Спіс помнікаў археалогіі. Віцебскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 26.03.2019 13:25
Гарадзішча каля вёскі Баронікі
Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, на левым беразе р. Лучоса. Узвышаецца над поймай ракі на 20 м. Пляцоўка авальная, памерам 74x42 м. 3 захаду і ўсходу працякаюць 2 ручаі, з поўначы – рака. Уваход на гарадзішча з паўднёвага боку. Спачатку гарадзішча не мела штучных умацаванняў, пазней насыпаны невысокі вал. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі 0,2–0,3 м, з паўночнага боку 0,9 м. Выяўлены ямы ад жытлаў слупавой канструкцыі, знойдзены жалезны нож з гарбатай спінкай, 2 каменныя клінападобныя сякеры, гліняная прасліца, жалезная сякера скіфскага тыпу, тачыльны брусок, каля 200 кавалкаў глінянага посуду, бронзавая скроневая падвеска V–IV стст. да н. э. і скарб з трох драцяных бронзавых скроневых кольцаў VI–VII стст., якія мелі па 2 трапецападобныя падвескі. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца V ст. да н. э. – IV–V стст. н. э. Магчыма, у VI –VIII стст. выкарыстоўвалася як сховішча.
Гарадзішча каля вёскі Дрыколле
Мае мясцовую назву «Царкавішча». Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі. Пляцоўка памерам 35x45 м, умацавана валам вышынёй 2–2,5 м і ровам глыбінёй 1,5–2 м. Уваход з паўднёвага боку.
Гарадзішча каля вёскі Зайцава
Знаходзіцца каля вёскі, на левым беразе р. Каспля пры ўпадзенні ў яе ручая, на мысе вышынёй 30 м. Пляцоўка трохвугольнай формы, даўжыня бакоў каля 50–60 м. 3 боку поля – рэшткі вала вышынёй 1,5 м.
Гарадзішча каля вёскі Канькі
Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Цербахунь. Займае выспу (вышыня да 5 м) правага берага р. Заходняя Дзвіна. Пляцоўка памерам 40x60 м, паўднёвая частка размыта ракой. Умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі: адзін вал – вакол пляцоўкі, другі і трэці – на схіле. Вышыня валоў 3,5, 2 і 1,5 м, глыбіня равоў 1,5–2 м. Пляцоўка занята могілкамі, зарасла хмызняком, хвоямі. Адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца II ст. да н. э. – III ст. н. э.
Гарадзішча каля вёскі Лужасна
Знаходзіцца каля вёскі, за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад скрыжавання Ленінградскай шашы і дарогі, якая вядзе да Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, на краі выспы, абкружанай з усіх бакоў балотам (уваход ёсць толькі з паўночнага боку, праз селішча). Пляцоўка авальная, памерам 50x45 м, вышынёй 15–20 м, добра ўмацавана 2 падковападобнымі валамі вышынёй 4–6 м: адзін – на краі пляцоўкі, другі – на схіле гарадзішча. Вядома з 1873 г. Знойдзены кавалкі ляпнога посуду, 2 жалезныя сярпы, 3 нажы, бронзавыя ўпрыгожанні. Гарадзішча датуецца раннім жалезным векам і 3-й чвэрцю 1-га тысячагоддзя н. э., адносіцца да днепра-дзвінскай і тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны культур.
Курган каля вёскі Дземяхі
Вядомы пад назвай Валатоўка. Знаходзіцца за 1,5 км на ўсход ад вёскі, у бары каля лясной дарогі. У плане чатырохвугольны, памерам 12x14 м, вышынёй 1,8 м, вакол насыпу раўкі.
Курганны могільнік каля вёскі Бараўляны
Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на ўзвышаным беразе невялікага ручая, каля дарогі ў в. Буяны. Складаецца з 15 курганоў вышынёй 1–3 м, дыяметрам 8–20 м. 14 насыпаў у плане круглыя, 2 – падоўжаныя.
Курганны могільнік каля вёскі Вароны
Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на беразе воз. Палонскае. 3 курганы вышынёй 3,5 м, дыяметрам 15 м.
Курганны могільнік каля вёскі Лебартова
Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у вярхоўях р. Віцьба. Мае выгляд 6 круглых у плане курганоў вышынёй 2,5–3,5 і дыяметрам 10–12 м.
Селішча каля вёскі Лужасна
Прымыкае да гарадзішча з паўночнага боку. Памер 150x35 м. У культурным пласце каля 1 м выяўлены рэшткі жытла (4x5 м), крыху паглыбленага ў грунт, з печчу-каменкай (1x2 м, вышынёй 0,6 м), каля якой знаходзілася шмат ляпной керамікі, гліняная прасліца. Селішча датуецца 3-й чвэрцю 1-га тысячагоддзя н. э., адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны.
Селішчы каля вёскі Кузьмянцы
Селішча-1. Знаходзіцца за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, на правым беразе р. Лучоса, ва ўрочышчы Царкавішча. Пляцоўка памерам 40x60 м абкружана ярамі. Культурны пласт 0,4 м. Сабрана ганчарная кераміка.
Селішча-2. Знаходзіцца за 0,4 км на поўнач ад урочышча Царкавішча, сярод перасечанай ярамі мясцовасці, каля вусця р. Сухадроўка. Плошча каля 2 га. Культурны пласт 0,4 м. Сабрана ганчарная кераміка.
Селішча-3. Знаходзіцца побач з Селішчам-2 каля вусця р. Сухадроўка. Займае плошчу да 2 га. Селішчы адносяцца да перыяду феадалізму.
Курганны могільнік каля вёскі Лятохі
Знаходзіцца каля вёскі, у лесе, уздоўж дарогі. Складаецца з 14 курганоў вышынёй 1,5–2,5 м, дыяметрам 12x14 м. Адзін курган валападобны (даўжыня 70 м, шырыня 1 м, вышыня 1,5 м). Каля падножжа насыпу – глыбокія раўкі. Могільнік датуецца 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя н.э.
Гарадзішча каля вёскі Мяклава
Знаходзіцца за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Любашкова, на астанцы тэрасы правага берага р. Лучоса. Вышыня астанца 10 м. Пляцоўка авальная, памерам 56х46 м. На схіле знаходзіцца вал вышынёй 3–3,5 м і роў глыбінёй 0,4 м. Знойдзены ляпная гладкасценная кераміка і посуд, паверхня якога пакрыта штрыхоўкай. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры, датуецца VII ст. да н. э. – IV ст. н. э.
За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе р. Лучоса, паміж 2 ярамі. Памеры 150x150 м. Знойдзена ляпная і ганчарная кераміка.
На тэрыторыі селішча 6 круглых у плане курганоў і 3 насыпы вышынёй 2–2,5 м, дыяметрам да 15 м. Вышыня астатніх 0,8–1 м, дыяметр 10–12 м.
Гарадзішча каля вёскі Раніна
Знаходзіцца за 4 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Вымнянка, ва ўрочышчы Жаўнерава, на гары (вышыня 20 м), якая абкружана балотам. Пляцоўка амаль круглая памерам 46x40 м. На схілах гары 2 валы і 2 равы. Знойдзены ляпны посуд. Помнік датуецца VI–VIIIстст. н. э., адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны.
Курганны могільнік каля вёскі Раніна
Знаходзіцца за 1,8 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Вымнянка, на краі поля. Складаецца з 3 курганоў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам 10–12 м.
Курганны могільнік каля вёскі Сакольнікі
Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, паміж пагоркамі, ва ўрочышчы Кахоўка (былы маёнтак). Мае 57 насыпаў вышынёй 1 – 1,5 м, дыяметрам 5 – 7 м. Могільнік належаў крывічам.
Курганны могільнік каля вёскі Саўчонкі
Знаходзіцца каля гравійнай дарогі, якая ідзе на захад ад вёскі, у лесе. Мае 6 курганоў (2 добра захаваліся, 4 пашкоджаны ямамі) вышынёй 1–3 м, дыяметрам 8–12 м.
Гарадзішча каля вёскі Старое Сяло
Знаходзіцца за 2,5 км на поўдзень ад вёскі, на мысе правага берага Заходняй Дзвіны. Пляцоўка памерам 30x70 м, вышыня над поймай 20 м, з боку поля ўмацавана валам вышынёй каля 1,2 м. У траншэі даўжынёй 11 м і шырынёй 3 м выяўлены культурны пласт 0,5–1 м, у ім знойдзены ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка, 2 жалезныя нажы, абломак жалезнай дужкі, косці жывёл. Гарадзішча адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і датуецца III–IV стст.
Селішча каля вёскі Старое Сяло
Знаходзіцца з заходняга боку гарадзішча. Памер 200x50 м. Знойдзеная ў агаленнях кераміка дазваляе аднесці помнік да 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э.
Курганныя могільнікі каля вёскі Старое Сяло
Знаходзіцца на тэрыторыі селішча. Мае 16 насыпаў, з іх 2 доўгія. Вышыня круглых у плане курганоў 1,5 м, дыяметр 8–10 м, даўжыня доўгіх курганоў 20–25 м, шырыня 8–10 м, вышыня 2,5 м. Курганы датуюцца IX–X стст., належалі крывічам.
Знаходзіцца за 1 км ад вёскі. Захаваліся 3 насыпы (2 на полі, 1 у лесе) вышынёй 1–1,5 м, дыяметрам 8–10 м. Датуецца помнік 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя н. э.
Знаходзіцца за 1,8 км на ўсход ад вёскі, у лесе, за дарогай. Мае 12 насыпаў вышынёй 1,8–2 м, дыяметрам 10–14 м.
Замчышча каля гарадскога пасёлка Сураж
Знаходзіцца на мысе пры зліцці рэк Заходняя Дзвіна і Каспля. Пляцоўка трохвугольнай формы, памерам 60x50 м. 3 усходу яна ўмацавана ровам, з паўднёвага і паўночнага бакоў абкружана рэкамі. У абрыве культурны пласт да 1,5 м. На адлегласці 200 м ад зліцця рэк захаваліся рэшткі другога рова, які аддзяляў вакольны горад. Знойдзены фрагменты керамікі IX–X стст., шыферныя прасліцы, кераміка XI–XIII стст. і больш позняга часу, сякера, замок, ключ XIVст. Выяўлены рэшткі абарончых драўляных збудаванняў.
Курганны могільнік каля вёскі Хатоля
Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на берагах Заходняй Дзвіны. Мае 2 курганы на правым беразе ракі, трэці – насупраць, на левым беразе. Вышыня аднаго 2,5–3 м, дыяметр 25 м, другога – вышыня 1,5–2 м, дыяметр 20–25 м.
Гарадзішча каля вёскі Шапуры
Знаходзіцца ў вёсцы, на правым беразе р. Лучоса, на гары вышынёй 20 м, за 0,3 км на ўсход ад інтэрната інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Пляцоўка круглая, дыяметрам 18 м.
Селішча каля вёскі Шапуры
Знаходзіцца з заходняга боку гары, на якой знаходзіцца гарадзішча. У культурным пласце 0,4 м знойдзена ляпная і ганчарная кераміка. Адносіцца да ранняга жалезнага веку і раннефеадальнага часу.