Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Вялікая Айчынная вайна. Дубровескі раён

 

У пачатку ліпеня 1941 г. тэрыторыя раёна акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У раёне Дуброўна змагалася 18-я стралковая дывізія 20-й арміі генерал-лейтэнанта П. А. Курачкіна, якая адыграла вялікую ролю ў абароне Смаленска. Яна стварыла трывалую абарону на Дняпры і геройскі яе ўтрымлівала, пакуль не была ахоплена войскамі праціўніка з абодвух флангаў.

У выніку 18-я стралковая дывізія фактычна апынулася ў тыле немцаў і яшчэ некалькі дзён вяла баі ў поўным акружэнні.

I ўсё ж стрымаць націск нямецкіх армій было вельмі цяжка. 14 ліпеня яны захапілі Оршу. Абаронцы Дуброўна трымаліся з апошніх сіл.

Ужо з першых дзён акупацыі жыхары раёна адчулі так званы «новы парадак». Перш за ўсё гітлераўцы сталі выяўляць і расстрэльваць камуністаў, потым арганізоўваць канцэнтрацыйныя лагеры і гета для яўрэяў.

Згодна з ваенна-адміністрацыйным дзяленнем акупіраваных гітлераўцамі тэрыторый, Дубровенскі раён уваходзіў у вобласць армейскага тылу групы армій «Цэнтр», які меў свайго камандуючага, падпарадкаванага камандуючаму групай армій «Цэнтр» і начальніку аператыўнага ўпраўлення генеральнага штаба сухапутных войск Германіі.

У Дуброўне размяшчаліся: мясцовая ваенная камендатура, каманда СД-9, мясцовая каманда групы ГФП № 723, разведвальная і контрразведвальная групы «Абвера», раённая паліцыя службы парадку і іншыя карныя органы, якія з'яўляліся галоўным сродкам падтрымання «новага парадку», масавага крывавага тэрору.

Сотні жыхароў Дубровеншчыны прайшлі праз «выхаваўчыя» працоўныя лагеры, якія былі створаны ў вёсках Вячэрына, Галяшы, Карабанавічы, Станіславова і іншых.

Аб тым, што давялося перажыць вязням канцлагера ў населеным пункце Востраў Юр'еў (на тэрыторыі Асінторфа), расказвала газета 11-й гвардзейскай арміі «Боевая тревога» ад 27 чэрвеня 1944 г.: «Тут людзей даводзілі да стану прывідаў, нацкоўвалі на іх азвярэлых аўчарак, марылі голадам і холадам. Нават воіны-гвардзейцы, загартаваныя ў баях, знямелі, калі ўбачылі, да чаго давялі савецкіх людзей фашысцкія нелюдзі».

Адной з галоўных мэт акупацыйнай палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне насельніцтва. Для гэтага яны выкарыстоўвалі турмы ў Оршы і Дуброўне, шматлікія канцэнтрацыйныя і працоўныя лагеры. У Аршанскай турме былі расстраляны выкрытыя правакатарам падпольшчыкі Новай Тухіні. Масавыя расстрэлы праводзіліся ў Дуброўне, каля в. Ляды і ў Лугаўцах.

Тысячы жыхароў раёна прымусова былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Перад прыходам савецкіх войск восенню 1943 г., а затым і вясной 1944 г. акупанты пачалі выганяць мірнае насельніцтва ў свой тыл, а вёскі паліць. За гады акупацыі ў горадзе Дуброўна і раёне фашысты знішчылі каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку ў райцэнтры – больш за 2 тысячы.

Нямецкія войскі пакінулі пасля сябе незлічоныя мінныя палі, вывеўшы з землекарыстання 11240 гектараў сельгасугоддзяў. На некаторыя месцы доступ небяспечны і ў цяперашні час.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дубровенскага раёна не было буйных партызанскіх атрадаў, тым больш брыгад ці злучэнняў. Тлумачыцца гэта тым, што Дубровеншчына знаходзілася на важнейшым стратэгічным напрамку, па яе тэрыторыі праходзілі аўтамабільныя і чыгуначныя магістралі Мінск – Масква, у зоне якіх было шмат варожых войск. А восенню 1943 года раён падзяліла франтавая паласа, па абодва бакі якой былі магутныя армейскія сілы. Слабая лясістасць раёна таксама не дазваляла развярнуцца тут народным мсціўцам.

Але гэта не азначае, што Дубровеншчына выпадае з усенароднага партызанскага руху на Беларусі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Тут дастаткова моцна адчуваўся ўплыў партызанскіх брыгад К. С. Заслонава, А. Ф. Данукалава, I. Р. Шлапакова, М. I. Кітаева, партызанскага палка I. Ф. Садчыкава. Быў створаны і дзейнічаў невялікі партызанскі атрад «Мсціўца», тут праводзілі баявыя аперацыі перакінутыя з-за лініі фронту ў варожы тыл партызанскія атрады «Грозны» і «Сокал».

У розны час на Дубровеншчыне былі створаны і дзейнічалі шматлікія невялікія падпольныя арганізацыі і групы.

На барацьбу з ворагам, на дапамогу Чырвонай Арміі ўзнімалася і сельскае насельніцтва. У Новай Тухіні, напрыклад, такую барацьбу ўзначаліў камуніст, сакратар партарганізацыі Новатухінскага сельсавета Васіль Раманавіч Свойнікаў. Ён выводзіў насельніцтва на рамонт разбуранай ворагам чыгункі Мінск – Масква, з групай самых смелых і рашучых таварышаў лавіў дыверсантаў, асабіста сам дапамагаў нашым адступаючым войскам у пераправе праз Дняпро, затым – у выхадзе з акружэння.

У гэты час закладваліся асновы развіцця на Дубровеншчыне партызанскага руху і падпольнай барацьбы. Так, дырэктар торфапрадпрыемства «Асінторф» Г. Г. Амельчанка, начальнік спецчасткі гэтага прадпрыемства Е. Л. Грышчанок і іншыя правераныя людзі атрымалі заданне стварыць базу для развіцця партызанскага руху ў гэтым раёне. Тут жа быў сфарміраваны ў 1942 годзе і выйшаў на адкрытую барацьбу з ворагам партызанскі атрад «Хуткі», камандзірам якога стаў Г. Г. Амельчанка.

Яшчэ да прыходу немцаў са строю было выведзена торфапрадпрыемства «Асінторф», якое сілкавала палівам БелДРЭС, разам з ім – электрападстанцыя, радыё, тэлефон і тэлеграф, спалены сакрэтныя дакументы і план прадпрыемства, знішчаны запасы гаручага, раздадзены насельніцтву прадукты харчавання.

Пакінула Дубровеншчына свой радок і ў летапісу слаўных спраў легендарнага партызанскага камбрыга, Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава. Так, па заданні К. С. Заслонава, у Дуброўне дзейнічала падпольная група А. Сарнычава, якая вясной 1942 года ўвайшла ў Заслонаўскую брыгаду.

Баявую групу стварылі С. С. Максіменка і былы ўпраўляючы Дубровенскага маслапрама камуніст А. П. Кудрашоў. Ужо ў жніўні 1941 года яна пачала актыўныя дзеянні. У верасні таго ж года да яе далучылася группа I .М. Леўчанкі. Асноўнай задачай патрыёты ставілі дыверсіі на чыгунцы. Па даносу здраднікаў С. С. Максіменка быў арыштаваны. Вясной 1942 года паліцыя арыштавала іншых застаўшыхся ў горадзе камуністаў. 18 мая С. С. Максіменка і яшчэ пяць камуністаў-падпольшчыкаў былі расстраляны ва ўрочышчы Лугаўцы ў двух кіламетрах ад горада.

Рашуча і смела дзейнічала падпольныя арганізацыі ў вёсках Пірагі, Станіславова, Новая Тухіня. Асобае месца ў падпольнай барацьбе жыхароў Дубровеншчыны займае Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі забяспечвалі разведвальнай інфармацыяй партызанскія штабы, былі сувязнымі, збіралі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, медыкаменты, арганізоўвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з лагераў, наводзілі партызан на нямецкія абозы з прадуктамі харчавання і іншай нарабаванай акупантамі маёмасцю.

З кастрычніка 1943 года па чэрвень 1944 года на тэрыторыі раёна прахадзіла лінія фронту.

У ходзе Смаленскай аперацыі войскі Заходняга і Калінінскага франтоў у пачатку кастрычніка 1943 г. выйшлі на подступы да Віцебска, Оршы і Магілёва, пачалі баі за вызваленне Беларусі. На Аршанскім напрамку на рубяжы Ляды – Леніна – Дрыбін абарону праціўніка прарывала ўдарная групоўка ў складзе 10-й гвардзейскай, 21-й і 33-й армій Заходняга фронту. У выніку наступальных баёў ворагу былі нанесены вялікія страты.

Адной з першых уступіла на тэрыторыю Дубровенскага раёна 10-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А. В. Сухамліна. 28 верасня яе 65-я і 85-я гвардзейскія дывізіі прарвалі рубеж абароны ворага і ноччу авалодалі пасёлкам Красны. Да канца дня наступаючыя войскі арміі падышлі да ракі Мярэя. На стыку Дубровенскага і Горацкага раёнаў наступалі 21-я і 31-я, 33-я арміі. У кровапралітных паядынках з фашыстамі савецкія байцы і камандзіры праявілі ўзоры адвагі і мужнасці. Аб гэтых баях праўдзіва і цікава расказвае былы камандзір 159-й стралковай дывізіі генерал-маёр Н. В. Калінін у кнізе «Гэта ў сэрцы маім назаўсёды».

За паўмесяца цяжкіх баёў у кастрычніку 1943 года 88-я дывізія ў саставе 31-й арміі вызваліла некалькі населеных пунктаў Дубровенскага раёна і замацавалася на рубяжы Кіраёва – Германы, перайшоўшы да абароны.

30 лістапада пасля гадзіннай артпадрыхтоўкі 1313-ы і 1315-ы стралковыя палкі атакавалі цэнтральную частку вёскі Баброва. Баі за гэту вёску працягваліся амаль цэлы месяц. 3 той жа жорсткасцю працягваліся баі ў раёне вёсак Казьяны, Валкулакава, Чырвоная Слабада. Асабліва жорсткімі яны былі за авалоданне вёскай Чырвоная Слабада. Атакі і контратакі з абодвух бакоў следавалі адна за другой. Абодва бакі неслі вялікія страты.

У баях за вызваленне раёна восенню 1943 года актыўны ўдзел прымала 220-я стралковая дывізія. У канцы лістапада 1943 года на ўсіх участках баёў на тэрыторыі Дубровенскага раёна склалася такое становішча, што сіл для працягу наступлення нашых войск, у тым ліку і 220-й стралковай дывізіі, ужо не мелася, яны былі вымушаны ў пачатку снежня перайсці да абароны.

За тры месяцы бесперапынных кровапралітных баёў савецкія войскі вызвалілі значную частку нашага раёна, захапілі больш выгадныя рубяжы.

30 лістапада 1943 года ў раёне вёскі Шабаны подзвіг капітана Гастэлы паўтарыў лётчык Віктар Харламаў. Цяпер у пасёлку Асінторф стаіць помнік лётчыку-герою. Адна з вуліц носіць яго імя.

У саставе 1-й паветранай арміі ў небе Дубровеншчыны змагаўся славуты полк «Нармандыя – Нёман». У адным самалёце на дубровенскай зямлі загінулі савецкі і французскі лётчыкі гэтага палка С. М. Астахаў і Бруна дэ Фальтана. Іх подзвіг увекавечаны на плітах мемарыяльнага комплексу «Рыленкі».

23 чэрвеня 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя савецкіх войскаў пад кодавай назвай «Баграціён».

У ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г. на нашым напрамку наступалі войскі 11-й гвардзейскай (камандуючы – генерал-лейтэнант К. М. Галіцкі) і 31-й (камандуючы – генерал-лейтэнант В. В. Глаголеў) армій 3-га Беларускага фронту. Дзеянні наземных войск падтрымлівала 1-я паветраная армія (камандуючы – генерал-палкоўнік Ц. Ц. Хрукін). Пасля трохдзённых жорсткіх баёў савецкія войскі прарвалі абарону праціўніка і 26 чэрвеня вызвалілі Дуброўна. Але сустракаць вызваліцеляў не было каму, горад быў зусім бязлюдны і разбураны дашчэнту.

У 1973 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Рыленкі», дзе пахавана 10 тысяч савецкіх воінаў. У 27 воінскіх захараненнях спачывае больш 35 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі без вестак больш 5 тысяч воінаў-землякоў. Колькасць мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага генацыду – 3470 чалавек. Знішчаны амаль усе матэрыяльныя каштоўнасці. Часткова ўцалелі дамы толькі ў Малабахаўскім, Дабрыньскім, Зарубскім сельсаветах і ў горадзе Дуброўна.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Вышынскі У. І. Віцебска-Аршанская аперацыя / У. І. Вышынскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал. А. Я. Андрэеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1990. – С. 107.

2. Гаврутиков, А. На Оршанском направлении / А. Гаврутиков // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2014. – 26 лют. – С. 3.

3. Гаврутиков, А. На пути к освобождению / А. Гаврутиков // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2013. – 18 верас. – С. 2.

4. Дубровенскі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 184–187.

5. Зямны паклон героям – паўшым і жывым // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1998. – 24 чэрв. – С. 1–2.

6. Ішла вайна народная // Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – С. 261–356.

7. Казанцаў, В. Першае лета вайны / В. Казанцаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2001. – 22 верас. – С. 3.

8. Кореневская, И. Начало освобождения / И. Кореневская // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2017. – 24 чэрв. – С. 3.

9. Кулакоў, Ф. Гарэла зямля пад нагамі чужынцаў / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2014. – 14 снеж. – С. 3.

10. Кулакоў, Ф. Гераізм і драматызм процістаяння / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2014. – 1 сак. – С. 3.

11. Кулакоў, Ф. Пажарышчы, плач і стогны людзей / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2014. – 21 снеж. – С. 3.

12. Кулакоў, Ф. Парыў і прарыў / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2011. – 25 чэрв. – С. 2.

13. Чапялова, Л. Вечны боль нашай зямлі... / Л. Чапялова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2011. – 10 верас. – С. 2.