Рамёствы. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 15.11.2018 11:39
- Адноўлена 02.05.2019 15:00
Лепельскі край спрадвеку славіўся сваімі рамёствамі. Тут умелі паясы плесці, з саломы прыгожыя рэчы вырабляць, гаршкі абпальваць, свістулькі з гліны ляпіць. Кажуць, што назва горада Лепель пайшла ад слова «лепля», што азначае ляпіць. Але самы вялікі гонар мясцовых майстроў – ткацтва. У Домжарыцах ёсць нават свой Дом ткацтва – філіял Лепельскага Дома рамёстваў.
Лепельчане адны з першых у вобласці адрадзілі ткацтва ў сваім раёне і рэканструявалі народны і мяшчанскі Лепельскі строй, а зараз і іншым раёнам дапамагаюць у вырабе рэгіянальных строяў.
За ўсе гады існавання ў Лепельскім Доме рамёстваў займаліся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам звыш 3000 чалавек, большасць з іх дзеці. Многія сталі сапраўднымі майстрамі і прафесіяналамі, атрымалі шматлікія ўзнагароды на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах. Дзякуючы ім у Лепелі не проста аднаўляюцца забытыя рамёствы, але і ствараюцца новыя мастацкія каштоўнасці.
Адным з прыярытэтных накірункаў развіцця Лепельскага Дома рамёстваў з'яўляецца стварэнне сельскіх філіялаў. Так, у 2006 годзе на базе сельскага Дома культуры аграгарадка Старое Лядна, а ў 2007 – у вёсцы Стаі адкрылі дзверы філіялы. У іх працуюць гурткі па кераміцы, ручным ткацтве, пляценні паясоў, вырабу беларускай лялькі. Практыкуецца правядзенне заняткаў, майстраў-класаў носьбітаў традыцыйнага рамяства. У гуртках філіялаў займаецца прыкладна столькі ж навучэнцаў, колькі і ў гуртках Дома рамёстваў.
Сямейныя дынастыі Чэрнікавых, Смірновых, Залатухаў і іншыя забяспечылі пераемнасць такіх традыцый, як ткацтва, выраб паясоў, лялек, габеленаў, ласкутнае шыццё, пляценне з саломы, лазы, ганчарства. У гуртках навучаюць рамёствам дзяцей.
ЛІТАРАТУРА
1. Гамзовіч, Р. Майстры прыазёрнага краю / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2010. – № 9. – С. 20–22.
2. Кандыбайла, Л. «І тчэ забыўшыся рука» / Л. Кандыбайла // Лепельскі край. – 2008. – 8 лют. – С. 7.
3. Цялятка, А. Тут жыве душа народа / А. Цялятка // Витебские вести. – 2017. – 19 сент. – С. 6.
4. Чарнякевіч, Ю. Ці расшыфруем сакральны знак арнаменту? / Ю. Чарнякевіч // Культура. – 2009. – 28 сак.–3 кастр. – С. 20–21.