Спіс помнікаў археалогіі. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 08.01.2019 15:42
Гарадзішча за 2,5 км ад в. Барсукі
Знаходзіцца за 2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. Займае ізаляванае ўзвышша. Пляцоўка амаль круглая, памерам 36x34 м, узвышаецца над поймай р. Дрыса на 20 м. Умацавана 3 кальцавымі валамі вышынёй да 2 м, з паўднёвага боку – 2 дадатковымі валамі вышынёй 1,5 м і ровам глыбінёй 1 м. Выявіў і даследаваў у 1975–1976 гг. В. І. Шадыра. Пры раскопках высветлілася, што па краях пляцоўкі быў яшчэ адзін вал, які на паверхні цяпер амаль не заўважаецца. Культурны пласт 0,4–0,5 м цёмна-шэрай, месцамі чорнай афарбоўкі. У ім знойдзена ляпная кераміка 2 відаў: пасудзіны са слабай прафіліроўкай і слоікападобныя, характэрныя для днепра-дзвінскай культуры. Гарадзішча адносіцца да IV–III стст. да н.э. – I–II стст. н.э.
Гарадзішча за 1 км ад в. Дубровы
Мясцовая назва Гарадзец. Знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі, на ўзгорку вышынёй 6–7 м. Памеры 60х70 м. З поўдня абмываецца ручаём, з поўначы заўважаецца паніжэнне да 5–6 м. З захаду аддзялялася ровам, або седлавінай, якая ніжэй за пляцоўку гарадзішча на 4–5 м. Вядома з 1930 г. Абследавалі ў 1967 годзе К. П. Шут, у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Знойдзены абломкі пасудзін, зернедрабілка, прасліца. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца V ст. да н. э. – IV ст. н. э.
Гарадзішча за 0,4 км ад в. Княжыцы
Знаходзіцца за 0,4 км на захад ад вёскі, на мысе правага берага р. Дрыса. Памеры пляцоўкі 90х55 м. З паўночнага боку ўмацавана ровам. Стромкасць схілаў з захаду да 70, з усходу і поўдня да 50. У паўднёва-заходняй частцы ёсць насып, магчыма, уезд на гарадзішча, з паўночна-усходняга боку – дарога. Схілы зараслі лесам. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 2,5 км ад в. Марозы
Вядома пад назвай Гарадок. Знаходзіцца за 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі. Уяўляе сабою абкружанае балотамі ўзвышша вышынёй 10–13 м, шырынёй 15 м. Прасочваюцца рэшткі 2 валоў і рова. Абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 1,5 км ад в. Пескаватка
Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадзец. Памер 15х20 м, вышыня 9–10 м. З поўначы да гарадзішча прымыкае балота. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 1 км ад в. Урагава
Знаходзіцца за 1 км на поўнач ад вёскі, на ўзгорку, сярод балот заходняга берага воз. Асвейскае. Памер 70х40 м, вышыня 12 м. Усходняя частка ўзгорка, на якой было збудавана гарадзішча, умацавана 2 серпападобнымі валамі і 2 равамі. Усходні і паўночна-ўсходні бакі гарадзішча таксама былі ўмацаваны валам. Вядома з 1930 года. Даследавалі ў 1949 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1966 годзе К. П. Шут. Ускрыта 304 м2.. Культурны пласт 1,2 м. Выяўлены рэшткі жытла слупавой канструкцыі, паўзямлянкавыя збудаванні-майстэрні. Знойдзены жалезныя нажы, сярпы, шылы, сякеры, бранзалеты, малаток, касцяныя долаты і праколкі, біканічныя прасліцы, шлак, абломкі слоікападобнага гладкасценнага посуду, а таксама каменныя сякеры. Здабывалі і апрацоўвалі жалеза на гарадзішчы. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, датуецца VII ст. да н. э. – VIII ст. н. э.
Гарадзішча за 0,5 км ад в. Царкоўна
Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, на мысе ва ўрочышчы Гарадзец. Памер 40х60 м, вышыня 8 м. З усходняга боку аддзяляецца седлавінай глыбінёй 3 м. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 0,5 км ад в. Цясты
Знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Дрыса, за 1 км вышэй упадзення ў яе р. Свольна, на ўзгорку вышынёй 5–8 м над поймай ракі. З паўночнага боку схіл пераходзіць у карэнны бераг Дрысы, з заходняга боку працякае безназоўны ручай, з усходу і захаду гарадзішча ўмацавана ровам шырынёй 9–13 м, глыбінёй 2 м. Пляцоўка авальная памерам 26х51 м, выцягнута па лініі захад – усход. Вядома з 1873 года. Абследаваў у 1972 годзе У. Ф. ісаенка, раскопкі на плошчы 200 м2 у 1981–1982 гг. праводзіў В. І. Шадыра. Культурны пласт 0,2–0,3 м. Знойдзена значная колькасць ляпной керамікі, пераважна слоікавых і вёдрападобных форм (посуд мае тонкія сценкі, непрафіляваны), каменных таўкачоў-цёрачнікаў, фрагменты жалезных пласціністых бранзалетаў, серпападобныя нажы, жалезнае рубіла, акулярападобная бронзавая падвеска. Датуецца II–VI стст. н. э., належала балтам.
Гарадзішча ў п. Чапаеўскі
Мясцовая назва Цыганка. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі, на паўднёва-ўсходнім беразе воз. Асвейскае. Даўжыня пляцоўкі 40–60 м, шырыня 30–35 м, вышыня схілу 4–5 м, стромкасць 50. Выявіў у 1966 годзе К. П. Шут, абследавалі ў 1972 годзе У. Ф. Ісаенка, у 1981 годзе В. І. Шадыра. Культурны пласт 0,8 м. Знойдзены рэшткі ляпнога посуду сярэдзіны I тыс. н. э.
Гарадзішча за 0,5 км ад в. Ярмоліна
Мясцовая назва Французская гара. Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад вёскі, па дарозе на в. Рудня. Вышыня гарадзішча ад асновы 20 м, памер 60х40 м. Схілы крутыя, ступеньчатыя. Абапал гарадзішча прасочваюцца контуры апоўзлага рова. Выявіў у 1967 годзе Г. В. Штыхаў, абследавалі ў 1972 годзе У. Ф. Ісаенка, у 1980 годзе Л. У. Дучыц. Культурны пласт 1 м. Знойдзены ляпная кераміка ранняга жалезнага веку і косці жывёл.
Курганны могільнік у в. Вознава
Могільнік знаходзіцца за 0,4 км на паўночны захад ад вёскі. 20 насыпаў паўсферычнай формы вышынёй 0,5–1 м, дыяметрам 5–8 м. Каля падножжа курганоў прасочаны раўкі і перамычкі. Адкрыла і абследавала ў 1978 годзе Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Дзянісенкі
Могільнік знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на паўночна-заходнім беразе воз. Лісна. 22 паўсферычныя насыпы дыяметрам 5–12 м, вышынёй 0,4–1 м. У 1974 годзе З. М. Сяргеева даследавала 2 курганы. Пахавальны абрад – трупапалажэнне на мацерыку. Сярод знаходак ляпная і ганчарная кераміка, жалезны ўтульчаты наканечнік кап'я, віты бранзалет з завязанымі канцамі, падковападобная фібула са спіральнымі канцамі. Могільнік датуецца X–XII ст., належыў крывічам.
Курганны могільнік у в. Зашчырына
Могільнік знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад вёскі, побач з могілкамі. 46 курганоў вышынёй 0,3–1 м, дыяметрам 3–10 м. Каля асновы насыпаў прасочаны раўкі і перамычкі. Выявіў у 1955 годзе Л. В. Аляксееў, даследавала ў 1975 годзе З. М. Сяргеева. Раскапана 6 курганоў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне на гарызонце галавой на захад і паўдневы захад. Знаходкі – бронзавыя спіральныя і пласціністыя пярсцёнкі, шкляныя пацеркі, бронзавыя вітыя бранзалеты з завязанымі канцамі, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду. Могільнік датуецца XI–XII ст., належыў крывічам. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі.
Курганны могільнік у в. Ігналіна
Могільнік знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі. 28 насыпаў, з якіх 2 доўгія, 2 падоўжаныя, астатнія круглыя. Дыяметр круглых курганоў 6–12 м, вышыня 0,7–1,5 м, шырыня доўгіх насыпаў 4–4,6 м, даўжыня 28–32 м, вышыня 1,5 м, шырыня падоўжаных курганоў 5 м, даўжыня 12–13 м, вышыня 1,2 м. У 1974 годзе З. М. Сяргеева раскапала 1 круглы курган. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Знайдзены кальцыніраваныя косці і рэшткі памінальных вогнішчаў. Могільнік датуецца VIII–X ст., належыў крывічам.
Курганны могільнік у в. Лешня
Вядомы пад назвай Французскія магілы. Могільнік знаходзіцца за 2–3 км на ўсход па дарозе на в. Кашалёва. 10 паўсферычных насыпаў дыяметрам 4 м, вышыня 1,5 м. Выявіў і абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Лісна
Могільнік знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад вёскі. 35 паўсферычных насыпаў вышынёй 0,3–0,7 м, дыяметрам 5–6 м. Выявіў у 1930 годзе В. Глацёнак, у 1975 годзе З. М. Сяргеева раскапала 6 курганоў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне ў падкурганных ямах, пахаванні адзіночныя і парныя галавою на захад. Інвентар – бронзавыя скроневыя бранзалетападобныя кольцы з завязанымі канцамі, гладкія, вітыя і пласціністыя бранзалеты са штампаваным арнаментам, бронзавы ланцужок, рэшткі шаўковай тканіны з залатым шыццём. Могільнік датуецца X–XII ст, належыў крывічам.
Курганны могільнік у в. Любасна
Могільнік знаходзіцца за 1,6 км на паўночны ўсход ад вёскі, на паўночным беразе воз. Белае. 15 паўсферычных насыпаў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам 5–6 м, 3 з іх размешчаны за 0,3 км на поўнач ад асноўнай групы. Даследавала ў 1974 годзе З. М. Сяргеева, раскапаны 2 курганы. Пахавальны абрад – трупаспаленне. Знойдзены кальцыніраваныя косці і рэшткі прамавугольнага згарэлага зруба. Могільнік датуецца VIII–X ст.
Курганны могільнік у в. Сукалі
Могільнік знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на паўночна-заходнім беразе воз. Асвейскае. 18 паўсферычных насыпаў, 5 з якіх знаходзяцца за 0,2 км на паўночны ўсход ад вёскі. Дыяметр курганоў 1,5–7 м, вышыня да 1,5 м. Даследавала ў 1974 годзе З. М. Сяргеева, раскапаны 3 курганы з пахавальным абрадам трупаспалення. Знойдзены кальцыніраваныя косці, рэшткі ганчарнага посуду, абломак скроневага бранзалетападобнага кальца з звязанымі канцамі. Могільнік датуецца VIII–X ст., належыў крывічам.
ЛІТАРАТУРА
1. Бубала, А. У пошуку Гарадка / А. Бубала // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2016. – 9 жн. – С. 7.
2. Будзько, У. Д. Курганны могільнік (в. Дзянісенкі) / У. Д. Будзько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 167.
3. Будзько, У. Д. Курганны могільнік (в. Ігналіна) / У. Д. Будзько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 168.
4. Будзько, У. Д. Курганны могільнік (в. Любасна) / У. Д. Будзько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 170.
5. Будзько, У. Д. Курганны могільнік (в. Сукалі) / У. Д. Будзько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 176.
6. Гарадзішча (в. Марозы) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 171.
7. Гарадзішча (в. Пескаватка) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 172.
8. Гарадзішча (в. Царкоўна) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 176.
9. Гарадзішча (пас. Чапаеўскі) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 177.
10. Гарадзішча (в. Ярмоліна) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 177.
11. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Зашчырына) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 168.
12. Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Лісна) / Л. У. Дучыц // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 170.
13. Ісаенка, У. Ф. Гарадзішча (в. Дубровы) / У. Ф. Ісаенка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 167.
14. Ісаенка, У. Ф. Гарадзішча (в. Княжыцы) / У. Ф. Ісаенка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 169.
15. Ісаенка, У. Ф. Гарадзішча (в. Урагава) / У. Ф. Ісаенка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 176.
16. Клімковіч, І. «Курганы шмат пра што нам гавораць...» / І. Клімковіч // Літаратура i мастацтва. – 2005. – 13 мая. – С. 14.
17. Курганны могільнік (в. Вознава) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 166.
18. Курганны могільнік (в. Лешня) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 170.
19. Памятники геологии // Верхнедвинский край / авт.-сост. О. В. Молодечкин ; фото В. Л. Соловьева. – Верхнедвинск : О. В. Молодечкин, 2005. – С. 14.
20. Помнік археалогіі Гарадзішча // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 1999. – 3 жн. – С. 4.
21. Шадыра, В. І. Гарадзішча (в. Барсукі) / В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 164.
22. Шадыра, В. І. Гарадзішча (в. Цясты) / В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 176–177.