Гісторыя. Лепельскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 06.05.2013 08:40
- Адноўлена 27.11.2017 11:45
На тэрыторыі, якая цяпер уваходзіць у Лепельскі раён, людзі жывуць з даўніх часоў. Першыя паселішчы старажытных людзей на тэрыторыі Лепельскага раёна з’явіліся ў эпоху мезаліту. Стаянкі эпохі мезаліту (9–6 тыс. год да н.э.) выяўлены навукоўцамі археолагамі на паўднёва-заходнім беразе Лепельскага возера. Пры раскопках знойдзены шматлікія прылады працы: скрабкі, разцы, нажы, сякеру і інш. Стаянкі больш позняга перыяду эпохі неаліту (4 тыс. да н.э. – 2 тыс. н.э.) знойдзеныя на востраве Лепельскага возера, у вусці ракі Эссы , на паўднёвым беразе возера Акона.
Ад крывічоў засталіся старажытныя археалагічныя помнікі – доўгія курганы IX–X стст. Крывічы займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, хатнімі промысламі. Сацыяльна-эканамічнае жыццё ўсходніх славян прывяло да ўтварэння класавага грамадства.
У Х–ХII стст. лепельскія землі ўваходзілі ў склад знакамітага Полацкага княства, а пазней – у склад Вялікага княства Літоўскага.
Размешчаны на найважнейшым гандлёвым шляху старажытнасці, вядомым сёння як «шлях з варагаў у грэкі». Гэты шлях: Заходняя Дзвіна – р. Ула – Лепельскае возера – р. Эса – р. Бярэшча – воз. Бярэшча (воз. Окана) – Волак – воз. Плаўна – воз. Манец – р. Сергуч – р. Бярэзіна – р. Днепр. Пазней, у XIX ст., тут была пабудавана Бярэзінская водная сістэма. Даўжыня яе 159 км. Яна адыграла важную ролю ў гаспадарчым і культурным развіцці лепельскага краю.
Вядома, што Полацкая зямля, у складзе якой была і Лепельшчына, яшчэ ў сярэдзіне XIII ст. прызнала ўладу Вялікага княства Літоўскага, а ў 1307 г. канчаткова ўвайшла ў склад гэтай дзяржавы.
Ёсць шмат сведчанняў таго, што для аб’яднання зямель былі выкарыстаны выгадныя шлюбныя сувязі ўплывовых асоб, дыпламатычныя дагаворы. Было добраахвотнае падпарадкаванне. Нярэдка прымянялася і сіла. Штуршком для аб’яднання літоўскіх зямель і зямель Заходняй Русі з’явілася нападзенне мангола-татар і рыцараў-мечаносцаў. У выніку на карце Еўропы ўзнікла найбуйнейшая дзяржава. Яе тэрыторыя ў XVI ст. была падзелена на ваяводствы і паветы. Лепельшчына ўвайшла ў склад Полацкага ваяводства.
Помнікі археалогіі і дакументы сведчаць, што паселішчы ўзніклі на Лепельскай зямлі з даўніх часоў. Лепель спрадвеку меў стратэгічнае значэнне, якое і вызначыла яго шматвяковую гісторыю. Падчас незлічоных войнаў, за права валодання краем, горад не раз падвяргаўся разграбленню і спусташэнню.
Не абышла лепельскі край грамадзянская вайна 30-х гадоў XV ст. і пагранічныя войны канца XV – пачатку XVI ст. У сярэднявеччы то маскоўскія стральцы, то польскія жаўнеры з’яўляліся каля Лепеля, Лукомля, Бешанковіч, Чашнікаў, усё спальвалі і нішчылі на сваім шляху. Людзі кідалі свае хаты і ўцякалі ў лясы.
Не лягчэйшымі былі для Лепельшчыны і гады Лівонскай вайны 1558–1583 гг., войны Расіі з Лівонскім ордэнам, ВКЛ, Рэччу Паспалітай, Швецыяй за Прыбалтыку і выхад да Балтыйскага мора (за Інфлянты).
У 1579 г., пасля вызвалення Полацка, кароль Стэфан Баторый адабраў Лепель у Дарагастайскага і вярнуў Віленскай рымска-каталіцкай кафедры.
У 1569 г. была заключана Люблінская унія, у выніку якой ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў адзіную федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую, з агульнадзяржаўным сеймам і адзіным выбарным каралём (ён жа і вялікі князь літоўскі Вялікага княства Літоўскага). Агульная знешняя палітыка праводзілася ў Рэчы Паспалітай.
У гэты час, у 1580 г., «места» Лепель ужо налічвала 300 дамоў, якія размяшчаліся не толькі на востраве, але і на суседнім заходнім беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). Ля падножжа замка і пад яго аховай знаходзіўся гандлёвы порт. Ад яго прычалаў адпраўляліся вялікія стругі з розным таварам.
Падзеі руска-польскай (1654–1667 гг.) і Паўночнай (1700–1721 гг.) войнаў закранулі і Лепельскую зямлю. У 1654 г. зноў пачалася вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. За першы год вайны рускія войскі занялі Віцебск, Оршу, Полацк і іншыя беларускія гарады. Восенню яны выйшлі на рубеж Дзісна–Глыбокае–Чарэя–Шклоў, заняўшы паўночна-ўсходнюю частку Беларусі. На наступны год рускія войскі акупіравалі амаль усю Беларусь.
У 1660 г. на лепельскім напрамку зноў разгарнуліся актыўныя ваенныя дзеянні паміж рускімі і польскімі войскамі пад кіраўніцтвам князя I. А. Хаванскага і гетмана ВКЛ П. Я. Сапегі.
Пасля царкоўнага расколу рускай праваслаўнай царквы ў XVII ст. у Рэчы Паспалітай, у т. л. на сучаснай тэрыторыі Лепельскага раёна, пачалі сяліцца стараверы, якія збеглі сюды з Маскоўскай дзяржавы ў час ганенняў на іх.
Асаблівую ролю Лепель пачаў адыгрываць пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., калі паўночная частка Полацкага ваяводства, якая ляжала на правым беразе Зах. Дзвіны, разам з Полацкам была далучана да Расіі, а Лепель, які знаходзіцца на левым беразе ракі, застаўся за Польшчай. 8 лістапада 1773 г. у Лепелі былі адкрыты земскія і гарадскія суды і іншыя адміністрацыйныя судова-выканаўчыя органы. Аднак праз тры гады на Варшаўскім сейме ён быў прызнаны надзвычай нязручным для жыхароў Полацкага ваяводства з-за недахопу памяшканняў, адсутнасці прасцейшых зручнасцей. Таму Лепель уступіў першынство мястэчку Ушачы, куды былі перанесены ўсе ўрадавыя ўстановы.
Далучаныя да Полацкага намесніцтва часткі тэрыторыі былога Полацкага ваяводства былі выдзелены ў асобны Лепельскі павет. У 1795 г. былі закрыты земскія і гарадскія суды Полацкага ваяводства ва Ушачах і ў поўным складзе пераведзены ў Лепель. 2 кастрычніка 1795 г. яны адкрылі свае пасяджэнні ў абноўленым складзе.
У 1802 г. у сувязі з новым губернскім падзелам Расіі ў Беларусі было ўтворана 5 губерняў. У Віцебскую ўвайшло 12 паветаў (у тым ліку і Лепельскі).
У 1803 г. у Лепель прыбыў і прыступіў да выканання сваіх абавязкаў новы гараднічы Марцін Афанасьевіч Амантаў, пераведзены сюды з паліцмайстраў. У яго распараджэнне была перададзена штатная воінская каманда, адна з тых інвалідных каманд, якія стаялі па гарадах паводле палажэння 1774 г. і неслі вартавую службу.
5 красавіка 1805 г. быў выдадзены ўказ імператара Аляксандра I аб перайменаванні мястэчка Лепель у павятовы горад. Указ з’явіўся важным актам нараджэння новага горада Лепеля, які з прыватнаўласніцкага мястэчка ператварыўся ў павятовы горад Віцебскай губерні. Карэннае мясцовае насельніцтва – манастырскія прыгонныя сяляне гэтым указам залічваліся ў казённае ведамства і з 5 красавіка 1805 г. атрымалі статус мяшчан.
Зямля была абмежавана і раздадзена гораду ў якасці гарадскога выгану, і да гэтага горад атрымаў усё возера Лепельскае і возера Проша. Гэтыя азёры давалі гораду значны даход – звыш 1500 руб.
Указам ад 5 красавіка 1805 г. усе карэнныя жыхары Лепеля атрымалі права самакіравання, якое было прысвоена ў заходнім краі мяшчанам.
12 чэрвеня 1812 года 600-тысячная армія Напалеона пераправілася праз Нёман і ступіла на землі Беларусі і Літвы. Пачалася Айчынная вайна 1812 г.
3 ліпеня 1812 г. французы захапілі Лепель і размясцілі тут свае лазарэты для раненых і хворых. Горад быў спалены, ваколіцы спустошаны. Больш за ўсё пацярпелі ад французаў архівы, дамы прысутных месцаў і службовых асоб. Страты жыхароў горада склалі больш за 400 тысяч рублёў.
У канцы XIX ст. галоўным заняткам жыхароў Лепельскага павета з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля.
Гаспадарка вядзецца звычайная трохпольная: зямля ўгнойваецца слаба, але апрацоўваецца старанна. 3 азімых культур у павеце высяваецца жыта і азімая пшаніца. 3 яравых культур высяваюць ячмень, авёс, гарох, боб, чачавіцу, месцамі на пясчанай глебе – яравое жыта і пшаніцу. У некаторых месцах спрабавалі сеяць проса і атрымалі здавальняючыя ўраджаі. Вялікай падмогай у гаспадарцы і істотнай падтрымкай хлеба паўсюдна з’яўляюцца бульба і агародніна. 3 тэхнічных культур у Лепельскім павеце высяваюцца лён і каноплі.
Сяляне сталі разводзіць больш жывёлы, вырабляць і выкарыстоўваць аднаконныя плугі. Са свойскай жывёлы сяляне трымаюць коней, часта ад аднаго да трох і чатырох на гаспадарку, кароў ад адной да дзесяці, па некалькі свіней і авечак. Са свойскіх птушак у гаспадарках утрымліваюць курэй, гусей, качак, індзюшак.
Садоўніцтва і агародніцтва ў павеце знаходзяцца ў добрым стане. У многіх памешчыкаў маюцца вялікія пладовыя сады, якія прыносяць тысячныя даходы. Напрыклад, у Ворані, Завідзічах, Фатыні і інш. месцах. Сяляне ў мястэчках і вёсках таксама паўсюдна пачалі садзіць утульныя садзікі.
Гандаль у Лепелі мае дробны характар. Буйныя гандлёвыя абароты вядуць толькі лесапрамыслоўцы і хлебныя гандляры. Па выніках 1892 г. увесь гандлёвы абарот склаў 464,880 руб. з чыстым даходам 42,678 руб. Галоўнымі гандлёвымі пунктамі ў павеце лічацца Чашнікі, Лепель і Бешанковічы. Тавары прывозяць з Масквы, Мінска, Віцебска, Варшавы, Вільні.
Самы буйны і распаўсюджаны ў павеце заробак дае высечка і сплаў лесу. Звычайна ўсю зіму да самага пояса ў снезе працуе селянін, ссякаючы лес і выцягваючы яго на бераг бліжэйшай сплаўной ракі.
Па заводскай і фабрычнай дзейнасці Лепельскі павет, пасля Дзвінскага і Рэжыцкага, займае трэцяе месца ў губерні.
3 паляпшэннем дабрабыту і дастатку ў насельніцтва павялічваецца патрэба ў павышэнні адукацыі.
Па колькасці народных вучылішчаў Лепельскі павет займае першае месца ў губерні, гэтаму добра садзейнічае вялікая колькасць наяўных мястэчак (15), жыхары якіх выдзяляюцца высокім развіццём і імкненнем да адукацыі.
У 1893 г. у павеце на 140,859 жыхароў прыходзілася адно двухкласнае гарадское вучылішча са 118 вучнямі, адно прыходскае вучылішча з жаночай зменай, два яўрэйскія пачатковыя вучылішчы і 27 народных. У названых вучылішчах навучалася 1414 хлопчыкаў і 132 дзяўчынкі. У апошні час у дапамогу міністэрскай школе з’явіліся царкоўнапрыходскія вучылішчы і школы пісьменнасці, колькасць якіх хутка павялічваецца з кожным годам. У гэтым жа годзе ў 20 царкоўнапрыходскіх вучылішчах і 14 школах пісьменнасці навучалася да 594 чалавек; усяго ж у павеце ва ўсіх вучылішчах было 2140 вучняў, што складае каля 2 % усяго насельніцтва.
У адміністрацыйных адносінах Лепельскі павет быў падзелены на 4 станы, 15 урадніцкіх участкаў, на 4 міравыя ўчасткі, 2 следчыя ўчасткі і 27 валасцей.
У Лепельскім павеце маецца 46 царкоўных прыходаў, 12 каменных і 60 драўляных цэркваў і капліц, 6 рымска-каталіцкіх прыходаў і касцёлаў.
Усяго населеных пунктаў у павеце налічваецца каля 1800, з якіх найбольш значнымі з’яўляюцца горад Лепель і 15 мястэчкаў.
У 1893 г. у Лепелі была заснавана метэаралагічная станцыя.
У 1898 г. на Навачашніцкай вуліцы пабудавана драўляная капліца ў мясцовасці «пад крыжам».
24 ліпеня 1900 г. асвечана ў імя Святога Вялікамучаніка Георгія Перамоганосца новая каменная царква на Георгіеўскім могільніку. Тут здаўна існавала Георгіеўская царква (у сярэдзіне XVIII ст. поўнасцю спарахнела).
16 сакавіка 1903 г. у Лепелі адбыўся вялікі пажар на галоўнай вуліцы горада – Пушкінскай. Згарэла 10 жылых дамоў і 9 нежылых памяшканняў, агульнымі стратамі ў 20 тыс. рублёў.
У гэтым жа годзе лепельскі археолаг М. Ф. Кусцінскі напісаў нарыс «Лепельскі павет Віцебскай губерні» (на польскай мове), за які атрымаў прэмію часопіса «Вокруг света».
Вясной 1905 г. пад непасрэдным уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства, накіраваны супраць памешчыкаў і мясцовай царскай адміністрацыі. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўзмацнілі рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых, сялян і салдат. Вясной 1905 г. у многіх валасцях Лепельскага павета распаўсюджвалася пракламацыя Полацкай арганізацыі РСДРП пад назвай «Да сялян». У красавіку некалькі дзесяткаў яе экзэмпляраў паліцыя забрала ў сялян, аб чым сведчаць пісьмовыя данясенні мясцовых улад віцебскаму губернатару.
Масавыя выступленні сялян, якія пакутавалі ад беззямелля і малазямелля, адбываліся восенню 1905 г. у вёсках Свядзіца, Велеўшчына, Востраў, Далікі, Свяда.
Лепельскі павет па сялянскім руху быў адным з самых актыўных у Віцебскай губерні. У 1905 г. тут было 51 сялянскае выступленне, у 1906 г. – 13, у 1907 – 12.
3 1907 г. на Беларусі пачалі ажыццяўляцца рэформы, ініцыятарам якіх з’яўляўся міністр унутраных спраў П. А. Сталыпін. Яны прадугледжвалі ліквідацыю абшчыннага землеўладання (у беларускім рэгіёне захоўвалася пераважна ў Магілёўскай і Віцебскай губернях), насаджэнне хутарскіх гаспадарак, дзе прыватнаўласніцкія землі размяшчаліся кампактна ў выглядзе асобных адрубаў, перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір і іншыя аддаленыя мясціны. Стварэнне хутарскіх гаспадарак і перасяленчая палітыка фінансавалася сялянскім пазямельным банкам, але ўмовы пазыкі былі разлічаны толькі на багатых і заможных сялян.
Прамысловасць Лепеля і яго аколіц у пачатку XX ст. складалася з невялікіх прадпрыемстваў – мукамольні, двух крупадзёрак, тытунёвай фабрыкі, півамедаварнага завода, некалькіх вадзяных млыноў, смалакурань, цагельнага і некалькіх гарбарных заводаў.
Барацьба Траістага саюза на чале з Германіяй і Антанты на чале з Англіяй за перадзел ужо падзеленых калоній і «сфер уплыву» прывяла да першай сусветнай вайны.
Напярэдадні і ў першыя дні вайны ў беларускіх губерніях было аб’яўлена ваеннае становішча. У сувязі з гэтым забараняліся забастоўкі, вулічныя шэсці і маніфестацыі. Уводзіўся жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым.
3 пачатку 1915 г. фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна–Вільня–Менск. 31 жніўня немцы захапілі Свянцяны і Вілейку. Пад пагрозай акружэння расійская армія ў пачатку верасня пакінула Вільню, а таксама Гродна, Ліду, Брэст, іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. 19 верасня перадавыя нямецкія раз’езды перарэзалі чыгуначную лінію Менск–Масква ў раёне Смалявіч. Толькі велізарным напружаннем сіл расійскай арміі ўдалося ліквідаваць Свянцянскі прарыў і адкінуць немцаў у раён азёраў Свір і Нарач.
У кастрычніку фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск–Паставы–Баранавічы–Мінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй.
Гарады Беларусі былі перапоўнены вайскоўцамі і бежанцамі. Насельніцтва Менска на працягу аднаго года павялічылася са 100 да 250 тысяч чалавек. У сувязі з гэтым абвастрыліся розныя праблемы, асабліва харчовыя.
Сялянскі рух у самым пачатку вайны ў многіх месцах Беларусі выліўся ў своеасаблівую форму разгромаў мабілізаванымі памешчыцкіх маёнткаў, а ў зборных пунктах (мястэчках і павятовых гарадах) – харчовых і вінных магазінаў. Найбольш масавым і вострым ён быў у Сенненскім, Мазырскім, Ігуменскім, Менскім, Лепельскім паветах, дзе шматсоценныя натоўпы запаснікоў нярэдка ўступалі ў бойкі са стражнікамі, паліцыяй і вайсковымі патрулямі.
Вясною і летам 1915 г. у шэрагу мястэчак Наваградскага, Бабруйскага, Рэчыцкага, Менскага і Слуцкага паветаў у час кірмашоў сяляне грамілі крамы і дамы гандляроў. У Ігуменскім, Лепельскім, Гарадоцкім, Менскім паветах аналагічныя акцыі ў сувязі з мабілізацыяй учынілі навабранцы. У некаторых месцах яны ўступалі ў бойкі з паліцыяй, збівалі афіцэраў, якія суправаджалі партыі мабілізаваных.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Уездный город Лепель / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2002. – 9 авг. – С. 3.
2. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 21–106.
3. Азёрны, М. Падзеі двух гадоў у жыцці краю / М. Азёрны // Лепельскі край. – 2017. – 10 студз. – С. 5.
4. Азоронок, В. На разломе событий и судеб / В. Азоронок // Лепельскі край. – 2015. – 24 нояб. – С. 3.
5. Азоронок, В. Новый Лепель меж двух берегов / В. Азоронок // Лепельскі край. – 2017. – 26 крас. – С. 3 ; 28 крас. – С. 10.
6. Беляев, Н. Край наш Лепельский / Н. Беляев // Лепельскі край. – 2006. – 23 чэрв. – С. 2.
7. Голубеў, В. Новыя дакументы па гісторыі Лепеля / В. Голубеў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. – № 10. – С. 5–20.
8. Карлюкевич, А. В поисках утраченного / А. Карлюкевич // Советская Белоруссия. – 2004. – 30 окт. – С. 25.
9. Карлюкевич, А. В поисках утраченного: история Лепеля на старых открытках / А. Карлюкевич // Советская Белоруссия. – 2004. – 20 нояб. – С. 25.
10. Клімаў, М. В. Значэнне Лепельшчыны ў працэсе фарміравання паўднёвай мяжы Полацкага княства (па археалагічных і гістарычных крыніцах) / М. В. Клімаў // «Лепельскія чытанні»: навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 565-годдзю г. Лепеля / склад. А. У. Стэльмах. – Віцебск : Лепельскі раённы краязнаўчы музей, 2004. – С. 1–3.
11. Мудрый, Е. Отражение эпохи / Е. Мудрый // Лепельскі край. – 2016. – 22 лістап. – С. 5.
12. Петрушин, В. Лепель. Начало / В. Петрушин // Витебский курьер. – 2001. – 9 окт. – С.3.
13. Сільвановіч, С. Лепельшчына ў мінулым / С. Сільвановіч // Лепельскі край. – 2004. – 16 ліп. – С. 5.
14. Стэльмах, А. Лепель i павет у канцы ХIХ стагоддзя / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2000. – 29 жн. – С. 4.
15. Шушкевіч, А. Дзе мы жывём / А. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2004. – 27 ліп. – С. 3.
16. Шушкевіч, У. Адкуль пайшоў горад / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2009. – 4 верас. – С. 7.
17. Шушкевіч, У. Лепельскі бунт / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2009. – 29 крас. – С. 2, 7.
18. Эсенскі, Ц. Два стагоддзі таму / Ц. Эсенскі // Лепельскі край. – 2004. – 24 снеж. – С. 5.
19. Януш, І. Абрысы будучага горада / І. Януш // Лепельскі край. – 2009. – 5 мая. – С. 3.
20. Януш, І. Ваенныя падзеі XVI стагоддзя / І. Януш // Лепельскі край. – 2009. – 30 студз. – С. 2.
21. Януш, І. Востраў гістарычных падзей / І. Януш // Чырвоная змена. – 2000. – 24 жн. – С. 5.
22. Януш, І. Выдаваліся газета і часопіс / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 22 сак. – С. 2.
23. Януш, І. Памятныя даты мінулага / І. Януш // Лепельскі край. – 2007. – 5 кастр. – С. 6.