Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады. Дубровенскі раён

 

Савецкая ўлада ў Дуброўне ўстанавілася ў лістападзе 1917 г. Паўсюдна ўзніклі рэвалюцыйныя камітэты. Пачаў актыўна дзейнічаць Дубровенскі Савет рабоча-сялянскіх дэпутатаў. Станаўленне і ўмацаванне Савецкай улады праходзіла ў жорсткай барацьбе з тымі, хто не прыняў рэвалюцыю, хто выступаў супраць новых парадкаў. Суровая рэальнасць падказвала, што палітычным ядром на месцах павінна стаць партыйная ячэйка. У Дуброўне такая ячэйка ўзнікла 15 мая 1918 г. На пачатку чэрвеня ў яе ўваходзілі 18 членаў партыі, у ліпені – 38. Яны былі актыўнымі праваднікамі мерапрыемстваў Савецкай улады, рашэнняў партыі бальшавікоў. 8 верасня 1918 г. Дубровенскі камітэт партыі бальшавікоў накіраваў пісьмо Леніну, у якім выказвалася адданасць справе рэвалюцыі.

У 1918 г. працоўныя Дубровеншчыны ўрачыста адзначылі першую гадавіну Кастрычніка. На тым жа пасяджэнні вырашалася і пытанне аб арганізацыі пры валасным выканкаме камуністычнай ячэйкі. Праяўляючы клопат аб росце і ўмацаванні сваіх радоў, дубровенскія бальшавікі не забывалі аб моладзі, асабліва аб рабоча-сялянскай. Да снежня 1918 года камсамольскія ячэйкі былі створаны ў Дуброўне, Новай Тухіні, Лядах і іншых валасцях. Моладзь пайшла супраць заможных сялян і царкоўнікаў, удзельнічала ў стварэнні школ і бібліятэк. Да 1920 г. дубровенская камсамольская арганізацыя аб'ядноўвала 140 юнакоў і дзяўчат.

Новыя ўзоры гаспадарання на зямлі спрабавалі паказаць сяляне вёскі Станіславова – былога маёнтка князя Любамірскага, дзе ў першы ж год Савецкай улады быў створаны саўгас «1 Мая».

Вялікіх намаганняў бальшавікоў патрабавала барацьба з контррэвалюцыяй. Яна значна ўзмацнілася пасля антысавецкага леваэсэраўскага выступлення ў Оршы і Сянно. У Дуброўне праціўнікі Савецкай улады таксама рыхтаваліся да адкрытага выступлення. Мясцовыя левыя эсэры заклікалі насельніцтва да паўстання. Ім удалося правесці ў выканкам сваіх прадстаўнікоў, якія вялі там падрыўную дзейнасць. Становішча было вельмі трывожным, кіраўніцтва Дубровенскага выканкама вымушана было звярнуцца за дапамогай да аршанскіх бальшавікоў. 24 чэрвеня 1918 г. агульны сход фракцыі бальшавікоў першага рэвалюцыйнага пяхотнага палка Аршанскага Савета прыняў пастанову «аб камандзіраванні ўзброенага атрада ў мястэчка Дуброўна Горацкага павета для барацьбы з левымі эсэрамі... узброены атрад у колькасці 20 чалавек з кулямётам... і садзейнічаць Дубровенскаму выканкаму ў ачыстцы ўсіх аддзелаў выканкама ад гадаў – здраднікаў рэвалюцыі...». 2 кастрычніка бальшавіцкая арганізацыя стварыла надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і сабатажам.

У перамозе Савецкай улады на месцах вялікую ролю адыгралі камітэты сялянскай беднаты. Да лістапада 1918 г. не засталося вёскі або воласці, дзе б не былі арганізаваны камбеды. Дубровенская арганізацыя РКП(б) падтрымлівала і накіроўвала дзейнасць камбедаў, праводзячы праз іх палітыку бальшавіцкай партыі ў вёсцы. Пры падтрымцы партыйных ячэек камбеды ўмацаваліся арганізацыйна і мелі значны ўплыў на ход падзей у вёсцы. Яны выконвалі размеркавальныя функцыі, дапамагалі фронту прадуктамі харчавання, падтрымлівалі сем'і бяднейшых сялян і тых, хто змагаўся на франтах грамадзянскай вайны. Па закліку партыі бальшавікоў пайшлі на абарону рэвалюцыі дзесяткі дубровенцаў, сярод іх Максім Свет з вёскі Засценкі, Павел Якушэвіч з вёскі Карумны, Чарнухін і браты Ляднеўскія з Дуброўна і многія іншыя.

Змагаліся за ўладу Саветаў многія дубровенцы, закінутыя воляй лёсу далёка ад родных мясцін.

Адзін з іх – Р. С. Шурдзіс, якому давялося ўдзельнічаць у якасці дэлегата на армейскім з'ездзе, служыць пад камандаваннем вядомага героя грамадзянскай вайны Яна Фабрыцыуса.

Найбольш цяжкім і драматычным напрамкам пераўтварэнняў, праведзеных пад сцягам пабудовы сацыялізму, з'явілася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Стварэнню і ўмацаванню калектыўных гаспадарак, арцеляў і таварыстваў раённы камітэт партыі і райвыканкам надавалі выключнае значэнне. Так, мерапрыемствамі на 1928 г. прадугледжвалася ўмацаваць існуючыя сельгасарцелі ў вёсках Тэалін, Шабаны, Бахава, арганізаваць малочныя таварыствы ў вёсках Валкулакава, Сваташыцы, аказаўшы ім дапамогу крэдытам і кіраўніцтвам. Планавалася зрабіць перабудову памяшканняў для жывёлы, даказаць насельніцтву, наколькі можна павысіць прадукцыйнасць дойнага статка ва ўмовах калектыўнай гаспадаркі.

23 студзеня 1923 г. у Новай Тухіні праходзіла валасная беспартыйная канферэнцыя сялян па дакладу аб X Усерасійскім з'ездзе Саветаў. Канферэнцыя мела вялікі ўплыў на далейшае жыццё сялян воласці. Актывісты з сялянскага асяроддзя пачалі агітаваць за стварэнне сельскагаспадарчай арцелі. Беднякі падтрымалі гэту прапанову. У камуну ўвайшлі сяляне з вёсак Старая і Новая Тухіні, Іваноўшчына, Рыленкі, Германы. Пазней, калі пачалася масавая калектывізацыя, на базе камуны быў створаны калгас імя Карла Маркса (саўгас «Перамога»). У тым жа 1923 г. была створана сельскагаспадарчая арцель у Лядах. Адным з арганізатараў яе быў Пётр Галубцоў. У адзін з цёмных вечароў, калі Галубцоў позна затрымаўся ў сельсавеце, яго смяртэльна паранілі стрэлам праз вакно.

Актывістамі калгаснага руху на Дубровеншчыне былі: матрос рэвалюцыйнага браненосца «Пацёмкін» Е. Д. Пекаў, дэлегат XIII Усерасійскага з'езда Саветаў Р. С. Шурдзіс, удзельнікі грамадзянскай вайны С. Д. Рэйтузаў і Р. А. Чарвінскі, сакратар партарганізацыі Новатухінскага сельсавета В. Р. Свойнікаў, камуніст I. П. Абраменка і інш.

Летам 1924 года II сесія ЦВК БССР ліквідавала паветы і воласці, стварыўшы акругі і раёны. Па новаму тэрытарыяльна-адміністрацыйнаму падзелу Дуброўна становіцца горадам, цэнтрам Дубровенскага раёна Аршанскай акругі. Гэты факт адыграў значную ролю ў далейшым развіцці гарадка на Дняпры. З'явіліся больш спрыяльныя ўмовы для аднаўлення і развіцця разбуранай вайной гаспадаркі, расла занятасць насельніцтва.

Вядучым прадпрыемствам была тэкстыльная фабрыка «Дняпроўская мануфактура». У сакавіку 1925 года на фабрыцы было выпрацавана 18 тысяч метраў тканіны, у студзені 1926 года – 141 тысяча. За гэты час колькасць рабочых павялічылася са 142 да 475 чалавек.

Пачаў дзейнічаць заснаваны яшчэ да рэвалюцыі маслазавод. На Дняпры ажыла гарадская прыстань. Накіроўвалася ў кааператыўнае рэчышча кустарная прамысловасць.

Адначасова з аднаўленнем і развіццём прамысловасці вялікая ўвага ўдзялялася жыллёваму будаўніцтву. Апошняе тлумачылася вострым недахопам жылля ў сувязі з вялікім прытокам у горад сельскага насельніцтва. Пры найбольш буйных прадпрыемствах узнікалі жыллёва-будаўнічыя кааператывы. Так, жылбудкааператыў фабрыкі «Дняпроўская мануфактура», колькасць рабочых якой узрасла да 800 чалавек, называлася «Чырвоны чаўнок». Па ініцыятыве гэтага кааператыва ў 1927 годзе быў пабудаваны абсталяваны цагельны завод. У чэрвені завод прыступіў да вытворчасці цэглы. Хутка на заводзе ўступіла ў строй гофманская печ магутнасцю да 4000 штук цэглы-абпалу штодзённа.

Напрыканцы 20-х гадоў у горадзе было адкрыта пяць школ – дзве сямігодкі і тры пачатковыя, 47 сельскіх школ. Цэнтрамі масава-палітычнай і асветніцкай работы сталі Народны дом культуры і раённая бібліятэка з кніжным фондам 3400 тамоў. Акрамя таго, у сістэме палітасветы ў горадзе і раёне дзейнічалі тры хаты-чытальні і 33 чырвоныя куткі, 3 школы рабочай і сельскай моладзі, паўсотні сельскагаспадарчых, селькораўскіх, драматычных гурткоў, у якіх займаліся 735 чалавек.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Быў дзень, быў час, была эпоха // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2009. – 6 лістап. – С. 2–3.

2. Гаврутиков, А. На пути перестройки села / А. Гаврутиков // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2010. – 4 снеж. – С. 5.

3. Гаўруцікаў, А. На абарону заваёў рэвалюцыі / А. Гаўруцікаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1999. – 10 лют. – С. 2.

4. Дзюбкова, Н. Чырвоны Кастрычнік на Дубровеншчыне / Н. Дзюбкова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1976. – 11 лістап. – С. 3.

5. Каравіка, С. Крыху пра даваеннае Дуброўна / С. Каравіка // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1990. – 2 жн. – С. 2.

6. Кулакоў, Ф. Апора дыктатуры / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1998. – 11 ліп. – С. 3.

7. Кулакоў, Ф. З жыцця звяно не выкінеш / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2001. – 6 лістап. – С. 2.

8. Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – 598 с. : іл.

9. Сінякоў, А. Першыя першамайскія дэманстрацыі на Дубровеншчыне ў 1900-я гады / А. Сінякоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1968. – 1 мая. – С. 3.

10. Фёдараў, К. Ствараліся калгасы / К. Фёдараў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2000. – 12 лют. – С. 3.

11. Яцкевіч, І. Думская тактыка Бунда ў Беларусі (1906–1910 гг.) / І. Яцкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. – № 3. – С. 13–19.