Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Глыбоцкі раён

 

Сярод рознагалосся сучасных эстрадных рытмаў усё часцей гучаць народныя матывы. Адраджаюцца каляндарна-абрадавыя песні, святы, танцы і гульні. Гэты працэс не абмінуў і Глыбоччыну. Тут вякамі склалася самабытная творчасць, якая з часам дасягнула высокай мастацкасці. З пакалення ў пакаленне перадаваўся гэты бясцэнны скарб. Сёння народныя песні і абрады страцілі сваю першапачатковую магічную функцыю, выйшлі з паўсядзённага побыту вяскоўцаў, часцей сталі выкарыстоўвацца ў форме гульні і забавы. Фальклорныя калектывы Глыбоцкага гарадскога Дома культуры, Запрудскага сельскага Дома культуры і Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці адрадзілі, па-новаму данеслі да сваіх землякоў вячоркі, калядныя абрады. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ў вобразах асноўных герояў калядавання Казы, Жорава, Каня, Цыгана і Цыганкі, Мядзведзя і інш. у суправаджэнні гарманістаў з каляднымі песнямі, беларускімі танцамі заходзяць у хаты і кватэры, жадаюць гаспадарам шчасця і дабрабыту. Калядоўшчыкаў частуюць хатнімі прысмакамі, усе разам спяваюць і танцуюць. Адрадзілася і атрымала творчую прапіску на Глыбоччыне пазаабрадавая тэатралізаваная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», якая мае непасрэднае дачыненне да Каляд. Гэты абрад стаў як бы правобразам сучаснай службы знаёмстваў. Адрадзілі гульню ў Запрудскім сельскім Доме культуры.

Глыбоцкім гарадскім Домам культуры цікава і самабытна праводзіцца Масленіца: з чаем, блінамі, катаннем на конях і арэлях, песнямі, жартамі, гульнямі, вогнішчамі і карагодамі.

Масленка, масленка,

Бывай зіма красненька,

Пачастуй блінамі,

Напаі чайком,

Як белы сняжочак,

Дай сыру кусочак,

Масленка, Масленка.

Адным з самых урачыстых гадавых свят з'яўляецца Вялікдзень. Да яго рыхтуюцца ўсе. Прадчуваючы набліжэнне вясны, людзі выкідваюць і вымятаюць усё старое і непатрэбнае. Пякуць і вараць смачныя стравы, фарбуюць і размалёўваюць яйкі. Віншуюць адзін аднаго са святам, ходзяць у госці, валачобнікі ходзяць па хатах, спяваюць гаспадарам велічальна-віншавальныя песні, атрымліваюць за гэта ўзнагароджанне.

Гаспадару, светлы пане,

Хрыстос васкрэс, сын Божа.

Масці кладку, заві ў хатку,

Хрыстос васкрэс, сын Божа.

Спяваюць і дзяўчыне:

Дзяўчыначка, паненачка,

Устань рана, ранюсенька,

Мыйся бела, бялюсенька,

Прычашыся гладзюсенька,

Адзявайся бялюсенька...

Пасля Вялікадня для вяскоўцаў наступае грачая пара сяўбы, выган жывёлы на пашу. Калі ж надыходзіць доўгачаканае свята Купалле, усе справы адкладваюцца, людзі сабіраюцца ў самых прыгожых месцах і весяляцца. Гэта свята ніколі не забывалі на Глыбоччыне, яно было і застаецца самым любімым і масавым.

У Глыбокім на Купалле людзі збіраюцца на возера Кагальнае, што ў цэнтры горада. Людзей вабяць прыгожае месца і яркія гандлёвыя рады, музыка, вогнішча, карагоды, выступленні фальклорных калектываў.

Сягоння Купала,

Заўтра Ян.

Зайграй жа нам, Сонейка, зайграй.

Мы цябе, Купала,

Шанаваць будзем.

Мы цябе, Купала,

Святкаваць будзем.

На вялікім вогнішчы спальваецца ўсё непатрэбнае, што назбіралі па дарозе купальскія героі.

Разгарайся, купальскі касцёр,

Прыходзь, завадзі карагод, і іскрыся,

весяліся.

Смех і песні гучаць хай да зор.

Разгарайся, іскрыся касцёр.

На свяце можна сустрэцца з Купалам і Купалінкай, нячыстай сілай, Перуном, дзедам-чараўніком і іншымі міфічнымі героямі. Тут усім ёсць занятак, арганізуюцца спартыўныя гульні, канцэрты, конкурсы на лепшага выканаўцу беларускіх народных танцаў і песень.

Цікава і самабытна на Глыбоччыне святкуюць Дажынкі. Адрадзілі гэта свята ў Мацюкоўскім сельскім Доме культуры.

Рада, рада шэра перапёлка,

Што лета пажала.

Рада, рада,

Рада, рада наша гаспадынька,

Што жыта пажала

Рада, рада,

Што жыта пажала

У снапы павязала.

У гэтым абрадзе таксама падносіцца дажыначны сноп і каравай з новага ўраджаю.

Дзень добры табе,

Старшыня-гаспадар,

Выйдзі к нам ды прымі

Працы нашае дар.

Дружнай песняй сваёй

Мы будзілі зару.

Ураджай залаты

Мы сабралі ўпару.

Дык рыхтуй жа пітво,

Ды музыкаў збірай,

I на славу сабе

Нам дажынкі спраўляй.

Вопыт правядзення абрадаў зажынак і дажынак вывучаны і распаўсюджаны на Глыбоччыне.

Стала традыцыйным у раёне свята «Квітней, Глыбоччына». Праводзіцца яно ў пачатку чэрвеня ў маляўнічым урочышчы Барок. Сюды запрашаюцца лепшыя калектывы раёна, гарманісты, танцоры. Таксама ў шматлікіх населеных пунктах праводзяцца святы вёсак, вуліц і г. д. Ва ўсіх мерапрыемствах актыўны ўдзел прымаюць дзеці, моладзь.

Дзейнічаюць на Глыбоччыне і фальклорныя калектывы, якія беражліва захоўваюць творчасць, звычаі і абрады нашых продкаў. Гэта народны тэатр фальклору «Цярэшка» і народны ансамбль народнай песні «Крынічанька». У Запрудскім сельскім Доме культуры працуе Цэнтр фальклору.

 

Купальскі абрад у Глыбоцкім раёне. Фотаздымак з сайта http://zviazda.by/

ЛІТАРАТУРА

1. Бельская, Н. Нам засталася спадчына / Н. Бельская // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 23 мая. – С. 5.

2. Берникович, Д. Аутентичные напевы Поозерья / Д. Берникович // Витебские вести. – 2013. – 13 июля. – С. 6.

3. Берникович, Д. Песни на все времена / Д. Берникович // Народнае слова. – 2013. – 26 лют. – С. 7.

4. Берніковіч, Д. Купальская ночка ля возера Шо / Д. Берніковіч // Народнае слова. – 2012. – 10 ліп. – С. 7.

5. Волкаў, I. Купальскае паданне / І. Волкаў // Веснік Глыбоччыны. – 1999. – 10 лiп. – С. 2, 4.

6. Жыгуноў, А. І на культурным фронце ёсць перадавая / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 10 кастр. – С. 4.

7. Жыгуноў, А. Фэст на Дзядку / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2008. – 19 ліп. – С. 6.