Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Верхнядзвінскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

У Дрысенскім павеце, які ўваходзіў у Віцебскую губерню, Савецкая ўлада была ўсталявана ў лістападзе – снежні 1917 года. Інфармацыйны ліст аддзела мясцовага кіравання камісарыята ўнутраных спраў ад 30 студзеня 1918 года абвяшчаў: «Дрыса, Віцебскай губерні. Улада ў руках Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў не толькі ў горадзе, але і ва ўсім павеце. Земствы ліквідаваны. Саветам утворана секцыя па земскай гаспадарцы. Сабатажу не адзначалася. Казначэйства і прадукты харчавання ўзяты пад кантроль Савета. Арганізоўваецца Чырвоная гвардыя і ваенна-рэвалюцыйны трыбунал. У раёне дзеяння Савета ёсць казённыя лясы і землі, маёнткі ўзяты пад улік».

Гэта праца вялася ва ўмовах перамір'я на Заходнім фронце, але 18 лютага германскія войскі перайшлі ў наступленне і занялі значную частку Беларусі. У канцы лютага Дрыса была акупавана і ў выніку баёў вельмі разбурана, згарэла значная частка драўляных будынкаў, многія жыхары эвакуіраваліся. На акупаванай частцы тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі рэжым. Вывозілася ўсё каштоўнае – ад прамысловага абсталявання і сыравіны да звычайных бытавых рэчаў.

На барацьбу з акупантамі рашуча ўзняліся працоўныя Беларусі, у тым ліку і ў Дрысенскім павеце. Дзейнічалі партызанскія атрады ў Замшанскай, Зябкаўскай валасцях. Барацьба набыла масавы характар.

3 сакавіка 1918 года ў Брэсце быў падпісаны мір на грабежніцкіх умовах, паводле якога ў ліку другіх і Дрысенскі павет адыходзіў Германіі. Пасля ануляцыі 13 лістапада 1818 года Брэсцкага дагавора і ў выніку наступлення Чырвонай Арміі па ўсім фронце, Дрысенскі павет у канцы лістапада быў вызвалены. З 23 лістапада 1918 года кіраванне горадам і паветам узяў на сябе Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які прыбыў з Себежа. Старшынёй яго з'яўляўся М. Д. Рымша. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт вёў падрыхтоўку, арганізоўваў і праводзіў выбары ў Саветы.

15 студзеня 1919 года адбылося першае пасяджэнне выканкама павятовага Савета. Разам з павятовым пачалі арганізоўвацца і валасныя Саветы сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў.

Акрамя саветаў у вёсках ствараліся і камітэты беднаты. Яны праводзілі актыўную барацьбу з кулацтвам, бралі на ўлік і канфіскоўвалі лішкі збожжа ў кулакоў. Напрыклад, камітэт беднаты Стрыжанскай воласці для канфіскацыі і продажу памешчыцкага інвентару стварыў спецыяльную ацэначную камісію на чале са старшынёй Савета М. Карпенкам і членамі Мядзюшкам і Стволавым, якую абавязаў «выручаныя ад продажу грошы выкарыстаць на патрэбы валаснога Савета». Камбеды праводзілі вялікую культурна-асветніцкую работу. Па стане на 13 лютага 1919 года ў Дрысенскім павеце было адкрыта 37 клубаў і хат-чытальняў.

19 лютага 1919 года ў Замшанскай воласці адбыўся з'езд прадстаўнікоў камбедаў, які аднадушна прыняў рэзалюцыю аб адносінах да кулакоў. У лютым – сакавіку 1919 года камбеды былі аб'яднаны з Саветамі. У час мірнай перадышкі больш увагі было ўдзелена гаспадарчаму аднаўленню, вырашэнню харчовага пытання.

У канцы лютага 1919 года пачалося наступленне войск Польшчы. Несучы вялікія страты, з баямі, Чырвоная Армія адыходзіла і толькі ў кастрычніку 1919 года спыніла наступленне польскага войска на лініі па р. Зах. Дзвіна праз Дрысу.

Устаноўлены польскімі інтэрвентамі жорсткі рэжым выклікаў шырокае супраціўленне насельніцтва. Акрамя падпольных партыйных арганізацый была створана шырокая сетка партызанскіх атрадаў.

3 ліпеня 1920 года пачалося наступленне Чырвонай Арміі, скардынаванае з партызанскімі атрадамі, і ў канцы года савецкія войскі выйшлі да этнічных граніц Польшчы. На жаль, гэтыя пазіцыі ўтрымаць не ўдалося і ў выніку новага наступлення польскага войска ў жніўні 1920 года значная частка Беларусі зноў апынулася пад іх акупацыяй. 18 сакавіка 1921 года быў заключаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.

Дрыса стала пагранічным горадам, як і Дрысенскі павет, што наклала значны адбітак на яго эканамічнае і культурнае развіццё, асабліва на цэнтр павета – г. Дрысу. Справа ў тым, што пагранічныя раёны адзначаліся павольнымі тэмпамі развіцця прамысловасці, у Дрысе, напрыклад, амаль не аднаўляліся разбураныя ў вайну пабудовы.

У выніку першай сусветнай і грамадзянскай войнаў эканамічнае і культурнае становішча павета прыйшло ў заняпад. Дрыса аказалася на 75 % разбуранай. І калі ў даваенны час яна з'яўлялася даволі буйным транспартным вузлом, з амаль 6 тысячамі чалавек насельніцтва і 580 домаўладальнікамі, то ў 1924 годзе ў Дрысе налічвалася 2252 жыхары і 380 домаўладальнікаў. Некалькі гадоў Дрысенскі павет наогул не ўваходзіў у БССР: з 15 сакавіка 1919 г. быў перададзены РСФСР. І толькі 17 ліпеня 1924 г. у выніку новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу быў створаны Дрысенскі раён у Полацкай акрузе, у які ўвайшлі 7 сельсаветаў.

У далейшым тэрыторыя раёна неаднаразова мянялася ў сувязі з узнікненнем альбо ліквідацыяй іншых раёнаў у межах Полацкай акругі.

На даволі працяглы час з 3 ліпеня 1925 года г. Дрыса мела статус мястэчка і толькі з 27 верасня 1938 года зноў стала лічыцца горадам. У сувязі з увядзеннем пастановай прэзідыума ЦВК БССР ад 20 лютага 1938 года на тэрыторыі БССР абласнога падзелу Дрысенскі раён увайшоў у Віцебскую вобласць.

У Дрысенскім раёне пражывала 23549 чалавек, з іх 87 % складала сельскае і 13 % – гарадское насельніцтва. Па перапісе насельніцтва 1925 г. у раёне пражывала 88.5% беларусаў, 8 % яўрэяў, 2,1 % рускіх, 0,6 % палякаў, 0,4 % латышоў.

На тэрыторыі раёна мелася 418 населеных пунктаў, у тым ліку мястэчкі Дрыса і Расіца.

Паколькі ў раёне не было прамысловай вытворчасці, галоўнае значэнне ў эканоміцы займала сельская гаспадарка.

У сакавіку 1921 года з пераходам на НЭП былі вялікія надзеі на змены. Гэтыя надзеі адлюстраваны ў рэзалюцыі з'езда Саветаў Дрысенскага павета, які праходзіў 20 сакавіка 1921 года. «З'езд мае надзею, што з пераходам дзяржавы на мірнае жыццё цэнтр пяройдзе ад метаду развёрсткі і рэквізіцыі да метаду нарыхтоўкі неабходных дзяржаве прадуктаў у форме натуральнага падатку, і, такім чынам, апошні спосаб дасць магчымасць сялянскім гаспадаркам адрадзіцца».

Увядзенне НЭПу спрыяла ўмацаванню сялянскіх гаспадарак, але працэс ішоў вельмі павольна. У 1924 годзе з 4667 сялянскіх двароў раёна заможных – 10 %, серадняцкіх – 50 %, слабых – 40 %.

У выніку нізкай культуры земляробства ўраджайнасць палёў заставалася нізкай: жыта – 35–40 пудоў з дзесяціны, аўсу – 40–45, ячменю – 45–50, бульбы – 500–600, канюшыны – 180–220 пудоў. Сярэднія надоі малака складалі 60–70 вёдзер у год.

Каб надзяліць беззямельных і малазямельных сялян зямлёй, у раёне праводзілася яе пераразмеркаванне. Быў створаны зямельны фонд, які ў пачатку лютага 1925 года складаў 4290 дзесяцін. Але гэта былі ў асноўным лесафондаўскія альбо закінутыя землі, і таму да канца 1925 года за лік фонду атрымалі зямлю толькі 37 сялянскіх двароў.

Значная частка насельніцтва раёна жыла на хутарах. Да таго ж у ходзе землеўпарадкавання на хутары выйшла яшчэ 8%. На канец 1924 года ў раёне налічвалася звыш 1100 хутароў і займалі яны 945,7 га (1922 г. – 396,2 га). У 1924 годзе ў раёне мелася 5 сельскагаспадарчых арцеляў з 90 членамі. Зямельная плошча калектыўных гаспадарак складала ўсяго 166,1 га.

Асноўную частку працаўнікоў арцеляў састаўлялі былыя батракі. Не было кваліфікаваных спецыялістаў (1 аграном, 1 ветфельчар). Даходу гэтыя арцелі не прыносілі.

Беднасць штурхала сялян шукаць лепшай долі па-за межамі Беларусі. У 1926 годзе пажадалі перасяліцца ў Сібір 65 сем'яў (313 чалавек).

Да 1925 года не развіваліся і сельскагаспадарчыя таварыствы. Асноўную дапамогу сялянам аказвала Дрысенскае крэдытнае таварыства. Пазыка выдавалася ад 3,5 да 12 месяцаў, мінімальная складала 15 руб., максімальная – 60. Існавала меліярацыйнае таварыства, але яно не вяло амаль ніякай работы, бо не мела сродкаў.

За першую палову 20-х гадоў прамысловасць зусім не развівалася, працавала толькі 3 вадзяныя млыны, якія арандаваліся прыватнымі асобамі і 1 млын – арцельны. У Дрысе мелася некалькі саматужных арцеляў па рамонту абутку і пашыву адзення.

Цяжкае эканамічнае становішча не спрыяла развіццю народнай адукацыі, культурна-асветных устаноў. У 1934 годзе працавала 1 сямігодка ў Дрысе, 23 пачатковыя школы, і толькі 8 з іх мелі прыстасаваныя для заняткаў пабудовы. Навучаннем было ахоплена ўсяго 50 % дзяцей раёна. Недастаткова было настаўнікаў, не хапала падручнікаў і інш.

У 1925–26 навучальным годзе акрамя 20 беларускіх мелася 2 польскія і 1 яўрэйская школы. Пры школах працавалі гурткі для навучання дарослых грамаце, на пачатак 1926 года працаваў 21 лікпункт, дзе займалася 416 чалавек.

У 1924–25 гг. мелася толькі 3 хаты-чытальні і 10 чырвоных куткоў. Культурна-асветная праца, правядзенне лекцый, дакладаў, чытка газет і інш. вяліся ў асноўным пры школах.

У вельмі дрэнным стане знаходзілася і ахова здароўя. У 1925 годзе мелася 1 бальніца і амбулаторны пункт з зубаўрачэбным кабінетам у Дрысе, Расіцкі амбулаторны пункт.

У раёне было 7 сельсаветаў з колькасцю членаў с/с – 117 чалавек. З мэтай лепшага абслугоўвання насельніцтва нацыянальных меншасцяў былі створаны ў Дрысе і Асвеі яўрэйскія нацыянальныя саветы.

Расла колькасць партыйных ячэек, але да восені 1924 года ў раёне мелася толькі 3 парт'ячэйкі (30 членаў), у лютым 1926 года – 7 (колькасць членаў – 51, кандыдатаў – 29). Большымі былі камсамольскія ячэйкі, але склад іх быў вельмі рухомы (Расіцкая налічвала ў студзені 1925 г. 36 камсамольцаў, на працягу года ўступіла 33, а на люты 1926 г. засталося 30, астатнія выйшлі з камсамола, выехалі ў іншыя мясціны ці былі выключаны). Прафсаюзныя агранізацыі раёна аб'ядноўвалі ў 1925 годзе каля 500 чалавек.

З другой паловы 20-х гадоў на Дрысеншчыне больш інтэнсіўна пачаў развівацца кааператыўны рух. У 1925 годзе дзейнічалі машынныя і сельскагаспадарчыя крэдытныя таварыствы, якія аб'ядноўвалі 950 членаў, камуна і 6 сельскагаспадарчых арцеляў з 380 членамі. У 1928 годзе ўжо мелася 15 машынных, 3 меліярацыйных і 2 крэдытныя таварыствы. У іх уваходзілі 1875 чалавек. Акрамя гэтага, працавалі 3 камуны і 7 сельскагаспадарчых арцеляў з 490 членамі. У канцы 1928 года было арганізавана 7 калгасаў. У іх увайшлі 80 сялянскіх двароў.

Аднак асноўная частка сялян займалася індывідуальнай гаспадаркай. Паступова сацыялістычнае пераўтварэнне вёскі набывала прымусовы характар. «Генеральная лінія» на ўсеагульную калектывізацыю пачала праводзіцца ў жыццё з вясны 1929 года.

У складаных умовах праводзілася калектывізацыя на Дрысеншчыне. Прымусовыя меры пры стварэнні калгасаў хутка павялічылі іх колькасць. Калі на 20 лютага 1929 года налічвалася ў раёне 49 калгасаў, то на 20 ліпеня – 84. Працэнт калектывізацыі падняўся да 42,8 %. Мясцовыя ўлады ішлі на розныя меры дзеля гэтага. Прымяняліся пагрозы, у вёсцы на пэўны час прыпынялі завоз тавараў першай неабходнасці (солі, мыла, запалак і г. д.).

Пры ўтварэнні калгасаў, побач з эканамічным ціскам, ужываліся метады запалохвання і фізічнага ўздзеяння на асноўную частку сялян. Прымянялася практыка высялення сялян, якія адмаўляліся ўступаць у калгасы. У сакавіку 1930 года Дрысенскі райвыканкам паведамляў у Бігосаўскі пагранатрад, што бедната Цястоўскага с/с на сваіх сходках у студзені – лютым 1930 г. пастанавіла прасіць органы Савецкай улады аб высяленні з пагранзоны сялян, што зрываюць мерапрыемствы Савецкай улады па калектывізацыі (прыводзяцца прозвішчы сялян).

У лютым 1930 года Беларусь прызнана рэспублікай суцэльнай калектывізацыі (56,5 %). Сярод «перадавых» раёнаў значыўся і Дрысенскі, у якім узровень калектывізацыі дасягнуў 46,9 %.

Але прымусовыя тэмпы калектывізацыі не маглі доўга трымацца, і ўжо вясной 1930 года пачаўся масавы выхад сялян з калгасаў. Калі ў сакавіку 1930 года ў Дрысенскім раёне налічвалася 76 калектыўных гаспадарак, то ў маі 1930 г. іх засталося 59. Узровень калектывізацыі знізіўся да 19 %.

Паколькі матэрыяльная база для стварэння калгасаў адсутнічала, яна складалася з абагульненага сельскагаспадарчага інвентара і жывёлы сялян, уступіўшых у калгасы. Своеасаблівым пратэстам супраць такога абагульнення з'явіўся масавы забой жывёлы. У выніку забою і продажу буйной рагатай жывёлы, яе пагалоўе скарацілася ў 1930 годзе параўнаўча з 1926 годам напалову, а свіней – на 75 %. Часткова на гэты працэс паўплываў недарод 1927–28 гг.

Значнае скарачэнне калектывізаваных гаспадарак выклікала трывогу партыйных органаў. Была разгорнута шырокая агітацыйная работа. Толькі ў лістападзе 1930 года, пасля ўсіх агітацыйных заклікаў, колькасць калгасаў у раёне паднялася да 66, а працэнт калектывізацыі да 23 %.

У працэсе стварэння калгасаў амаль зусім не складаліся планы іх працы, ствараліся калгасы па 8–5 і менш двароў. Такія карлікавыя гаспадаркі былі нежыццяздольнымі і распадаліся ў першую чаргу.

Фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі суправаджала актыўная барацьба супраць кулацтва. Кіруючымі органамі было прынята рашэнне аб забароне прыёму кулацкіх сем'яў у калгасы, а ў студзені 1930 года прынята рашэнне «не пазней пачатку веснавой сяўбы вычысціць з калгасаў усе кулацкія і нэпманаўскія элементы». У іх склад нярэдка пападалі сераднякі і нават беднякі. Толькі ў пачатку 1930 года па раёне «раскулачана» 16 серадняцкіх гаспадарак, а іх сем'і высланы. Нават калі кулакоў не мелася, выдавалася распараджэнне абавязкова іх знайсці. Калі кіраўнікі не вельмі настойліва іх шукалі, яны здымаліся з пасад «за прытупленне класавай пільнасці». Гэта з'явілася адной з прычын зняцця з пасады сакратара Дрысенскага РК КП(б) Б. Пушчына ў 1930 годзе.

Калектывізацыя разбурала не толькі індывідуальныя гаспадаркі, але і знішчала іншыя формы сельскагаспадарчай вытворчасці. Калі вясной 1929 года ў раёне дзейнічала 15 машынных таварыстваў, 8 малочных, 4 меліярацыйныя, 3 садова-агародныя, 2 ільнаводчыя і інш., працавалі 3 камуны і 9 сельгасарцеляў, якія аб'ядноўвалі каля 16 % сялян, то ў выніку прымусовай калектывізацыі ўсё гэта было страчана. Пасля аналізу памылак рабіліся захады да аднаўлення дзейнасці некаторых таварыстваў і арцеляў. У 1931 годзе іх налічвалася каля 20, аднак наладзіць колькі-небудзь значную працу яны не змаглі і ўрэшце зліліся з калгасамі. У лістападзе 1931 г. у Дрысенскім раёне налічвалася 179 калгасаў, якія аб'ядноўвалі 4945 сялянскіх гаспадарак (61,1 %). Колькасць калгасаў так павялічылася таму, што ў ліпені 1931 г. адбылося ўзбуйненне Дрысенскага раёна за кошт значнай часткі Боркавіцкага, у выніку с/с стала 14, сялянскіх гаспадарак – 8091, насельніцтва – 41902 чалавекі.

Пачынаючы з лістапада 1929 года пачалося эканамічнае і культурнае ўмацаванне пагранічных раёнаў, якія адставалі ў гэтых адносінах ад другіх. У Дрысенскі раён за 1930 год было накіравана 10 трактараў, выдзелены грашовыя сродкі для дапамогі маламоцным калектыўным гаспадаркам. У наступныя гады з мэтай узмацнення кіруючых кадраў пераведзена на розную працу 72 члены КП(б)Б.

Пільнасць да пагранраёнаў прынесла і ўзмоцненую падазронасць у адносінах. Дрысенскі раён трапіў пад асаблівую ўвагу ў сувязі з тым, што выяўлены працэнт кулакоў паказаўся цэнтральным партыйным органам недастатковым. Гэта паслужыла прычынай прыняцця пастановы ЦК КП(б)Б ад 1 лютага 1931 г. «Аб Дрысенскай партарганізацыі». У ёй прапанавалася паскорыць стварэнне калектыўных гаспадарак, а таксама «правесці праверку работы і чыстку асабовага складу савецка-кааператыўнага апарату, прыцягваючы да кіраўніцтва перадавых калгаснікаў, батрацтва і беднату, а таксама больш рашуча весці работу па выяўленні кулацтва і кулацка-заможных гаспадарак».

У дакладной запісцы аб мерах па выкананні ўсесаюзнай пастановы, Дрысенскі райкам адзначыў, што ён выправіў дапушчаныя ў папярэдні год памылкі адносна нявыяўленых кулакоў. Па становішчы на 25 лістапада 1931 года было выяўлена і абкладзена індывідуальным падаткам 20 кулацка-заможных гаспадарак, дадзена цвёрдае падатковае заданне 297 гаспадаркам.

Пастаянны страх трапіць у колы праціўнікаў калектывізацыі прымушаў запісвацца ў калгасы. На 1 студзеня 1932 года 67 калгасаў (37,9 %) аб'ядноўвалі ад 5 да 15 сялянскіх двароў (калгас «Ясная паляна» – 6 гаспадарак, «Барацьба» – 10 ). У такіх гаспадарках не ўдавалася наладзіць больш-менш здавальняюча вытворчы працэс, не хапала людзей, не было зацікаўленасці, і ў выніку ў 1932 годзе зноў пачаўся выхад з калгасаў. Распалася 13 калгасаў, а ў суседнім Асвейскім раёне працэнт калектывізацыі знізіўся з 50 % да 30 %.

Працягваліся рэпрэсіі супраць тых, хто не жадаў быць калгаснікам альбо не мог плаціць падаткі. У маі 1932 г. Дрысенскі РК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб самаачыстцы калгасаў ад кулацка-заможных элементаў». У выніку гэтай кампаніі з калгасаў былі выключаны 62 гаспадаркі, з іх значная частка беспадстаўна. Падазронасць, пошукі ўсялякіх ворагаў з'яўляліся вельмі характэрнай рысай грамадскага жыцця 30-х гадоў. Асабліва пацярпела ад гэтага насельніцтва пагранічных раёнаў.

У 1929–1930 гг. у сельскую гаспадарку раёна было ўкладзена крэдытаў на суму 246 тыс. руб., альбо на 29,4 % больш, чым у 1928–1929 гг. З 1930 года сельскагаспадарчая вытворчасць раёна атрымала напрамак ільнаводча-жывёлагадоўчы. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў, расла культура земляробства, эканоміка гаспадарак стала ўздымацца.

У 1933 годзе калгасы атрымалі значныя льготы па дзяржаўных абавязковых хлебапастаўках, а таксама значныя насенныя і харчовыя пазыкі, што дазволіла некалькі ўмацаваць калгасы і ў наступным годзе на працадзень выдаць больш грошай, збожжавых і бульбы.

У 1935 годзе калгасы ўжо мелі 141 малочна-таварную ферму, 112 свінагадоўчых, 84 авечкагадоўчых і 3 конефермы. З'явіліся і лепшыя жывёлагадоўчыя калгасы. Такім лічыўся калгас імя Варашылава. У 1935 годзе добрыя прыбыткі атрымаў калгас «Новы шлях» (17813 руб.), «Юны свет» (22 тыс. руб.) і інш.

У 1936 годзе за добрую працу аўчар калгаса «Кастрычнік» Ю. А. Ганус і дырэктар Дрысенскай МТС Крупеня былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Неаднаразова калгаснікі раёна з'яўляліся ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. У яе ганаровую кнігу занесены за дасягненні 1939 года звеннявая калгаса імя Леніна М. Л. Матуль, свінарка калгаса «Новы свет» Е. Н. Сініца, даярка калгаса «Новы шлях» З. Ф. Шыманская і інш. (усяго звыш 100 чалавек). За 5 год (1934–39) урадавыя ўзнагароды атрымалі 12 перадавікоў і кіруючых кадраў. Прыкладаў узорнай працы сялян было нямала.

У сакавіку 1930 года раённая калгасная школа, якая абслугоўвала Дрысенскі і Асвейскі раёны, выпусціла 472 спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, у тым ліку 32 старшынь калгасаў, 109 брыгадзіраў, 138 загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў, 193 рахункаводаў. З 1934 па 1939 гады на розных курсах падрыхтавана 402 трактарысты, 20 камбайнёраў, 66 ільноцерабільшчыкаў, 88 машыністаў малатарань.

Але разам з тым працягваліся рэпрэсіі, праводзіліся паказальныя суды над «шкоднікамі» і «сабатажнікамі». Арышты праводзіліся кожны год. За 1937 год, напрыклад, былі рэпрэсіраваны 24 члены Дрысенскай раённай партыйнай арганізацыі.. Прымусовая калектывізацыя ў 1938–39 гг. суправаджалася ссяленнем хутароў, што прывяло пад 1939 год да іх ліквідацыі. Да 1940 г. на Дрысеншчыне было калектывізавана 97% сялянскіх гаспадарак.

3 1930 года раён атрымаў ільнаводчы напрамак у развіцці сельскай гаспадаркі, пачалі стварацца прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы лёну. У 1929 годзе пачаў будавацца, а ў 1930 годзе ўступіў у эксплуатацыю адзін з першых у рэспубліцы Дрысенскі льнозавод з рухавіком 120 конскіх сіл. Пры заводзе была пабудавана і невялікая электрастанцыя магутнасцю 40 кВт для асвятлення г. Дрысы.

Каб пашырыць перапрацоўку большай часткі лёну на месцы, у 1931 годзе былі пабудаваны яшчэ 2. Развіваліся прамысловыя арцелі. На студзень 1932 года ў раёне працавала 8 прамысловых арцеляў, якія налічвалі 290 чалавек. Значная іх частка знаходзілася ў Дрысе: транспартная, ганчарная, кравецкая, шавецкая, кавальская, хлебных вырабаў, арцель фатографаў.

У 1931 годзе завяршылася будаўніцтва цагельнага і лесазавода. Працавалі 4 млыны, якія перапрацоўвалі да 260 ц зерня ў суткі. 3 лістапада 1930 г. па студзень 1932 г. валавая прадукцыя прамысловасці раёна вырасла больш як у 3 разы. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны працавалі лесапільны, 2 цагельныя, 4 ільнозаводы, працягвала развівацца прамысловасць будаўнічых матэрыялаў, паліўная, харчовая і інш.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.]. – Мн., 1999. – Кн. 1. – 528 с.

2. Рыц, Р. Развіццё калектыўных сельскіх гаспадарак на Верхнядзвіншчыне / Р. Рыц // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2006. – 8 жн. – С. 3.

3. Рыц, Р. Сялянскі рух [на Дрысеншчыне] у 1917 годзе / Р. Рыц // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2006. – 1 жн. – С. 2.

4. Третьяк, И. Дриссенский уезд в начале 20-х годов прошлого века / И. Третьяк // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2006. – 27 чэрв. – С. 3.