Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Глыбоцкі раён

Тэрыторыя Глыбоцкага раёна з’яўляецца эталонам ландшафта Беларускага Паазер’я. Характэрныя структуры ландшафта ўзніклі ў працэсе Валадайскага зледзянення.

Паверхня большай часткі раёна раўнінная, у цэнтры і на поўдні ўзвышаная. Агульны нахіл з поўдня на поўнач. Значную плошчу (55 %) займаюць Свянцянскія грады, выцягнутыя праз цэнтр з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Найбольш узвышаныя ўчасткі каля в. Мамаі і па лініі Глыбокае–Падсвілле. Глыбіня расчлянення рельефу дасягае 20–25 м/км2. На поўначы і паўночным захадзе Дзісенская нізіна (25 % плошчы) з характэрнай плоскай паверхняй і балотнымі масівамі. На паўднёвым усходзе Верхнебярэзінская нізіна з адзнакамі 160–170 м і глыбінёй расчлянення 10–15 м/км2. 80 % тэрыторыі знаходзіцца на выш. 160–180 м, 15 % – ніжэй за 150 м. Найвышэйшы пункт 226,4 м (каля в. Кавалі, за 6 км на ўсход ад Глыбокага), найбольш нізкая адзнака 130 м (урэз р. Авута на поўначы).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага (на поўначы), сожскага, дняпроўскага, радзей бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю 90–100 м, у ледавіковых лагчынах да 180 м, ніжэй дэвонскія да 200 м, ардовікскія да 50 м, кембрыйскія да 150 м, верхнепратэразойскія 240–280 м адклады. Агульная магутнасць платформавага чахла каля 600–700 м. Пад ім на глыбіні 500–650 м ніжэй узроўня мора пароды крышт. фундамента.

Вядомы 30 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 32,1 млн. т (найбольшае Скураты, часткова Асовіны, Барысаўка, Кур’янава), 5 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 53,8 млн. м3 (Бараўское, Пліскае, Надазерскае, Шчарбоўскае, Цагельненскае), 2 радовішчы легкаплаўкіх глін з запасамі 0,9 млн. м3 (Пашукоўскае, Суклінскае).

У кліматычных адносінах большая частка раёна належыць да Ушацка-Лепельскага агракліматычнага раёна, крайні паўднёвы захад – да Ашмянска-Мінска-Свянцянскага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература ў студзені –7,1°С, у ліпені +17,6°С. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сутак.

Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Браслаўска-Глыбоцкага аграглебавага раёна, паўднёва-ўсходняя – у межах Вілейска-Докшыцкага аграглебавага раёна. Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярнова-падзолістыя 51,2, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 19,7, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 16, поймавыя (алювіяльныя) 0,8, тарфяна-балотныя 12,3; паводле механічнага складу (у %): сугліністыя 52,3, супясчаныя 31,1, пясчаныя 4,3, тарфяныя 12,3. Плоскасная эрозія на 12,8 % плошчы ворных зямель, у т. л. на 9 % слабая; 12,6 % ворных зямель завалунена.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бакарасов, В. А. Свенцянские гряды / В. А. Бакарасов // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 372–373.

2. Глубокский район // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Мінск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 54–55.

3. Глубокский район // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 137–138.

4. Лявіцкая, Р. І. Глыбоцкі раён / Р. І. Лявіцкая, Г. П. Рудакова, М. Ф. Янюк // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: Г. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1983. – Т. 2 : Гатня–Катынь. – С. 87–88.

5. Нечипоренко, Л. А. Белорусское Поозёрье / Л. А. Нечипоренко // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 46–47.

6. Статыстычныя звесткі аб раёне // Глыбокае. Глыбоцкі раён / пад. рэд.: М. М. Кандзерскага, М. П. Чарапкоўскага ; фота: У. Сіза, І. Касевіч. – Мінск : Бонэм, 2004. – С. [2–6].