Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Раслінны і жывёльны свет. Віцебскі раён

 

Расліннасць раёна належыць да Заходне-Дзвінскай геабатанічнай акругі.

Флора Віцебскага раёна налічвае 725 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. Гэта ў асноўным кветкавыя (пакрытанасенныя) – 693 віды, але ёсць і больш старажытныя – дзеразовыя – 6 відаў, хвашчовыя – 6 відаў, папаратнікавыя – 11 відаў, голанасенныя – 9 відаў, двудольныя – 551 від.

Раслінны покрыў складаецца ў асноўным з шырока распаўсюджаных відаў, што пераважаюць у лясах, на лугах і балотах, а таксама з тых, якія сустракаюцца толькі ў пэўных месцах, але даволі рэдка. У складзе расліннага покрыва ёсць вельмі рэдкія віды, якія патрабуюць спецыяльных мер аховы.

Ахоўваемыя расліны – рэдкія, дэкаратыўныя і гаспадарча-карысныя дзікарослыя віды, натуральныя біялагічныя рэсурсы якіх знаходзяцца пад пагрозай скарачэння ці поўнага знішчэння, як у сілу натуральных прычын, так і пад уплывам антрапагенных фактараў.

Вяўлены шэраг відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Найбольш рэдкімі з'яўляюцца ятрышнік шлёмавідны, ятрышнік мужчынскі, дрэмлік цёмна-чырвоны, фіялка высокая, гарачаўка скрыжавана-лісцевая і іншыя расліны, якія прадстаўлены адзінкавымі экземплярамі. Часцей сустракаецца шпажнік чарапіцавы, касацік сібірскі, лінея паўночная, пярэсна еўрапейская, тайнік яйкападобны, прадстаўленыя некалькімі папуляцыямі.

Сярод раслін, якія патрабуюць прафілактычнай аховы, выдзелены высока дэкаратыўныя віды, арэал якіх у зоне вялікіх гарадоў хутка скарачаецца ў выніку збору насельніцтвам: званочка персікалісцевага, мяты двулісцевай, ландыша майскага, пралескі высакароднай, першацвету вясенняга, гваздзікі Борбаша, гарачаўкі лёгачнай, купэны шматколернай, напярсцянкі буйнакветкавай, ластаўня лекавага, васілісніка водазборалісцевага, сітохі блакітнай, прастрэла раскрытага, страусніка звычайнага, суніц зялёных, дрэмліка балотнага, ятрышніка пятністага.

Агульная плошча лугоў 41,5 тыс. га. Сухадолы займаюць 49,2 %, нізінныя 43,6 %, заліўныя 7,2 %.

Пад лясамі, якія адносяцца да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў, 32 % тэрыторыі раёна. Найбольшыя масівы плошчай да 60 км2 на паўночным усходзе раёна (Астраўская дача, Паўднёва-Пудацкая лясная дача, Падзвінская дача, Касплянская дача), у цэнтры лясныя масівы плошчай 6–8 км2 (урочышча Пушча), на поўдні павялічваюцца да 15–20 км2. Склад лясоў (у %): хваёвыя – 30, яловыя – 17, бярозавыя – 30, асінавыя – 8, чорнаальховыя – 5, шэраальховыя – 7, ясянёвыя – 2, дубовыя – 1. 10 % лясоў – штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Распаўсюджанымі з'яўляюцца змешаныя лясы, у якіх разам з сасной і елкай растуць шырокалістыя і дробналістыя пароды дрэў. Падлесак утвараюць арэшнік (ляшчына), брызгліна, бружмель, крушына, каліна, ядловец, рабіна, маліна, ажыны. Зямлю ў залежнасці ад віду лесу пакрываюць ландышы, кісліца, суніцы, чарніцы, брусніцы, вейнік, папаратнік і іншыя віды, што чаргуюцца з плямамі зялёных імхоў і лішайнікаў. Даволі багаты жывёльны свет лясоў, звычайнымі насельнікамі якіх з'яўляюцца лось, казуля, заяц, вавёрка. У забалочаных месцах і паблізу вадаёмаў жывуць дзікі. Драпежнымі звярамі з'яўляюцца лясныя куніцы, лісіцы, ваўкі, ласкі. Значна радзей сустракаюцца барсук, буры мядзведзь, рысь, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Пастаяннымі жыхарамі лесу з'яўляюцца каля дзесяці відаў дзятлаў і соў, шматлікія сініцы, попаўзелі, мухалоўкі, берасцянкі, дразды, зязюлі, пеначкі.

У раёне 178 балот (належаць да Гарадоцка-Чашніцкага тарфянога раёна) плошчай 13,7 тыс. га, з іх 6,5 тыс. га нізінныя, 6,3 тыс. га вярховыя, 0,9 тыс. га пераходныя.

Асноўныя балотныя масівы: Гладынскі Мох, Антусінскі Мох, Гарэлік-Чысцік, Мошна, Гараднянскі Мох.

Аснову жывёльнага свету складаюць шырока распаўсюджаныя ў паўночным паўшар'і віды: звычайны вожык, крот, ліс, воўк, звычайная вавёрка, шэрая курапатка, шызы голуб, порсткая яшчарка, жабы і іншыя.

Пазваночныя насяляюць самыя розныя тэрыторыі і групуюцца ў прыродныя комплексы лясоў, адкрытых ландшафтаў (палёў і лугоў), узбярэжжаў і вадаёмаў, балот, паселішчаў. У лясах нярэдка селіцца ліс, лясная рыжая палёўка, звычайная буразубка, вавёрка. На ўзлесках і ў зрэджаных барах трапляюцца заяц-русак, крот. У хвойніках, якія мяжуюць з балотамі, сустракаюцца казуля, лось, зрэдку дзік. У змешаных хваёвых лясах селіцца заяц-русак, рыжая вячэрніца, паўночны кажанок. У чарнічных барах кормяцца вывадкі глушцоў і цецярукоў, каля вадаёмаў гняздуецца шэрая чапля. Часта трапляюцца ў хваёвых лясах дзяцел, сойка, пішчуха, пеначка, шэрая мухалоўка.

На ўзбярэжжах вадаёмаў асабліва шмат птушак: чайкі, кулікі, качкі, чаплі, у хмызняках – вераб'іныя. 3 млекакормячых каля вадаёмаў жывуць бабёр, выдра, вадзяны пацук. У рэках і азёрах пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, карасі, гусцяра, лінь.

Каля жылля з пазваночных жывёл многа птушак: вераб'і, ластаўкі, шпакі, сініцы; у пабудовах селяцца лятучыя мышы, совы, зрэдку чорны тхор, ласка.

Ёсць на тэрыторыі Віцебскага раёна і рэдкія віды дзікіх жывёл, што выміраюць або колькасць якіх скарачаецца. Адстрэл, адлоў такіх жывёл, прычыненне ім шкоды непасрэдна ці праз парушэнне месцаў іх пражывання забаронены. Гэта мядзведзь, барсук, рысь, чорны бусел, сажалкавая начніца.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Каспяровіч, А. Рэдкія расліны і птушкі / А. Каспяровіч // Ленінская праўда (Віцебск). – 1986. – 30 студз. – С. 3.

2. Пивовар, Н. Дикий гладиолус на берегу Лужеснянки / Н. Пивовар // Народнае слова. – 1999. – 28 студз. – С. 5.

3. Пивовар, Н. Самая большая сосна в Беларуси / Н. Пивовар // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2001. – 22 мая. – С. 2.

4. Природа Беларуси : энциклопедия. В 3 т. Т. 3 : Растенія, грибы, животные / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – 464 с.

5. Раслінны і жывёльны свет // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М.В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 20–25.