Спіс помнікаў археалогіі. Дубровенскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 09:34
- Адноўлена 06.12.2018 16:20
Гарадзішча
Знаходзіцца за 100 м на ўсход ад ўпадзення р. Дубровенка ў Дняпро, на ўзгорку. Пляцоўка памерам 120х40 м., выцягнута з захаду на ўсход. Узвышаецца над далінай на 5–8 м., стромкасць схілаў да 50°. З усходняга боку паніжаецца на 1 м. З паўднёвага ўсходу да пляцоўкі прымыкае насып, на якім была дарога і ўезд на гарадзішча. Вядома з 1873 года. Абследавалі ў 1930 годзе І. А. Сербаў, у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Замчышча (г. Дуброўна)
Да нашых дзён не захавалася. Складалася з дзвюх пляцовак: самога замка і падзамка. Паміж імі раней стаяла раздзяляльная сцяна з башняй.
«С севера замок обороняли воды реки Днепр, а с юга и запада – река Дубровенка с системой запруд. К замку подводила единственная дорога, устроенная на узкой насыпи, подобной дамбе. Эту дорогу можно было держать с замковых стен на прицеле. Оборонительный ров с восточной стороны фактически превращал замок в остров».
Замак быў вялікі ў акружнасці, драўляны.
«...на пути в замок стоял укреплённый подзамок «пригородок». В последний попадали через Старую башню. Подзамок был обнесён острогом и, кроме проезжей, имел три башни. Во дворе подзамка стояло несколько жилых и хозяйственных строений. Отдельно был устроен цейхгауз».
На тэрыторыю замка траплялі праз спецыяльны праезд. Па перыметры стаялі сцены, а з боку ракі Дубровенкі яшчэ і дзве башні. Яшчэ адна башня «рагавая» стаяла над Дняпром, другая – за домам гараднічага. Заезд у замак здзяйсняўся праз пад'ёмны мост, які паднімаўся двума жалезнымі ланцугамі.
Замчышча размешчана ў цэнтральнай частцы сучаснага горада пры ўпадзенні р. Дубровенка (Задубровенка) у р. Днепр. Яно займае мысавае ўзвышша і ўяўляе сабою роўную прамавугольную пляцоўку, добра задзернаваную, без слядоў абарончых збудаванняў сярэдневяковай пары на яе паверхні. Сучасны рэльеф пляцоўкі замчышча дазваляе вылучыць асобныя ўмацаваныя раней часткі, якія былі зафіксаваны інвентаром 1645г.: 1 – тэрыторыю самога замка 90х45м; 2 – тэрыторыю падзамка ці «прыгародка» 35х45м. Прыгародак размяшчаўся ва ўсходняй частцы замчышча і быў прыкладна на 1 м ніжэй, чым пляцоўка замка.
Гарадзішча ў в. Баброва
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на паўднёвым беразе р. Бабровенка. Пляцоўка памерам 42х38 м., вышынёй 12–14 м. над узроўнем ракі. З заходняга боку ўмацавана валам вышынёй 4 м і ровам глыбінёй 1–3 м., шырынёй каля 6 м. Краі пляцоўкі прыўзняты на 1–1,5 м. На гарадзішчы знаходзяцца могілкі, на іх асобныя пахаванні адзначаны камянямі з выбітымі крыжамі. Вядома з 1873 года. Абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 1 км ад в. Барадзіно
Знаходзіцца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на мысе старажытнай даліны р. Дубровенка. З поўначы, усходу і поўдня абкружана ярамі, з захаду прасочваецца роў. Памер пляцоўкі 50х40 м., вышыня 7–8 м. над узроўнем ракі. Вядома з 1873 года. Абследавалі ў 1928 годзе І. А. Сербаў, у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 0,5 км ад в. Вежкі
Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, ніжэй моста, на пойме правага берага р. Расасенка. Пляцоўка памерам 55х35 м., вышынёй 12–15 м. над ўзроўнем ракі. Усходняя частка гарадзішча прыўзнята і каля падножжа ўзгорка злучана насыпам з карэнным правым берагам. З астатніх бакоў абкружана поймай ракі. Стромкасць схілаў 70°. Гарадзішча вядома з 1873 года. Абследавалі ў 1928 годзе І. А. Сербаў, у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча за 1 км ад в. Дняпроўка
Знаходзіцца за 1 км на захад ад вёскі, ніжэй моста, на мысе высокага левага берага Дняпра, ва ўрочышчы Германы. Пляцоўка памерам 16х30 м. Абмежавана з 2 бакоў ярам, з боку поля ўмацавана 2 валамі. Вышыня ўнутранага вала 4,5 м., вонкавага – 3 м. Вядома з 1873 года. Абследавалі ў 1928 годзе С. А. Дубінскі, у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Культурны пласт больш за 1 м. У паўднёвай частцы гарадзішча на глыбіні 0,6 м. выяўлены абломкі гліняных пасудзін, мур і рэшткі драўляных насцілаў. Матэрыялы даследавання зберагаюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.
Гарадзішча каля в. Ірвяніца
Знаходзіцца за 0,5 км. на паўднёвы ўсход ад цэнтра в. Івяніца, на высокім (процілеглым) беразе р. Ірвяніца, на мысе, абмежаваным 2 ярамі. Пляцоўка авальнай формы, памерам 31х45 м, вышыня над поймай 20 м. З усходняга боку ўмацавана валам вышынёй 3–4 м, шырынёй у ніжняй частцы да 8 м, верхняй – 2–3 м і ровам глыбінёй 3 м. Вядома з 1983 г. Абследаваў у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішчы каля в. Карабанавічы
Гарадзішча–1 знаходзіцца на мысе правага берага р. Дубровенка, каля могілак, ва ўрочышчы Гарадзец. Пляцоўка памерам 70х40 м, выцягнута з захаду на ўсход. Усходні бок гарадзішча ўмацаваны валам вышынёй да 4 м і ровам глыбінёй да 3 м. Стромкасць схілаў каля 60°. Вядома з 1873 г. Абследавалі ў 1928 г. У. Ф. Ісаенка. Культурны пласт 0,5–1,5 м. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча–2 змешчана за 1 км на поўдзень ад гарадзішча–1 у напрамку в. Цілавічы. Пляцоўка 60х30 м. З заходняга боку ўмацавана валам вышынёй 1,8–2 м і двума равамі глыбінёй 1,5–1,7 м. Вядома з 1873 г. Абследавалі ў 1928 г. І. А. Сербаў, у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча каля в. Каўровая
Гарадзішча знаходзіцца за 0,1 км на поўдзень ад вёскі Каўровая (былая в. Дзяругі), каля ўпадзення безыменнага ручая ў р. Пнёўка, ва ўрочышчы Гарадзец. З поўдня і ўсходу абмежавана рэчышчамі Пнёўкі і ручая, з паўночнага захаду прасочваюцца апоўзлы роў і рэшткі вала вышынёй 1,5–2 м. Пляцоўка авальная, памерам 35х25 м, вышыня над поймай Пнёўкі 4,5 м. Вядома з 1873 г. Абследавалі ў 1928 г. І. А. Сербаў, у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча каля в. Ляды
Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Гарадзец. Мае авальную форму, памерам 40х30 м, стромкасць схілаў да 70°. З усіх бакоў умацавана валам, вышыня заходняга дасягае 6 м, іншых – 3 м, шырыня каля асновы 10–11 м, па грэбені – 6–7 м, даўжыня 12 м. Вядома з 1873 г. Абследаваў у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча каля в. Малое Бахава
Знаходзіцца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Дубровенка, ва ўрочышчы Чортаў Гарадзец. Мае авальную форму, памерам 35х40 м, выцягнута з захаду на ўсход. Вышыня вала з усходняга боку 4 м, глыбіня рова да 1 м. Абследаваў у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішча каля в. Чырына
Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе р. Ліпіца (прыток р. Расасенка), ва ўрочышчы Высокі Гарадзец. Мае авальную форму, памерам 35х32 м. Вал з паўднёвага боку вышынёй 4–5 м, шырынёй каля асновы 10 м, у верхняй частцы 5–6 м. Гарадзішча абкружана ровам глыбінёй 1,5 м. Вядома з 1873 г. Абследавалі ў 1928 г. І. А. Сербаў, у 1972 г. У. Ф. Ісаенка. У агаленнях знойдзена ляпная кераміка. Адносіцца да ранняга жалезнага веку. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Глебава
Знаходзіцца на заходняй ускраіне сядзібы жыхара вёскі. Насыпы вышынёй 2,5 м., дыяметрам 6–7 м. Адкрыў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследаваў у 1972 годзе У. Ф. Ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Курганны могільнік у в. Сваташыцы
Могільнік знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі, побач з могілкамі. 2 насыпы вышынёй 2,5 м, дыяметрам 20 м. Выявіў і абследаваў у 1972 г. У. Ф. ісаенка. Раскопкі не праводзіліся.
Мезалітычная стаянка каля в. Чыжоўка
На сённяшні дзень мезалітычная стаянка каля в. Чыжоўка з'яўляецца найбольш старажытным помнікам Дубровеншчыны, дзе людзі жылі каля 7 тысяч гадоў назад. Знаходзіцца яна за 300 м на паўднёвы ўсход ад населенага пункта, на мысу, які ўтварыўся пры ўпадзенні невялікай рэчкі ў Днепр. Адносіцца да грэнскай культуры, насельніцтва якой у Верхняе Падняпроўе пранікла каля ХІ тыс. гадоў назад. Прыйшло яно з захаду з тэрыторыі цяперашніх Даніі і Германіі. На працягу мезалітычнай эпохі насельніцтва рассялялася ў паўночнай і цэнтральнай частцы ўсходняй Беларусі. Яго гістарычны лёс археолагам пакуль невядомы.
Выяўлены помнік У. П. Ксяндзовым у 1981 г. Усяго было раскапана 336 м² плошчы, на якой знойдзены крамянёвыя прылады і адходы іх вытворчасці ў колькасці 353 адзінак.
Нуклеусаў, з якіх здымалі нарыхтоўкі для прылад працы, знойдзена на помніку каля 20 экз. Найбольш шматлікімі ў калекцыі з'яўляюцца адшчэпы (241 экз.) і пласціны (17 экз.), з якіх вырабляліся прылады працы. Усяго прылад было знойдзена 53 экз. Выразнай групай прадстаўлены вастрыі – 6 экз. Скрабкі знойдзены на помніку ў колькасці 4 экз. Памеры іх дасягаюць 2–6 см у даўжыню пры шырыні 1,5–2 см. Укладышавыя прылады прадстаўлены двума тыпамі вырабаў. Сячэнні пласцін знойдзены ў двух экз. Трапецыя ў калекцыі адна. Яна сіметрычная, краі апрацаваны сустрэчнай і аднабаковай крутой рэтушшу. Гэтымі вырабамі аснашчаліся прылады рыбалоўства і палявання. Таксама на мезалітычнай стаянцы былі знойдзены скоблі, скрэблападобныя прылады, рэшткі ляпнога посуду, якія датуюцца часам неаліту і бронзы. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў абрыве берага Дняпра вельмі часта знаходзілі свідраваныя сякеры. Гэта месца, на жаль, не даследвалася.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарадзішча (г. Дуброўна) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 261.
2. Гарадзішча (в. Баброва) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 263.
3. Гарадзішча (в. Барадзіно) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 263.
4. Гарадзішча (в. Вежкі) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 264.
5. Гарадзішча (в. Дняпроўка) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 264.
6. Гарадзішча (в. Ірвяніца) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 265.
7. Гарадзішча (в. Каўровая) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 266.
8. Гарадзішча (в. Ляды) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 266.
9. Гарадзішча (в. Малое Бахава) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 266.
10. Гарадзішча (в. Чырына) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 266.
11. Гарадзішчы (в. Карабанавічы) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 265.
12. Замок // Татаринов, Ю. Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. А. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 120–121.
13. Курганны могільнік (в. Глебава) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 264.
14. Курганны могільнік (в. Сваташыцы) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 268.
15. Паселішчы (в. Чыжоўка) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 269.
16. Рабцава, Н. Вежкаўскае гарадзішча / Н. Рабцава // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2008. – 19 крас. – С. 6.