Гісторыя. Дарэвалюцыйны перыяд. Дубровенскі раён
- Подробности
- Створана 26.09.2017 08:40
- Адноўлена 27.09.2017 08:50
Гісторыя надзяліла Дубровенскі край цікавым і самабытным лёсам.
Найбольш старажытным гістарычным помнікам на тэрыторыі Дубровенскага раёна лічыцца стаянка старажытнага чалавека мезалітычнай эпохі каля в. Чыжоўка. Гэта помнік грэнскай культуры, насельніцтва якой пранікла сюды з захаду каля 11 тысяч гадоў таму назад. Археолагамі выяўлены помнікі перыяду жалезнага веку VII ст. да н. э. – V ст. н. э. на гарадзішчах у вёсак Карабанавічы і Вежкі. Помнікамі ранняга сярэднявечча з'яўляюцца могільнікі на волаках.
Доўгі час Дубровеншчына не была ўцягнута ў сферу дзяржаўных інтарэсаў.
З усталяваннем у IX–Х стст. шляху «з варагаў у грэкі» і кантролю на волакавых участках тэрыторыя ўвайшла ў склад Кіеўскай Русі. У пачатку XI ст. сутыкненне інтарэсаў Полацкага і Смаленскага княстваў тут склалася на карысць Смаленска. Магчыма, палачанам дасталася толькі паўночна-заходняя частка правабярэжнай Дубровеншчыны. Умацаванне памежжа запатрабавала будаўніцтва абарончых збудаванняў у выглядзе земляных валоў, у тым ліку з унутрывальнымі канструкцыямі.
У 1393 годзе ў грамаце Дзмітрыя Семяновіча ўпамінаецца «зямля пустая дубровенская». На 1514 год прыходзіцца летапіснае ўпамінанне Дуброўна як горада.
Як мяркуецца, у другой палове XIV стагоддзя тэрыторыя раёна ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Пры вялікім князю Казіміры гэтыя землі былі падараваны ва ўласнасць Юрыю Глебавічу, тагачаснаму Смаленскаму намесніку. Глебавічы і заснавалі тут замак, які адыграў значную ролю ў гісторыі Дуброўна.
Геаграфічнае і памежнае становішча абярнулася для Дубровеншчыны тым, што па яе тэрыторыі неміласэрна перакочваліся вайны, ператвараючы яе ў «мёртвую пустыню». Практычна кожнае аднаўленне вайны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай прыводзіла да захопу і спалення Дуброўна і яго ваколіц, вывазу палонных у Маскву і іншыя гарады Расіі.
У розныя гады Дубровенскія землі ўваходзілі: у склад Аршанскага павета Беларускай губерні (1796–1801), у склад Аршанскага павета Магілёўскай губерні (1801–1861), у склад Горацкага павета Магілёўскай губерні (1861–1917).
Дуброўна ў пачатку XV стагоддзя – цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяводстваў, якая ахоплівала амаль увесь сучасны Дубровенскі раён і сумежную частку Смаленскай вобласці.
У гэты час вялікі князь ВКЛ Аляксандр падараваў Дуброўна разам з воласцю смаленскаму ваяводу Юрыю Глебавічу. У 1514 годзе пры заняцці рускімі войскамі Смаленска было захоплена і Дуброўна, аднак пасля Аршанскай бітвы 1514 года, якая адбылася на тэрыторыі Дубровенскай воласці, горад быў вызвалены. Паводле мірнага пагаднення 1522 года Дуброўна засталося ў складзе ВКЛ, у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. Пазней неаднаразова (1535, 1562, 1580 і інш.) Дуброўна захоплівалі рускія войскі.
Пасля Юрыя Глебавіча Дуброўна належала яго сыну, віленскаму ваяводу Яну Глебавічу (памёр у 1549 годзе), ад якога перайшло да яго непаўналетняга сына Яна Янавіча (1544–1591). Да дасягнення ім паўналецця заставалася ўладаннем яго маці Ганны (дачка князя Фёдара Іванавіча Заслаўскага). Потым Дуброўнам валодалі яго сын Мікалай і сын апошняга Ежы Кароль (памёр у 1669) – апошні прадстаўнік роду Глебавічаў.
У 1630 годзе ў Дуброўне заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у 1654 годзе пасля працяглай аблогі Дуброўна занята войскам цара Аляксея Міхайлавіча і моцна пацярпела. Паводле Андросаўскага перамір'я 1667 года вернута ў склад ВКЛ. У 1677 г. Дуброўна з воласцю (Дубровенскім графствам) былі падзелены паміж дачкамі Ежы Караля – Марцыбелай (жонка князя Марцыяна Агінскага) і Крысцінай (жонка пазнейшага віленскага ваяводы Казіміра Сапегі).
3 1690 г. Дуброўнам валодалі Сапегі. К. Сапега купіў (паводле іншых звестак узяў у заклад) яго частку Дуброўна, што належала М. Агінскаму. Гэта пазней было аспрэчана сынам сястры Агінскага Людвігам Пацеем. У канцы XVII ст. пачаўся працяглы ўзброенны канфлікт паміж дзвюма магнацкімі групоўкамі ВКЛ, на чале адной з якіх стаяў Казімір Сапега. Войскі антысапегаўскай канфедэрацыі, да якой прымкнуў і Людвіг Пацей, у 1698 г. разрабавалі Дуброўна, а ў верасні 1701 г. разбілі ў яго ваколіцах шляхецка-сялянскі атрад, узброены Сапегамі. У 1702 г. Л. Пацей захапіў Дуброўна. Калі К. Сапега ў ходзе Паўночнай вайны (1700–1721) перайшоў на бок шведаў, Дуброўна было яшчэ раз спалена калмыкамі з рускага атрада капітана Салаўёва.
Пасля эміграцыі Сапегі разам са шведамі Дуброўна засталося ва ўладанні Л. Пацея, які ў 1715 г. прадаў яго разам з воласцю за 150 тысяч бітых талераў рускаму князю А. Д. Меншыкаву. Аднак К. Сапега, які ўжо ў 1713 годзе атрымаў каралеўскі дэкрэт аб амністыі і вяртанні маёнткаў, у 1719 г. адсудзіў Дуброўна. Праз год пасля яго смерці Дуброўна падзялілі сыны Сапегі Ежы Станіслаў і Аляксандр Павел, апошні хутка аддаў Дубровенскі замак і частку мястэчка, што прыпалі на яго долю, у заклад Яну Лендорфу. Е. С. Сапега сваю частку таксама аддаў у 1725 годзе ў заклад Ежы Тышкевічу.
У далейшым браты Сапегі з-за хранічнай нястачы грошай неаднаразова закладвалі і перазакладвалі Дуброўна. Частка Ежы Станіслава перайшла спачатку да яго сына Антонія Казіміра, потым да дачкі Крысціны (з 1745 г. – жонка князя Казіміра Масальскага). Доля Аляксандра Паўла, у якую ўваходзілі замак і асноўная частка мястэчка, дасталася яго сынам Казіміру Леану і Міхалу Антонію, якія ў 1733 годзе выкупілі яе з закладу. У 1750 г. у Дуброўне заснавана суконная мануфактура. Аднак унук князя Меншыкава Сяргей працягваў прэтэндаваць на тую частку Дуброўна, што некалі складала долю М. Агінскага, а потым належала Е. С. Сапегу. У 1765 годзе тагачасная ўладальніца гэтай долі Крысціна Масальская выплаціла яму 21,5 тыс. злотых за адмову ад яго прэтэнзій. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дуброўна, якім у той час валодаў сын Казіміра Леана Аляксандр Сапега, апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Аршанскай правінцыі, з 1777 года – у Аршанскім павеце Магілёўскага намесніцтва.
У той час у Дуброўне былі 4 праваслаўныя царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1744 годзе канцлер ВКЛ А. Сапега за 5,8 млн. злотых прадаў свае правы на Дуброўна фаварыту Кацярыны II князю Р. А. Пацёмкіну. У гэты час бернардзінскі кляштар быў зачынены, з Віцебска сюды быў пераведзены кляштар піяраў. У 1780 годзе Дуброўна наведала імператрыца Кацярына II. У 1783 г. князь Пацёмкін аддаў Дуброўна князю Ф. К. Любамірскаму за маёнтак Смела ў Кіеўскім ваяводстве. Да 1917 года Дуброўна было ўласнасцю Любамірскіх. Ф. К. Любамірскі ў 1809 годзе пабудаваў тут новы касцёл.
У 1784 годзе ў Дуброўне пабудавана першая ў Расійскай імперыі гадзіннікавая фабрыка, якая дзейнічала да 1791 года. Значна было развіта вінакурэнне. 3 1793 г. па 1861 г. дзейнічала суконна-талесная мануфактура. У першай палове ХІХ ст. у прамысловых адносінах мястэчка Дуброўна не ўступала і некаторым гарадам.
У вайну 1812 года Дуброўна ў ліпені было занята войскамі Напалеона, 9 лістапада 1812 г. – вызвалена авангардам генерала А. П. Ярмолава.
Што датычыцца статыстычных звестак, то ў 1860 г. у мястэчку Дуброўна быў 1001 дом (з іх каменных – 3), жыхароў – 6884. Пражывала праваслаўных – 2623 чалавекі, католікаў – 74, пратэстантаў – 1, іудзеяў – 4183. Цэркваў было 6 (з іх каменных – 3), каменныя касцёл і капліца, драўляная яўрэйская сінагога і 13 яўрэйскіх малітоўных школ. На паштовай станцыі прымалася і выдавалася розная карэспандэнцыя. Мелася вольная аптэка. 3 навучальных устаноў дзейнічалі казённае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду і сельскае вучылішча пры Нікольскай царкве. Дзейнічалі 3 прамысловыя прадпрыемствы, 4 піваварныя заводы, 2 вадзяныя млыны. Кірмашы праводзіліся ў нядзелю, сераду і пятніцу. Праз раку Днепр хадзіў паром. З 1870 года ў Дуброўне дзейнічала кумыса–лячэбная ўстанова.
У ХІХ – 1-й пал. ХХ ст. найбольшае развіццё ў Дуброўне атрымала вытворчасць ганчарных вырабаў, вядомая са старажытнасці.
У пачатку XX ст. абвастрыўся рэвалюцыйны крызіс, на Дубровеншчыне пачаліся забастоўкі. У 1902 г. дзень міжнароднай пралетарскай салідарнасці ў м. Ляды рабочыя адзначылі групавой забастоўкай і маёўкай, а ў 1903 г. – Першамайскай забастоўкай. Дзень памяці дзекабрыстаў быў адзначаны ў 1903 г. у Дуброўне на сходзе рабочых, у мястэчку пачалі дзейнічаць рабочыя арганізацыі. У студзені 1905 г. у знак салідарнасці з рабочымі Пецярбурга ў Дуброўне адбылася стачка, потым і першамайскія выступленні рабочых. Тады ж пачаліся сялянскія выступленні. У 1907 г. баставалі работніцы дубровенскай фабрыкі акцыянернага таварыства Дняпроўскай папера-прадзільнай ткацкай мануфактуры.
У перыяд рэвалюцыі (1905–1907) у Дуброўне дзейнічала група РСДРП, адбыліся выступленні працоўных.
ЛІТАРАТУРА
1. В глубь веков... / подгот. А. Я. Гаврутиков // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2013. – 29 чэрв. – С. 2.
2. Дубровенщина : справочно-информационные материалы / подгот. Дубровенским районным исполнительным комитетом ; фото: В. Н. Куделькин, В. Л. Соловьев ; отв. ред. О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – 24 с. : іл.
3. Дуброўна // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 132–134.
4. Гаўруцікаў, А. З глыбінь вякоў да нашых дзён / А. Гаўруцікаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1999. – 24 крас. – С. 2–3.
5. Гаўруцікаў, А. Так жылі нашы продкі / А. Гаўруцікаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2003. – 10 снеж. – С. 2.
6. Кулакоў, Ф. Дуброўна на шляху Напалеона / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2002. – 28 жн. – С. 2.
7. Куляшоў, А. Шлях з «варагаў у грэкі» / А. Куляшоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2006. – 25 сак. – С. 2.
8. Лютынскі, В. Дуброўна ў 1812 годзе / В. Лютынскі // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1992. – 2 лістап. – С. 3.
9. Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – 598 с. : іл.
10. Падзеі і факты // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1999. – 19 чэрв. – С. 3–4.
11. Сагановіч, Г. Невядомая вайна (1654–1667) / Г. Сагановіч // Спадчына. – 1993. – № 5. – С. 110.
12. Снетков, Д. Битва на реке Крапивна, или о сражении под Оршей в свидетельствах и документах / Д. Сетков // Советская Белоруссия. – 1994. – 27 авг. – С. 4.