Гісторыя. Аршанскі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 06.05.2017 08:40
- Адноўлена 15.08.2017 08:10
За перыяд Вялікай Айчыннай вайны на франтах загінула 5048 чалавек, у партызанах і падполлі – 402. Знішчана мірных жыхароў 8045, у тым ліку 5 тыс. ваеннапалонных. Спалены 192 чалавекі. Выгнана ў нямецкае рабства 2429 чалавек, вярнуліся – 2121.
Па стане на 17.07.1944 г. у Аршанскім раёне застаўся 56 851 жыхар, у т. л. сельскага насельніцтва 53 326 чалавек. За 3 гады акупацыі ў раёне поўнасцю разбураны Якаўлевіцкая суконная фабрыка, Копыскі льнозавод, Высокаўскі спіртзавод (пасля вайны яны не адноўлены), Межаўскі спіртзавод, на 96 працэнтаў – БелДРЭС, на 80 працэнтаў – цвіковы завод «Чырвоны Кастрычнік».
У МТС і саўгасах раёна налічвалася 8 трактароў. У калгасах не засталося ніводнай жывёліны. У раёне знішчаны 3182 жылыя дамы, 14 будынкаў сельскіх Саветаў, 2 бальніцы, 9 медпунктаў, 72 школы, 2305 грамадскіх пабудоў (3 «Кароткай эканамічнай характарыстыкі Аршанскага раёна на 17.07.1944 г.»).
Згодна рашэння Аршанскага райвыканкама № 117 ад 05.06.1969 г. «Аб удакладненні дадзеных аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд часовай акупацыі тэрыторыі Аршанскага раёна» ў перыяд 1941–1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі поўнасцю знішчаны 9 населеных пунктаў: Межаўскі сельсавет – вёскі Бортнікава, Наркоўшчына, Мальжонкава, Клюкаўскі сельсавет – вёскі Замасточча, Іванькава, Арэхаўскі пассавет – вёска Рудня, Браздзетчынскі сельсавет – вескі Маркавічы, Чурылава, Лявонаўка. Усяго па раёне знішчаны 3311 двароў, з іх у г. п. Копысь – 1128.
У 1946 г. у Аршанскім раёне было 305 населеных пунктаў з 13910 гаспадаркамі. Пасля вызвалення аднавілі сваю дзейнасць 126 калгасаў.
Па выніках работы за 1945–1946 гг. за паспяховае выкананне сельскагаспадарчых работ і дзяржаўнага плана развіцця жывёлагадоўлі Аршанскаму раёну быў уручаны пераходны Чырвоны Сцяг абкама КП(б)Б і аблвыканкама. Найлепшых вынікаў дасягнулі калгасы «Чырвоны бераг» Пішчалаўскага сельсавета, «Ларынаўка» і «Чырвоны след» Зубаўскага сельсавета.
У 1950 г. праходзіла масавае ўзбуйненне калгасаў. Да ліпеня 1950 г. у раёне было 126 калгасаў, пасля ўзбуйнення – 35.
У 1945 г. у вучгасе «Бабінічы» створана школа механізацыі. У 1948 г. згодна з пастановай Савета Міністраў СССР школа рэарганізавана ў саўгаснае вучылішча механізацыі, якое рыхтавала кадры для саўгасаў Беларусі – механікаў самаходных камбайнаў, памочнікаў камбайнераў, трактарыстаў, шафёраў. За гады свайго існавання саўгаснае вучылішча падрыхтавала сотні спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.
За 15 км ад Оршы на правым беразе Дняпра знаходзіцца эксперыментальная база «Вусце» Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства. Адразу ж пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі ў «Вусці» зноў узнавілася доследная работа: прымаліся меры па арганізацыі палявых доследаў і закладцы доўгатэрміновых стацыянараў на дрэвападзолістых сугліністых глебах, падсцілаемых марэнай, характэрных для значнай часткі паўночна-ўсходняй зоны Беларусі.
На 01.01.1960 г. у раёне было 340 населеных пунктаў з насельніцтвам 65 937 чалавек, у тым ліку 4 паселкі: Копысь – 1833, Арэхаўка – 4174, Асінторф – 4357, Барань – 3486 чалавек.
3 1962 г. адной з важнейшых задач стала ўсямернае разгортванне жыллёвага і культурна-бытавога будаўніцтва на сяле. Планавалася пабудаваць у вёсках Аршаншчыны ў 1962–1965 гг. 1000 жылых дамоў. Неабходна было ажыццявіць паступовы пераход ад будаўніцтва ў сельскай мясцовасці індывідуальных аднакватэрных жылых дамоў да будаўніцтва шматкватэрных добраўпарадкаваных жылых дамоў. Распрацоўваліся праекты планіроўкі ўсіх калгасаў з абавязковым размяшчэннем у цэнтральных сядзібах прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.
У 1961 г. у Аршанскім раёне пабудавана 259 жылых дамоў, 9 культурна-бытавых памяшканняў, а за 1-е паўгоддзе 1962 г. пабудавана і знаходзілася ў стадыі будаўніцтва 299 жылых дамоў.
На працягу 1963–1964 гг. былі зацверджаны схемы планіроўкі пасёлкаў калгасаў і саўгасаў, вёсак Пугляі і Чурылава саўгаса «Бабінічы», в. Абухава калгаса «Чырвоная Беларусь», в. Пішчалава калгаса імя Кірава, в. Васькаўшчына калгаса імя Заслонава, населенага пункта Высокае калгаса «Маяк камуны», пасёлка эксперыментальнай базы «Межава» і в. Буда, населеных пунктаў калгасаў імя Энгельса і імя Кутузава, «Ленінскі прызыў», «Сцяг Перамогі». Планавалася спыніць будаўніцтва драўляных дамоў і арганізаваць будаўніцтва цагельных дамоў.
У час 1959–1965 гг. сельская гаспадарка лічылася ў раёне асноўнай. Тут працавала 48 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у тым ліку 5 саўгасаў. За гады сямігодкі ў сельскай гаспадарцы дасягнуты пэўныя поспехі. Калі ў 1959 г. было атрымана 21 363 тоны зерня, то ў 1965 г. на 19 837 тон больш. На 1303 тоны (81 %) больш было выкапана бульбы, на 10 707 тон (22 %) малака, на 311 тон (12 %) мяса. Была скарочана працягласць рабочага дня, узрасла сярэдняя заработная плата, уведзена пенсіённае забеспячэнне калгаснікаў. 3 1966 г. калгасы раёна перайшлі на гарантаваную грашовую аплату працы. На адзін працадзень выдавалася па 2 руб. 57 кап.
Праведзена вялікая работа па павышэнні ўрадлівасці зямель – вапнаванні кіслых глебаў, асваенні рацыянальных севазваротаў, укараненні навукова абгрунтаванай сістэмы ўгнаення, новых, больш прадуктыўных сартоў сельскагаспадарчых культур і меліярацыі зямель.
У 1980-я гг. многія жывёлаводы Аршаншчыны былі ўдастоены высокіх урадавых узнагарод. Адна з іх – даярка калгаса імя Кірава Надзея Іванаўна Сянчыла, узнагароджаная ордэнам Працоўнай Славы I ступені за дасягненне высокіх вынікаў у павелічэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на аснове інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы.
У пачатку 1990-х гг., пасля распаду Саюза ССР, як і ва ўсёй народнай гаспадарцы, назіраецца пэўны спад і ў сельскай гаспадарцы. Але страчаныя тэмпы паступова нарошчваюцца. У 1997 г. перавышаны трохтысячны рубеж у даярак эксперыментальнай базы «Вусце», у Аршанскай аграфірме ён наблізіўся да чатырохтысячнай адзнакі. Павялічыўся валавы збор збожжа. Сярэдні ўраджай за 1997 г. склаў 28,2 цэнтнера з гектара. Большая частка збожжа вырашчана ў калгасах і саўгасах (88,9 %), бульбы і агародніны – у асабістых падсобных гаспадарках (73,5 і 76,2 %).
У 1960-х гг. працягвае развівацца народная асвета. У 1961 г. пасля невялікага перапынку ў Оршы зноў адкрываецца медвучылішча. У 1973 г. вячэрні тэкстыльны тэхнікум быў перайменаваны ў механіка-тэхналагічны з 7 аддзяленнямі. У 1997 г. у Оршы 26 агульных, 8 базавых, 4 пачатковыя, адна спецыяльная школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы.
ЛІТАРАТУРА
1. Борисова, А. Праздник со слезами на глазах / А. Борисова // Аршанская газета. – 2009. – 2 ліп. – С. 4.
2. Боровикова, Т. «Орша не сразу строилась...» / Т. Боровикова // Аршанская газета. – 2008. – 13 верас. – С. 4 ; 4 кастр. – С. 3.
3. Вайцахоўская, С. Аршаншчына святкуе дзень вызвалення / С. Вайцахоўская // Аршанская газета. – 2004. – 29 чэрв. – С. 1–2.
4. Войцехович, Н. Нам эту землю завещано беречь / Н. Войцехович // Аршанская газета. – 2015. – 8 мая. – С. 15.
5. Касперскі, В. Орша пасляваенная / В. Касперскі // Аршанская газета. – 2009. – 27 чэрв. – С. 7.
6. Коханко, В. П. Оршанщина в первые мирные дни / В. П. Коханко // Выстояли и победили: свидетельствуют архивы / сост. М. В. Пищуленок. – Витебск, 2005.– С. 32–36.
7. Жуковский, В. В. Оршанщина в начале XXI века / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 179–185.
8. Жуковский, В. В. Послевоенные годы / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 173–178.
9. Орша. Взгляд из будущего // Аршанская газета. – 2017. – 24 чэрв. – С. 2.
10. Сурдова, Л. А. Первый комендант послевоенной Орши – Килосанидзе Василий Васильевич // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 28 окт. – С. 7 ; 4 нояб. – С. 7.
11. Хорсун, С. І. Пасля вызвалення Айчыны / С. І. Хорсун // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 367–395.
12. Юранов, В. Чтобы помнили / В. Юранов // Аршанская газета. – 2008. – 4 кастр. – С. 4.