Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рамёствы. Глыбоцкі раён

3 далёкіх часоў людзі Глыбоччыны славіліся сваім майстэрствам і самабытнымі рамёствамі.

У 1920–1930-я гг. у Глыбокім працавала некалькі майстэрань, дзе выраблялі разнастайную гаспадарчую і дэкаратыўную кераміку, у т. л. гаршкі, збанкі, глякі, слоікі, міскі, паўміскі, масленіцы, хлебніцы, кубкі, вазоны, а таксама цацкі. Вызначаліся яны плаўнымі мяккімі абрысамі. Фармавалі вырабы на нажным ганчарным крузе. У фармовачную масу для пячнога посуду дамешвалі жарству. Амаль усе керамічныя рэчы пакрывалі празрыстай свінцовай палівай, якая ў залежнасці ад тэмпературы абпальвання заставалася бясколернай або прымала зеленаватае адценне, посуд карычнева-чырвонага колеру цаніўся больш высока. Выраблялі таксама чорназадымлены і гартаваны посуд, галоўным чынам для гатавання гарачай ежы. Глыбоцкая кераміка мела традыцыйны стрыманы дэкор, які складаўся з лінейнага арнаменту з 2–3 прамых палосак на верхняй частцы посуду. У 1920-я гг. была пашырана кераміка з падпаліўнай размалёўкай пераважна расліннага характару, выкананая пэндзлікам або ражком на чырвоным фоне ў 2–3 колеры (белы, зялёны, цёмна-карычневы). У якасці фарбаў выкарыстоўвалі белы ангоб, парашок перапаленай медзі (зялёнка), вокіс марганцу (бруштын). Промысел па вырабе керамікі існаваў да 1970-х гг. Калекцыя глыбоцкай керамікі зберагаецца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

На Глыбоччыне, як і ўсюды на Беларусі, існавалі хатнія промыслы, якія паступова ператвараліся ў дробную таварную вытворчасць. Сяляне з-за нізкай пакупной здольнасці працяглы перыяд карысталіся прадукцыяй саматужнай вытворчасці, выкарыстоўваючы і захоўваючы пры гэтым мясцовыя традыцыі.

Некаторыя промыслы з цягам часу былі выцеснены новымі і паступова знікалі, многія ж вытрымалі выпрабаванне часам, дзякуючы таленавітасці, руплівасці і самаахвярнасці народных майстроў. Гэта паказала раённая выстаўка прыкладнога выяўленчага мастацтва, што была арганізавана ў 1976 г. у межах Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці ў Глыбокім. Арыгінальнасцю, тонкім майстэрствам вылучаліся посцілкі Эміліі Філітарынай і Алены Пачопкі. Марыя Фярковіч прыемна здзівіла ўсіх сваімі ручнікамі. Вытканыя з кужалю, з беласнежнымі карункамі, някідкімі, але пяшчотнымі ўзорамі, яны прыцягвалі ўвагу і радавалі вока наведвальнікаў выставы. Ніна Карбоўская вылепіла з гліны і пластыліну макет мемарыяльнага комплексу «Прарыў», што на Ушаччыне. Радавала інкрустацыя «Лясны матыў» самадзейнага мастака Мікалая Калакольцава. 3 вялікім густам падбіраў ён розныя пароды драўніны, склейваў кавалачкі, шліфаваў, каб атрымаць сапраўдны твор мастацтва. Чаканку выставіў Аляксандр Дубіна.

3 года ў год удасканальвалася майстэрства ўжо прызнаных творцаў, нараджаліся новыя таленты, і кожны з майстроў вылучаўся сваёй арыгінальнасцю, самабытнасцю, каларытам фарбаў і форм. Каб захаваць набыты вопыт, перадаваць яго маладым, развіваць таленты, у 1985 г. быў створаны клуб народных умельцаў «Крыніца». У 1988 г. яму было прысвоена званне народнага. Кіраўнікі А. С. Дубіна (з 1985), А. В. Юргель (з 1987), Г. Ю. Батвінёнак (з 1991). Клуб аб'ядноўвае больш як 300 самадзейных мастакоў, рэзчыкаў па дрэве, ткачоў, вязальшчыкаў і інш. Члены клуба пастаянна ўдзельнічаюць у святах, фестывалях, арганізуюць перасоўныя выставы, кіруюць гурткамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Доме рамёстваў. У кожнага ўдзельніка клуба свой талент, свой стыль і свае адметныя, непаўторныя рысы творчасці, свая іскрынка.

3 1985 г. клуб узначаліў Аляксандр Дубіна. Ён быў ужо прызнаны майстар па мастацкай коўцы металу. У чаканцы майстар увекавечыў гістарычныя помнікі Глыбоччыны. Ён аб'ездзіў многія куткі Беларусі, фатаграфаваў, збіраў па драбніцах звесткі пра вырабы мастацкай коўкі, што яшчэ захаваліся з мінуўшчыны. У 1988 г. А. Дубіна ўдзельнічаў ва Усесаюзным фестывалі майстроў па мастацкай коўцы металу, што праходзіў у Маскве, у шматлікіх выставах, на святах народнай творчасці.

Арыгінальнасцю вылучаюцца і работы з дрэва Мікалая Калакольцава. 3-пад разца майстра выйшлі абразы, цікавыя пано, такія як «Алені», «Пагоня», «Паядынак» і іншыя. Майстра ведаюць далёка за мяжой.

Плённа працуюць на Глыбоччыне майстры жывапісу, ткацтва, вышывання, вязання, пляцення з лазы, саломкі, размалёўкі дываноў, кавалі, рэзчыкі, ганчары і інш. Сталі добрай традыцыяй выставы на раённых святах «Квітней, Глыбоччына», святах гарадскіх і вясковых вуліц.

У Глыбоцкім Доме рамёстваў вядзецца навукова-даследчая работа па аднаўленні традыцый рамёстваў і ўжыванні іх у мясцовым побыце.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Адэдэджы, А. «Багацце талентаў Падсвільскай зямлі» / А. Адэдэджы // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 3 студз. – С. 7.

2. Байкова, В. Народныя майстры і мастакі Глыбоччыны / В. Байкова // Народная культура Віцебшчыны / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск, 2007. – С. 34–38.

3. Берникович, Д. Творит чудеса / Д. Берникович // Веснік Глыбоччыны. – 2003. – 16 крас. – С. 2.

4. Волкаў, I. Майстар насценных дываноў / І. Волкаў // Веснік Глыбоччыны. – 2000. – 23 лют. – С. 3.

5. Глінская, А. Заслужана народныя / А. Глінская // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 23 сак. – С. 5.

6. Жыгуноў, А. Іванавіч і Іванаўна / А. Жыгуноў // Веснiк Глыбоччыны. – 2007. – 8 снеж. – С. 3.

7. Жыгуноў, А. На прыгожых падушках прысняцца прыгожыя сны / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2005. – 12 лістап. – С. 7.

8. Капшуль, Г. Залатых рук майстар / Г. Капшуль // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 20 чэрв. – С. 8.

9. Карнеева, Т. З глыбоцкім каларытам / Т. Карнеева // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 12 снеж. – С. 8.

10. Карнеева, Т. «Якая сукенка, такая і паненка...» / Т. Карнеева // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 16 студз. – С. 6.

11. Сауліч, У. Казка ў... агародзе / У. Сауліч // Віцебскі рабочы. – 2008. – 2 дек. – С. 8.

12. Сутула, Г. «Крыніца» – духу творчага жывіца / Г. Сутула // Веснiк Глыбоччыны. – 2007. – 14 крас. – С. 7.

13. Сутула, Г. «У полі – коласам, у руках майстра – золатам» / Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2008. – 29 лістап. – С. 2.

14. Таленты Глыбоччыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 431–432.

15. Хайноўская, А. А ў нас – госці! / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 23 сак. – С. 5.

16. Хайноўская, А. Ва ўзорах тканых – Божы дар / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 16 студз. – С. 5.

17. Хайноўская, А. Глыбачане паказалі майстар-клас мінчанам / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 6 лістап. – С. 5.

18. Хайноўская, А. І майстры, і настаўнікі / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 11 сак. – С. 8.