Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Вялікая Айчынная вайна. Докшыцкі раён

 

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. 23 чэрвеня ў выніку неаслабнага націску праціўніка пачаўся масавы адыход савецкіх войск на ўсход. 28 чэрвеня быў захоплены Мінск. Абаронцы горада трапілі ў «кацёл». Пасля яго ліквідацыі 2–3 ліпеня камандаванне вермахта перакінула свае карпусы на першапачаткова пракладзеныя маршруты – на поўнач, каб наступаць праз Докшыцкі, Глыбоцкі і суседнія раёны. 3–4 ліпеня немцы авалодалі Глыбокім і Дзіснай, ахапіўшы паўночна-заходнюю частку Докшыцкага раёна.

Праз цэнтр Докшыцкага раёна па дарозе ад Даўгінава да Беразіно хутка рухаліся танкі 39-га корпуса. За адзін дзень 3 ліпеня 7-я танкавая дывізія прайшла паўз Докшыцы, пераправілася цераз р. Бярэзіна і захапіла Лепель. Да вечара дывізія дасягнула вёскі Беразіно. На наступны дзень камандны пункт 39-га танкавага корпуса размясціўся на ўсход ад Докшыц, каля вёскі Гічанцы.

2 ліпеня немцы захапілі Бягомль і выйшлі да пераправы ў вёсцы Кальнік.

Асобныя часткі Чырвонай Арміі, рэшткі палкоў і батальёнаў, пагранатрады з баямі адыходзілі на рубеж Бярэзіны. Аднак яны былі не ў стане спыніць прасоўванне нямецкіх злучэнняў. Адступаючыя савецкія часткі спрабавалі заняць абарону на старой граніцы, потым на ўсходнім беразе Бярэзіны, асабліва ў месцах перапраў і паблізу мастоў. 50-я стралковая дывізія вяла жорсткія баі на поўдні Бягомльскага раёна, каля Плешчаніц, Зембіна, Мсціжа. Часці дывізіі змаглі арганізаваць часовую абарону за р. Бярэзіна толькі на ўчастку ад возера Палік і в. Халхоліца да вёскі Сцюдзёнка. Тут 3–4 ліпеня адбываліся ўпартыя баі. Але сілы былі няроўныя. 50-я дывізія і іншыя часці не здолелі стрымаць нямецкія танкі, былі з дарог адкінуты ў лясы і адступалі да Лепеля.

Рух нямецкіх танкавых дывізій амаль не сустрэў сур'ёзнага супраціўлення з боку часцей Чырвонай Арміі.

Перамяшчэнні нямецкіх войск на Смаленскі напрамак не міналі Докшыцкі раён. Яны суправаджаліся рабункамі на карысць армейскіх часцей, зачысткамі, калі знішчаліся парушальнікі рэжыму і ворагі акупацыйнага парадку, прыхільнікі Савецкай улады, асобы яўрэйскай нацыянальнасці.

Каланіяльны рэжым на Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі Бягомльскага і Докшыцкага раёнаў, падтрымліваўся густой сеткай карных органаў, такіх, як паліцыя бяспекі і СД, СС, тайная палявая паліцыя, паліцыя парадку і інш.

У Докшыцкім і, асабліва, Бягомльскім раёне стварэнне мясцовай акупацыйнай улады на першым этапе акупацыі мела свае асаблівасці. Пры арганізацыі валасцей і паліцэйскіх участкаў падпольшчыкі змаглі заслаць туды сваіх людзей.

Нямецкія органы ўлады на тэрыторыі Докшыцкага раёна ў пачатковы перыяд акупацыі імкнуліся як мага больш выкачаць харчавання для забеспячэння сваёй арміі. З гэтай мэтай былі ўстаноўлены натуральныя падаткі. Падаткаў было так многа, што большасць сялян проста не магла іх выканаць.

З мэтай падаўлення супраціўлення насельніцтва, запалохвання яго, ізаляцыі ад тых, хто актыўна змагаўся, а таксама падрыву эканамічнай базы партызан і падпольшчыкаў, акупантамі пастаянна праводзіліся карныя экспедыцыі. Гэтыя меры адначасова з'яўляліся сродкам загадзя запланаванага гітлераўцамі знішчэння насельніцтва.

У Докшыцкім раёне нямецка-фашысцкія захопнікі правялі буйныя карныя экспедыцыі ў верасні 1941 года, у маі – чэрвені 1943 года пад кодавай назвай «Котбус», у снежні 1943 года – «Карл», у красавіку 1944 года – «Дождж, які імжыць», «Лівень», у маі – чэрвені 1944 года – «Баклан», у красавіку – маі 1944 – «Веснавое свята». У час гэтых аперацый у Докшыцкім і Бягомльскім раёнах яны знішчылі 115 вёсак з колькасцю двароў 4654, расстралялі, спалілі жывымі, закатавалі 21590 чалавек. Тры вёскі – Шунеўка Бягомльскага пасялковага Савета, Азарцы і Залатухі Параф'янаўскага сельсавета – раздзялілі лёс Хатыні.

Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму быў генацыд у адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. У Докшыцах, Бягомлі, Параф'янаве былі створаны гета, дзе яўрэі затым былі знішчаны.

У доўгім спісе злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі, у тым ліку і ў Докшыцкім раёне, асаблівае месца займае прымусовы вываз жыхароў на фашысцкую катаргу ў Германію. Усяго па Докшыцкім раёне было прымусова вывезена 716 чалавек.

У цяжкія дні акупацыі Бягомльскага і Докшыцкага раёнаў арганізацыю партызанскага руху ўзялі на сябе савецкія ваеннаслужачыя, якія ў выніку розных абставін апынуліся тут пасля адступлення Чырвонай Арміі, і мясцовыя партыйныя і камсамольскія арганізацыі.

У ліку пачынальнікаў партызанскай барацьбы на Бягомльшчыне былі групы воінаў-акружэнцаў, якія дзейнічалі тут са жніўня 1941 года. Іх узначальвалі І. В. Жаваранкаў і С. П. Каралькоў. У гэты ж час аформілася і група Р. Я. Лазабеева.

У снежні 1941 года М. Г. Мармулёва і М. Х. Балана быў арганізаваны атрад, у склад якога таксама ўваходзілі ваеннаслужачыя-акружэнцы. Ён дзейнічаў у Бягомльскім раёне да ліпеня 1942 года.

Зімой 1941–1942 гадоў у Бягомльскім раёне дзейнічаў групамі арганізаваны ў 1941 годзе ў Лагойскім раёне атрад «Рамана». 17 красавіка 1942 года атрад быў афіцыйна зацверджаны і на яго аснове восенню 1942 года створана буйная партызанская брыгада «Жалязняк».

Вясной 1942 года развіццё партызанскага руху актывізавалася. Ішлі ў лес і пачыналі ўзброеную барацьбу падпольныя групы. Невялікія і разрозненыя, яны аб'ядноўваліся, раслі колькасна. У выніку ў Бягомльскім раёне ўзнікаюць новыя атрады: імя В. І. Чапаева, імя Ф. П. Юрчанкі, «Камсамол», атрад пад камандаваннем А. С. Бычкова.

У пачатку красавіка 1942 года пачала свае дзеянні разведвальна-дыверсійная група ў складзе 67 чалавек на чале з І. М. Кузіным, якая прыйшла з-за лініі фронту.

Да сярэдзіны лета атрады набылі баявы вопыт, папоўніліся людзьмі і пачалі актыўна дзейнічаць супраць акупантаў.

Са жніўня 1942 года пачалі дзейнічаць Бягомльскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Першая ж падпольная камсамольская арганізацыя ў складзе 10 чалавек узнікла ў вёсцы Домжарыцы. На пачатак красавіка 1943 года ў раёне было створана 28 падпольных арганізацый і груп, якія налічвалі 117 членаў. Да студзеня 1943 года патрыёты Бягомльшчыны падрыхтавалі да ўступлення ў рады народных мсціўцаў 950 чалавек.

3 кастрычніка 1942 года прыступіў да работы Докшыцкі падпольны райкам ЛКСМБ. Докшыцкі падпольны райкам КП(б)Б пачаў дзейнічаць са жніўня 1943 года. У раёне барацьбу з ворагам вялі 17 падпольных арганізацый і груп.

Ключавой аперацыяй 1942 года стала вызваленне 19 снежня брыгадай «Жалязняк» Бягомля і Бягомльскага раёна. У выніку партызаны сталі кантраляваць на поўначы Мінскай вобласці вялікую зону, дзе была адноўлена Савецкая ўлада. Дзякуючы партызанскаму аэрадрому ў Бягомлі, з Вялікай зямлёй была наладжана рэгулярная і трывалая сувязь.

Летам 1943 года камандаванне брыгады «Жалязняк» і Бягомльскі падпольны РК КП(б)Б, дзякуючы мэтанакіраванай агітацыі, ажыццявілі смелую аперацыю па пераходзе на бок партызан буйнога непрыяцельскага фарміравання – 1-й Рускай нацыянальнай брыгады пад камандаваннем У. У. Гіль-Радзіёнава. Яна была перайменавана ў 1-ю Антыфашысцкую партызанскую брыгаду, першай аперацыяй якой стаў разгром варожага гарнізона ў Крулеўшчыне.

Акрамя брыгады «Жалязняк» у Бягомльскім раёне часткова дзейнічалі таксама партызанскія брыгады М. М. Нікіціна і «Дзядзькі Колі», створаныя летам 1942 года.

На тэрыторыі Докшыцкага раёна дыслацыраваліся і разгортвалі баявыя дзеянні брыгады імя К. Ракасоўскага, імя У. І. Леніна, імя Л. М. Даватара (створаны ў 1942), імя ЦК КП(б)Б (створаны ў 1943). Тут таксама пачынаў барацьбу супраць ворага асобны партызанскі атрад «Баявы». Ён быў сфарміраваны ў кастрычніку 1941 года са спартсменаў-добраахвотнікаў.

Восенню 1943 года асабліва жорсткія баі вяла брыгада імя ЦК КП(б)Б з фашысцкімі гарнізонамі, расквартараванымі ў Докшыцах, Таргунах і Камайску, а таксама са спецыяльнымі нямецкімі карнымі атрадамі, якія знаходзіліся ў раёне. Асноўныя баявыя аперацыі разгортваліся ў раёне вёсак Сценка, Дзедзіна, Тумілавічы, Шалашы, Стараселле. Сустрэўшы рашучы адпор народных мсціўцаў, фашысты ўводзілі ў дзеянне танкі, авіяцыю і артылерыю.

Адной з буйных аперацый брыгады імя ЦК КП(б)Б з'яўляецца разгром варожага гарнізона ў вёсцы Порплішча. Актыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы прымаў Докшыцкі падпольны райкам ЛКСМБ.

Актыўнасць і пашырэнне баявых дзеянняў партызан Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон ставілі пад пагрозу забеспячэнне нямецкіх войск, значна ўплывалі на падзеі на фронце. Каб не дапусціць гэтага, гітлераўцы праводзілі супраць народных мсціўцаў і цывільнага насельніцтва карныя аперацыі, мэтай якіх было знішчэнне партызанскіх фарміраванняў у гэтых зонах, аднак спробы акупантаў поспеху не мелі. Ліквідаваць партызанскі рух у краі ім не ўдалося.

Вясной 1944 года пры падыходзе часцей Чырвонай Арміі большасць народных мсціўцаў уліліся ў яе рады і пайшлі далей на захад дабіваць ворага.

На тэрыторыі Бягомльскага і Докшыцкага раёнаў партызаны адчувалі шчырую падтрымку насельніцтва: вясковая моладзь папаўняла партызанскія атрады, сяляне кармілі, апраналі, абагравалі, хавалі ад ворага сваіх сыноў.

Грукат артылерыйскай кананады на світанні 23 чэрвеня 1944 года абвясціў, што вызваленне ўжо блізка – пачалася аперацыя «Баграціён». Ужо 1 ліпеня Бягомль быў вызвалены 277-й стралковай Рослаўльскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені дывізіяй (генерал-маёр С. Т. Гладышаў) разам з мясцовымі партызанамі. Вечарам 2 ліпеня 306-я стралковая Рыбшэўская Чырванасцяжная імя М. І. Калініна дывізія (генерал-маёр М. І. Кучаравенка) штурмавала і вызваліла раённы цэнтр – Докшыцы. Над горадам быў узняты Сцяг Перамогі.

Адначасова з Докшыцамі 850-ы стралковы полк (падпалкоўнік Д. К. Марозаў) 277-й стралковай дывізіі вызваліў ст. Параф'янава. 3–4 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення Крулеўшчыны, Гарадзішча, Валкалата, Порплішча і суседніх вёсак, уся тэрыторыя раёна была вызвалена.

 

Докшыцкі раён. Гарадскі пасёлак Бягомль. Помнік у гонар вызвалення. Фотаздымак з сайта http://francis-maks.livejournal.com

 

ЛІТАРАТУРА

1. Альшэўская, Т. Акупацыйны тэрор / Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2013. – 21 верас. – С. 2.

2. Аўтушка, А. М. У баях за Бягомль / А. М. Аўтушка // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2006. – 1 ліп. – С. 1.

3. Бірукоў Л. П. Бягомльская аперацыя 1942 / Л. П. Бірукоў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: А. Я. Андрэеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1990. – С. 107.

4. Докшыцы: 60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне / тэкст: аддзел ідэалагічнай работы Докшыцкага райвыканкама ; фота С. Васько. – Наваполацк : Наваполацкая друкарня, 2005. – [14 с.].

5. Докшыцкі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 180–181.

6. Ішла вайна народная // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 260–376.

7. Каралевіч, А. Брыгада «Жалязняк». Бягомльская аперацыя / А. Каралевіч // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2008. – 9 студз. – С. 2.

8. Каралевіч, А. Развіццё партызанскага руху / А. Каралевіч // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2007. – 19 снеж. – С. 2.

9. Мандрык, І. У баях за родную зямлю / І. Мандрык // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 15 снеж. – С. 15.

10. Палачанін, Ф. А. Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – 181 с.

11. Степаненко, В. Бегомль. Война. Осада и болота / В. Степаненко // Советская Белоруссия. – 2012. – 19 дек. – С. 13.

12. Яцкевич, Т. Разделили судьбу Хатыни / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2005. – 3 дек. – С. 6.

13. Як гэта было / падрыхт. Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2013. – 3 ліп. – С. 2.