэтага – малочная вытворчасць: масла, сыры, смятана.

У дарэформенны перыяд на Беларусі пераважалі вотчынныя прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі ў асноўным сельскагаспадарчую сыравіну, былі звязаны з гаспадаркай памешчыкаў і размяшчаліся пераважна ў прыватнаўласніцкіх мястэчках і сёлах. У гарадах пераважала дробнатаварная вытворчасць у форме рамесніцкіх майстэрняў і невялікіх прамысловых прадпрыемстваў.

У 2-й чвэрці 19 ст. у Беларусі назіраецца значны прамысловы ўздым. Ахапіў ён і Аршаншчыну, дзе ў перыяд паміж 1826 і 1848 гг. колькасць фабрык і заводаў павялічылася да 14.

На Аршаншчыне дзейнічалі наступныя прамысловыя прадпрыемствы:

– Берасценеўскі завод сухой перагонкі драўніны,

– Берасценеўскі косцеабпальны і клеяварны завод,

– Выдрыцкі завод сухой перагонкі драўніны,

– Высокаўская папяровая фабрыка,

– Копыская кафляна-ганчарная фабрыка,

– Копыскі кафляна-глазурны завод,

– Ляснічаўская фабрыка запалкавай саломкі «Мінерва»,

– Смалянская спіртаачышчальная фабрыка,

– Смалянская цагельная мануфактура,

– Смалянская электрастанцыя,

– Сметанская кафляная мануфактура,

– Якаўлевіцкая суконная фабрыка.

Паводле звестак архіваў і справаздач за 1899–1900 гг. Аршанскі павет займаў тэрыторыю 4832 кв. вярсты, на тэрыторыі павета пражывала 102804 душы абодвух палоў. Але частка тэрыторыі цяперашняга Аршанскага раёна ўваходзіла ў Горацкі павет, які займаў 2487 кв. вёрст пры насельніцтве 82903 душы. Аршанскі павет меў шчыльнасць насельніцтва 21 чалавек на 1 кв. вярсту, Горацкі – 33 чалавекі.

У канцы 1898 г. у Оршы ўзнік сацыял-дэмакратычны гурток рабочых рамесніцкіх майстэрняў. Ён меў бібліятэку з 80 кніг і брашур. Нелегальная літаратура прывозілася з Мінска і Гомеля.

Газета «Іскра» ў № 1 за 11 снежня 1900 г. паведамляла, што ў Оршы распаўсюджвалася пракламацыя «Да ўсіх рабочых і работніц Расіі», якая заклікала да пратэсту супраць ваенных судоў над рабочымі Варшавы. У сувязі з гэтым у Оршы было праведзена 20 вобыскаў, 114 арыштаў, а ноччу 6 верасня 1900 г. паліцыя арыштавала кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнага гуртка, да следства было прыцягнута 22 чалавекі.

Актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху рабочыя Копысі. У 1901 г. тут узнікла рабочая група, у якую ўваходзілі рабочыя кафельных заводаў Гарлачоў, Чарвякоў, Багданаў і інш. 200 рабочых Копысі і кафельнага завода ў в. Смётанка ў ліпені 1901 г. арганізавалі стачку. Яны былі незадаволены зніжэннем платы за прадукцыю.

Пад уплывам сацыял-дэмакратычнай прапаганды ў жніўні 1903 г. рабочыя Копысі правялі палітычную забастоўку пад заклікам «Далоў царскае самадзяржаўе! Далоў царскія суды!». 16, 23 і 31 жніўня 1903 г. рабочыя Копысі арганізавалі сходкі з удзелам сялян. Гэта прымусіла ўлады выклікаць сотню казакоў з Вільні. Яна прыбыла 13 верасня і была размеркавана ў Шклове, Копысі і Смётанцы. У ноч з 14 на 15 верасня ў Копысі, Александрыі і Смётанцы было праведзена 15 вобыскаў.

Ідэі рэвалюцыйнай барацьбы сацыял-дэмакраты прапагандавалі сярод сялянства. Магілёўскі губернатар даносіў у дэпартамент паліцыі, што сялянскае насельніцтва вакол Копысі і Шклова – вёсак Зубава, Ляўкі, Нікіцічы, Ржаўцы і іншых – стала збірацца на сходкі ў лясах і абмяркоўваць сваё становішча, якое трэба палепшыць за кошт памешчыкаў. У жніўні 1903 г. па ініцыятыве сацыял-дэмакратаў адбыўся нелегальны сход рабочых і сялян – жыхароў вёсак Бабінічы, Антонаўка, Смётанка і Панізоўе, на якім прысутнічалі 300 рабочых і сялян. Прамоўцы заклікалі іх да сумеснай барацьбы супраць царскага рэжыму. Удзельнікі сходу атрымалі сацыял-дэмакратычную літаратуру, у якой расказвалася аб хваляваннях сялян у Харкаўскай і Палтаўскай губернях у 1902 г.

У 1904 г. былі аформлены Аршанская і Копыская групы РСДРП, якія ўвайшлі ў склад Палескага камітэта РСДРП. Групы вялі рэвалюцыйную работу сярод рабочых і сялян Аршанскага павета. Гэта работа садзейнічала актыўнаму ўдзелу рабочых і сялян Аршаншчыны ў рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У 1905–1907 гг. у Оршы і павеце існавалі таксама аршанская арганізацыя эсэраў і аршанскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, якія праводзілі сваю дзейнасць у асноўным разам з арганізацыямі РСДРП.

Падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу ўскалыхнулі ўсю Расію. 3 самага пачатку ў рэвалюцыйны рух уключыліся рабочыя і сяляне Аршаншчыны. Газета «Іскра» (№ 96) паведамляла, што ў лютым 1905 г. у Копысі забаставалі рабочыя кафельных заводаў, да іх далучыліся рабочыя млыноў і канторскія служачыя. Гэта стачка адбылася 20 лютага, у ёй удзельнічала звыш 250 чалавек.

Пад кіраўніцтвам Копыскай групы РСДРП у красавіку 1905 г. забаставалі рабочыя ўсіх кафельных заводаў. Яны выставілі патрабаванні: 8-гадзінны рабочы дзень, павелічэнне заробку. 14 красавіка 1905 г. за горадам адбылася масоўка, у якой удзельнічала 400 рабочых.

У рэвалюцыйным руху прымалі таксама ўдзел рабочыя прадпрыемстваў, размешчаных у сельскай мясцовасці. У ліпені 1905 г. забаставалі 200 рабочых Серкавіцкага завода Мерліса. Яны выставілі эканамічныя патрабаванні. 11 ліпеня забаставалі рабочыя цвіковага завода ў Барані – за павышэнне заробку і паляпшэнне быту. Перад гэтым у Барані з'явілася пракламацыя «Да ўсіх рабочых Аршанскага цвікавага завода» са штэмпелем «Аршанская арганізацыя Палескага камітэта РСДРП». У пракламацыі з 19 пунктаў былі сфармуляваны патрабаванні рабочых. У выніку стачкі адміністрацыя цвіковага завода пайшла на ўступкі рабочым.

У ліпені таго ж года пачалася забастоўка 200 рабочых ільнопрадзільнай фабрыкі Этрыха ў в. Высачаны. Іх эканамічныя патрабаванні адміністрацыя адхіліла, фабрыку закрылі. I толькі 19 жніўня яна была зноў адкрыта, калі Этрых прыбавіў на 10 працэнтаў заробак рабочым і скараціў рабочы дзень з 11 да 10 гадзін.

У 1906 г. пачаўся спад рэвалюцыйнага руху на Аршаншчыне. За ўдзел у ім рабочыя падвяргаліся рэпрэсіям. Былі арыштаваны дзесяткі найбольш актыўных удзельнікаў рабочага руху, членаў сацыял-дэмакратычных арганізацый, баявых груп. Толькі 12 ліпеня 1906 г. этапным парадкам у Архангельскую і Валагодскую губерні былі адпраўлены 14 палітычных вязняў з Оршы. У Аршанскай і Копыскай арганізацыях РСДРП назіраліся рознагалоссі паміж бальшавікамі і меншавікамі, што адбівалася на арганізаванасці рэвалюцыйных выступленняў.

Састаўной часткай рэвалюцыйнага руху на Аршаншчыне была барацьба сялянства. Агітацыйную работу ў яго асяроддзі праводзілі сацыял-дэмакраты, якія мелі шырокія сувязі з сялянамі Горацкага, Аршанскага і Магілёўскага паветаў, праводзілі сходы сялян і запрашалі іх на рабочыя сходкі. Сяляне з ахвотай слухалі агітатараў, хавалі іх ад паліцыі.

Арганізавана правялі забастоўку 22 ліпеня 1905 г. батракі ў маёнтку Скрыншчына, які арандаваў кулак Казьмяк. Яны дабіліся павелічэння заробку. Часта сяляне здымалі з работы падзёншчыкаў у памешчыцкіх маёнтках, каб прымусіць памешчыкаў выканаць свае патрабаванні ці выжыць іх з вёскі. Так, сяляне трох вёсак – Тумінічы, Мезенава, Барайшава знялі ў маёнтку Мацнева батракоў, падзёншчыкаў, служачых, прыслугу і выставілі памешчыку Ганеўскаму патрабаванні: выплаціць запазычанасць за работу ў маёнтку, даць вёскам пашу, павялічыць заробак падзёншчыкам і рабочым. Памешчык вымушаны быў уступіць. Такое ж па характару выступленне адбылося ў в. Новае Сяло Машкоўскай воласці.

Па звестках дэпартамента паліцыі, у Аршанскім павеце ў 1905 г. у раёне Копысь – Горкі – Орша за 8 месяцаў адбыліся 44 выступленні сялян, што склала 32 працэнты ад агульнай колькасці сялянскіх выступленняў у губерні.

У 1906 г. сялянскі рух пайшоў на спад. Тым не менш, пад кіраўніцтвам рабочых Баранскага цвіковага завода прайшлі забастоўкі падзёншчыкаў і батракоў у маёнтках Вусце, Забалацце, Бабінічы, Чурылава. Бастуючыя дабіліся выканання сваіх патрабаванняў.

Зноў актывізаваўся рабочы і сялянскі рух у Оршы і Аршанскім павеце перад першай сусветнай вайною, а найбольш яскрава праявіў сябе ў час Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый.

1-я сусветная вайна пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. у выніку абвастрэння супярэчнасцяў паміж ваенна-палітычнымі блокамі капіталістычных дзяржаў – Траістага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антанты (Англія, Францыя і Расія) за калоніі і сферы ўплыву, рынкі збыту і крыніцы сыравіны. У яе былі ўцягнуты 33 краіны з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек.

Заходнія губерні Расійскай імперыі (Орша ўваходзіла ў склад Магілёўскай губерні) 18 ліпеня былі пераведзены на ваеннае становішча. У сувязі з гэтым ваенныя ўлады і губернатары атрымалі неабмежаваныя правы. Былі забаронены сходы, забастоўкі (асабліва на чыгунцы), усё, што пагражала «грамадскаму спакою і дзяржаўнаму парадку». Уводзіўся жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым.

У 1915–16 гг., калі фронт прыблізіўся да Оршы, насельніцтва прыфрантавой паласы выконвала цяжкія ваенныя павіннасці: рамонт дарог, пабудову мастоў, ахову чыгунак і інш.

Цяжкае становішча ў час вайны склалася з забеспячэннем насельніцтва харчаваннем, прадметамі паўсядзённага ўжытку. Як вынік – росквіт спекуляцыі, дарагавізна, картачкі на хлеб, цукар, мануфактуру.

Да 1917 г. Орша з'яўлялася важным ваенна-стратэгічным транспартным вузлом, заставалася тылавым горадам. У горадзе меўся значны ваенны гарнізон, у наваколлі размясцілася казачая дывізія, у межах горада – каманда самакатчыкаў, этапная, ахоўная, інвалідная каманды, буйныя артылерыйскія, інжынерныя і вінныя склады і г. д.

 

Межы Аршанскага павета ў пачатку XVI ст.Межы Аршанскага павета ў канцы XVI ст.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Агеева, Е. Реформы и образование / Е. Агеева // Аршанская газета. – 2002. – 21 верас. – С. 3.

2. Амбражевич, Н. Битва под Оршей 1514 года: мифы и факты / Н. Амбражевич // Віцебскі рабочы – 2006. – 1 чэрв. – С. 10.

3. Блюм, У. Орша – чыгуначны цэнтр / У. Блюм // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 91–93.

4. Вароніна, Т. Развіццё Оршы ў XIX–XX стагоддзя / Т. Вароніна // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 89–91.

5. Віцько, Д. В. Буйное магнацкае і дзяржаўнае землеўладанне ў Аршанскім павеце ў канцы XVII – пачатку XVIII ст. / Д. В. Віцько // Труды Белорусского государственного технологического университета. Серия 5. Политология, философия, история, филология. – 2007. – Вып. 15.– С. 120–124.

6. Доўнар, А. Вытокі аршанскага самакіравання / А. Доўнар // Веды. – 2008. – 8 верас. – С. 3.

7. Игнатьева, Т. Хронология истории Оршанщины / Т. Игнатьева // На главной магистрали : к юбилеям Орши, Друцка, Копыси и Толочина / сост. Г. Ч. Лянькевич ; ред. В. М. Дедушкин и др. – Минск : Книгосбор, 2008. – С. 94–105.

8. Жуковский, В. В. В глубокой древности / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 116–120.

9. Жуковский, В. В. Войны в XVI–XVIII веках / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 140–144.

10. Жуковский, В. В. Война 1812 года. Участники войны / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 145–148.

11. Жуковский, В. В. Оршанщина в XVI–XVIII веках / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 132–139.

12. Кудзін, А. З гісторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Аршанскага раёна / А. Кудзін // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 25–27.

13. Левко, О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк / О. Левко. – Орша : Оршанская типография, 1993. – 52 с.

14. Лобин, А. Мифы Оршанской битвы / А. Лобин // Родина. – 2010. – № 9. – С. 111–115.

15. Лютынскі, В. Аршанскай бітве – 495 гадоў / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 3 сент. – С. 7.

16. Лютынскі, В. Вайна 1812 года на Аршаншчыне / В. Лютынскі // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 85–89.

17. Лютынскі, В. Наш край сто гадоў таму / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 30 июля. – С. 7.

18. Лютынский, В. Блины для наполеона или Наш край в 1812 году / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2012. – 27 сент. – С. 5.

19. Лютынский, В. Наш край в войне 1812 года / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 8 окт. – С. 7 ; 29 окт. – С. 7 ; 5 нояб. – С. 7 ; 12 нояб. – С. 7 ; 19 нояб. – С. 7 ; 26 нояб. – С. 7.