Гісторыя. Лёзненскі раён. Пасляваенны перыяд
- Подробности
- Створана 20.09.2017 08:40
- Адноўлена 21.09.2017 10:59
Яшчэ грымелі гарматныя залпы, курыліся папялішчы і паштальёны прыносілі пахавальныя паведамленні, а на шматпакутнай лёзненскай зямлі, вызваленай ад фашысцкай няволі, пачалося новае стваральнае жыццё.
Жудасную «спадчыну» пакінулі пасля сябе гітлераўцы. Яны зруйнавалі і разрабавалі ўсе калгасы і саўгасы, 4 ільнозаводы, маслазавод, тэкстыльную фабрыку імя К. Маркса, 3 цагельныя заводы, 2 электрастанцыі, 3 МТС, чыгуначную станцыю, знішчылі тэлефонную і тэлеграфную сувязь. Фашысты вывезлі ў Германію ўсё абсталяванне заводаў, шмат трактароў і іншай сельгастэхнікі, а таксама ўсе каштоўнасці і маёмасць, якая належала арганізацыям і ўстановам.
Яны разрабавалі і знішчылі 5 сярэдніх, 23 няпоўныя сярэднія, 60 пачатковых школ, 46 бібліятэк, 19 хат-чытальняў, радыёвузел, 4 бальніцы, санаторый усесаюзнага значэння «Чарніца», Дом адпачынку «Завольша». Было спалена 4700 жылых дамоў калгаснікаў, 4649 гаспадарчых пабудоў калгасаў. Ад 45 населеных пунктаў засталіся адны назвы. Так, на тэрыторыі Глоданскага сельсавета з 911 дамоў уцалела толькі 8. Агульныя матэрыяльныя страты, нанесеныя раёну, склалі ў грашовым вылічэнні больш за 60 мільёнаў рублёў.
Усім пасляваенным цяжкасцям, голаду і разбурэнням лёзненцы проціпаставілі мужнасць і згуртаванасць, гарачае жаданне хутчэй падняць з руін свой родны край. 04.11.1943 г. быў зацверджаны склад Лёзненскага райкама КПБ, у які ўвайшлі А. Ц. Шкарбакоў, М. К. Багданаў, У. А. Руноў. Асноўнымі задачамі былі асваенне вызваленай тэрыторыі раёна, аднаўленне мясцовай прамысловасці, адраджэнне МТС, улік і захаванне пагалоўя коней, будаўніцтва жылля, падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Да ўсіх пасляваенных нягод дадаліся інфекцыйныя захворванні, дзесяткі выпадкаў якіх былі зарэгістраваны ў першыя месяцы пасля вызвалення. Вялікія задачы па выяўленні захворванняў і барацьбе з імі ўскладаліся на райздраўаддзел на чале з Тарновічам і спецыяльна створаную групу санупаўнаважаных.
З іншых рэспублік краіны ў раён было завезена 2500 кароў, каля 2000 коней, дзесяткі трактараў і камбайнаў, будаўнічыя матэрыялы, прадукты. Да лютага 1944 года было адноўлена 133 калгасы, 3 МТС, 73 паўразбураныя дамы і пабудаваны 74 новыя, адкрыта 11 магазінаў, 2 сталовыя, 12 нарыхтовачных пунктаў, хлебапякарня, пабудаваны новы паравы млын у Лёзне, адноўлены райпрамкамбінат, кузня, швейная і абутковая арцелі і інш. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, была праведзена веснавая сяўба 1944 года. Калгаснікі, пераважна гэта былі жанчыны і падлеткі, дапамагалі збіраць насенне, з-за адсутнасці коней у плугі і бароны запрагаліся самі, запрагалі ўласных кароў. Патрэбны былі трактары, трактарысты. Пры Лёзненскай МТС былі адкрыты курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў. З 83 чалавек, якія там займаліся, 40 былі дзяўчаты. Пачала аднаўляцца школьная сетка. 01.03.1944 года ў прыстасаваных сялянскіх хатах працавала 35 школ, у якіх вучылася каля 3 тысяч дзяцей. Большасць школ працавала ў 3 змены, з-за адсутнасці парт вучні часта займаліся стоячы. Аднавіўся выпуск раённай газеты «Ленінскі сцяг». З-за недахопу паперы газета выходзіла адзін раз на тыдзень.
У аднаўленні народнай гаспадаркі раёна актыўны ўдзел прымалі воіны Чырвонай Арміі, камсамольцы і моладзь раёна. Яны будавалі дамы, працавалі на расчыстцы дарог ад снежных заносаў, збіралі кнігі для школ, школьную маёмасць, даглядалі магілы чырвонаармейцаў. Насельніцтва Лёзненшчыны чым магло дапамагала дзяржаве, каб хутчэй наблізіць жаданую Перамогу.
Высокай працоўнай актыўнасцю вызначыліся камсамольцы калгаса «Новае жыццё» на чале з сакратаром камсамольскай арганізацыі Г. І. Чарнаруцкай. Яны вырашылі атрымаць у калгасе 100-пудовы ўраджай збожжавых з гектара і мабілізавалі для гэтага ўсе сілы. Трактарыст Дабрамыслянскай МТС камсамолец Альшанікаў, працуючы на трактары «ХТЗ», план веснавых палявых работ выканаў на 160% і сэканоміў 450 кг паліва. Не толькі ў раёне, але і за яго межамі славілася звяно па вырошчванні лёну з калгаса «1 Мая», якое ўзначальвала М. А. Эзерын. За поспехі ў працы М. А. Эзерын было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы .
У 1949 годзе за самаадданую працу і высокія паказчыкі ў вырошчванні лену, збожжа і бульбы гэта ганаровае званне было прысвоена брыгадзіру калгаса «Інтэрнацыянал» І. А. Глядчанку.
Добрых вынікаў дасягнулі калгасы «Інтэрнацыянал», «Новае жыцце», «Камінтэрн». За 4 пасляваенныя гады былі адноўлены разбураныя вайной прадпрыемствы, МТС, школы, бальніцы, установы культуры, пабудавана каля 9 тысяч жылых дамоў. Да 1950 г. адноўлены і працавалі 6 арцелей прамысловай і інваліднай кааперацыі, ільнозавод, торфазавод «Высачанскі бор». У 4 калгасы была праведзена электрычнасць. У 1954 годзе ўзровень вытворчасці прамысловасці і сельскай гаспадаркі перавысіў даваенны. У 1955 годзе ўступіў у строй кансервава-агароднінасушыльны камбінат. У чэрвені 1958 года была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, 01.10.1960 г. – камбінат бытавога абслугоўвання.
Раён на працягу многіх гадоў быў удзельнікам ВДНГ СССР.
Поспехі ў развіцці эканомікі раёна – вынік самаадданай руплівай працы людзей. Менавіта дзякуючы іх намаганням, працоўнай доблесці Лёзненшчына ператварылася ў квітнеючы край.
За самаадданую працу 10 лёзненцаў узнагароджаны званнямі Героя Сацыялістычнай Працы, 28 – узнагароджаны ордэнамі Леніна, больш за 100 – ордэнамі і медалямі.
Стваральную працу лёзненцаў, накіраваны ў імя шчаслівага будучага, дабрабыту і працвітання роднай Айчыны, атрымаў свой працяг у мірных справах і ратных подзвігах маладога пакалення.
У 1990 годзе на тэрыторыі раёна дзейнічаюць: льнозавод, малочны і кансервава-агароднінасушыльны заводы, лясгас, доследна-вытворчае прадпрыемства «Завольша».
10 кастрычніка 2003 года ў Лёзна адкрыты ваенна-гістарычны музей. У яго экспазіцыі звыш 1.000 экспанатаў.
З 1 ліпеня 2004 года на тэрыторыі Лёзненскага раёна пачала дзейнічаць МТС – Мабільная тэлефонная сетка. Кабельнае тэлебачанне праклалі ў 15-ці шматкватэрных дамах, усяго падключыліся 445 абанентаў, аплата за падлучэнне склала 5000 рублёў. Жыхарам падлучаных дамоў сталі даступныя 14 тэлевізійных каналаў.
У 2011 годзе 33 ўстановы адукацыі Лёзненскага раёна адкрылі свае дзверы амаль для 2350 навучэнцаў і выхаванцаў. 1 верасня першы раз у першы клас пайшлі 153 дзіцяці.
У Лёзна праведзены абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2011».
Адрамантаваны раённы Дом культуры, пабудаваны новы аўтавакзал, адрамантаваны дарога і тратуары па вуліцы Леніна, пашырана аўтатраса на пад’ездзе да райцэнтра і пабудавана новая аўтазаправачная станцыя, былы «Універмаг» змяніўся ў гандлёвы цэнтр.
ЛІТАРАТУРА
1. Архивы рассказывают / подгот. А. Подлипский // Сцяг перамогі (Лёзна). – 2009. – 1 снеж. – С. 3.
2. Бондорева, Т. Когда жива память… / Т. Бондорева // Віцебскі рабочы. – 2009. – 13 окт. – С. 1, 4.
3. Дроздова, Н. Здесь начиналась операция «Багратион» / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 14 окт. – С. 2.
4. Зарэцкая, С. Святочны хлеб 1945 года / С. Зарэцкая // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1984. – 7 лістап. – С. 2–3.
5. История [Электронный ресурс] // Лиозненский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://liozno.vitebsk-region.gov.by/ru/new_3/. – Дата доступа: 30.08.2017.
6. О Лиозно [Электронный ресурс] // Информационный портал Лиозненского района. – Режим доступа: http://lezna.by/history/. – Дата доступа: 30.08.2017.
7. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч . – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – 600 с. : іл.
8. Райцаў, Д. Попел і ружы / Д. Райцаў // Віцебскі рабочы. – 1967. – 9 лют. – С. 2–3.
9. Чумакоў, П. Лёзненшчына: пасляваеннае аднаўленне / П. Чумакоў // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1991. – 23 ліп. – С. 2 ; 27 ліп. – С. 2 ; 30 ліп. – С. 3 ; 6 жн. – С. 3 ; 13 жн. – С. 2–3 ; 20 жн. – С. 2 ; 27 жн. – С. 3 ; 3 верас. – С. 2 ; 10 верас. – С. 2–3 ; 17 верас. – С. 2 ; 24 верас. – С. 2.