Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Аршанскі раён. Вялікая Айчынная вайна

 

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Орша і Аршанскі раён апынуліся ў зоне ваенных дзеянняў. Пачынаючы з 23 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкая авіяцыя рабіла рэгулярныя налёты. Для стварэння абароннага рубяжа савецкае Галоўнакамандаванне загадала прыцягнуць грамадзянскае насельніцтва. Жыхары Оршы былі мабілізаваны на ўзвядзенне абарончых збудаванняў. 1200 байцоў дабраахвотных фарміраванняў і 20 тыс. гараджан за некалькі сутак выкапалі на левым беразе Дняпра супрацьтанкавы роў даўжынёй 12 км. Ён пачынаўся ад чыгуначнага маста цераз Днепр і цягнуўся да в. Пашына. У раёне ўпадзення р. Адроў у Днепр была пабудавана плаціна. Узровень вады ў Адроўцы падняўся на 3 м. У ходзе баёў за Оршу гэтыя збудаванні адыгралі важную ролю: прарвацца праз гэтыя рубяжы танкі праціўніка так і не змаглі.

У басейнах рэк Бярэзіна і Днепр у тыя дні не было больш-менш значных сіл Чырвонай Арміі, якія былі б здольныя затрымаць прасоўванне фашысцкіх полчышчаў на аршанска-смаленскім напрамку. Выключэннем была 1-я Маскоўская пралетарская мотастралковая дывізія (камандзір палкоўнік Я. Р. Крэйзер). Яна была перакінута пад Оршу на шосты дзень вайны і з 28 чэрвеня пачала рыхтаваць абарончыя рубяжы на захад ад горада.

Вечарам 29 чэрвеня, у крытычны для Заходняга фронту дзень, калі фашысцкія войскі завяршылі акружэнне савецкіх армій, што абараняліся ў прыгранічных абласцях Беларусі, і захапілі Мінск, камандуючы фронтам генерал арміі Д. Р. Паўлаў паставіў мотастралкам новую задачу. Дывізіі было загадана тэрмінова высунуцца ў раён Барысава, заняць абарону на ўсходнім беразе Бярэзіны і не дапусціць прарыву танкавых і механізаваных войск праціўніка цераз раку. Асабліва ўпарта дывізія павінна была абараняць Зэмбінскую, Барысаўскую і Чарняўскую пераправы. Так на шляху фашыстаў да Оршы паўсталі мотастралковыя, артылерыйскія і танкавыя часці 1-й Маскоўскай пралетарскай дывізіі палкоўніка Крэйзера. Дывізія лічылася лепшай у Чырвонай Арміі. Укамплектаваная па штатах ваеннага часу, добра аснашчаная і абучаная (у склад дывізіі ўваходзілі 6-ы і 175-ы мотастралковыя, 13-ы артылерыйскі палкі, 300-ы зенітны і 123-і процітанкавы артылерыйскія дывізіёны, 93-і разведвальны батальён, батальён сувязі, інжынерны батальён і іншыя спецпадраздзяленні), яна ўяўляла сабой грозную сілу. У дывізіі налічвалася 12 тыс. салдат і афіцэраў, 220 танкаў, у тым ліку 40 Т-34 і КВ.

На працягу трох сутак дывізія вяла бязлітасныя баі на гэтым рубяжы, стрымліваючы націск 18-й танкавай дывізіі праціўніка. Стойкай абаронай, умелым манеўрам і смелымі контратакамі часці маскоўскай дывізіі нанеслі праціўніку значны ўрон. За тры дні баёў фашысцкая дывізія згубіла да 70 танкаў і 1,5 тыс. салдат і афіцэраў. Аднак да канца ліпеня праціўнік захапіў плацдарм на ўсходнім беразе Бярэзіны і ўклініўся ў абарону дывізіі на глыбіню 15–20 км.

У ноч на 4 ліпеня часці Маскоўскай мотастралковай дывізіі пакінулі пазіцыі на Бярэзіне і адышлі за р. Нача. Дывізія перайшла да рухомай абароны. Камандзір дывізіі ўлічваў слабыя бакі ў тактыцы праціўніка, які наступаў уздоўж дарогі і пазбягаў начных дзеянняў. Ён разгарнуў дывізію на 20-кіламетровым фронце, заняў выгадныя рубяжы. На падыходзіўшыя калоны праціўніка абрушвалі магутны агонь, прымушалі яго разгортвацца і старанна арганізоўваць бой.

Удзень 10 ліпеня часці дывізіі займалі абарону па ўсходнім беразе р. Адроў, прыкрываючы подступ да Оршы з захаду. Арганізаваныя гітлераўцамі танкавыя атакі ўздоўж аўтастрады Мінск – Масква былі адбіты. У ноч на 11 ліпеня дывізія была выведзена ў рэзерв і засяроджана ў лесе на поўнач ад Оршы. Камандуючы 20-й арміяй генерал-лейтэнант І. І. Масленікаў вырашыў выкарыстаць гэтую баяздольную дывізію для адбіцця магчымага ўдару з боку Віцебска.

Бязлітасныя баі на подступах да Оршы ішлі не толькі на зямлі,але і ў паветры. 3 ліпеня пад Оршу былі перакінуты 213-ы і 214-ы бамбардзіровачныя палкі. Яны базіраваліся каля в. Зубава.

14 ліпеня 1941 г. пад Оршай у в. Пішчалава была ўпершыню выпрабавана ў баявой абстаноўцы новая савецкая зброя – устаноўка для стральбы рэактыўнымі снарадамі, якая пазней атрымала назву «кацюша». Камандзірам батарэі быў прызначаны І. А. Флёраў. У 15 гадзін 15 хвілін батарэя зрабіла першы залп з усіх сямі ўстановак па вялікай колькасці жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка.

У той жа дзень па заяўцы камандзіра 413-га стралковага палка 73-й стралковай дывізіі батарэя зрабіла другі залп па нямецкай пераправе цераз Аршыцу. Усе гітлераўцы, якія ўцалелі на ўсходнім беразе пасля таго, як пераправа была знішчана, трапілі ў палон.

Контратакі 1-й Маскоўскай дывізіі, што былі нанесены ў фланг 18-й танкавай дывізіі праціўніка, прывялі да поўнага разгрому тылоў гэтай дывізіі, аднак змяніць становішча яны ўжо не маглі. На працягу наступных дзён Маскоўская дывізія стрымлівала праціўніка на подступах да Оршы з поўдня і паўднёвага ўсходу. Дывізія білася ў поўным акружэнні, пастаяна манеўравала і кантратакавала. 16 ліпеня, знішчыўшы аўтатранспарт і баявую тэхніку, якая засталася без гаручага, часці дывізіі сталі прарывацца на Горкі і Магілёў.

У той жа дзень пакінулі Оршу і часці 73-й і 18-й дывізій. Праціўнік ужо знаходзіўся за 100 км на ўсход ад Оршы. 16 ліпеня 29-я матарызаваная дывізія з танкавай групы Гударыяна ўварвалася ў Смаленск і авалодала паўднёвай часткай горада.

Баявыя дзеянні Чырвонай Арміі на аршанскім напрамку і гераічная абарона Оршы ў 1-й палавіне ліпеня 1941 г. адыгралі важную ролю ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У баях паміж Беразіной і Дняпром быў пакладзены пачатак краху гітлераўскага плана маланкавай вайны супраць СССР, канчаткова пахаванага пад Масквой.

Стойкай і актыўнай абаронай пад Оршай дывізіі 20-й арміі нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і баявой тэхніцы. Некаторыя дывізіі Гударыяна і 8-га армейскага корпуса, якія наступалі на аршанска-смаленскім напрамку, страцілі да палавіны свайго баявога саставу.

Важнае значэнне адыграла абарона Дняпроўскага рубяжа для народнай гаспадаркі. За тыя некалькі дзён, на працягу якіх савецкія войскі стрымлівалі праціўніка, ва ўсходнія раёны краіны былі эвакуіраваны прамысловыя прадпрыемствы Оршы, Смаленска, Вязьмы, Раслаўля і іншых гарадоў. У глыбокі тыл былі адпраўлены дзесяткі тысяч савецкіх людзей, у тым ліку дзяцей, якія былі выратаваны такім чынам ад фашысцкага рабства. Многія эвакуіраваныя папоўнілі рады арміі, працавалі на абарончых прадпрыемствах, уносілі свой уклад у разгром фашысцкай Германіі.

Пасля захопу Аршанскага раёна гітлераўцы ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым. У горадзе і раёне, акрамя армейскіх тылавых частак, акупанты размясцілі сетку карных органаў: штаб 286-й ахоўнай дывізіі, палявую камендатуру, чыгуначную камендатуру, палявую жандармерыю, паліцыю, гестапа, групы тайнай палявой паліцыі ГФП-723, ваеннай разведкі – абвер-310, паліцыі бяспекі і СД, дапаможную паліцыю, мясцовую камендатуру–842 і г. д. У Межаве знаходзіўся батальён 286-й ахоўнай дывізіі, у в. Наздроўшчына – група паліцыі бяспекі і СД. Армейскія і паліцэйскія гарнізоны пастаянна знаходзіліся ў Балбасава, Юрцава, Забалацці і іншых населеных пунктах раёна.

У горадзе і раёне на працягу некалькіх дзён была праведзена рэгістрацыя насельніцтва, што засталося. Гітлераўцаў цікавілі жыхары толькі з пункта гледжання іх расавай тэорыі выкарыстання для работы. Ужо ў ходзе рэгістрацыі яўрейскае насельніцтва аддзялялася ад астатніх грамадзян. Пасля агульнай рэгістрацыі было арганізавана рабочае бюро, дзе насельніцтва праходзіла другую рэгістрацыю па спецыяльнасці і працаздольнасці. Было вырашана асноўную базу, што знаходзілася ў лесе непадалёк ад пас. Асінторф, перанесці ў в. Кашына. Крыху пазней для сувязі паміж базай, гарадскімі і сельскімі падпольнымі групамі былі падабраны сувязныя.

Падпольныя патрыятычныя групы дзейнічалі ў многіх вёсках Аршаншчыны. Актыўнымі ўдзельнікамі падпольнай барацьбы былі Ф. П. Сплашноў (в. Рубашына), Н. І. Давыдзенка, І. Г. Яцко (в. Якаўлевічы), Н. М. Кавалёў (в. Руткаўшчына), А. В. Ціванскі (в. Лісуны), Ф. Н. Шабураў, В. Р. Свайняк (в. Новая Тухінь), А. І. Палітаў (в. Пірагі), В. Д. Шыбека (в. Гразіна), А. З. Атрашкевіч, Г. А. Кукса (в. Кашына), К. Е. Гурын (Балбасава), Л. І. Красноўскі (Смаляны), Т. Г. Марозаў (Копысь).

Важную ролю ў пачатковы перыяд станаўлення падпольнай і партызанскай барацьбы ў Аршанскім раёне адыгралі вайскоўцы Савецкай Арміі. Многія з тых, хто трапіў у акружэнне пад Мінскам, Барысавам і Оршай, спрабавалі прабіцца да сваіх. Многія з акружэнцаў, асабліва параненыя, заставаліся ў вёсках, дзе яшчэ не было нямецкіх гарнізонаў, і ў лясах. Там пасля лячэння і азнаямлення з абстаноўкай, яны ўстанаўлівалі сувязь з патрыётамі, арганізоўвалі партызанскія групы, здабывалі зброю і ўзрыўчатку і пачыналі партызанскую барацьбу. Пазней многія з гэтых акружэнцаў сталі камандзірамі, начальнікамі штабоў і камісарамі партызанскіх груп, атрадаў і брыгад.

З самых першых дзён барацьба аршанскага падполля мела актыўны баявы характар. 12 ліпеня 1941 г., як толькі немцы захапілі Юрцава, А. Г. Шкабарын з некалькімі пакінутымі для арганізацыі падполля таварышамі ўзарвалі Высокаўскі спіртзавод. Згарэлі будынкі, абсталяванне, склады сыравіны і гатовай прадукцыі.

У пачатку сакавіка 1942 г., ратуючыся ад правалу, з Оршы пайшлі ў лес многія падпольшчыкі чыгуначнага вузла на чале з К. С. Заслонавым. У в. Лагі імі быў арганізаваны партызанскі атрад. У яго склад у сакавіку-красавіку 1942 года ўліліся партызанскія групы П. П. Лямаева, Д. Е. Касачова, П. В. Смірнова, Л. Я. Сяліцкага, створаныя з трапіўшых у акружэнне вайскоўцаў, а таксама жыхароў вёсак Межава і Каменка.

Адначасова з падпольнай барацьбой супраць акупантаў і ў непарыўнай сувязі з ёй на Аршаншчыне склаўся і набраў сілу партызанскі рух. Некалькі партызанскіх груп узніклі ўжо ў першыя месяцы акупацыі. У раёне дзейнічалі партызанскія брыгады 1-я і 2-я імя Заслонава, 16-я Смаленская, Багушэўская, «Звязда», імя А. Ф. Данукалава, «Чэкіст», партызанскія атрады 5-ы, 10-ы, 20-ы, 112-ы Горацкі, Багушэўскі, «Трэція». Па няпоўных звестках, толькі на камандных і палітычных пасадах у партызанскіх атрадах і брыгадах знаходзілася больш за 200 жыхароў горада і раёна. Гэта К. Заслонаў, Л. Анкіновіч, А. Максіменка, В. Лазорскі, Н. Сіўцоў, М. Сабакін, В. Бойка, М. Хадорык, В. Быкаў і шмат іншых.

У ліпені 1942 года ў Бабінавіцкім лесе паблізу в. Сафіёўка на базе атрада «Дзядзі Косці» была сфарміравана партызанская брыгада К. М. Заслонава. Акрамя атрада «Дзядзі Косці», у брыгаду ўвайшлі асобны зводны атрад І. Шурмана, асобны зводны атрад П. Смірнова – Л. Сяліцкага, партызанская група «Мікалая», асобны атрад Сатушкі – А. Андрэева. Арганізацыйна брыгада складалася з 5 партызанскіх атрадаў і падрыўной групы колькасцю 20 чалавек.

Масавы партызанскі рух, пачынаючы з лістапада 1942 г, перарос па сваіх маштабах ва ўсенародную вайну. Толькі партызаны брыгады імя Заслонава правялі 122 баі з акупантамі. Было знішчана 7878 варожых салдат і афіцэраў, узята ў палон 2139 гітлераўцаў, узарвана 12 230 рэек, пушчана пад адхон 218 воінскіх эшалонаў, разбіта 104 паравозы, 1191 вагон з жывой сілай і тэхнікай ворага, узарвана 40 мастоў, 596 аўтамашын і бронемашын, знішчаны 24 склады з боепрыпасамі, разбурана 16 прамысловых прадпрыемстваў, 4 чыгуначныя станцыі, збіты 1 самалёт, выведзены са строю 33 танкі.

Тры гады працягвалася акупацыя Аршаншчыны. За гэты час фашысты стварылі на нашай зямлі моцную лінію абароны. Яны выкарысталі пры гэтым прыродныя межы – рэкі, балоты, лясы. На аршанскім напрамку быў створаны магутны рубеж умацаванняў глыбінёй больш за 40 кіламетраў. Пабудаваўшы шмат дзотаў, дотаў, глыбокіх акопаў, ворагі лічылі сваю абарону непераможнай. I Орша, як значны пункт перакрыжавання чыгуначных і шашэйных дарог, была ператворана ворагам у моцны вузел абароны.

23 чэрвеня 1944 года, амаль 10 месяцаў прастаяўшы непадалёк ад Оршы, фронт прыйшоў у рух. Пачалася наступальная аперацыя па разгроме нямецка-фашысцкіх войскаў на Беларусі – «Баграціён». На аршанскім напрамку наступалі войскі 3-га Беларускага фронта пад камандаваннем генерал-палкоўніка I. Д. Чарняхоўскага.

Пасля цяжкіх трохдзённых баёў, праследуючы адступаючага ворага, савецкія воіны наблізіліся да Оршы. Каб аблегчыць штурм горада, ім трэба было захапіць масты. Але фашысты замініравалі іх. У апоры чыгуначнага маста праз Дняпро яны заклалі 5300 кілаграмаў толу, збіраючыся падарваць яго.

Група салдат на чале з сяржантам Я. Макеевым была накіравана ў тыл ворага. Захапіўшы мост, яны адбілі ўсе спробы ворага вярнуць яго, утрымаўшы да падыходу нашых войскаў. Мост быў выратаваны. Савецкая тэхніка змагла пераправіцца па ім праз раку. Сяржанту Я. Макееву і радавому А. Юрчанку за гэтую аперацыю было прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

Увечары 26 чэрвеня перадавыя часткі савецкіх войскаў ушчыльную падышлі да горада і пачалі штурм Оршы. Пераадольваючы моцнае супраціўленне фашыстаў, першымі ў наш горад уварваліся воіны стралковага палка 192-й дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Ф. А. Сцебянёва. Услед за імі ўвайшлі танкісты 213-й танкавай брыгады. Рухаючыся з баямі па гарадскіх вуліцах, на світанку яны захапілі чыгуначную станцыю. Яна была таксама замініравана. Але савецкія салдаты наступалі так імкліва, што фашысты не паспелі яе ўзарваць. Яны пакінулі на аршанскім вузле каля 20 цягнікоў, якія былі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію.

27 чэрвеня 1944 г. войскі Чырвонай Арміі ачысцілі ад акупантаў увесь горад. У гэты дзень таксама было вызвалена каля 200 населеных пунктаў Аршанскага раёна.

На Аршаншчыне нарадзіліся і жылі Героі Савецкага Саюза М. І. Альхоўскі (1939, в. Межава – 1978; званне прысвоена 04.02.1944), П. А. Дудчык (1918, в. Казённыя Паршні – 1994; званне прысвоена 29.06.1945), У. Г. Завадскі (1919, Орша – 1992; званне прысвоена 26.10.1944), У. А. Канаваленка (1917, Санкт-Пецярбург – 1944; званне прысвоена 16.10.1943), М. А. Карначонак (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага раёна – 1942; званне прысвоена 23.11.1942), С. С. Пустэльнікаў (1921, в. Свісцёлкі – 05.02.1945; званне прысвоена 31.03.1945), А. Д. Салянікаў (н. у 1919, в. Чурылава; званне прысвоена 19.08.1944), М. Д. Сіянін (1901, в. Забалацце – 1973; званне прысвоена 17.11.1943), І. Я. Сяржантаў (1919, в. Якаўлевічы – 1943; званне прысвоена 24.08.1943), Б. Л. Хігрын (1909, Орша – 05.07.1941; званне прысвоена 31.08.1941), М. Л. Часнык (1921, Орша; званне прысвоена 22.08.1944).

У в. Казекі Аршанскага раёна нарадзіўся поўны кавалер ордэна Славы П. І. Касцюковіч (1923–1982), у Оршы – генерал-лейтэнант авіяцыі А. С. Дземяшкевіч (1902–1962).

У кнізе «Памяць. Аршанскі раён» названы прозвішчы 1381 воіна Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні Оршы (усяго тут пахаваны 31 453 воіны); прозвішчы 13 972 воінаў-землякоў і воінаў, якія прызываліся Аршанскім ваенкаматам і загінулі; прозвішчы 367 загінуўшых удзельнікаў Аршанскага патрыятычнага падполля; прозвішчы 157 загінуўшых партызан-землякоў; прозвішчы 102 загінуўшых партызан 1-й і 2-й брыгад імя Заслонава; прозвішчы 160 воінаў, партызан і падпольшчыкаў г. Барань, якія загінулі; прозвішчы 373 мірных жыхароў Оршы, загубленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У кнізе названы таксама прозвішчы 144 воінаў-землякоў – удзельнікаў штурму Берліна, якія вярнуліся дамоў пераможцамі.

 

Савецкая пяхота на беразе Дняпра. 1944 г. Фотаздымак  з сайта  https://news.tut.by
Савецкія танкі і пяхота ў баі пад Оршай. 1944 г. Фотаздымак  з сайта  https://news.tut.by
Група палонных немцаў, захопленых у баях за Оршу. 1944 г. Фотаздымак  з сайта https://news.tut.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Афанасьев, В. Сокрушение «Пантеры» / В. Афанасьев // Атаманъ. – 2010. – № 2 (авг.). – С. 4.

2. Багамазаў, У. Вялікая Айчынная вайна на Аршаншчыне / У. Багамазаў, С. Добкіна // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 98–113.

3. Багамазаў, У. С. Акупацыйны рэжым / У. С. Багамазаў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 307–308.

4. Багамазаў, У. С. Вызваленне Аршанскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў / У. С. Багамазаў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 358–362.

5. Багамазаў, У. С. Падпольны і партызанскі рух / У. С. Багамазаў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 311–334.

6. Балашова, Е. Партизанской бригаде К. С. Заслонова – 70 лет / Е. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2012. – 26 июля. – С. 21.

7. Балашова, Е. Н. Подвиг железнодорожника / Е. Н. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 7 авг. – С. 6–7.

8. Добкіна, С. Вялікая Айчынная вайна на Аршаншчыне / С. Добкіна // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямлення / аўт.-склад.: Т. М. Вароніна, А. М. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 108–113.

9. Жуковский, В. В. Великая отечественная война / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 165–172.

10. Каралеў, Г. Сям'я патрыётаў / Г. Каралёў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 346–347.

11. Королев, В. Непокоренные / В. Королев // Аршанская газета. – 2009. – 14 мая. – С. 3.

12. Сіпакоў, Я. Свае партызаны / Я. Сіпакоў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 349–357.

13. У гады выпрабаванняў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 300–305.

14. Усачева, С. Ради жизни на земле / С. Усачева // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 30 апр. – С. 4.

15. Ціханскі, А. І. Бараньскае падполле / А. І. Ціханскі // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 342–346.

16. Шалуха, Б. Ф. Бясстрашныя патрыёты / Б. Ф. Шалуха // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн. 1. – С. 348–349.

17. Шли по земле, где родились и жили // Аршанская газета. – 2005. – 3 мая. – С. 2.

18. Щеголяева, Т. Из истории 43-й авиадивизии / Т. Щеголяева // Аршанская газета. – 2009. – 14 мая. – С. 3.