Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Лепельскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

11 снежня 1917 года пачаў работу Надзвычайны з’езд Саветаў Віцебскай губерні, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Лепельскага павета. Дэлегаты адобрылі Дэкрэты савецкага ўрада, прызналі новую ўладу ў асобе Савета Народных Камісараў і заявілі, што будуць падтрымліваць усе яго мерапрыемствы.

На Лепельскім павятовым з’ездзе Саветаў, які адбыўся 29–31 снежня 1917 г., прысутнічала 119 чалавек (19 ад рабочых, 31 – ад салдатаў і 69 прадстаўнікоў ад валасцей). Было прынята рашэнне аб арганізацыі Лепельскага Савета з аддзеламі: адміністрацыйным, ваенным, юрыдычным, працы, зямельным, прадуктовым, фінансава-эканамічным, гандлёва-прамысловым, мясцовых паведамленняў, грамадскага самакіравання, апекі сірот і інвалідаў, культурна-асветніцкім.

У Лепельскі Савет было выбрана 27 чалавек ад усіх валасцей павета. Выканаўчы камітэт Савета складаўся з прэзідыума і аднаго прадстаўніка кожнага з 12 аддзелаў.

На з’ездзе было разгледжана пытанне аб дзейнасці павятовага зямельнага аддзела Савета, які ўводзіўся «для кіравання дзейнасцю валасных зямельных аддзелаў, зямельных камітэтаў валасных Саветаў па выкарыстанні лясоў, нетраў, воднага багацця, а роўна для кіраўніцтва і нагляду за вядзеннем на іх гаспадаркі і для аказання насельніцтву дапамогі ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі.»

У снежні 1918 года ў Лепелі адкрыўся ўездны з’езд Саветаў. Ён быў бальшавіцкім: сярод 113 дэлегатаў было 43 камуністы, 66 спачуваючых ім і 4 беспартыйных. Задача з’езда заключалася ў тым, каб замацаваць ва ўездзе вялікія заваёвы Кастрычніка. Актыўнымі дапаможцамі камуністаў у барацьбе за ўстанаўленне савецкай улады ў горадзе і вёсцы з’явіліся камсамольцы.

1 студзеня 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі ўрад абвясціў утварэнне ў межах Заходняй вобласці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ).

У лютым 1919 г. была створана Літоўска-Беларуская Рэспубліка. Але Віцебская (разам з Лепельскім паветам), Магілёўская і Смаленская губерні былі ўключаны ў склад РСФСР.

Да чэрвеня 1919 года ў Лепелі працавала 9 школ для дарослых. Галоўную частку работы камсамольскіх ячэек складала антырэлігійная прапаганда. Юнакі і дзяўчаты вучыліся страляць. Усё гэта дапамагала змагацца з бандыцкімі шайкамі, якія прытаіліся ў лясах, тэрарызавалі насельніцтва, забівалі актывістаў.

Вясной 1919 года інтэрвенты пры падтрымцы ўнутранай контррэвалюцыі пачалі свой паход на нашу краіну. У кастрычніку 1919 года белапалякі акупіравалі Лепель. З акупацыі горада і ўезда пачаліся пагалоўныя арышты бальшавікоў, савецкіх служачых. У вызваленні горада актыўны ўдзел прымаў полк, якім кіраваў В. У. Чуйкоў. Жыхары Лепеля гераічна змагаліся на ўсіх франтах грамадзянскай вайны.

У эканамічным развіцці вялікая роля належала індустрыялізацыі.

У сувязі з развіццём прамысловасці колькасць рабочых і служачых на Лепельшчыне ўзрасла да 5106 чалавек. У раёне працавалі чатыры электрастанцыі, на якіх было выпрацавана за 1939 г. 405 тысяч кілават-гадзін электраэнергіі.

У Лепелі працягвалася жыллёвае будаўніцтва. На галоўных вуліцах былі ўзведзены двухпавярховыя жылыя дамы, Дом культуры, гасцініца, бібліятэка, магазіны. На беразе возера закладзены парк.

У 1929 годзе ў краіне пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Сялянства Лепельшчыны выказала прыклад высокай свядомасці. Людзі рашуча ішлі ў калгасы, будавалі новае жыццё. Дапамогу ў гэтым аказаў горад. Ён пасылаў у вёску сваіх прадстаўнікоў, многія з якіх потым сталі сапраўднымі гаспадарамі. Гэта Канстанцін Яско, які доўгія гады ўзначальваў калгас «Новы будаўнік», Фама Дзямко, старшыня калгаса «Перамога» і іншыя.

На 1 кастрычніка 1930 года ў Лепельскім раёне было створана 39 калгасаў, у 1931 годзе – 62 калгасы.

У 1931 г. Лепельская МТС атрымала 36 трактароў. Зімой 1934–1935 гг. на базе другой Лепельскай МТС (вёска Валосавічы) 35 чалавек закончылі курсы трактарыстаў, а зімой 1935–1936 гг. на гэтых курсах займаліся жанчыны. Звыш 10 лепельчанак навучыліся кіраваць трактарамі. Першую жаночую трактарную брыгаду на Лепельшчыне ўзначаліла Макрына Лукінішна Дзёмка з вёскі Свяда.

5–6 сакавіка 1931 года ў Лепелі праходзіў 2-гі з’езд калгаснікаў раёна, дзе было 293 дэлегаты. Арганізацыйна-гаспадарчае ўмацаванне калгасаў суправаджалася сталінскімі мерамі.

За паспяховае выкананне калектывізацыі, умацаванне калгасаў і своечасовае правядзенне сельскагаспадарчых прац Прэзідыум Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР у 1933 г. ўзнагародзіў Лепельскі раён Чырвоным сцягам Х Усебеларускага з’езда Саветаў.

У 1940-х гг. працягвала ўзрастаць матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў. На палях працавалі 97 колавых трактароў, 15 збожжавых камбайнаў. У калгасах мелася 41 грузавая аўтамашына, 245 малатарняў, 250 зернеачышчальных машын і іншая тэхніка. Калгасы прадалі дзяржаве за год 2055 тон збожжа, 3858 тон бульбы, 1496 тон малака.

Важным накірункам з’яўлялася культурнае развіццё. У першую чаргу неабходна было ажыццявіць усеагульнае пачатковае навучанне.

У 1934 г. XVII з’езд ВКП(б) паставіў задачу дабіцца ажыццяўлення ў бліжэйшыя гады ўсеагульнага абавязковага навучання ў аб’ёме сямігадовай школы. Гэты пераход выконваўся ва ўмовах рэфармавання сістэмы адукацыі, якое фактычна пачалося з пачатку 30-ых гадоў. На аснове адпаведных пастаноў партыйна-дзяржаўных органаў СССР мяняліся праграмы, падручнікі, устанаўліваўся распарадак школьнага жыцця і іншае. Усталёўвалася адзіная школьная сістэма. Калі да гэтага часу ў БССР асноўным звяном школьнага навучання з’яўлялася сямігодка, то з сярэдзіны 30-ых гадоў яе змяніла дзесяцігадовая агульнаадукацыйная школа.

У 1934 г. у Лепелі быў узведзены новы будынак беларускай сярэдняй школы, якая адкрылася на базе сямігодкі. Праз два гады – руская сярэдняя школа. У 1940 г. на Лепельшчыне 91 школу наведвалі 10908 вучняў. Працавалі пяць дзіцячых садкоў і пяць ясляў.
У 1930 г. закончылася рэканструкцыя памяшкання для размяшчэння ў ім Лепельскага педагагічнага тэхнікума, які існаваў на працягу 26 гадоў.

21 лістапада 1930 года ў г. Лепелі выйшаў першы нумар раённай газеты «Калгасная праўда».

У лістападзе 1938 г. пачаў сваю работу Лепельскі калгасна-саўгасны тэатр. Яго акцёрамі сталі былыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, мастацкім кіраўніком якога быў прызначаны Казімір Пятровіч Стэцкі.

У Лепель прыйшло кіно. Адным з першых кінамеханікаў у горадзе стаў Уладзімір Аляксеевіч Мацкевіч, які загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

Да пачатку 1940-ых гадоў некаторыя поспехі былі дасягнуты ў галінах сацыяльнага страхавання, развіцця аховы здароўя насельніцтва.

На 1 студзеня 1940 г. у Лепельскім раёне было 5 бальніц на 216 ложкаў, 8 амбулаторый і паліклінік, 2 дзіцячыя кансультацыі, 11 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Павялічылася колькасць медработнікаў. У гэты час у раёне працавалі 16 урачоў, 7 зубных урачоў, 16 фельчараў, 20 акушэрак, 85 медсясцёр. Працавала Лепельская школа медсясцёр, у якой навучалася 184 чал. Аднак медыцынскія ўстановы адчувалі недахоп кваліфікаваных кадраў, абсталявання, медыкаментаў.

15 студзеня 1938 г. сесія Вярхоўнага Савета СССР зацвердзіла пастанову ЦВК БССР аб утварэнні ў рэспубліцы пяці абласцей: Мінскай, Віцебскай, Гомельскай, Палескай і Магілёўскай. Тэрыторыя Лепельскага раёна адышла да Віцебскай вобласці.
На жыццё Беларусі, як і ўсёй дзяржавы, пэўны адбітак наклала савецка-фінская вайна (зіма 1939–40 гг.). Лёгкай перамогі не атрымалася, яна была дасягнута значнымі людскімі і матэрыяльнымі стратамі.

У сувязі з пагрозай вайны з Германіяй у сярэдзіне 1940 г. быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень і 7-дзённы рабочы тыдзень. Парушэнні працоўнай дысцыпліны караліся судовымі органамі.

На захадзе ішла падрыхтоўка да новай сусветнай вайны.

 

ЛІТАРАТУРА:

1. 1917–1941 // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 107–180.

2. Гейне, А. Революционный комитет / А. Гейне // Лепельскі край. – 2009. – 22 верас. – С. 3.

3. Сільвановіч, С. Барацьбіт за новы лад / С. Сільвановіч // Лепельскі край. – 2010. – 4 мая. – С. 5.

4. Стэльмах, А. Народныя выступленні на Лепельшчыне / А. Стэльмах // Лепельскі край. – 2008. – 6 лістап. – С. 1.

5. Третьяк, И. Земля – жизни основа / И. Третьяк // Лепельскі край. – 2007. – 23 лістап. – С. 6.

6. Третьяк, И. Лепельщина в довоенный период / И. Третьяк // Лепельскi край. – 2006. – 17 кастр. – С. 2.7. Трусава, А. Рэўкомы на Лепельшчыне / А. Трусава // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1990. – 6 лют. – С. 3.

8. Шушкевіч, У. Лепельскі бунт / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2009. – 29 крас. – С. 2, 7. – (Прил.: На завалинке).

9. Януш, І. За права «людзьмі звацца» / І. Януш // Лепельскі край. – 2016. – 4 кастр. – С. 3.

10. Януш, І. Лепельскі Савет / І. Януш // Ленінскі сцяг (Лепель). – 1989. – 20 мая. – С. 2.