Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі археалогіі. Лёзненскі раён

Тэрыторыю Лёзненскага раёна людзі пачалі засяляць яшчэ ў перыяд каменнага веку. Аб гэтым сведчаць адкрытыя археолагамі паселішчы каля в. Бабінавічы і в. Зелянуха. Каля в. Бабінавічы на месцы старажытнага паселішча на правым беразе ракі Вярхіты неаднаразова праводзіліся раскопкі. Знойдзены крэмневыя прылады працы і наканечнікі стрэл, фрагменты гліняных гаршкоў.

Шмат захавалася і рэшткаў старажытных драўляных умацаванняў, так званых гарадзішчаў. Яны вядомы каля вёсак Буракі, Выхадцы, Бабінавічы. Звычайна рэшткі такіх умацаванняў мясцовае насельніцтва называе па-свойму – Гарадзец, Гарадок, Гараватка, Французская Гара і г. д. Напрыклад, гарадзішча каля в. Выхадцы называюць Батарэя, а каля в. Бабінавічы – Салдацкая Слабада ці Салдацкая Гара. Аб гарадзішчах звычайна бытуюць розныя паданні.

Гэтыя легендарныя горы часцей за ўсё маюць вяршыню ў выглядзе роўнай пляцоўкі і стромкія схілы. Некаторыя пляцоўкі абкружаны валамі і ірвамі. Як правіла, на гарадзішчах чорная зямля. Гэта так званы культурны слой. Ён з'явіўся ў выніку жыццядзейнасці людзей.

Праходзілі стагоддзі, былі войны і пажары, адны пакаленні змянялі другія. Некаторыя паселішчы людзі пакідалі і сяліліся на новых месцах, а старыя заносіліся пылам, пакрываліся дзірваном, зарасталі лесам. Так, пад векавымі наслаеннямі захавала зямля сляды сівой старадаўнасці. Пры археалагічных раскопках вучоныя знаходзяць косткі жывёл, кавалкі гліняных гаршкоў і розныя рэчы. На падставе гэтых знаходак і вывучаецца наша гісторыя.

Шмат у раёне і старажытных пахаванняў крывічоў – курганоў. Такія помнікі вядомы каля вёсак Бабінавічы (у шасці месцах), Дабрамыслі, Барэева, Высачаны, Сяло, Касцяёва. У 1981 годзе новая курганная група была адкрыта для навукі былой загадчыцай аддзела культуры Лёзненскага райвыканкама Р. С. Агеевай.

Насельніцтва называе такія археалагічныя помнікі курганамі, французскімі магіламі, напалеонаўскімі магіламі, валатоўкамі або капцамі. Мясцовыя жыхары лічаць, што пад курганамі пахаваны французы, ці, што там закапаны скарбы. Але на самой справе курганы – пахаванні нашых далёкіх продкаў, якія жылі ў канцы I – пачатку II тыс. н. э.

Звычайна курганы маюць дыяметр 6–10 м і вышыню 1–2 м. Сустракаюцца і трохі падоўжаныя насыпы. У курганах знаходзяць астанкі пахаваных людзей і розныя рэчы. Калісьці людзі ўяўлялі, што душа нябожчыка працягвае сваё існаванне і пасля смерці, нібыта нябожчыку на тым свеце спатрэбіцца ўсё тое, чым ён карыстаўся пры жыцці. Таму ў магілы клалі прылады працы і рэчы хатняга ўжытку, упрыгажэнні, ставілі гаршчочкі з ежай. Хавалі людзей звычайна ў шлюбным адзенні.

На археалагічныя помнікі Лёзненшчыны вучоныя звярнулі ўвагу яшчэ ў мінулым стагоддзі. У 1920 годзе некаторыя помнікі тут былі абследаваны археолагам Я. Сяргеенкам. Шмат абследаванняў праводзілася ў пасляваенныя гады: у канцы 50-х гадоў – маскоўскім археолагам Л. В. Аляксеевым, у пачатку 70-х гадоў – М. Ткачовым, а ў 1981 годзе – В. С. Вяргей. Археалагічныя раскопкі праводзіліся пакуль што толькі ў Бабінавічах. У 1968 годзе раскопкі тут праводзіў I. М. Ціханенкаў, а праз дзесяць гадоў – Э. М. Зайкоўскі.

Цікава адзначыць, што ў 1962 годзе каля в. Добрына ў час палявых работ быў знойдзены скарб, куды ўваходзілі сярэбраныя манеты IX ст.

Несумненна, што яшчэ шмат помнікаў хавае Лёзненская зямля.

Спіс помнікаў археалогіі Лёзненскага раёна

 

ЛІТАРАТУРА

1. Дучыц, Л. Старажытнасці Лёзненшчыны / Л. Дучыц // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1986. – 13 мая. – С. 2.

2. Зайкоўскі, Э. М. Зямля нашых продкаў / Э. М. Зайкоўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – С. 21–26.

3. Лёзненскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 287–301.

4. Медяновская, В. Кладбище в Михалиново вызвало интерес у историков / В. Медяновская // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2016. – 12 ліп. – С. 7.

5. Сыс, Е. Тут стадо мамонтов не пробегало? / Е. Сыс // Віцебскі рабочы. – 2009. – 28 июля. – С. 5.