Помнікі археалогіі. Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 14.10.2019 09:34
- Адноўлена 14.10.2019 10:03
Першабытны перыяд нашай гісторыі самы працяглы (40–35 тыс. гадоў таму назад – V ст. н. э.) і надзвычай важны. У гэты перыяд чалавекам былі зроблены значныя вынаходніцтвы (пераход ад стаянак і селішчаў да ўмацаваных гарадзішчаў, вырабы зброі з рознай сыравіны, з'яўленне ганчарнага кола і шэраг іншых).
У перыяд старажытнакаменнага веку – палеаліту (каля 100–10 тыс. гадоў таму назад) поўнаму засяленню тэрыторыі сучаснай Беларусі чалавеку перашкаджаў ледавік, які то сыходзіў, то зноў надыходзіў. Аднак шэраг навукоўцаў (Загарульскі Э., Штыхаў Г.) лічаць, што ў так званым фінальным палеаліце (12–10 тыс. гадоў таму назад) адбылося поўнае засяленне людзьмі нашай радзімы. У гэты перыяд старажытным чалавекам былі ўдасканалены вырабы (ручное рубіла, наканечнікі стрэл, касцяныя гарпуны), а таксама вынайдзены быў лук са стрэламі.
На змену палеаліту прыходзіць мезаліт (9–5 тыс. гадоў да н. э.), гэта перыяд істотнага пацяплення клімату (апошні ледавік растаяў 14 тыс. гадоў таму назад). У мезаліце максімальнага росквіту дасягнула развіццё прысвойваючай гаспадаркі – паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. У выніку археалагічных раскопак, што праводзіліся на Глыбоччыне, мезалітычных стаянак не выяўлена, толькі каля в. Надазер'е Пліскага сельсавета знойдзены крамянёвы мезалітычны наканечнік).
Заключны перыяд каменнага веку – неаліт (V–III тыс. да н. э.). У гэты перыяд адбыўся пераход ад прысвойваючай гаспадаркі да вытворчай. З гэтым часам звязана і паняцце «неалітная рэвалюцыя» – узнікненне земляробства (вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса) і жывёлагадоўлі (прыручаны каровы, свінні, козы, авечкі). На Глыбоччыне да эпохі неаліту належаць тры стаянкі ў наваколлі вёскі Пліса. Адкрыў іх у 1980–1982 гг. археолаг Эдвард Зайкоўскі.
Стаянка Пліса-1 знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на першай надпоймавай тэрасе возера Пліса. Памеры паселішча 60х30 м. Даследавана плошча 176 кв. метраў. У культурным пласце магутнасцю 0,4 м выяўлена каля 50 крамянёвых прылад працы і кераміка з дамешкамі тоўчаных ракавін. Сярод фрагментаў посуду ёсць аздобленыя насечкамі, адбіткамі грабеньчыка, нахіленай палачкі, дробнага шнура, тэкстыльным арнаментам, глыбокімі ямкамі.
На другой стаянцы ля в. Пліса абследавана плошча 100 м2 і знойдзены крамянёвыя прылады працы, абломак рамбічнага наканечніка стралы і кераміка. Знаходкі датуюцца другой паловай III тыс. да нашай эры і належаць да позняга этапу дзісенскага варыянту нарвенскай культуры, плямёны якой засялялі тэрыторыю паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі і паўночнай Беларусі. Помнікі гэтай культуры на захадзе Віцебшчыны адрозніваюцца ад астатніх нарвенскіх помнікаў меншай арнаментаванасцю керамікі і суадносінамі аздобы на ёй.
Увогуле, у другой палове III тыс. да н. э. у заходняй частцы Падзвіння пражывалі плямёны грабеньчата-ямачнай керамікі (яйкападобная форма посуду з дабаўкай раслінных рэшткаў); культура шнуравой керамікі або баявых сякер (рэпавідныя сасуды, у якасці арнаменту выкарыстоўваецца адбітак шнура); плямёны паўночна-беларускай культуры (прылады працы з рога і косці, вострадонны і пласкадонны посуд, касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні).
У перыяд бронзавага веку ўзнікае і актыўна пашыраецца металургія, апрацоўка і выкарыстанне бронзы. Аднак, улічваючы адлегласць Беларусі ад старажытных цэнтраў металургіі, тут на працяглы час захаваліся каменныя прылады. У Глыбоцкім раёне паселішча бронзавага веку выяўлена каля в. Пліса, належыць плямёнам сосніцкай археалагічнай культуры (другая палавіна II тыс. да н. э.). Насельніцтва жыло ў паўзямлянках, вырабляла пласкадонны посуд з расшыранай шыйкай, аздабленае шнуравым арнаментам, зігзагамі, а таксама каменныя матыкі і сякеры. Знаходкі бронзавых прылад на Глыбоччыне не вядомы, але яны выяўлены на суседніх землях – Лепельшчыне, Ушаччыне, Вілейшчыне.
У жалезным веку (VIII–VII ст. да н. э. – V ст. н. э.) выкарыстоўваецца іншая сыравіна для вырабу прылад працы – жалеза, якія садзейнічалі развіццю ляднага земляробства, павялічылася і значэнне жывёлагадоўлі. Усё гэта забяспечвала атрыманне дадатковага прадукту. З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтаю грабежніцтва і заняволення. Каб абараніць жыллё суродзічаў і накопленае дабро, насельніцтва пачало сяліцца ў цяжкадаступных месцах, сярод балот і лясоў, умацоўваючы свае паселішчы штучнымі абарончымі збудаваннямі – равамі і землянымі валамі. Звычайна яны ўзводзіліся на высокіх узгорках сярод балот або на берагах рэк. Рэшткі такіх паселішчаў называюцца гарадзішчамі. У спіс гісторыка-краязнаўчых каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена 9 гарадзішчаў, размешчаных на тэрыторыі Глыбоцкага раёна – в. Галубічы, в. Запруддзе, в. Зарубіна, в. Латыголь, в. Падгаі, в. Псуя, в. Свіла-1, в. Шчаўкуны, в. Шыпы. На Глыбоччыне гарадзішчы звычайна называюць Гарадзец, Замак, Дварэц, Царкавішча і інш. Пра такія месцы ходзяць паданні і легенды.
На Глыбоччыне, магчыма, умацаваныя паселішчы існавалі каля вёсак Залессе і Перавоз. Так, у Залессі адно з узвышшаў называецца Царкавішча, або Пагарышча.
На тэрыторыі Глыбоцкага раёна значацца і шмат курганных могільнікаў, што сведчыць пра шчыльную заселенасць гэтай тэрыторыі. Яны ўяўляюць сабой насыпы зямлі вышынёй 0,5–3 м і дыяметрам 5–20 м. Звычайна яны размяшчаліся побач з гасцінцамі, на скрыжаванні дарог, на ўзгорках, каля вадаёмаў. Пад ахову дзяржавы на тэрыторыі раёна ўзяты 28 курганных могільнікаў. Гэта курганы каля вёсак Бабруйшчына, Баяры, Вольшчына, Вуглы, Гатоўкі, Гваздова, Доўгае, Забор'е, Залессе, Зарубіна, Крупяні, Ліпляні, Мамаі, Мосар, Нарушова, Перавоз, Рудніца, Свіла, Скрабянец, Чарневічы, Шо. Адзінкавы курган ад некалі вялікага могільніка захаваўся каля в. Узрэчча. На кургане расце сасна, якую мясцовыя жыхары называюць французскай. Курганныя могільнікі каля вёсак Доўгае, Гваздова, Забор'е, Перавоз, Скрабянец, Чарневічы, Бабруйшчына, Шо, Гатоўкі, Мосар – помнікі рэспубліканскага значэння.
На аснове раскопак курганаў (якія пачалі праводзіцца на Глыбоччыне з канца XVIII ст.) быў рэканструяваны касцюм жанчыны-крывічанкі. Убор складаўся з доўгай сукенкі, якая выраблялася з адбеленага льну. Паверх яе надзявалася спадніца (андарак) і наплечнік з цёмнага палатна. Упрыгожвалася верхняе адзенне вышыўкай. Найбольш часта ў вышыўцы прысутнічаюць салярныя знакі (кругі, лініі, крыжы), вуглы, трохвугольнікі, ламаныя лініі, ромбы. Характэрным і самым, бадай, неабходным атрыбутам жаночага адзення з'яўляўся пояс. Ён быў своеасаблівым абярэгам. Без пояса жанчына не магла выходзіць на вуліцу. На нагах насілі лапці, сплеценыя з лыка, або скураны абутак. Галаву дзяўчаты маглі ўпрыгожваць вяночкам, вышытай стужкай ці хусткай.
Самымі цікавымі знаходкамі ў раёне аказаліся манетна-рэчавыя скарбы, якія былі знойдзены ў 1965 годзе на паселішчы каля в. Гараўляны (каля вясковых могілак) Узрэцкага сельсавета Глыбоцкага раёна. Кожны з двух скарбаў змяшчаўся ў ляпным гліняным гаршку. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (2 кавалкі чатырохграннага дроту, 3 фрагменты і 1 цэлая загатоўка для пласціністага бранзалета, спражка), шыферная прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі.
Другі скарб складаўся з цэлых і фрагментавых сярэбраных ювелірных вырабаў (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў (тонкіх аднабаковых манет) з вушкамі для падвешвання, шкляных залачоных бочачкападобных пацерак 134 пераважна фрагментаваных дырхемаў Арабскага халіфата і дэнарыя Чэхіі. Ухаваны скарбы ў сярэдзіне ХІ ст. і, магчыма, з'яўляецца сыравіннымі запасамі ювеліраў.
Усе знаходкі сведчаць пра высокі ўзровень культуры, багаты духоўны свет продкаў.
Спіс помнікаў археалогіі. Глыбоцкі раён
ЛІТАРАТУРА
1. Археалагічныя помнікі // Гісторыя Залескага краю / Р. Шарыпкін. – Глыбокае : Вольнае Глыбокае, 2002. – С. 8–13.
2. Дучыц, Л. У. Зямля нашых продкаў / Л. У. Дучыц // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 21–28.
3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 229–240.
4. Кавалеўскі, С. Спіць курган... / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2004. – 20 сак. – С. 8.
5. Коц, А. Л. Даследаванні гарадзішчаў жалезнага веку Глыбоцкага раёна / А. Л. Коц // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 28 : Гуманитарные науки. – С. 9–11.
6. Саланiнка, В. Археалагiчныя даследаваннi на Глыбоччыне / В. Саланінка // Веснік Глыбоччыны. – 1998. – 19 жн. – С. 2.
7. Сидорович, О. На дальней станции сойду... / О. Сидорович // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 14 авг. – С. 13.
8. Скрабатун, У. Археолагі знайшлі артэфакт, паходжанне якога і прызначэнне – не магчыма вытлумачыць / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 29 жн. – С. 4.
9. Скрабатун, У. Кожны археолаг марыць знайсці сваю Трою / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2001. – 17–23 верас. – С. 3.
10. Скрабатун, У. Пакажыце ўнукам іншую Беларусь, і яна для іх падасца фантастыкай / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 16 ліп. – С. 4.
11. Терешонок, В. Пещера: чем больше знаешь, тем больше загадок / В. Терешонок // Рэспубліка. – 2012. – 19 студз. – С. 3.
12. Хайноўская, А. Як шасцікласнік Залескай школы захапіўся археалогіяй / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2019. – 26 студз. – С. 6.
13. Хайноўскі, А. Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт адышлі / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2002. – 17 жн. – С. 2.
14. Хайноўскі, А. «Здабыткі старасветчыны» Язэпа Драздовіча / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 13 кастр. – С. 6.
15. Хайноўскі, А. Сенсацыйная знаходка, альбо Зямля вяртае каштоўнасці / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 16 чэрв. – С. 3.
16. Хайноўскі, А. Таямнічы свет мінулага раскрывае свае сакрэты / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 16 чэрв. – С. 3.
17. Чараўко, В. У. Археалагічныя раскопкі на могільніку каля вёскі Івесь Глыбоцкага раёна ў 2015 г. / В. У. Чараўко // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. – 2018. – № 9. – С. 92–97.
18. Шпакоўская, Г. Таямніцы гарадзішча ля Запруддзя / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 1998. – 8 жн. – С. 3.