Народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 02.05.2019 12:23
- Адноўлена 02.05.2019 14:21
Абрад (калядная гульня) «Жаніцьба Цярэшкі» быў распаўсюджаны на памежжы Полацкага княства, а сёння ладзіцца на Віцебшчыне штогод. Асабліва прыжыўся абрад у Лепельскім раёне. Тут у калядны перыяд гэтую вясёлую абрадавую гульню ладзяць адразу ў некалькіх вёсках.
Абрад дастаўся нам у спадчыну ад продкаў. «Цярэшку жанілі» яшчэ нашы дзяды, бацькі, а зараз нашыя дзеці. «Цярэшка» – гэта такі продак, які дапамагаў парам жаніцца. Як сімвал кахання і сям'і. Кожны хлопец адчуваў сябе Цярэшкай.
Пачыналася ўсё з карагода, які вадзілі каля вогнішча. У нейкі момант запальвалася Калядная зорка, сімвал зімова-летняга сонцазвароту.
Асноўнае ж дзейства развівалася ў вялікіх хатах, найчасцей у карчмах, а пазней – у клубах.
Зафіксавана некалькі варыянтаў гульні.
У першым з іх, найбольш поўным, моладзь загадзя падбіралася ў пары, запрашала «бацьку» і «матку». «Бацькі» накрывалі дзяжу кажухом і садзілі на яе дзяўчат. Пасля закручвання парамі юнакоў называлі дзядулькамі, а дзяўчат – бабулькамі, нібы надаючы ім новы сацыяльны статус жанатых людзей. Усе этапы гульні суправаджаліся песнямі-цярэшкамі. Заканчвалася гульня агульным частаваннем, жартамі, песнямі і скокамі.
У скарочаным варыянце гульні хлопцы і дзяўчаты толькі лавілі адзін аднаго і пасля адбывалася застолле. Існавала адрозненне і ў размяшчэнні гульцоў: дзяўчаты і хлопцы маглі стаяць насупраць адзін аднаго ці ў крузе.
Зафіксаваны і такі варыянт гульні, калі хлопцам і дзяўчатам завязвалі вочы, калі яны лавілі адзін аднаго (в. Стаі).
Зараз гульню «Жаніцьба Цярэшкі» ў амаль поўным варыянце штогод праводзіць гурт аўтэнтычнага фальклору «Аношкі» Велеўшчынскага сельскага Дома культуры.
У «Жаніцьбе Цярэшкі» ёсць некалькі гульняў, калі выбраныя і «перакручаныя» пары павінны цмокнуцца. Але зрабіць гэта не так проста, як здаецца. Напрыклад, у гульні «Вішанька» хлопец мусіць даскокнуць да вуснаў сваёй «бабулькі», якая стаіць на высокім зэдліку. Без разгону гэта не атрымаецца.
У гульні «Пацалункі» ставілі лаву, а «маладыя», сеўшы на яе спіной адзін да аднаго, на «раз-два-тры» павінны павярнуць галаву да сваёй «паловы». Калі і ён, і яна паварочваюцца ў адзін бок – значыць, пара павінна пацалавацца. Павярнуліся ў розныя бакі – трэба спрабаваць, пакуль не атрымаецца.
У 2010 годзе абрад «Жаніцьба Цярэшкі» Лепельскага раёна атрымаў статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі. Такое рашэнне было прынята Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Вечар, М. Ажаніцца – не журыцца / М. Вечар // Народная газета. – 2018. – 12 студз. – С. 12.
2. Глушко, А. Жанілі Цярэшку ў Цярэшках / А. Глушко ; гутарыў У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2007. – 12 студз. – С. 6.
3. «Жаніцьба Цярэшкі» откроет программу праздников в сельских усадьбах Придвинья // Твой город (Витебск). – 2016. – 7 янв. – С. 19.
4. Кляшчук, А. Пацалунак Цярэшкі / А. Кляшчук // Звязда. – 2010. – 12 студз. – С. 1, 3.
5. Лапато, І. «Кожнай Мар'і – па Цярэшку!» / І. Лапато // Звязда. – 2012. – 11 студз. – С. 8.
6. На «вяселле» да Цярэшкі // Звязда. – 2015. – 15 студз. – С. 5.
7. Пастернак, Т. С. На Коляды Терешку женили / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 10 янв. – С. 20.
8. Пшонка, Т. Асаблівасці каляндарнай абраднасці на Лепельшчыне / Т. Пшонка // Краязнаўчая газета. – 2004. – № 44 (лістап.). – С. 7.
9. Тухта, В. «Жаніцьба Цярэшкі» / В. Тухта // Лепельскі край. – 2019. – 4 студз. – С. 9.
10. Тухта, В. Як у Велеўшчыне «Цярэшку жанілі» / В. Тухта // Лепельскі край. – 2016. – 22 студз. – С. 4.
11. «Цярэшка – святое дзела»: «Жаніцьба Цярэшкі» на Лепельшчыне (паводле сучасных запісаў) / склад. Т. В. Валодзіна. – Віцебск : Вiцебкая абласная друкарня, 2010. – 119, [1] с.
12. Фёдараў, В. Цярэшкаў скарб / В. Фёдараў // Рэспубліка. – 2010. – 17 лют. – С. 23.