Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады. Віцебскі раён

 

Першая сусветная вайна абвастрыла ўсе сацыяльныя, эканамічныя і нацыянальныя супярэчнасці, што і выклікала ўзрушэнні 1917 г., Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі. Яны абудзілі да палітычнай актыўнасці насельніцтва Віцебшчыны – пачалі стварацца грамадскія камітэты, Саветы, актывізаваліся розныя палітычныя партыі.

25 лістапада 1917 г. бальшавікі зверглі Часовы ўрад у Петраградзе, а ў ноч з 27 на 28 лістапада 1917 г. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, узначальваемы бальшавікамі, устанавіў кантроль над г. Віцебскам, распусціў Віцебскі гарадскі Савет салдацкіх і рабочых дэпутатаў як контррэвалюцыйны, і арганізаваў выбары новага, рэвалюцыйнага Савета.

Віцебскі павет да сакавіка 1924 г. уваходзіў у склад РСФСР. На працягу снежня 1917 – лютага 1918 г. адбылася ліквідацыя старых органаў самакіравання, гарадскіх дум і земскіх упраў, былі створаны Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якія ўзялі на сябе функцыі органаў мясцовай улады. Так сфарміраваліся і павятовыя органы ўлады. Напрыклад, у студзені 1918 г. у Старым Сяле была ліквідавана валасная земская ўправа і створаны Старасельскі валасны Савет.

У ліпені–верасні 1918 г. у Віцебскім павеце адбылася арганізацыя камбедаў. Яны былі створаны ў Бабініцкай, Вымнянскай, Вярхоўскай, Шчэрбінскай, Янавіцкай валасцях. Да лістапада 1918 г. у Віцебскім павеце ўжо былі 402 вясковыя, 17 валасных і 1 местачковы камітэты беднаты.

Камбеды павета неадкладна заняліся арганізацыяй уліку земляў і сенажацяў для правільнага размеркавання паміж беззямельнымі. У кулакоў адбіралі лішкі жывёлы і зямлі, каб размеркаваць іх сярод беднаты. Асаблівую актыўнасць праяўлялі ў выяўленні схаванага хлеба і яго рэквізіцыі харчовымі атрадамі.

Першыя сялянскія выступленні ў павеце адбыліся вясной–летам 1918 г. Яны адбыліся ў вв. Курына, Веляшковічы (цяпер Лёзненскі раён) і іншых населеных пунктах. Выкліканы яны былі рэквізіцыяй хлеба ў сялян. Асабліва вялікае незадавальненне выклікала форма ўліку хлеба ў гаспадарках. Так, у Каралёўскай воласці Віцебскага павета было вырашана ўлічыць усё жыта на караню, а за супраціўленне прадугледжваўся расстрэл на месцы.

Ужо ў ліпені 1918 г. пачалася ўзброеная барацьба супраць Савецкай улады. 7 ліпеня праціўнікі бальшавікоў захапілі Янавічы, разграмілі рэўкам, арыштавалі яго старшыню. Толькі з прыбыццём атрада чэкістаў з Віцебска ўдалося падавіць мяцеж.

У лістападзе 1918 г. амаль усю Віцебскую губерню ахапіла масавае сялянскае паўстанне. Пачалося яно 9 лістапада ў Касплянскай і Ільінскай валасцях Веліжскага павета. Паўстанцы захапілі Веліж, Усвяты, Усмынскую і Маклакоўскую воласці, мелі сувязь з Парэцкім паветам Смаленскай губ. 11 лістапада ўспыхнула паўстанне ў Зябкінскай, Нова-Вазнясенскай, Аляксееўскай, пазней Трэхалеўскай валасцях Невельскага павета. 13 лістапада паступілі звесткі аб вялікіх сілах, паўстаўшых у раёне Янавіч і Суража, Вазнясенскай, Капцевіцкай і Веляшкоўскай валасцях Віцебскага павета. У той жа дзень паўстанне перакінулася ў Гарадоцкі (Зайкаўская, Стайкаўская, пазней Горкаўская, Вышадская, Старынская, Дубакрайская воласці) і Полацкі паветы.

У паўстанні прынялі ўдзел заможныя і сярэднія сяляне, у некаторых мясцовасцях і бедната. У многіх месцах да яго далучыліся мабілізаваныя ў армію, сабраныя ў ваенкаматах сяляне. Паўстанцы грамілі валасныя выканкамы, ваенкаматы, знішчалі дакументацыю, якая вялася новай уладай. У адных месцах яны абмежаваліся разгромам устаноў, у другіх справа дайшла да крывавых распраў з прадстаўнікамі ўлады (Веліжскі пав.). У большасці сваёй гэтыя паўстанні ўспыхнулі стыхійна, іншы раз пасля праведзенай агітацыі. Паўстанцы выдзвігалі патрабаванні «Далоў Саветы», патрабавалі знішчэння падаткаў, «Святой» уласнасці на зямлю.

1919 г. таксама быў неспакойным. На тэрыторыю Беларусі ўварваліся польскія войскі, якія захапілі заходнюю частку Віцебшчыны. У жніўні ў г. Віцебску і павеце было ўведзена ваеннае становішча, а 6 кастрычніка загадам Рэўваенсавета Заходняга фронту быў створаны Віцебскі губрэўкам, які сканцэнтраваў усю ўладу ў горадзе і губерні. Адначасова пачаў дзейнічаць і Віцебскі павятова-гарадскі рэўкам з такімі ж паўнамоцтвамі на адпаведнай адміністрацыйнай тэрыторыі.

Для падаўлення антысавецкіх выступленняў у верасні 1919 г. пры Суражскай павятовай міліцыі быў створаны конны атрад, задачай якога была барацьба з «бандытамі» і дэзерцірамі. У дапамогу ім быў прысланы атрад чырвонаармейцаў. У 1920 г. барацьбу з бандытызмам у Віцебскім павеце ўзначаліў М. П. Шмыроў.

Толькі ў 1922 г. узброеная барацьба супраць Савецкай улады спынілася. Удзельнікам сялянскіх паўстанняў была аб'яўлена амністыя, праціўнікі Савецкай улады сталі выходзіць з лясоў. Спыненню супраціву спрыяла і новая эканамічная палітыка Савецкай улады, у выніку якой спыняліся рэквізіцыі і харчразвёрстка замянялася фіксаваным харчпадаткам.

Яшчэ ва ўмовах грамадзянскай вайны, узброенага процістаяння адбываліся і спробы будаўніцтва новага жыцця, якое разумелася бальшавікамі ў галіне сельскай гаспадаркі толькі як калектыўнае, з абагульненай гаспадаркай і дзяржаўнай уласнасцю на зямлю.

Жаданне як мага хутчэй пабудаваць камуністычную будучыню выявілася ў першыя гады савецкай улады ў арганізацыі камун. Для арганізацыі камун выкарыстоўваліся землі памешчыкаў, манастыроў, цэркваў з выкарыстаннем усёй раней створанай інфраструктуры. У камуны аб'ядноўваліся сельскагаспадарчыя рабочыя, батракі, вясковая бедната. Адна з першых камун была арганізавана ў красавіку 1918 г. у маёнтку Лётцы. У верасні – у манастырскім прыгарадным маёнтку Шыдлоўшчына, а ў кастрычніку – у в. Запруддзе. У 1921 г. на тэрыторыі Віцебскага і Суражскага паветаў дзейнічала 21 камуна, дзе працавала 1036 чалавек.

Аднак камуны, як форма арганізацыі працы на зямлі, не прыжылася на вёсцы, бо ўраўняльны прынцып размеркавання прыбыткаў не выклікаў у людзей матэрыяльнай зацікаўленасці, фарміраваў абыякавыя адносіны да працы і прыводзіў да разбурэння гэтых гаспадарак.

Яшчэ адной з форм гаспадарання на зямлі, якая ўзнікла ў першыя гады Савецкай улады, былі дзяржаўныя гаспадаркі, саўгасы. У 1918 г. на тэрыторыі Віцебскага павета былі створаны першыя саўгасы «Ціраспаль» і «Якуціна», у 1919 г. – саўгасы «Мазалава» і «Чырвоны Двор». У 1920 г. на тэрыторыі Віцебскага павета дзейнічала 15 саўгасаў.

3 1919 г. пачаўся рост такіх форм землекарыстання, як сельгасарцель і таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. Былі арганізаваны арцелі «Барацьба», «Баркі», «Бараўляны», «Дзвіна», «Косы» і інш.

Аднак сяляне з цяжкасцю прыстасоўваліся да калектыўных форм гаспадарання, бо прывыклі разлічваць на свае ўласныя сілы. Так, у маі 1919 г. у Віцебскім павеце ў выніку абследаванняў і перарэгістрацыі былі ліквідаваны 2 арцелі, а 19 калектыўных гаспадарак пераведзены на статут таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі. Колькасць калектыўных гаспадарак была непастаяннай. Як паказалі 1920-я гг., калі сялянам была дазволена свабода выбару форм землекарыстання, то большасць з іх выбрала аднаасобную гаспадарку.

1920 г. праходзіў ва ўмовах палітыкі ваеннага камунізму. Так, у сакавіку Віцебскі павятовы камітэт звярнуўся да насельніцтва з заклікам «уступаць у рады працоўнай арміі для рашучай перамогі над унутраным ворагам – разбурэннем, голадам, эпідэміямі». Адным з важнейшых сродкаў для такой барацьбы лічыліся барацьба з мяшочніцтвам і ўлік хлеба, як гэта лічыў Віцебскі павятовы рэвалюцыйны камітэт.

14 сакавіка 1920 г. адбыўся VII З'езд Саветаў Віцебскага павета. На ім быў выбраны павятовы камітэт па правядзенні працоўнай павіннасці. На валасных з'ездах былі выбраны валвыканкамы.

Завяршэнне грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі ў канцы 1920 г. не прывялі да адмены ваеннага камунізму. Рост незадаволенасці сярод насельніцтва прымушаў кіраўніцтва партыі бальшавікоў задумвацца аб змене эканамічнай палітыкі ў краіне.

Ваенныя дзеянні нанеслі значны ўрон сельскай гаспадарцы Віцебшчыны. Значна скараціліся пасяўныя плошчы і зборы зерня. Напрыклад, у Віцебскім павеце ў 1905–1914 гг. сярэднегадавы збор складаў 50,5 пуда з дзесяціны, а ў 1917–1921 гг. – толькі 41,3 пуда. Палітыка «ваеннага камунізму», якая праводзілася партыяй бальшавікоў у 1918–1920 гг., не спрыяла развіццю гаспадаркі. Рэквізіцыі, што праводзіліся ў працэсе ажыццяўлення харчразвёрсткі, вымушалі сялян адмаўляцца ад пашырэння пасяўных плошчаў і хаваць хлеб.

Правал палітыкі «ваеннага камунізму» прымусіў бальшавікоў шукаць выхад са складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Прынятая на X з'езде РКП(б) у сакавіку 1921 г. новая эканамічная палітыка (НЭП) прадугледжвала замену харчразвёрсткі харчпадаткам, які вызначаўся да пачатку сяўбы, каб зацікавіць сялян у пашырэнні пасеваў. Аднак першапачаткова ўвядзенне харчпадатку не прынесла палёгкі сялянам. Галоўнай праблемай сталі стаўкі падатку, якія ў многіх паветах, у тым ліку і Віцебскім, перавысілі сабраны ўраджай. Пры зборы падатку шырока выкарыстоўваліся гвалтоўныя метады. У выніку харчпадатак па Віцебскай губерні ў 1921 г. быў выкананы ў цэлым толькі на 77 %.

Па звестках газеты «Заря Запада» ад 14 сакавіка 1926 г. у Віцебскім раёне налічваліся 10 323 сялянскія гаспадаркі. У сярэднім на двор прыходзілася 6,3 дзесяціны зямлі. Пасяўная плошча дасягнула звыш 90 % даваеннага ўзроўню. Назіраўся вялікі попыт з боку сялян на сельгасмашыны і прылады. У сярэднім па БССР з 1921 па 1926 г. спажыванне мяса і малака ў сельскай мясцовасці павялічылася ў 2 разы, масла – у 3, цукру – больш чым у 8. Для большасці сялян жыццё значна палепшылася.

XV з'езд ВКП(б) (1927 г.), у час правядзення якога выявіліся разыходжанні ў поглядах на тэмпы развіцця буйной індустрыі і дробнай аднаасобнай сялянскай гаспадаркі, прыняў рашэнне пра аб'яднанне індывідуальных гаспадарак у калгасы, але выключна на добраахвотнай аснове. Згодна з першапачатковымі кантрольнымі лічбамі пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР прадугледжвалася павышэнне пасяўной плошчы калгасаў і саўгасаў да канца пяцігоддзя не менш як да 12 % ад усёй пасяўной плошчы.

Сяляне, звыклыя самастойна весці гаспадарку, не разумелі неабходнасці стварэння калгасаў, былі занепакоены будучыняй сваіх сем'яў і не хацелі абагульваць маёмасць. Але частка сялян, галоўным чынам, беднякоў, паверыла прапагандзе калгаснага ладу, лічачы, што калектыўная праца будзе лягчэйшай і больш прадуктыўнай. Да таго ж, выкарыстоўваўся адміністрацыйны ціск. На 1 кастрычніка 1929 г. у Віцебскім раёне было створана 44 калгасы, у Суражскім – 14. Сярод першых у час калектывізацыі ў Віцебскім раёне былі ўтвораны калгас «Зара сельгасіндустрыі», які аб'яднаў некалькі сем'яў былых парабкаў і малазямельных сялян з в. Ізбовічы Бараўлянскага сельсавета, і калгас імя Ф.Э. Дзяржынскага ў Рудніцкім сельсавеце.

Састаўной часткай гвалтоўнай калектывізацыі з'яўлялася т.зв. «палітыка ліквідацыі кулацтва як класа», абвешчаная I. Сталіным у снежні 1929 г. Высылка «кулакоў», у якія мог быць залічаны любы праціўнік калектывізацыі, набыла значныя памеры з лютага 1930 г. На 15 красавіка з Віцебскага раёна было выселена 207 кулацкіх сем'яў (749 чалавек), з Суражскага – 127 сем'яў (528 чалавек). Высылаліся «кулакі» галоўным чынам на Урал, дзе яны траплялі ў нечалавечыя ўмовы працы і існавання. Гэта працягвалася і ў наступныя гады.

Гвалтоўныя метады калектывізацыі ўзмацнілі сацыяльную напружанасць на вёсцы і выклікалі антыкалгаснае супраціўленне сялянства. Існавалі розныя формы барацьбы. Сяляне адмаўляліся ад уступлення ў калгас, забівалі жывёлу, падпальвалі калгасную маёмасць, нападалі на актывістаў, якія праводзілі калектывізацыю, а часам нават забівалі іх. Асаблівую актыўнасць праяўлялі жанчыны, якія распускалі антыкалгасныя чуткі, зрывалі сходы па арганізацыі калгасаў, рабілі спробы вяртання абагуленай маёмасці. Часта сялянкі групамі імкнуліся абараніць раскулачаных ад высылкі.

Да канца 1931 г., калі калгасы былі ўтвораны ў большасці вёсак, якія налічвалі 20–30 двароў, раённыя партыйныя і савецкія органы адрапартавалі аб завяршэнні калектывізацыі і перамозе калгаснага ладу на вёсцы. Але фактычна калектывізацыя гаспадаркі, якая суправаджалася ціскам на аднаасобнікаў, працягвалася да канца другой пяцігодкі. Ліквідацыя аднаасобнага сектару на вёсцы завяршылася ў 1939–1940 гг., калі было здзейснена ссяленне хутароў. У Віцебскім раёне было сселена 2 512 гаспадарак.

Жыццё прымусіла сялян змірыцца з калгасамі. Існаванне ў іх, асабліва напачатку, было вельмі цяжкім. Аплата здзяйснялася па колькасці адпрацаваных дзён не грашыма, а прадуктамі, і толькі пасля выканання дзяржаўных паставак. Як успамінала адна з калгасніц, «толькі разлічваліся з дзяржавай і што-нішто засыпалі на насенне, а на працадні ўсё роўна нічога не заставалася, акрамя мякіны і гірсы». Становішча стала паляпшацца ў другой палове 1930-х гг., аднак і ў канцы дзесяцігоддзя сяляне заставаліся самай нізкааплочваемай катэгорыяй працаўнікоў.

Важнае значэнне надавалася механізацыі сельскай гаспадаркі. Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС). У Віцебскім раёне дзейнічалі Віцебская, Мазалаўская, Сялюцкая МТС, у Суражскім – Задзвінская і Суражская. Аднак узровень механізацыі ў 1930-я гг. быў невысокі, у калгасах пераважала ручная праца. Не хапала мінеральных угнаенняў.

У 1920-я гг. на тэрыторыі Віцебскага і Суражскага раёнаў развівалася амаль выключна саматужная і дробная прамысловасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Працавалі шэраг паравых і вадзяных млыноў (у Суражы, Мазалаве, Лужасне, Курыне, Сялютах, Янавічах і інш.). У Янавічах і Вымне дзейнічалі вінакурні. Кардонная фабрыка імя Вароўскага існавала ў в. Пудаць. У Нова-Аляксандраўцы працаваў ільнозавод. Працягваў працу заснаваны ў другой палове XIX ст. шклозавод "Ноўка". Апошні з'яўляўся адным з буйнейшых прадпрыемстваў Віцебшчыны і належаў да цэнзавай прамысловасці. Сярэдняя дзённая зарплата рабочых шклозавода ў 1926/27 г. складала 1,74 руб. Спажывецкія кошты ў Віцебскім раёне летам 1927 г. былі наступныя: кілаграм жытняй мукі – 14,5 кап., пшанічнай мукі – 38 кап., кілаграм ялавічыны – 75 кап., пшана і грэчкі – 23 кап., дзесятак яек – 39 кап., цэнтнер бульбы – 3 руб. 75 кап. Літр газы можна было набыць за 12,5 кап., метр паркалю – 40 кап., сукна – 4 руб. 10 кап. Пара ботаў каштавала 19 руб.

Прадпрыемствы былі як дзяржаўныя, так і прыватныя. 3 абвяшчэннем у 1925 г. курса на сацыялістычную індустрыялізацыю ўзмацніўся ціск на прыватнікаў. 3 1926 г. былі павялічаны падаходны і ўскосны падаткі з капіталу. Многія прыватныя прадпрыемствы спынілі сваё існаванне. Ліквідацыя прыватнага сектару была завершана ў гады першай пяцігодкі.

Індустрыялізацыя амаль не змяніла характар прамысловасці Віцебскага раёна. Яна заставалася пераважна дробнай і па-ранейшаму арыентавалася на перапрацоўку мясцовай сыравіны. Павысіўся ўзровень электрыфікацыі.

У Віцебскім раёне працавалі млыны, торфараспрацоўкі і цагельныя заводы (Курына, Ст. Сяло). У Суражскім раёне дзейнічалі масла- і льнозаводы. Існаваў шэраг абутковых, кравецкіх, скураных арцеляў.

Індустрыяльнае развіццё гарадоў запатрабавала велізарнай колькасці працоўных рук, дэфіцыт якіх стаў відавочным у час першай пяцігодкі. Пачалася міграцыя значнай колькасці насельніцтва, у асноўным моладзі, з вёскі ў горад, якая стымулявалася гвалтоўнай калектывізацыяй. Нават пасля ўвядзення ў 1932 г. пашпартоў, якіх калгаснікі не атрымалі, магчымасць уехаць у горад на працу захоўвалася. Ажыццяўляліся аргнаборы сельскіх жыхароў для працы на прадпрыемствах. Можна было атрымаць афіцыйны дазвол старшыні, або збегчы ў горад. Сяляне Віцебскага і Суражскага раёнаў накіроўваліся ў першую чаргу ў г. Віцебск, які ператвараўся ў буйны індустрыяльны цэнтр. Да 1933 г. колькасць рабочых, занятых у прамысловасці горада, вырасла амаль у два разы.

Адной з перашкод на шляху будаўніцтва савецкага грамадства з'яўлялася непісьменнасць і малапісьменнасць насельніцтва. Напрыклад, у Вымнянскай, Сялюцкай, Янавіцкай валасцях непісьменныя складалі да 90%. Таму новая ўлада разгарнула працу па навучанні дарослага насельніцтва. Пры школах павета арганізоўваліся вячэрнія заняткі з дарослым непісьменным насельніцтвам, ствараліся спецыяльныя пункты па ліквідацыі непісьменнасці (лікпункты), школы пісьменнасці. Для таго, каб заахвоціць людзей да вучобы, мясцовае кіраўніцтва загадвала вызваляць непісьменных на час навучання «от всех видов трудовых и гужевых повинностей», а іх абавязкі размяркоўваць сярод астатняга насельніцтва. За ігнараванне вучобы прадугледжваўся штраф, які ў 1921–1922 гг. складаў 25 тыс. руб.

Адной з першых на пачатку 1918 г. у двухпавярховым асабняку памешчыка Іванова адкрылася Мазалаўская пачатковая школа. У кастрычніку 1918 г. на базе гэтай школы і Новаерусалімскага народнага вучылішча ў маёнтку Мазалава была арганізавана школа І-й ступені. У ёй навучаліся дзеці з вв. Мілае, Мазалава, Рымары, Буева, Ізбовічы, Рашоткі, Новы Ерусалім, Плятнішча.

У 1919 г. у Віцебскім павеце працавала 231 школа (вучыліся 13 666 дзяцей), 9 дзіцячых садоў (на 406 дзяцей). Большасць вясковых школ працавала ў сялянскіх хатах. Вострай была кадравая праблема. У 1924 г. на ўліку ў павеце было настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй – 10 %, з сярэдняй – 71 %, з хатняй і ніжэйшай – 19 %.

Былі створаны прафесійныя навучальныя ўстановы. У 1920 г. у Лужаснянскім сельгасвучылішчы адбыўся выпуск 30 вучняў. У 1921 г. была адкрыта Лосвідская сельскагаспадарчая школа. У 1928 г. у Віцебскім раёне працавала 280 школ І-й ступені, 18 школ ІІ-й ступені, 6 сямігодак, 4 бібліятэкі, 2 дзіцячыя сады, 2 дзіцячыя дамы.

На Віцебшчыне ў 1920-я гг., як і ва ўсёй краіне, вялікае значэнне ў ходзе сацыялістычнага будаўніцтва надавалася культурна-асветным установам – бібліятэкам, клубам, Народным дамам, хатам-чытальням, якія павінны былі садзейнічаць саветызацыі насельніцтва, далучэнню яго да сацыялістычнага будаўніцтва. Культура Віцебшчыны ўзбагачалася дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу. У вёскі прыходзіла электрычнасць, радыё, кіно, тэлефон. Так, у пачатку 1930-х гг. у Суражскім раёне была ўжо 101 радыёўстаноўка, пазней з'явіліся кінаўстаноўкі, у тым ліку гукавыя. У 1935 г. Суражскаму раёну на рамонт, абсталяванне, электрыфікацыю і радыёфікацыю ўстаноў культуры было выдзелена 14 тыс. руб. (па тым часе значная сума). У 1937 г. у раёне былі адкрыты паштовыя аддзяленні ў Запольскім, Астраўскім, Шаброўскім і Котаўскім сельсаветах, а ў 1940 г. налічвалася 570 радыёкропак, меліся 54 радыёпрыёмнікі, тэлефоны былі ўстаноўлены ў 16 сельсаветах, 2 МТС, у 2 калгасах і 1 саўгасе. У Віцебскім раёне было 812 радыёкропак, 31 радыёпрыёмнік, а тэлефон быў у 14 сельсаветах, 3 МТС і 8 калгасах. 3 1933 г. у Суражы выходзіла раённая газета «Ударнік», з 1938 г. віцебская раённая – «Калгасная трыбуна».

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ануфриев, В. Как это было / В. Ануфриев // Жыццё Прыдзвіння (Вііцебск). – 2003. – 11 лістап. – С. 2.

О борьбе с бандитизмом в 1918 г.

2. Витебский район: дела и люди / подгот. А. Захаров // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 1 сент. – С. IV—V.

3. Жыжнеўская, Н. Станаўленне савецкай улады / Н. Жыжнеўская // Ленінская праўда (Віцебск). – 1989. – 12 мая. – С. 2.

4. Канапелько, С. Кто они, солдаты Первой мировой? // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2008. – 29 сак. – С. 2.

5. Конопелько, С. Селютовские коммунары / С. Конопелько // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 1999. – 18 мая. – С. 2.

6. Мезенцев, В. Октябрь в нашей судьбе / В. Мезенцев // Жыццё Прыдзвіння (Вііцебск). – 2000. – 4 лістап. – С. 3.

7. На крутым павароце гісторыі // Памяць : Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 107–210.

8. Паўночна-ўсходняя Віцебшчына ў 1917–1941 гг. // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 107–125.

9. Чернявская, Б. Вместо волости – сельсовет. «Охота» на кулачество / Б. Чернявская // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 1997. – 18 кастр. – С. 2.