Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Гарадоцкі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Жыхары Гарадка і вёсак павета пра Кастрычніцкую рэвалюцыю даведаліся ад тэлеграфістаў чыгуначнай станцыі. Напрыклад, у вёскі Пліткі, Вышадкі і Дубрава 26 кастрычніка гэтую навіну прывёз селянін, які сам пачуў аб падзеях у Петраградзе ад бычыхінскага тэлеграфіста.

8 лістапада 1917 г. Гарадоцкі павятовы Савет прыняў пастанову аб прызнанні Савецкай улады і стварэнні ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. На наступны дзень на яго арганізацыйным пасяджэнні старшынёй быў абраны А. Шульц, намеснікам Ф. Жукаў, сакратаром С. Труноў, яго намеснікам Беразоўскі. Камісарам выбралі Бяссонава, памочнікам Кузьмінскага.

У лістападзе 1917 г. скасавана пасада павятовага камісара Часовага ўрада. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт назначыў кіраўнікоў гарадской і павятовай міліцыі. Імі сталі Рышман і Шульц. Былі прыняты меры па ахове Гарадка. На вуліцах горада ўстаноўлена 11 пастоў. Утвораны ваенна-рэвалюцыйны суд у складзе трох чалавек, а таксама спецыяльны ўзброены атрад пад кіраўніцтвам Храпкова і Асятрова для навядзення парадку ў павеце, дзе адбываліся грабежніцкія дзеянні, падпалы маёнткаў з удзелам салдат і мясцовых жыхароў. Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту даваліся шырокія паўнамоцтвы па барацьбе з контррэвалюцыйнымі дзеяннямі і раскрадальнікамі народнага дабра.

23–25 студзеня ў Гарадку праходзіў павятовы з'езд Саветаў. У яго пастанове адзначана, што вышэйшай уладай у павеце з'яўляецца з'езд; у перыяд паміж з'ездамі – Савет. Пры Савеце былі створаны секцыі: зямельная, харчовая, культурна-асветніцкая, юрыдычная, па гарадскіх справах, ваенная і фінансавая. Фактычна з'езд замацаваў устанаўленне Савецкай улады ў Гародоцкім павеце. 14 лютага была ліквідавана гарадская дума.

Такім чынам, у лістападзе 1917 – лютым 1918 гг. у горадзе і павеце адбылося скасаванне органаў буржуазнай улады, ствараўся новы апарат кіравання.

Адначасова ў павеце праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні дэкрэтаў савецкага ўрада. Ужо 17 лістапада на пасяджэнні павятковага Савета разглядалася пытанне аб ахове народнай маёмасці і правядзенні ў жыццё дэкрэта аб зямлі. Новая ўлада прымала меры па аказанні харчовай і грашовай дапамогі бяднейшым сем'ям у Гарадку і павеце. Складаным было становішча з харчаваннем.

Пачаўся працэс нацыяналізацыі прыватнай уласнасці. Дзяржаўнымі сталі аптэкі, кінематограф. Рэквізаваліся многія памяшканні пад шпіталі, казармы, установы: сінагога, пяць крам Альдшулера, дом і крамы Мінца, крамы Прусава на Базарнай плошчы (зараз Леніна), дамы Сыркіна, Прусава, Хазанава, Рабіновіча, Рыўкіна і інш. Рэквізаваны млын Дворкіна планавалася выкарыстаць для ўстаноўкі дынама-машыны з мэтай выпрацоўкі электрычнасці. Дом Хазанава, размешчаны па вуліцы Валадарскага, прадназначаўся для арганізацыі ў ім прытулку.

Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў павеце пачалося ажыццяўленне дэкрэта аб зямлі, былі канфіскаваны памешчыцкія і царкоўныя землі. У снежні 1917 г. Віцебскі губернскі з'езд Саветаў абмеркаваў парадак прыёму памешчыцкіх маёнткаў, паставіў задачы дакладнага ўліку ўсёй маёмасці. На павятовыя Саветы ўскладаўся абавязак па арганізацыі апрацоўкі ўсіх канфіскаваных зямель.

Гарадоцкі ваенна-рэвалюцыйны камітэт 22 лістапада 1917 г. прапанаваў узяць на ўлік усю маёмасць прыватных уласнікаў, арганізаваць яе ахову. На сялянскіх сходах ствараліся спецыяльныя ўліковыя камісіі, якія складалі вопісы памешчыцкай маёмасці, праводзілі раздзел зямлі. Вопісы зямельных камітэтаў утрымлівалі даныя аб царкоўных землях, якія сталі народнай уласнасцю.

У красавіку 1918 г. Гарадоцкі павятовы з'езд Саветаў прыняў рэзалюцыю, якая забараняла размяркоўваць кулацкія землі. Нягледзячы на гэта, да 14 мая быў праведзены агульны перадзел зямлі ў 70 з 76 вёсак Обальскай воласці.

У другой палове чэрвеня 1918 г. пачалі ўзнікаць камітэты беднаты. Іх задача заключалася ў размеркаванні хлеба, прадметаў першай неабходнасці, сельскагаспадарчага інвентару, садзейнічанні харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможнага сялянства. Частка рэквізаванага хлеба перадавалася вясковай беднаце. Камбеды займаліся таксама мабілізацыяй сялян і аказаннем дапамогі Чырвонай Арміі, барацьбой з дэзерцірствам. Яны рабілі намаганні па стварэнні і гаспадарчай падтрымцы камун. Першыя камітэты беднаты ў Гарадоцкім павеце былі арганізаваны ў Вярэцкай, Віраўлянскай, Зайкаўскай, Обальскай валасцях.

Паміж бяднейшым сялянствам размяркоўваўся сельскагаспадарчы інвентар, ствараліся пракатныя пункты. У Гарадоцкім павеце было арганізавана 8 пракатных і зернеачышчальных станцый, якія мелі больш за 150 сельскагаспадарчых прылад. Гэтыя пункты ў першую чаргу абслугоўвалі вясковую беднату, былых батракоў. Заможнаму сялянству забаранялася карыстацца іх дапамогай.

У сярэдзіне 1918 г. узнікаюць першыя камуны, у асноўным на землях былых маёнткаў. Па Гарадоцкім павеце пры павятовым зямельным аддзеле арганізавана камунальнае бюро, а ў павеце сельскагаспадарчыя камуны: «Ваўненская», «Дубакрайская», «Рудня». У 1919 г. пачалі дзейнічаць камуны ў Даўгаполлі і іншых вёсках. У 1918 г. былі арганізаваны саўгасы «Стайкі», «Загараны», «Краўцова», у наступным – таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі «Палешына», «Трэйчына», «Чырвоны араты» і іншыя.

Адносіны ў вёсцы абвастраліся. Нарастала незадаволенасць заможных сялян, якія працівіліся перадзелу зямлі, уліку хлеба.

27 кастрычніка 1918 г. былі завершаны ўборка і ўлік хлеба, узяты на ўлік млыны. У харчовы камітэт паступіла 2500 пудоў жыта; частка ўраджаю з былых памешчыцкіх зямель бясплатна выдадзена батракам на насенне. Камбеды ўзялі на сябе функцыю арганізатараў тавараабмену ў вёсцы.

У распараджэнне павятовага харчкама перададзены ўсе асабістыя магазіны. Устанаўліваліся цэны на прадукты, па якіх адбываўся тавараабмен. Значная колькасць харчоў з павета накіроўвалася ў Маскву і Петраград. Узамен атрыманых прадуктаў выдаваліся соль, селядцы, чай, тытунь, запалкі, мануфактура, газа, свечкі, мыла, сукно, гатовае адзенне, ніткі, панчохі, абутак, галёшы, іншыя тавары.Толькі ў жніўні 1918 г. у Петраград было адпраўлена 3290 пудоў жыта.

Камбеды канфіскоўвалі «грашовыя лішкі» ў заможных сялян шляхам накладвання штрафаў, асобных падаткаў. Становішча ўскладнялася тым, што пачалася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя. Супрацьстаянне, якое пачалося ў кастрычніку 1918 г., працягвалася. Незадаволенасць часткі насельніцтва дзейнасцю Савета і яго пастановамі, канфіскацыяй і перадзелам зямлі і іншай прыватнай і царкоўнай маёмасці, улікам і размеркаваннем збожжа, складанасцямі ў харчаванні, пачаткам харчразвёрсткі выражаліся ў агітацыі супраць мерапрыемстваў Савецкай улады, пагрозамі і нападамі на прадстаўнікоў выканаўчых камітэтаў, адбываліся ўзброеныя выступленні. Адно з іх адбылося ў Гарадку вясной 1918 г. Архіўныя дакументы даюць падставу лічыць яго датай 22 сакавіка.

З 11 па 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена паўстаннем, якое выбухнула ў Веліжскім павеце і перакінулася ў нашы мясціны.

Пачалі разыходзіцца па акрузе чуткі, што паўстаўнцы збіраюцца рушыць на Гарадок. Іх было каля 500 чалавек, меліся вінтоўкі, гранаты, станковыя кулямёты. Галоўны дэвіз: «Саветы без камуністаў!»

Наступленне паўстанцаў з боку Мяжы на Гарадок пад кіраўніцтвам Кулакоўскага было спынена ў Вышадках, куды члены мясцовага рэўкама выклікалі з Гарадка атрад латышскіх стралкоў (25 чалавек пад кіраўніцтвам Кундзевіча) і роту чырвонаармейцаў. Старшыня Гарадоцкай надзвычайнай камісіі Мацюхоў даслаў чырвонаармейцам такую дэпешу: «Таварыш Кундзевіч. Прашу не дастаўляць у Гарадок белагвардзейцаў, а расстрэльваць на месцы. Усе віды харчу, мяса ды іншы правіянт бязлітасна браць у кулакоў».

Для задушэння паўстання ў Гарадку і павеце было аб'яўлена ваеннае становішча, арганізаваны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, у Гарадку ўзята 29 заложнікаў з ліку буржуазіі, дзейнічаў атрад чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам Нікіціна. Арыштавана было 135 чалавек.

Ваеннае становішча пасля гэтага паўстання здымалася паступова: спачатку з Гарадка і той часткі павета, дзе не было ўзброенага выступлення. Толькі 3 студзеня 1919 г. яно было знята з 8 валасцей, ахопленых мяцяжом.

У пачатку кастрычніка 1919 г. створаны Гарадоцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт, у павеце ўведзена ваеннае становішча. Праіснаваў рэўкам да выгнання польскіх войскаў з межаў Беларусі.

Утварэнне гэтага органа ваеннай і грамадзянскай улады было выклікана набліжэннем фронту і актывізацыяй бандытызму ў шэрагу валасцей павета. Барацьба з бандытызмам і дэзерцірствам працягвалася ў 1920 г. У сакавіку ў Ціясцянскую воласць камандзіруецца атрад для «барацьбы з бандай, забіўшай старшыню валвыканкама і двух агентаў па выкананні нарадаў».

Вясной 1920 г. у Гарадоцкім павеце налічвалася 6 камун і 58 сельскагаспадарчых арцелей. Па звестках Віцебскага губсаўгаса, у гэты перыяд у Гарадоцкім павеце «колькасць саўгасаў – 7, плошча зямлі – 3799 дзесяцін, колькасць насельніцтва – 294 чалавекі...».

У сярэдзіне 1920-ых гадоў у Гарадоцкім раёне, як у цэлым у Беларусі, аснову сельскагаспадарчай галіны па-ранейшаму складалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.

У пачатку красавіка 1921 г. адбываецца нападзенне на камуну «Усход». У сакавіку тыя, хто хаваўся ў гарадоцкіх лясах, аб'явілі кампанію па знішчэнні нарыхтаваных дроў. Асобны гарадоцкі атрад па барацьбе з бандытызмам дзейнічаў у Гарадоцкім, Суражскім і Веліжскім паветах. У Гарадку гэты атрад налічваў 80 чалавек.

У Віцебскую надзвычайную камісію з Гарадка была накіравана просьба аб умацаванні гарадоцкага атрада па барацьбе з бандытызмам да 220 штыкоў і 50 чалавек кавалерыі. 3 22 верасня 1921 г. пачалося фарміраванне гарадоцкага ўзвода асобага прызначэння, у снежні ў павет быў уведзены і размешчаны ў Гарадку аўтабронеатрад для падаўлення супраціўлення ўладам.

Як бачым, рэвалюцыя ўскалыхнула народныя масы ў Гарадоцкім павеце. Карэнным чынам ламаўся існаваўшы лад жыцця.

Да канца 1928 г. у раёне меліся 4 малочныя, 4 машынныя, 4 меліярыцыйныя і 2 тарфяныя таварыствы. Рост іх адбываецца і ў 1929 г. У 1929 г. у Гарадоцкім раёне было арганізавана 6 ільнаводчых таварыстваў, якія налічвалі 1001 чалавека, 6 машынных, 4 меліярацыйныя; колькасць тарфяных таварыстваў засталася ранейшай – 2 з 78 членамі.

Найбольшую сілу ў раёне прадстаўлялі малочныя кааператывы. Вытворчыя кааператывы з'яўляліся пераходнай формай ад індывідуальных сялянскіх гаспадарак да буйных калектыўных. У выніку ажыццяўлення дэкрэта аб зямлі ў першыя паслярэвалюцыйныя гады ў Гарадоцкім павеце пачалі складвацца калектыўныя формы гаспадарання на вёсцы. Пэўная колькасць вясковых жыхароў была аб'яднана спажывецкай і вытворчай кааперацыяй, саўгасамі і калектыўнымі гаспадаркамі.

Пастановай СНК БССР ад 12 снежня 1929 г. Гарадоцкі раён быў аб'яўлены раёнам суцэльнай калектывізацыі. У справаздачы Гарадоцкага райвыканкама Наркамзему ад 25 студзеня 1930 г. аб падрыхтоўцы і правядзенні сельскагаспадарчай кампаніі па раёне называліся лічбы калектывізацыі: 82 % агульнай плошчы, што складала 149 240 гектараў з колькасцю гаспадарак 10 505. У пастанове райвыканкама ад 10 лютага запісана, што раён калектывізаваны на 100 %.

 

Дэманстрацыя 7 лістапада 1918 года ў ГарадкуКонны атрад гарадоцкай павятовай міліцыі

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1917 – на Городокщине / подгот. Е. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 6 лістап. – С. 4.

2. Акуневич, О. И. Выборы в Учредительное собрание по Витебской губернии. Список № 14 / О. И. Акуневич // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 54–59.

3. Даніловіч В. В. Рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай маладзёжнай палітыкі на Гарадоччыне ў сакавіку – снежні 1921 г. / В. В. Даніловіч // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 59–62.

4. Драздоў, В. Камунары / В. Драздоў // Беларусь. – 1988. – № 2. – С. 2–3.

5. Дуброўскі, І. Да долі чалавечай : нарыс-хроніка / І. Дуброўскі. – Мінск : Беларусь, 1970. – 152 с.

6. На крутым павароце гісторыі // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 169–290.

7. Паўловіч, Л. Станаўленне Савецкай улады на Гарадоччыне / Л. Паўловіч // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 6 лістап. – С. 1.

8. Трусава, А. Рэўкомы ў Гарадоцкім павеце / А. Трусава // Прамень камунізму (Гарадок). – 1990. – 18 студз. – С. 2.

9. Усцінава, А. І вечны бой, пакой ім толькі сніцца / А. Усцінава // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 26 кастр. – С. 2.