Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Дубровенскі раён

Пра традыцыйную абраднасць і фальклор Дубровеншчыны пачалі гаварыць і пісаць пераважна ў савецкі час, калі гэты рэгіён вылучылі ў асобную адміністрацыйную адзінку. Як вядома, да 1924 г. тэрыторыя сучаснага Дубровенскага раёна ўваходзіла ў склад Аршанскага павета. 3 канца ж XIX – пачатку XX ст. пэўным чынам ужо вывучалася культурная спадчына гэтага рэгіёна. Шматлікія запісы гэтага часу нярэдка сустракаюцца ў зборніках У. М. Дабравольскага, А. С. Дэмбавецкага, Е. Р. Раманава, П. В. Шэйна і іншых вучоных-этнолагаў.

У 1992 годзе была арганізавана комплексная навукова-вучэбная экспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і Мінскага дзяржаўнага педінстытута, якая працавала ў вёсках Баева, Валькава і Панізоўе.

Матэрыялы пазначаных населеных пунктаў захоўваюцца зараз у архіве інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, архіве навукова-даследчай лабараторыі Белдзяржуніверсітэта, а таксама ў вучэбных фальклорных лабараторыях розных педінстытутаў рэспублікі.

Сведчаннем значнасці этнаграфічна-фальклорнай спадчыны Дубровенскага краю з'яўляецца ўжо тое, што апісанні абрадаў, звычаяў, а таксама прыказкі, прымаўкі, песні, паданні, казкі, замовы, галашэнні, выслоўі і іншыя жанры фальклорных твораў, якія бытавалі і функцыянавалі ў побыце мясцовага насельніцтва, уключаны больш чым у 20 тамоў шматтомнага акадэмічнага выдання «Беларуская народная творчасць».

У дубровенцаў народны каляндар пачынаецца з калядак – язычніцкага свята, рытуалы якога былі накіраваны на ўхваленне Сонца (Дажджбога) як першакрыніцы жыцця і цяпла на зямлі. На Каляду (6 студзеня) вечарам у кожнай хаце рабілі рытуальны стол з вялікай колькасцю страў, але абавязкова з куццёю – кашай з ячных або грэцкіх круп. Дарэчы, гэта абрадавая страва дала назву не толькі першаму каляднаму застоллю – Першая або Вялікая куцця, але і наступным, што праводзяцца 13 студзеня – Шчодрая або Багатая куцця і 18 студзеня – Трэцяя ці Вадапосная куцця.

Паўсюдна дубровенскія праваслаўныя прыхаджане адзначалі ў гэтыя дні царкоўны абрад Хрышчэнне, які святкаваўся ў гонар хрышчэння Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан Іаанам Прадцечам. Зранку разам са свяшчэннікам хадзілі на раку, прабівалі палонку і, пасля малення, набіралі з сабой вады, якую неслі дадому і захоўвалі як сродак ад розных хвароб і няшчасцяў у гаспадарцы. У гэты ж дзень у кожнай хаце наладжвалася застолле.

Масленіца ў народным календары заканчвала зіму і пачынала вясну. У аснове гэтага свята, як адзначаюць даследчыкі, ляжаць «...аграрныя і любоўна-сямейныя клопаты чалавека». Яно не мае прымеркаванасці да канкрэтнай даты: масленічны тыдзень працягваецца з панядзелка па нядзелю напярэдадні Вялікага посту.

Змест масленічных рытуалаў і звычаяў зводзіўся да развітання з зімой – спальвалі яе пудзіла, праганялі зіму і заклікалі вясенняе цяпло.

3 язычніцкіх часоў нашы продкі з 1 сакавіка пачыналі гукаць Вясну. А практычна заклікалі Сонца сагрэць зямлю сваім цяплом, абудзіць жыватворную моц Зямлі.

Нашы продкі-язычнікі гукалі Вясну ад сакавіка да пачатку ворыва. Пазней хрысціянства аказала значны ўплыў на гэты звычай. Настаўленні духоўных айцоў і забароны на ўвесяленні, звязаныя з поставымі днямі, з цягам часу аднеслі пачатак гэтай традыцыі на Благавешчанне. Менавіта так і захаваўся пачатак гукання Вясны ў народным календары Дубровенскага раёна. Ураджэнка вёскі Валькава Лідзія Міхайлаўна Сычова ўспамінае: «У празнік Благавешчання бабушка нас сабіраіць. Мы збіраемся, дзяўчаты, хлопцы, ідзём, дзе саломы стог ілі сена стог. На той стог садзімся, песні спяваем, Вясну гукаем».

У іншых вёсках моладзь збіралася на пагорках, каля лесу, дзе вадзілі карагоды, вілі вяночкі, праводзілі розныя гульні. Часцей выбар месца правядзення рытуалаў гукання Вясны залежыў ад мясцовага ландшафту.

Нашы продкі ўяўлялі сабе Вясну ў выглядзе прыгожай дзяўчыны і таму падобнымі гуляннямі і забавамі моладзь імкнулася імітаваць вясенні настрой прыроды, уяўляючы, што нябачна ў іхніх забавах прымае ўдзел Багіня Лада, якая ўвасабляла сабой вобраз Вясны.

У кантэксце гукання Вясны адзначаліся і такія святы, як Саракі, Пасха, Юр'е, Мікола, якія хоць і маюць на сёння ў мясцовай мове назвы хрысціянскага паходжання, але выразна захавалі ў сабе рэлікты язычніцкіх рытуалаў.

Юр’е (6 мая), Мікола (22 мая) у народным календары характарызаваліся першым выганам кароў і коней на пашу, назіраннем за ўсходамі на палях, абыходамі двароў і жытнёвай нівы, «пікавым часам» пасяўной.

Мікольскае свята характарызавалася яшчэ маленнямі і прашэннямі да Багоў аб добрым ураджаі і дастатку.

Вянцом вясенняй абраднасці была Тройца, якая адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікдня. Свята звязана з ушанаваннем Багоў і Духаў расліннасці. Амаль увесь траечны тыдзень ці, як яго яшчэ называюць на Дубровеншчыне, Крывы тыдзень, суправаджаўся ў жыцці чалавека пэўнымі рытуаламі – маленнямі Багам, асвячэннем рознай расліннасці, упрыгожваннем хаты і падворка галінкамі клёну, бярозы, ліпы, ясеню і інш., што атрымала ў народзе назву «вешаць май».

Цікава праходзіў на Дубровеншчыне і абрад Провадаў русалкі, які тут мае назву Розгары. У панядзелак пасля траечнага тыдня, паабедаўшы, мужчыны топяць лазню. Мыюцца ж у ёй толькі жанчыны. Памыўшыся, апранаюцца ў святочнае адзенне і ідуць да жытняга поля, дзе разаслаўшы абрус на траве, раскладваюць пачастункі, што прыносяць з сабою і наладжваюць своеасаблівае гулянне.

Абрадавы комплекс летняга часу на Дубровеншчыне вызначаеццабольш вузка ў народным жыцці, а менавіта, Купаллем, да якога блізка прымыкае Пятроўка, і жніўнай абраднасцю.

Цесна звязаны сваімі генетычнымі каранямі і каляндарнай абраднасцю сямейныя абрады і звычаі. Калі Каляды, Масленка, Гуканне вясны, Вялікдзень і іншыя каляндарныя святы суправаджалі асноўныя рытмы земляробчай і гаспадарчай дзейнасці чалавека, то акцэнт сямейнай абраднасці быў скіраваны на важнейшыя вехі ў яго асабістым і сямейным жыцці: нараджэнне дзіцяці, стварэнне новай сям'і, провады хлопца ў войска, развітанне з нябожчыкам і некаторыя іншыя.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Аляксандрава, В. З вясельнай песняй – у мінулае і сучаснае / В. Аляксандрава // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 17 нояб. – С. 6.
  2. Галеснік, С. Слаўна хата пірагамі / С. Галеснік // Беларусь. – 2010. – № 1. – С. 4–49.
  3. Дулеба, Г. Зарадзі, жыта, густа, ядраніста, каласіста! / Г. Дулеба // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2009. – 25 ліп. – С. 3, 5.
  4. Каравайщица из Лядов // Народная газета. – 2008. – 9 ліп. – С. IV.
  5. Карсакова, А. Повязь часу і лёсу / А. Карсакова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2013. – 5 студз. – С. 4.
  6. Красоўская, А. Памяць праз стагоддзі песняй увянчаная / А. Красоўская // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2007. – 17 студз. – С. 2.
  7. Красоўская, А. Фальклорная спадчына вёскі Ляды Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці / А. Красоўская // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі/ рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск, 2007. – С. 208–216.
  8. Писаренко, Н. Благословение на жатву / Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2008. – 29 ліп. – С. 1, 7.
  9. Чепелова, Л. Сохраняют страницы нашей истории / Л. Чепелова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2013. – 17 крас. – С. 3.
  10. Шпакоўская, Г. Каравай, каравай, каго хочаш выбірай! / Г. Шпакоўская // Народная асвета. – 2003. – 1 студз. – С. 3.